Now Reading
«Распределим в самое х**вое место, где жизни нет». Як пераследавалі студэнтаў і выкладчыкаў Гродзенскага ўніверсітэта пасля пратэстаў 2020-га

«Распределим в самое х**вое место, где жизни нет». Як пераследавалі студэнтаў і выкладчыкаў Гродзенскага ўніверсітэта пасля пратэстаў 2020-га

пратэсты ў беларусі, студэнты ў пратэстах беларусі

Пасля падзей жніўня 2020 года многія выкладчыкі і студэнты беларускіх універсітэтаў выступілі супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту з боку сілавікоў. Пачаліся вымовы, звальненні і арышты. Ціск аказваўся амаль на ўсе вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны, у тым ліку і на Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт. Студэнтаў распазнавалі па фатаграфіях з акцый пратэстаў і акцый салідарнасці, выклікалі на дысцыплінарную камісію і адлічвалі. PALATNO расказвае, што адбывалася пасля выбараў-2020 у ГрДУ і як рэагавалі выкладчыкі і адміністрацыя ўніверсітэта на студэнцкія пратэсты.

Акцыі салідарнасці, абяцанні рэктаркі Кітурка, вымовы і адлічэнні

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года студэнты і выкладчыкі ГрДУ стварылі ініцыятыўную групу і тэлеграм-чат, дзе абмяркоўвалі сітуацыю ў краіне. Крыху пазней з’явілася петыцыя, у якой студэнты, выпускнікі, супрацоўнікі і выкладчыкі ўніверсітэта выступілі супраць гвалту, а таксама патрабавалі «прыцягнуць да адказнасці ўсіх супрацоўнікаў праваахоўных органаў, вінаватых у збіцці і забойствах пратэстоўцаў; вызваліць усіх палітвязняў і асобаў, затрыманых за ўдзел у мірных пратэстах і якія выказалі сваё меркаванне; прызнаць праведзеныя 9 жніўня выбары несапраўднымі, правесці новыя сумленныя выбары; прыцягнуць да адказнасці асоб, якія ўдзельнічалі ў фальсіфікацыі выбараў». Петыцыю, якая сабрала больш за 2 тысячы подпісаў, накіравалі рэктарцы ГрДУ — Ірыне Кітурка.

24 жніўня ініцыятыўная група сустрэлася з Ірынай Кітурка і падняла тэму незаконных затрыманняў і збіцця беларусаў падчас мірных дэманстрацый, якія закранулі ў тым ліку студэнтаў і супрацоўнікаў ГрДУ.

Кітурка прытрымлівалася пазіцыі неўмяшання ўніверсітэта ў палітыку і адмовілася выказаць сваё адназначнае стаўленне да сітуацыі ў краіне. Толькі сказала, што асабіста яна супраць гвалту.

Ірына Кітурка. Фота: grsu.by

Сустрэча скончылася тым, што сябры ініцыятыўнай групы перадалі рэктару пісьмовае патрабаванне. Кітурка таксама заявіла пра падтрымку «купалаўцаў» (так называлі студэнтаў ГрДУ, бо ўніверсітэт носіць імя Янкі Купалы), якія пацярпелі пры затрыманні сілавікамі, а таксама паабяцала не звальняць выкладчыкаў і не адлічваць студэнтаў за палітычныя погляды. Яна адзначыла, што ўсе «купалаўцы» маюць права на ўласны пункт гледжання. Удзельнікі дыялогу прапаноўвалі кіраўніцтву засведчыць абяцанні ў пісьмовай форме, але атрымалі адмову.

27 жніўня прайшла сустрэча ініцыятыўнай групы са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама Уладзімірам Каранікам, на якой ён казаў: «Появилось две правды, не хватает объективности. Это вносит раскол в общество. Преодолевать проблемы нужно через диалог».

