Now Reading
Гістфак #11. Расціслаў Лапіцкі і антыкамуністычнае падполле ў Беларусі

Гістфак #11. Расціслаў Лапіцкі і антыкамуністычнае падполле ў Беларусі

антыкамуністычнае падполле ў беларусі, расціслаў лапіцкі

У другой палове 1940-х у Беларусі існавала антысавецкае падполле. Кім былі людзі, якія яго стваралі? Як гэта адбывалася? Навошта ім гэта было? У чарговым выпуску падкаста «Гістфак» Даша Палынская і Алесь Кіркевіч разважаюць пра гэтыя працэсы і асобу Расціслава Лапіцкага — кіраўніка мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага падполля.

Тэкставая расшыфроўка падкаста — пад відэа.

Тэкставая расшыфроўка падкаста

— Прывітанне. У эфіры падкаст «Гістфак» на PALATNO.media. З вамі сёння я, Даша Палынская, і Алесь Кіркевіч.

— Добры дзень.

— Сёння мы будзем размаўляць пра такую спецыфічную тэму, загадкавую, для нас саміх таксама — пра маладзечна-мядзельскае падполле і асабліва пра асобу, нават персанальна Расціслава Лапіцкага. Хто ён? Чаму? Як так выйшла, чаму гэта важна?

— Ну, паспрабуем.

— Ну і давайце пачнём нашу не дужа вясёлую гутарку сёння з цытаты Міхася Чарняўскага ў кнізе «Як пошуг маланкі» — такая перадгісторыя на настрой. «Раніцай 28 кастрычніка 1950 года ў дзвярах адной з камер Маладзечанскай турмы, дзе сядзелі дзяўчаты-падземніцы з Смаргоні, адчынілася акенца-“кармушка” i наглядчык ціха сказаў: “Сёння ўначы расстралялі вашага Лапіцкага”». Давай, Алесь, пачынаць… Расстрэл? Сур’ёзна? За што?

— Наогул, расстрэл быў вельмі папулярнай мерай на той час, таму што гэтай справай займаўся трыбунал Беларускай вайсковай акругі, то бок гэта не цывільны суд — гэта вайсковы трыбунал. І расстрэл — гэта цалкам такая нармальная мера адпаведна часу і абставінам. Хто ж такі Лапіцкі? За што яго расстралялі? Што такое мядзельска-смаргонскае моладзевае антыкамуністычнае падполле? Пачнём хіба што з таго, што, можна сказаць, «так званае мядзельска-смаргонскае падполле», таму што гэта не было назвай гэтай арганізацыі. Арганізацыя не мела назвы, як і нейкага статута, як і спіса сваіх сяброў. Гэта было хутчэй такое кола моладзі, неабыякавай, некаторыя там былі непаўнагадовыя людзі, некаторыя мелі дваццаць з нечым гадоў — не старэй. То бок нават трыццатніка, наколькі я памятаю, там асабліва нікому не было.

— Але яны ўспрымалі сябе як арганізацыю.

— Але яны ўспрымалі сябе як арганізацыю. Але, па вялікім рахунку, гэта было два дзясяткі чалавек, якія… якіх сабраў, умоўна кажучы, лідар, аўтарытэт Расціслаў Лапіцкі. І гэтая арганізацыя, гэта кола сяброў — яны займаліся, найперш, антыкамуністычнай прапагандай: друкавалі, расклейвалі антыкамуністычныя ўлёткі вось з такімі тэкстамі, зараз магу зачытаць урывачак: «Смерць вырадкам роду чалавечага! Партызаны! Падпольшчыкі! Стойце на абароне сваёй справы! Беражыце ў сабе святую нянавісць да камунізму, які нявечыць і разбэшчвае чалавека. Біце сталінскіх шакалаў!» і так далей у такім стылі. І подпіс: «Вашы браты». Яны распаўсюджвалі падобную агітацыю, адначасова збіралі зброю. Было некалькі выпадкаў, калі яны са школы скралі вучэбныя вінтоўкі. Ну, не забывайце, гэта ўсё ж такі пасляваенны час, калі ў кожнай вёсцы, у кожным лесе можна было знайсці і выбухоўку, і стралковую зброю — з гэтым не было праблемы. Яны рыхтавалі некаторыя там тэракты, дыверсіі. І, што важна, гэта ўсё было ў надзеі на хуткую Трэцюю сусветную вайну, на чарговы перадзел Свету — гэтым разам паміж Брытаніяй, ЗША і СССР, то бок паміж былымі саюзнікамі па антыгітлераўскай кааліцыі. І вось менавіта ў гэтым ключы яно мела сэнс, яны вось такой вось дзейнасцю займаліся.

