
Гедымін шукаў баланс паміж крыжам і мячом, усходам і захадам. З яго пачаўся магутны род, а тэрыторыя ВКЛ павялічылася ўдвая. Пры гэтым вялікім князі сталіцай дзяржавы стала Вільня, развіваўся гандаль і будаваліся новыя замкі.
PALATNO расказвае пра Гедыміна.
Змест
Паходжанне, прыход да ўлады і аб’яднанне зямель
Паходжанне Гедыміна заўсёды было пад пытаннем. Часцей за ўсё, Гедыміна называюць сынам Віценя. Хаця так было не заўсёды: у нямецкай хроніцы Гедыміна называлі братам Віценя, а ў некаторых маскоўскіх крыніцах увогуле называлі конюхам вялікага князя. Так ці інакш, у сучаснай гістарычнай літаратуры прынята называць Гедыміна братам Віценя.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Барацьба з крыжакамі, міф пра «Пагоню» і асабістыя ворагі. Расказваем пра вялікага князя Віценя
Гедымін узгадваўся ў летапісах яшчэ да таго, як стаў вялікім князем. Яшчэ пры жыцці Віценя Гедымін задушыў сепаратысцкі выступ Пялюзы (галоўнага ўнутранага ворага Віценя), а затым пакараў таго смерцю. Гедымін прыйшоў да ўлады паміж 1315 і 1317 гадамі. Ён, як і яго папярэднік, трымаў курс на цэнтралізацыю ўлады.
За Гедымінам фактычна завяршыўся мірны працэс уключэння беларускіх зямель ад Заходняга Буга да Дняпра, што замацавала іх вядучае месца ў ВКЛ. Полацкая зямля зноў стала адным з ключавых у дзяржаве, яна ж непасрэдна паўплывала на выбар новай сталіцы ВКЛ. Пры Гедыміне сталіца была перанесена ў Вільню, у тыя ж часы там паўсталі Верхні і Ніжні замкі.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Ад Рагвалода да нашчадкаў Альгерда: хто княжыў на Полацкай зямлі
Ворагі паўсюль
У пачатку 1320-х гадоў Гедымін ужо некалькі гадоў з’яўляецца кіраўніком ВКЛ. У першыя гады ён аднавіў наступальную лінію палачан у адносінах да Пскова і Ноўгарада, што прывяло да першых супярэчнасцяў у беларуска-маскоўскіх адносінах. Гедымін двойчы высылаў дапамогу Пскову: у 1322 і 1323 гадах Давыд Гарадзенскі разбівае там крыжакоў.
У 1326 годзе ВКЛ заключае мір з Ноўгарадам і лівонскімі немцамі, каб сканцэнтравацца на галоўным праціўніку — Тэўтонскім ордэне. Гедыміну прыходзілася змагацца і з Лівонскім ордэнам. У гэтым вялікаму князю дапамог саюз з Рыгай, якая доўгі час была звязаная цеснымі гандлёвымі сувязямі з Полацкам.
У 1325 годзе Гедымін замацаваў саюз з Польшчай, які на той час таксама змагаўся супраць крыжакоў. Уладзіслаў I Лакетак пагадзіўся на саюз дзяцей: яго сын Казімір ажаніўся на дачцэ Гедыміна Ганне. Саюз з Польшчай дазволіў аб’яднаным ваенным сілам двойчы паспяхова ўдарыць па крыжакам. У 1326 годзе войскі пад кіраўніцтвам Давыда Гарадзенскага, а праз год войскі пад кіраўніцтвам будучага князя ВКЛ Альгерда разбіваюць крыжакоў і іх саюзнікаў.
Жыццё ў ВКЛ пры Гедыміне: больш зямель, замкаў і замежнікаў
Рэлігія становіцца важным пытаннем для краіны. Гедымін імкнуўся вырашыць пытанне з крыжацкай агрэсіяй не толькі мячом. У першыя гады кіравання Гедымін разглядаў магчымасць хрышчэння паганцаў у каталіцтва. Аднак на гэта адмоўна адрэагавалі праваслаўная большасць насельніцтва і паганская Жамойць, таму вялікаму князю давялося ад гэтага плана адмовіцца. Пры Гедыміне была створаная незалежная літоўска-беларуская праваслаўная мітраполія з цэнтрам у Наваградку.
Для ўмацавання дзяржавы патрабавалася не толькі праводзіць разумную дыпламатыю, але і абараняць зямлю. Так пры Гедыміне пачынаецца ўзвядзенне замкаў у Вільні, Троках, Крэве, Лідзе і іншых гарадах. Князь мэтанакіравана запрашаў у сваю дзяржаву рамеснікаў, гандляроў і адукаваных людзей з Еўропы, што спрыяла культурнаму і тэхнічнаму росту. Паралельна з гэтым вялікі князь гасіў сепаратысцкія тэндэнцыі ў балцка-літоўскіх рэгіёнах і падпарадкоўваў мясцовыя эліты цэнтральнай уладзе.
Гедымін значна павялічыў уладанні сваёй дзяржавы. Вядома, што пры ім Менская зямля была непасрэдна далучаная да вялікакняжацкіх уладанняў. Дзякуючы менскім князям — спачатку Васілю, а пасля яго сыну Нарымонту-Глебу — будуць палепшаныя адносіны з Залатой Ардой і Вялікім Ноўгарадам. Сын Гедыміна Альгерд ажэніцца з адзінай дачкой віцебскага князя Яраслава, а пасля яго смерці Віцебск таксама стане часткай ВКЛ. У часы Гедыміна адбываецца заняпад галіцка-валынскай дынастыі, таму Берасцейская зямля войдзе ў склад ВКЛ і будзе змагацца нараўне з іншымі вялікакняжацкімі землямі супраць крыжакоў.
Гедымін таксама ўплываў на Кіеў, аднак наўрад ці ім валодаў. Напрыклад, у 1331 годзе кіеўскі князь Фёдар дзейнічаў разам з татарамі супраць непажаданага для Гедыміна наўгародскага епіскапа Васіля. Вядома, што Смаленск таксама быў у пэўнай залежнасці ад ВКЛ, але лічыўся незалежнай тэрыторыяй.
Пры Гедыміне тэрыторыя ВКЛ павялічылася больш чым удвая — да прыкладна 325–330 тыс. км². Пры ім, як мы адзначалі раней, з’явілася трывалая сталіца дзяржавы — Вільня. ВКЛ узмацніла ўплыў на поўнач і поўдзень, наладзіла саюзы з Польшчай і Рыгай. Палітыка Гедыміна заклала падмурак для далейшага ўздыму дзяржавы пры яго нашчадках.
У 1341 годзе месца вялікага князя заняў сын Гедыміна Яўнут. Дакладна невядома, што адбылося з Гедымінам: адны крыніцы сцвярджаюць, што ён загінуў у баі, а іншыя кажуць, што быў атручаны.
* * *
Наступным вялікім князем стане сын Гедыміна Яўнут. Але яго княжанне працягнецца нядоўга, бо два іншыя сыны Гедыміна — Альгерд і Кейстут — скінуць Яўнута і ўтвораць дуумвірат.