Уладзімір Каранік. Фота: Сяржук Серабро / Народныя Навіны Віцебска

Студэнты і выкладчыкі задавалі Караніку пытанні наконт гвалту, пагроз і крымінальнага пераследу пасля выбараў-2020, на што той адказаў: «То, что права нарушены, ненормально, но надо разобраться в каждом конкретном случае: что стало причиной и поводом, насколько обоснованно применение силы и так далее. Не надо обобщать, говоря, что все силовики — звери, а все демонстранты — белые и пушистые. Были нарушения с обеих сторон. У нас в стране живут спокойные, адекватные люди, которые в большинстве своём понимают язык убеждения, а не силы. Поэтому насилие на улицах меня пугает и расстраивает. Элемент силового задержания, когда человека просят остановиться, а он убегает, — в рамках действующего законодательства. Если же человек упал, бить нельзя».

У верасні студэнты ГрДУ ўпершыню выйшлі пад галоўны корпус з бел-чырвона-белымі сцягамі і сталі ў ланцугі. Да іх падышоў прарэктар па выхаваўчай рабоце Васіль Сянько, каб папярэдзіць, што палітычныя акцыі на тэрыторыі ўніверсітэта праводзіць нельга, але можна на іншай пляцоўцы. Моладзь працягвала стаяць, у той час як іх здымаў на відэа ціхар, а побач стаяў міліцэйскі бус.

Крыху пазней студэнты пачалі пісаць заявы на выхад з БРСМ, але на працоўным месцы не было аніводнага супрацоўніка гэтай арганізацыі. Тым часам у Гродна працягвалі затрымліваць студэнтаў.

На знак салідарнасці «купалаўцы» выйшлі на мірную акцыю пратэсту ў галоўным корпусе ўніверсітэта, каб паспяваць песні. Пасля гэтага іх масава выклікалі на савет прафілактыкі і ў дэканат для напісання тлумачальнай запіскі на імя рэктара і рабілі вымовы. Насуперак абяцанням рэктара і старшыні аблвыканкама, на студэнтаў пачалі аказваць ціск па палітычных матывах.

Нягледзячы на гэты, «купалаўцы» працягвалі праводзіць акцыі салідарнасці, сярод якіх была акцыя «Усё забаронена», маўклівая акцыя, «сядзячая» дэманстрацыя, ланцугі салідарнасці і іншыя.

Вельмі хутка студэнтаў пачалі выводзіць з аўдыторый наўпрост пасярод заняткаў, арыштоўваць і адлічваць, а выкладчыкам — рабіць вымовы і звальняць. У галоўным корпусе ўсё часцей можна было заўважыць супрацоўнікаў міліцыі ці АМАПу, а побач з корпусам — міліцэйскія бусы і ціхароў.

Стараста, якая не вадзіла групу на праўладныя мерапрыемствы

Што тым часам адбывалася на фізіка-тэхнічным факультэце? Паразмаўлялі з былой студэнткай фізтэха ГрДУ, якую адлічылі з другога курса па палітычных матывах.

Марыя Седышова паступіла на першы курс фізіка-тэхнічнага факультэта ў 2020 годзе. Спачатку ў акцыях пратэсту ва ўніверсітэце яна не ўдзельнічала, бо «трэба было прыгледзецца і разведаць абстаноўку».

— Калі толькі даведалася, што існуе ініцыятыўная група і яна стварыла петыцыю супраць гвалту — адразу яе падпісала. Але да групы далучацца не стала, бо я толькі тады прыйшла ва ўніверсітэт і яшчэ не разумела, што тут увогуле адбываецца. Крыху пазней ужо стала дапамагаць расклейваць па корпусу налепкі і распаўсюджваць улёткі. Партызаніла, калі можна так сказаць. А калі пачалі адлічваць студэнтаў і звальняць выкладчыкаў — увогуле такая злосць узяла. Памятаю, як змагаліся за аднаго з лепшых выкладчыкаў на нашым факультэце і ва ўсім універы, як збіралі подпісы ў яго падтрымку. Пасля яго звальнення і адлічэнняў студэнтаў зразумела, што проста вучыцца я ўжо не змагу. І вось ужо ад пачатку 2021 года ціснуць сталі і на мяне.