— Ну, глядзі, трэба ўдакладніць для тых, хто нас слухае, што мы кажам пра другую палову 1940-х гадоў. І агулам, можа быць, трошачкі слоў пра кантэкст. Так, гэта пасляваенныя гады, калі ў моладзі ёсць доступ да зброі і калі ёсць гэтая праблема з савецкай уладай, каторая… Тая самая Мядзельшчына, Смаргоншчына — гэта была Заходняя Беларусь.

— Так, Даша, гэта вельмі важна — тое, што ты кажаш, таму што тут вельмі важна разумець некалькі момантаў. Момант першы. Гэта, сапраўды, Заходняя Беларусь. Гэта край, які не ведаў камунізму ў 20-30-я гады, дзе людзі мелі свае гаспадаркі, дзе мелі кантакт з Еўропай, маглі ездзіць на заробкі ў Францыю ці ў Злучаныя Штаты Амерыкі. Дзе людзі былі заможныя адносна. І вось тут змяняецца ўлада ў 39-м годзе, пасля — у 41-м, пасля — у 44-м у чарговы раз. І вось людзі бачылі, сутыкнуліся ўпершыню з такой савецкай уладай, сутыкнуліся з калектывізацыяй і…

— Вось, дарэчы, пра калектывізацыю, можа быць. Там была нейкая тэма пра прымусовыя… Чаму людзі абураліся? Што там за гісторыя, калі людзей прымушалі менавіта далучацца да калгаса?

— Ну, людзі сутыкнуліся з усім букетам падарункаў савецкай улады. Гэта і калектывізацыя, калі ты працуеш не за грошы — ты працуеш за працадні, у цябе няма пашпарта, ты не можаш нікуды выехаць, ты з’яўляешся рабом. Людзі сутыкнуліся з новымі парадкамі новай адміністрацыі, калі вось нейкі п’яны ўчастковы быў цар і бог, напрыклад, у нейкай вёсцы. Людзі сутыкнуліся з барацьбой з рэлігіяй, з закрыццём касцёлаў, цэркваў, з тым, што савецкая ўлада ўсю другую палову 40-х гадоў разбіралася, хто што рабіў падчас вайны, хто там быў нямецкай падсцілкай, пардон, хто не быў. І мелі права за тое, што чалавек быў солтысам альбо там… проста выконваў нейкую чынавенскую працу — чалавек атрымліваў па 25 гадоў. Людзі ўсё гэта ўбачылі, афігелі, прабачце, і шмат хто проста альбо вось узяўся за зброю, альбо агітаваў. То бок была куча палітычна матываваных справаў. Чалавек расказваў анекдот пра Сталіна ці крытыкаваў калгасы і атрымліваў у плечы 10 альбо 25 гадоў. Проста за словы. Ну, вось як зараз за падпіску на экстрэмісцкія СМІ ты атрымліваеш нейкія шалёныя тэрміны, а тады гэтыя тэрміны былі абсалютна рэальныя. І ты іх адбываў не ў турме нават — ты ехаў на Сібір і часам ужо і не вяртаўся ніколі адтуль. І вельмі важна, што [трэба] зазначыць, што людзі сапраўды жылі ў прадчуванні наступнай вайны — Трэцяй сусветнай. Таму што яны ведалі, што была «Фултонская речь» Чэрчыля, была ўжо блакада Заходняга Берліна Сталіным. То бок адносіны ўжо накаляліся паміж колішнімі саюзнікамі, і людзі верылі, што… Вось колькі разоў на іх памяці ўжо змянялася гэтая мяжа, змянялася ўлада. Вось зараз будзе чарговая вайна, і вось зараз мы камуністам за ўсё адпомсцім. Таму што… Зараз мы ведаем, што… Нам падаюцца такія вось спробы нейкай барацьбы з савецкай уладай у канцы 40-х, у 50-м годзе нечым бязглуздым, бо мы ведаем, што Савецкі Саюз цвёрда стаяў на нагах да 91-га года. А тады нічога з гэтага не было такім яўным. Людзі верылі, што будзе зараз чарговая вайна, і трэба трошкі, трошкі пачакаць і вось пачаць сваю барацьбу за свабоду. І без гэтага разумення мы не зразумеем логікі і мядзельска-смаргонскага падполля, і аналагічных арганізацый. Іх жа было шмат. Былі арганізацыі ў Лідзе, у Слоніме, у Паставах, у Баранавічах, у Полацку, у Гародні. То бок гэта была цэлая сетка не звязаных паміж сабою такіх вось моладзевых згуртаванняў, якія хацелі змагацца, якія хацелі вось дыхаць на поўныя грудзі і, расправіўшы плечы, нават прыняць смерць.