Марыя Седышова. Фота: уласны архіў

Пачалося ўсё з таго, што Марыя як стараста не арганізавала сваю групу на святкаванне Масленіцы: неабходна было сабраць пэўную колькасць чалавек ад кожнай групы. Ад групы, у якой вучылася Марыя, жадаючых было менш за ўсё, і ў гэтым абвінавацілі яе.

— Таму што я нікога не запалохала і не прымусіла. Мне тэлефанавала намесніца дэкана па выхаваўчай працы, Святлана Гогалева, якая толькі прыйшла тады на гэтую пасаду, і казала, што іншыя групы крыўдзяцца на нас, бо мы не ідзём на гэтае свята; казала, што там будзе шмат студэнтаў і выкладчыкаў, будзе весела і цікава. Запытвалася, чаму я не хачу туды ісці. Я сказала, што гэта маё асабістае права, у мяне проста няма жадання і я не хачу. Лічу гэта важкім чыннікам. Мабыць, менавіта гэта не спадабалася непаважанай Гогалевай, і з таго часу яна пачала тачыць на мяне зуб.

Святлана Гогалева. Фота: grsu.by

Таксама ў пачатку 2021-га на фізтэху прайшоў сход студэнтаў з рэктаркай Кітурка, дзе Марыя запыталася, хто і па якім прынцыпе выбіраў студэнтаў і супрацоўнікаў універсітэта ў якасці дэлегатаў на так званы «Усебеларускі народны сход». «Выразнага адказу» студэнтка не атрымала. Па словах Марыі, калі прагучала гэтае пытанне, твар Гогалевай стаў «бледным, а вочы павялічыліся ў некалькі разоў, бо ўсё пайшло не па яе плане». Таксама Кітурка сказала, што корпус фізтэха — самы страшны з усіх астатніх карпусоў. Адразу пасля гэтага яна паабяцала, што ўжо праз два гады пытанне з корпусам будзе вырашана. Варта адзначыць, што гэта ўжо далёка не першае абяцанне разабрацца з корпусам на вуліцы Урублеўскага.

— І тады я спытала, а хто ці што з’яўляецца галоўнай прычынай, па якой наш корпус — самы страшны. На што Кітурка адказала: «Вы, студэнты». Больш пытанняў у мяне не было, — кажа Марыя.

Фізтэх ГрДУ. Фота: s13.ru

Корпус фізіка-тэхнічнага факультэта размяшчаецца ў будынку былога палаца культуры «Юнацтва», які пабудавалі ў 1970-х. Па словах студэнткі, будынак занядбаны, знаходзіцца ў дрэнным стане як звонку, так і знутры, для навучання ён зусім не прыдатны, «проста развалюха нейкая, у любы момант што-небудзь можа зваліцца на галаву». Галоўны корпус, наадварот, выглядае «вельмі прыгожа, як нейкі палац, дзе ўсё чысценька, вылізана, акуратненька».

У верасні 2021 года ў корпусе фізтэха з’явіліся «нейкія людзі», і прасторы для студэнтаў стала менш — туды пераехаў Гродзенскі гарадскі цэнтр культуры. Падчас заняткаў з суседніх аўдыторый былі чутныя спевы ў мікрафон, музыка і танцы.

— У нашым корпусе і так амаль што не было месца для студэнтаў, нават пасядзець на перапынку не было дзе, а тут яшчэ колькасць аўдыторый скарацілася, ды і ў прынцыпу прастора. Большую частку другога і трэцяга паверхаў у нас адабралі. І ўвогуле акрамя таго, што ў нас і так амаль нічога не засталося, мы ж вывучалі фізіку і вышэйшую матэматыку ў другую змену, а яны ў гэты час у суседніх аўдыторыях спявалі ў мікрафон, скакалі і грукаталі. Было проста немагчыма нармальна вучыцца. На трэцім паверсе ёсць балкон, з якога бачна вялікую аўдыторыю на другім паверсе. І аднойчы я патрапіла на такую карціну: да столі была прычэплена пакрышка ад аўтамабіля, і па ёй палкай грукатаў нейкі мужчына. Напэўна, гэта была нейкая рэпетыцыя.