— Ну, а такія аналагічныя арганізацыі ў тых жа палякаў, украінцаў былі?

— Былі. І былі ў куды большым маштабе. Тут таксама важна разумець, што, калі мы кажам пра літоўцаў (Лясных братоў), калі мы кажам пра Польшчу (пра АКоўскае і пост-АКоўскае падполле) — гэта краіны з дзяржаўнай традыцыяй. Яны мелі сваю дзяржаву ў 20-30-х гадах. Узровень самасвядомасці, узровень банальна вайскова падрыхтаваных мужыкоў, якія маглі нешта ў вайну, у канспірацыю, у падполле, у збройную барацьбу. У іх быў гэты ўзровень нашмат большы. То бок чалавечага рэсурсу было больш і сілы было больш. Тым больш у тых жа палякаў быў эмігранцкі ўрад у Лондане. Гэта ўсё неяк каардынавалася, гэта мела больш шанцаў на нейкі поспех. Ва ўкраінцаў была большая традыцыя гэтай барацьбы, і Украіна сама як нацыя, краіна нашмат большая за Беларусь. То бок у іх была АУН-УПА — гэта была сапраўдная сіла, якая ваявала да сярэдзіны 50-х гадоў. А ў падполлі людзі былі некаторыя там да 91-га года, нават не маючы савецкіх пашпартоў. І ў Беларусі… у выпадку Беларусі гэта было нашмат больш сціплым, неарганізаваным, хаатычным, таму што не было нейкага адзінага цэнтра на Захадзе. Па вялікім рахунку, не было нават такой стаўкі на «вайсковасць», калі былі беларускія арганізацыі ў 20-30-х гадах. Гэта ўсё было больш пра культуру, пра літаратуру, пра нейкія кааператывы. І не выкрышталізаваўся такі вось клас людзей, каторыя гатовы былі сапраўды са зброяй змагацца з савецкай уладай. Гэта была такая трагедыя, што ў нас усё больш пра нейкія ўлёткі, пра культуру, пра гуманітарныя сферы. Вось. І ў гэтым трагедыя гэтых вось згуртаванняў, таму што яны зазвычай дзейнічалі год-два — да моманту выкрыцця савецкімі спецслужбамі, да моманту, калі там з’яўляліся правакатары з ліку агентаў МДБ. І пасля гэтая моладзь, фактычна не зрабіўшы нічога, не ўкусіўшы савецкую ўладу ніякім чынам, не нанёсшы нейкай грунтоўнай шкоды — яны ўсе атрымлівалі нейкія шалёныя тэрміны лагерныя альбо нават расстрэл, як у выпадку з Расціславам Лапіцкім. 

— Ну, не знаю. Я б не згадзілася пра тое, што не гатовы былі ісці са зброяй. То бок у іх не было зброі. І ёсць такі момант, што савецкая карная сістэма вельмі хутка і добра працавала.