Генадзь Гачко. Фота: БЕЛТА

24 сакавіка 2021 года, перад Днём Волі, Марыю выклікаў на размову новы дэкан факультэта Генадзь Гачко. Спачатку ён «проста задаваў пытанні пра вучобу, цікавіўся адзнакамі і групай, усё было вельмі спакойна і звычайна». Але потым дэкан сказаў, што ў яго ёсць некаторы неспакой датычна Марыі і яго здзіўляе тое пытанне, якое студэнтка задала на сустрэчы з рэктарам. Па яе словах, у Гачко склалася ўражанне, што яе пытанне «фактычна дубліруе тое, якое фігуруе ў вядомым усім нам чаце».

Гутарка Марыі з Гачко наконт пытання, якое яна задала рэктару, 24 сакавіка 2021 года. Запіс з уласнага архіву Марыі, публікуецца ўпершыню.

— Потым зноў задаваў пытанні пра групу, пра вучобу, быццам бы нічога і не адбываецца. Затым папрасіў, каб я была разважлівай. А потым папрасіў забыць пра жураўлікаў — меў на ўвазе акцыю, у якой я прыняла ўдзел. Я зрабіла выгляд, што ўвогуле не разумею, пра што ідзе размова. І сапраўды спачатку не зразумела, таму што ў мяне як раз на кофце была брошка ў выглядзе сойкі-перасмешніцы. І я хацела пачаць спрачацца, маўляў, ты што гаворыш, мужчына? Таксама згадаў пра звольненага выкладчыка — меў на ўвазе Валянціна Аскірку, за якога я збірала подпісы, каб яго не звальнялі. Сказаў, што калі-небудзь раскажа мне, чаму не стаў яго абараняць.

Трэцяга мая Марыю выклікала на размову Гогалева: «вырашыла запалохаць, прыдумаўшы, што да яе прыйшоў хлопчык і скардзіўся». Па словах Гогалевай, хлопчык казаў, што Марыя адгаворвае сваіх аднагрупнікаў хадзіць на мерапрыемствы, якія праводзяць ва ўніверсітэце. Таксама Гогалева дадала, што «на тыдні павінен падысці яшчэ адзін чалавек», а потым запыталася, што група Марыі плануе арганізаваць да 9 мая. Студэнтка ўпэўненая, што ніякага «хлопчыка» не было, а «ўсё, што казала гэтая жанчына, — брахня і паклёп».

Гутарка з намесніцай дэкана па выхаваўчай працы, 3 мая 2021 года. Запіс з уласнага архіву Марыі, публікуецца ўпершыню.

Па словах Марыі, Гогалева таксама распускала чуткі пра тое, што студэнтка не ўдзельнічае ні ў адным мерапрыемстве — прытым што яна дапамагала з арганізацыяй усіх факультэцкіх канцэртаў і была вядучай. Таксама Гогалева казала, што Марыя як стараста нічога не робіць і «ўвогуле той факт, што я хаджу з бел-чырвона-белым значком з надпісам “Купалавец”, — гэта вельмі дрэнна».

— Таксама мне вядома, што Гогалева прасіла іншых людзей сачыць за мной у сацыяльных сетках і ўвогуле з кім я маю зносіны, і пра ўсё ёй дакладваць. Яна таксама запытвалася пра мяне ў студэнтаў, кшталту як у мяне справы з вучобай і да таго падобнае. У студэнцкі актыў яна мяне таксама не ўзяла, абгрунтаваўшы гэта тым, што я нічога і так не раблю і мне там не месца.

Марыя вучылася на педагагічнай спецыяльнасці, летам 2021 года яна спрабавала ўладкавацца на працу ў школе ў якасці настаўніцы фізікі. Дэкан факультэта не пусціў студэнтку, абгрунтаваўшы гэта тым, што ў яе яшчэ не было пэўных дысцыплін, неабходных для працы ў школе.

— Я ведаю выпадкі, калі студэнты маёй спецыяльнасці 2 курса спакойна працавалі ў школе без аніякіх праблем. І я ведаю, што такое ўвогуле магчыма, але гэта залежыць ад дэкана.