— Даша, яны былі гатовы ісці са зброяй, яны былі гатовы паміраць, але мець зброю і ўмець ёй карыстацца, тым больш умець у канспірацыю, у тактыку — гэта дзве абсалютна розныя рэчы. То бок тут вось, я думаю, што варта пагаварыць пра асобу Расціслава Лапіцкага — хто ж ён быў такі і як так выйшла. Гэта сын святара з Касуты на Вілейшчыне. У яго быў брат, што важна, старэйшы. Брата звалі Алег. І вось той брат быў больш сур’ёзным дзядзькам, таму што падчас вайны ён быў у ЗБМ, у настаўніцкай семінарыі, калі я правільна памятаю, і ў канцы прайшоў шкаленне ў «Дальвіцы». «Дальвіц» — гэта быў батальён, арганізаваны «Абверам», нямецкай разведкай. Там беларусаў вучылі менавіта ў партызанскую падпольную барацьбу. Яго арыштавалі ў Вільні ў 45-м годзе, далі 10 гадоў, калі я, зноў жа, добра памятаю. З ім разам арыштавалі малога яшчэ, непаўнагадовага Расціслава, брата. Расціслава хутка адпусцілі, але вось гэтую нянавісць, у тым ліку за лёс брата, Расціслаў захаваў. І, можа быць, каб нейкім… воляй лёсу акурат Алег узначальваў бы гэтае падполле, у яго было б больш шанцаў, калі не выжыць, то хаця б нанесці максімальны ўрон савецкай уладзе. Расціслаў быў ідэалістам, безумоўна, духоўна моцным, з моцным стрыжнем ідэалагічным, але гэта быў ідэаліст, які, мажліва… Не мажліва — які дакладна меў вось гэтую сілу волі, сілу духу, лідарскія якасці, але проста не меў, можа быць, адпаведных ведаў, досведу. І таму, фактычна, усё, на што хапіла гэтага падполля, — гэта агітацыя, гэта друк улётак і падрыхтоўка да нечага важнага, да дня Х, які адбудзецца пазней. Дзень Х — гэта менавіта пачатак вайны паміж Захадам і СССР. І калі асабіста пра яго казаць, зноў жа, каб раскрыць ягоную асобу, гэта быў чалавек творчы, добра маляваў. У школе мясцовай, дзе ён вучыўся, нават пасля яго расстрэлу захоўваліся нейкія табліцы, плакаты, якія маляваў менавіта ён. Ён граў на музычных інструментах, добра спяваў, граў на мандаліне. Быў вельмі чалавекам кампанейскім, вясёлым. Яго згадваюць таксама як чалавека, які добра быў развіты фізічна, то бок нават ужо перад сваім арыштам ён праходзіў вялікія адлегласці зімою ў лютым месяцы на лыжах па вось гэтай вось халоднай, прысыпанай снегам Мядзельшчыне. Пасля ён з адмарожанымі нагамі недзе валяўся ў адной з хатаў, адаграваўся на пячы. То бок, ну, гэта быў такі харошы хлопец, які проста зрабіў тое, што мог зрабіць, але, па вялікім рахунку, свядома ішоў на смерць, бо не было асабліва ніякіх шанцаў. Ну і, зноў жа, мы кажам пра падполле. Падполле ў сябе ўключае момант канспірацыі. Лапіцкі направа і налева ўсім казаў, чым ён займаецца. І як бы тут цяжка казаць пра нейкую канспірацыю, калі настаўніца ў школе нават, якая загадвала напісаць сачыненне паводле «Молодой гвардии» Фадзеева, ён казаў, што «не буду я нічога пісаць пра вашага камуністычнага Фадзеева — у нас ёсць свая маладая гвардыя». Ну, то бок чалавек не хаваў сваіх поглядаў, крытыкаваў савецкую ўладу, і наіўна было думаць, што гэта застанецца незаўважаным, нават калі б гэта не перайшло да стадыі стварэння нейкай арганізацыі.

— Мы ведаем, што Лапіцкі — гэта сын святара. Што ён быў вельмі рэлігійным чалавекам. І ён быў малодшым дзіцёнкам у сям’і — чацвёртым. Як так выйшла ўвогуле… Можа быць, таксама трэба дадаць, што ён рос таксама ў такой мультыкультурнай культуры на сумежжы беларускай, польскай… і рускай, напэўна, трошачкі. Але як так выйшла, што… За што ён змагаўся?