Другога снежня Гачко зноў выклікаў студэнтку на размову. Самае смешнае, па словах Марыі, было тое, што «ён сам забыўся, што выклікаў мяне, і я яму яшчэ гэта даказвала». Дэкан спрабаваў растлумачыць студэнтцы, на каго можна, а на каго нельга падпісвацца ў Instagram.

Гачко спрабаваў патлумачыць Марыі, на каго нельга падпісвацца ў Інстаграме, 2 снежня 2021. Запіс з уласнага архіву Марыі, публікуецца ўпершыню.

У снежні студэнтцы патэлефанаваў спадар Аляксей з універсітэцкага аддзела бяспекі, які хацеў «адабраць пятнаццаць хвілін, каб пагутарыць». Але Марыя не пайшла на сустрэчу, спаслалася на занятасць ва ўніверсітэце.

Тэлефонная размова Марыі з супрацоўнікам аддзела бяспекі ГрДУ, снежань 2021 года. Запіс з уласнага архіву Марыі, публікуецца ўпершыню.

— Выбачай, Алёшка, але ў мяне, нажаль, не было часу, каб прыйсці да цябе. А так хацелася, ты б ведаў! — усміхаецца дзяўчына.

Восьмага лютага 2022-га Марыя даслала рэктару ўніверсітэта электронны зварот наконт корпуса свайго факультэта, бо «вучыцца было немагчыма, і хацелася зразумець, што адбываецца ва ўніверсітэце і калі гэта скончыцца». 22 лютага адміністрацыя пісьмова адказала Марыі, але разам з тым накіравала зварот дэкану фізтэха.

zvarot adkaz

— Гачко павярнуў усё так, быццам мне не падабаецца расклад і трэба пераставіць заняткі з другой змены на першую, бо ўвесь гэты жах адбываўся ўвечары. Але ў маім звароце не было аніводнага пытання пра расклад. Потым ён выклікаў на размову маіх аднагрупнікаў, дзе задаваў пытанні наконт мяне: чаму я, а не стараста, кірую групай (я ўжо сышла тады з гэтай «пасады»), чаму я не падышла ў першую чаргу да яго і не спытала пра корпус. Гачко палічыў гэта абразай у свой бок і дадаў, што ў яго няма турботы з нагоды маёй вучобы і ўдзелу ў факультэцкім жыцці, але яму не падабаецца той факт, што я «не тых» поглядаў, калі казаць агулам. Сказаў, што калі ў будучыні я захачу працаваць у якасці настаўніцы, мне прыйдзецца падтрымліваць беларускую ідэалогію. Таксама ён звязаў мой зварот с постам, які апублікавалі на канале «ГрДУ Перамен», заявіў, што альбо я сама пісала гэты пост, альбо мяне нехта папрасіў даслаць зварот. Таксама ён паказаў студэнтам раздрукоўку з тэлеграм-канала, а таксама план новага корпуса і расказаў, як здорава нам там будзе, калі яго пабудуюць. Сказаў, што выклікае і мяне на размову. Але не паспеў яе правесці, таму што мяне затрымалі за пікет супраць вайны ва Украіне.

«Абзывалі феміністкай, тоўстай і лесбіянкай»

Для былой студэнткі 4 курса факультэта мастацтваў і дызайну Маргарыты Шыша ўсё пачалося 12 жніўня 2020 года, «калі з’явіўся інтэрнэт». Потым была сустрэча з Кітурка, з Каранікам, інтэрв’ю, размовы дэкана па тэлефоне з бацькамі Маргарыты, пагрозы, размова дэкана з самой студэнткай, песенныя акцыі, саветы прафілактыкі, пагрозы адлічэння праз усіх яе сяброў, камунікацыя з іншымі ўніверсітэтамі і гэтак далей.

Маргарыта Шыша. Фота: уласны архіў

Пра стаўленне да адміністрацыі ўніверсітэта Маргарыта нічога не можа сказаць, бо «на працягу навучання з імі не сутыкалася да пратэстаў, проста зусім».