— Гэта важнае пытанне, цікавае пытанне, таму што часам пішуць, што ён змагаўся за незалежнасць, але мне здаецца, што… Ну, так, безумоўна, фактар незалежнасці, але найперш у яго былі прэтэнзіі да камуністаў, да камуністычнай сістэмы — за брата, за лёс брата, пасаджанагаю, за тое, што ён сам убачыў у турме, таму што ён у 45-м годзе нейкі час пасядзеў у турме. Перад тым, як яго выпусцілі, наглядзеўся гэтых усіх жахаў. Не будзем забываць, што бацька яго памёр, ён застаўся з маці. І гэтая вось пасляваенная галеча. Іх выселілі з дому з маці, каб пасяліць да нейкага ўчастковага. То бок жылі яны вельмі бедна, вельмі страшна. І вось чалавеку было з чым параўноўваць, то бок ён памятаў 30-я гады, ён памятаў часы вайны, якая таксама была рознай у розных рэгіёнах. І вось ён убачыў аблічча савецкай улады, яму было за што помсціць, ён ведаў, за што ён ідзе. Што тычыцца культурнага асяроддзя, можна толькі дадумваць, што, калі ён сын святара, найхутчэй за ўсё ён рос у такой, можа быць, рускай вельмі шмат у чым атмасферы. То бок былі кнігі на расейскай мове, на царкоўна-славянскай, бацька маліўся, быў рэлігійны, вучыў гэтаму дзяцей. Гэта было ўсё ж такі ў рамках польскай дзяржавы, таму, канешне ж, ён ведаў і польскую гісторыю, польскую мову. Беларушчынай вось ён, ягонае пакаленне, гэтыя людзі напітваліся ўжо ў часы вайны, таму што немцы дазволілі беларускія школы, беларускія арганізацыі — той жа СБМ (Саюз беларускай моладзі). І тады гэтыя людзі ўпершыню пачулі ў перыяд свайго, скажам так, даспявання як асобаў, калі яны раслі, пачулі, што ёсць нейкая Беларусь, ёсць беларуская гісторыя, што беларусы маюць на нешта правы. І вось шмат каму з тых людзей ягонага пакалення такі зарад патрыятызму акурат, як ні парадаксальна, у часы нямецкай акупацыі зайшоў. І вось, кажу, прыклад і Лапіцкага, і ягонага брата, я думаю, шматлікіх іншых людзей з Заходняй Беларусі.

— Я трошачкі зачытаю з Чарняўскага: «5 снежня 1949 года напярэдадні Дня Канстытуцыі СССР маладыя людзі аддрукавалі антыкамуністычныя ўлёткі, якія заклікалі людзей не плаціць падаткі, не ўступаць у калгасы, са зброяй у руках супраціўляцца рэжыму. Кожная ўлётка канчалася словамі: “Смерць Сталіну!”. Улёткі ноччу былі раскіданыя па горадзе, расклееныя на грамадскіх будынках». Тра-та-та-та-та… І што далей адбываецца? У горад прыязджае мноства вайскоўцаў, міліцыя, пачынаюцца арышты, так?

— Ну, правільна, таму што гэта ЧП. Як бы ўжо колькі гадоў прайшло пасля канца вайны, а тут нейкая вось такая вылазка банд падполля, калі казаць тэрміналогіяй МДБ і савецкай усякай гэтай вось улады. Тут важны момант. Нам можа падасца, што гэтыя людзі былі такімі ідэалістамі, адарванымі ад жыцця, маўляў, што ж вы робіце, нейкія ўлёткі раскідваеце, кагосьці за нешта агітуеце, а ўсе баяцца. Але, па вялікім рахунку, гэтыя людзі выказвалі тое, што думалі тысячы і тысячы людзей у Заходняй Беларусі, таму што проста паглядзіце статыстыку, усё гэта ёсць. За 50-51-ы год па Беларусі, па-мойму, паўтары тысячы ці больш палітычных справаў, палітычных прысудаў. Вось. То бок людзей арыштоўваюць за нейкае неакуратна сказанае слова, а яшчэ людзей больш маўчыць альбо шэпчацца пра тое, што яны думаюць пра калгасы, пра Сталіна. Шэпчуцца на кухні, шэпчуцца ў лазні, то бок каб ніхто проста не пачуў. Усе людзі думалі тое… ну, вялікая колькасць людзей думала тое, пра што вось не баяліся казаць гэтыя маладзёны. Але… Ну так, безумоўна, не маючы вопыту, не маючы нейкіх рычагоў, яны, можа быць, пачалі не з таго. У іх жа былі і больш радыкальныя планы. Там быў план, калі я не блытаю, узарваць…

— Друкарню.

— Узарваць…

— Прапагандысцкую.

— Так, так, так. То бок яны накапалі толу — адшукалі недзе — ужо заклалі выбухоўку, але спрацаваў такі чыста гуманістычны момант, што там быў нейкі… Апынулася, што там знаёмы нейкі дзядзька вартаваў гэты будынак вартаўніком, і яны ўсё вось мучыліся дылемай, ці варта… як бы гэты будынак узарваць, каб гэты дзядзька там не пацярпеў. Вось. То бок планы былі, але, вось бачыце, і планаў, і словаў было дастаткова, каб савецкая ўлада ўспрыняла гэта як выклік і пачалася такая вось хваля рэпрэсіяў, пачалася аблава.

— Ну, аб’ектыўна адказ савецкай улады, увогуле дзяржаўных уладаў, на вось гэтую дзейнасць нават з улёткамі — ён быў нейкі фантастычна беларускі ў чымсьці. Проста была гісторыя, што, калі яны адныя з першых улётак развесілі і нейкая групка людзей — моладзі — падышла, іх прачытала, то гэтую моладзь потым цягалі на допыты, так? А калі вось гэтая масавая іх акцыя заканчваецца паспяхова з улёткамі, адразу пачынаюць іх цягаць на допыты, прычым гэта ж не проста на размову — там ёсць звесткі і пра катаванні, і пра… Самі тэрміны, каторыя ім прысуджалі — гэта таксама ўражвае. Як бы за ўлёткі.

— А цябе здзіўляе асіметрычнасць, так? Як я разумею. Што ўлёткі —  гэта ерунда…

— Ну, так.

— Ну, слухайце, мы ж ведаем рэаліі зараз у Беларусі, калі за падпіску на няправільны канал ці за лайк, ці за рэпост чалавек атрымлівае ў плечы шмат праблем — назавём гэта ўмоўна так. Тады быў жа той жа самы падыход, то бок мэтай савецкай улады было проста знішчыць на корані вось гэтае іншадумства. І нават калі ты думаеш інакш, засунь сабе гэтую думку куды глыбей і проста нідзе гэта не выказвай. Уявіце сабе, што, калі людзі чакалі гэтай Трэцяй сусветнай вайны, то і савецкія органы, афіцэры, усе гэтыя МДБ — яны таксама баяліся, што нешта падобнае можа быць — і што з імі будзе, што будзе з іх сем’ямі? То бок вельмі падобная сітуацыя на беларускую, таму за малейшыя праявы нелаяльнасці былі вось такія адразу суровыя кары. Ты кажаш пра допыты. І сапраўды, захавалася шмат успамінаў тых паплечнікаў Лапіцкага, якія атрымалі тэрміны, але выжылі, таму што па выніку расстралялі толькі яго, бо ён адмовіўся ад памілавання. Людзі, каторыя выжылі, распавядалі пра допыты. Людзям выбівалі зубы, ламалі рэбры. Там былі сапраўдныя садысты сярод гэтых следчых, таму што яны там збівалі…

— Пытка вадой, так? Нават.

— Пытка вадоў. Уласнаручна збівалі жанчын, у тым ліку. Пытка вадой — гэта чалавека там неяк фіксавалі ў пэўным становішчы ў куце, і вось кропля капала на галаву. Нам здаецца — што такое кропля? Але там праз нейкі час яна так проста ўсіх ударае, і гэта б’е і фізічна, і псіхалагічна. Калі вось у адну кропку на галаве менавіта б’е гэтая кропля вады — гэты старая… старая пытка, вядомая па ўсім свеце. Здаецца, з Кітаю ці адкуль яна паходзіць. То бок была мэта выбіць паказанні, была мэта зламаць людзей… І каб людзі адзін аднаго павыдавалі, паздавалі, каб агаварылі адзін аднаго. Вядома, што Лапіцкі ўзяў усю віну на сябе: што ён рабіў і друкарню, і ўсе гэтыя агітацыйныя захады, і зброю ён збіраў, а ніхто іншы не вінаваты. Вядома, што да расстрэлу прыгаварылі яго і ягонага паплечніка — такога Факунду Несцяровіча. Але таго Несцяровіча памілавалі, у выніку ён дажыў аж да 87-га года. А Лапіцкі ад памілавання адмовіўся. Сказаў, што «не хачу».

— Прычым там нейкая страшная гісторыя з памілаваннем. Накшталт, што іх прывезлі ўжо, атрымліваецца, да гэтай ямы фактычна ў лесе гэтым — у Красным Беражку — і толькі там зачыталі памілаванне. 

— Ну, так. Там, сапраўды, такая гісторыя, што… Уявіце сабе: цябе ўжо вязуць расстрэльваць і ты даведваешся, што цябе не расстраляюць, ужо над ямай. Ну, у выпадку гэтага Факунды.

— Ноччу.

— Ноччу. Але зноў жа, мы ж не ведаем шмат якія акалічнасці. Мы пра гэтую справу кажам з тых сведчанняў архіўных, каторыя дасяжныя, са сведчанняў выжыўшых людзей, але мы ж не можам… Чарняўскі, светлай памяці, які займаўся вось гэтай праблемай. Мы ж не можам азнаёміцца з дакументамі, якія знаходзяцца ў… здаецца, у Гродзенскім абласным архіве… Гродзенскага абласнога КДБ у архіве. То бок гэтыя ўсе справы дагэтуль засакрэчаныя. Якія там яшчэ ёсць падрабязнасці? Хто што казаў на гэтых допытах? Якая ў іх была зброя, які быў маштаб гэтага ўсяго? Мы да канца гэтага не ведаем, таму што… Таму што, таму што. У нас гэта інфармацыя вельмі абмежаваная. Таму, калі там кажуць, што ноччу кагосьці кудысьці давезлі — ну, напэўна, так. Таму што пра месца расстрэлаў была найбольш яўная версія — гэта вось Красны Беражок, дзе пасля ставілі крыж і камень у памяць Расціслава Лапіцкага. Але гэты чалавек без дакладнага месца пахавання і, як піша Чарняўскі, па ім ёсць толькі кенатаф недзе ў Польшчы, пастаўлены сваякамі. Кенатаф — магіла, пад якой не ляжыць менавіта цела, парэшткі чалавека, то бок сімвалічная магіла з датамі яго жыцця: Расціслаў Лапіцкі, 28-ы год — 50-ы год. Вось. То бок тут шмат, шмат, шмат усё ж такі такіх момантаў невядомых.

— Ну, вось у нас ёсць лічбы, што частка людзей атрымала 25 гадоў зняволення, частка — на 10 асуджана, 8 таксама. І адзін з падпольшчыкаў — Янат Нефрановіч — ён застрэліўся падчас затрымання. І таксама мы ведаем, што людзі гэтыя патрапілі пад такую амністыю, умоўна, пасля смерці Сталіна. І ў 1954-56-х гадах, пішуць, што ўсе ўдзельнікі гэтага падполля былі памілаваны, так? А як склаўся іх лёс?

— Памілаванне і амністыя — гэта трошкі па-іншаму гучыць, але гэта была, так, «Хрушчоўская адліга». І павыпускалі людзей альбо проста змянілі мэту стрымання на больш лагодную. Лёс склаўся па-рознаму. Калі мы бачым месцы смерці гэтых людзей, гэта вельмі часта які-небудзь Эльблонг ці вось гэтая вось заходняя, паўночна-заходняя Польшча, ??? так званыя. У часткі — гэта Расія. Некаторыя вярнуліся ўсё ж такі ў Беларусь, але былі раскіданыя лёсам. І вось подзвіг хіба што Міхася Чарняўскага, што ён павышукваў тых, хто застаўся жывы яшчэ ў нулявых гадах, якія людзі жылі і якія яшчэ маглі нешта згадаць. Ну, як склаўся лёс? Зразумела, што людзі ж выходзілі на свабоду ўсё адно ў Савецкім Саюзе, з якога КДБ нікуды не падзелася, спецслужбы, ідэалогіі — нікуды гэта ўсё не падзелася. І лепш было пра такія справы памоўчваць, так? І калі нехта дажыў вось да часу ўжо незалежнасці, ён мог нарэшце распавесці праўду. Але шмат у каго застаўся гэты інстынкт, што лепш маўчаць, лепш пра такія рэчы не казаць, не размаўляць. Ну і, зразумела, што, канешне, адседзеўшы там не 25 гадоў, напрыклад, а 5 альбо 6 гадоў… Ну, проста ўявіце сабе, што гэта быў які-небудзь Джэзказган альбо Інта, іншыя вось гэтыя лагеры — якія там былі ўмовы, наколькі чалавек мог згубіць здароўе, нерваў, што з імі рабілі там падчас следства. То бок гэта, канешне, так моцна адбітак паклала на жыццё гэтых людзей, але… Я сумняюся, што хтосьці з іх пасля казаў: «Ах ты, пракляты Лапіцкі, завёў нас там у нейкую страшную бяду!». Прынамсі, па тым, што піша Чарняўскі, кожны пісаў, што гэта быў такі вялікі чалавек, які… з якім яны мелі гонар неяк камунікаваць і быць знаёмымі.

— Ужо ў завяршэнне давай яшчэ адзін момант закранём. Ёсць такая тэма ў сучаснай новай Беларусі — змаганне з помнікамі. У 2008 годзе вілейскія актывісты паставілі на месцы вось гэтым у Чырвоным Беражку… Красным Беражку — паставілі такі вялікі камень, на якім выбілі інфармацыю — звесткі пра Лапіцкага. Камень гэты выкарчавалі. Потым, у 10-м годзе, там паставілі крыжы, якія таксама знеслі. Які сэнс змагання з гэтым? Чаму Лапіцкі такі страшны для ўлады? Чаму? Навошта?

— Я думаю, што ўсё вельмі проста. Таму што, што ў савецкі час, што зараз у Беларусі сучаснай, падпольшчыкамі і партызанамі могуць быць толькі савецкія падпольшчыкі і партызаны, толькі Бацька Мінай ці Дзядзька Мінай, толькі Заслонаў і вось уся гэта каманда. То бок заўжды быў такі трэнд, што беларусы могуць быць паэтамі, пакутнікамі там і гэтак далей, але калі беларусы бяруць у рукі зброю і неяк заклікаюць да збройнай барацьбы супраць савецкай улады ці там сучаснай улады, гэта ўжо адразу чырвоны сігнал, чырвоная лямпачка — і гэта трэба ўсё калёным жалезам як бы вынішчаць, вычышчаць. Я думаю, з Лапіцкім тая ж самая гісторыя. Таму што, што ў савецкі час, што ў часы сучасныя ў Беларусі, такая памяць адразу выклікае такі вось чырвоны сігнал, што ў супрацоўнікаў КДБ, што ў ідэолагаў — маўляў, як так, пасягнулі на святое, нейкая падпольная барацьба тут, антысаветчына. Вось. Таму што вось гэтыя выпадкі — такія вось, як з Лапіцкім, з Яўгенам Жыхарам, з Фелістовічам, з Вітушкам, са шматлікімі іншымі ўдзельнікамі пасляваеннага збройнага менавіта падполля на тэрыторыі Беларусі — яны разбураюць міф таго, што Беларусь уся савецкая і ўся савецкая Беларусь хацела жыць з братняю Руссю, і ўсе тут былі вельмі радыя бачыць савецкую ўладу. А так не было. Гэта міф. Але за гэты міф як за ідэалагічную аснову чаплялася і савецкая ўлада, і сучасная ўлада ў Беларусі. Для іх гэта вельмі важна. Таму, я думаю, і зараз, і ў бліжэйшы час, пакуль яны будуць трымацца, яны будуць на корані выбіваць усё, што сведчыць пра нейкі антысавецкі супраціў у Беларусі. І, напэўна, ужо толькі ў новай Беларусі мы ўбачым і помнік Лапіцкаму, і ўсім астатнім людзям, якія, безумоўна, на гэта заслужылі. Таму што паклалі сваё жыццё, лёс, здароўе ў няроўнай барацьбе з гэтым савецкім монстрам. 

— Спадзяемся, што так і будзе. Добра, дзякуй усім за ўвагу. З вамі быў падкаст «Гістфак». Да сустрэчы.

— Дзякуй вам.

Вярнуцца ўгару