— Магу расказаць пра свой факультэт, і тое не пра ўсіх. У мяне былі, на мой погляд, даволі цёплыя зносіны з дэканам. Яна дапамагла пры паступленні разабрацца са спецыяльнасцямі, падаць дакументы. Увогуле цудоўная жанчына, заўжды можна было прыйсці па добрую параду. З майго ўдзелу ў ініцыятыўнай групе пачаліся праблемы з камунікацыяй з гэтай жанчынай. Яна тэлефанавала маім бацькам, абмінаючы мяне, ніяк не спрабавала размаўляць са мной, каб паўплываць на мае паводзіны. А калі пачала размаўляць, то пачала праз пагрозы. Потым, калі не атрымалася так на мяне паўплываць, пачала ўсім навокал казаць, што мяне адлічаць, аніводнага разу не сказаўшы пра гэта мне наўпрост. Ну і яна мне першая сказала пра публікацыю на праўладным сайце, дзе мяне абзывалі феміністкай, тоўстай і лесбіянкай. Карацей, з таго часу, як я стала актывісткай, я ўсё часцей і часцей пачала сутыкацца з дэканкай. І чым часцей я з ёй сутыкалася, тым больш яна станавілася для мяне нейкім абсурдным незразумелым чалавекам: нібыта перажывае за кожнага студэнта і студэнтку, але калі рэч пра нязгодных з Лукашэнкам, то можна і пагражаць усім магчымым.

Факультэт мастацтва і дызайну ГрДУ. Фота: wikimapia.org

Сам дэканат застаўся для Маргарыты толькі адміністрацыйнай адзінкай, якая аніяк не выказала ні падтрымкі, на асуджэння. Рэктарат паказаў сябе як «крыважэрны і жорсткі апарат, якія забівае ўсё, што неяк адрозніваецца ад яго думак». Размоў Маргарыты з выкладчыкамі амаль не было, але калі і здараліся, то нешта накшталт «ты там больш акуратна, а то не выратуем» ці «якая ты малайчына». У дзяўчыны засталіся толькі самы лепшыя і добрыя ўспаміны, бо «ні адзін выкладчык не выказаўся супраць [пратэстаў]».

— Ні ў каго не ўзнікла ідэі казаць, што мы тупыя, што мы нічога не ведаем, нічога не разумеем. Гэта ўсё казала дэканка. Самы вялікі прыкол, што тыя выкладчыкі, якіх адміністрацыя спрабавала нацкаваць супраць студэнтаў, — яны ўсё ж такі спрабавалі нас падтрымліваць і нават прыходзілі на нашы акцыі. Калі мы, напрыклад, пісалі, што апранемся ва ўсё чорнае і будзем так хадзіць наступны тыдзень, то выкладчыкі таксама так прыходзілі. Гэта было ваў, люблю гэтых людзей.

Ціск на чацвёртакурсніцу пачаўся пасля ўдзелу ў акцыях пратэсту. Дзяўчыну выклікалі на размовы з дэканам, саветы прафілактыкі, далі дзве вымовы, а затым — адлічылі за «систематическое неисполнение обязанностей обучающимся».

— Але дэканка яшчэ телефанавала маім бацькам напрыканцы жніўня 2020-га, пужала іх нечым накшталт «ды яна не знойдзе працу/практыку», «распределим в самое х**вое место, где жизни нет». Маці нават збіралася да яе ехаць, каб паразмаўляць. Ну і мне быў амаль 21 год, то бок, паводле заканадаўства, я паўналетняя і ніхто не можа ўплываць на мяне праз бацькоў. Яшчэ я ведаю, што праходжу па справе студэнтаў (так-так, той самай, пра «чорны чацвер» студэнцтва) і па справе за распаўсюд асабістых дадзеных слабавіка. Яшчэ я ведаю, што юрысты ГрДУ шмат часу спрабавалі прыдумаць нагоду для загаду, каб мяне адлічыць. Бо ніякіх нармальных падстаў не было. Складана адлічыць студэнтку з сярэднім балам, вышэйшым за дзевяць.

Што адбываецца зараз на факультэце, Маргарыта амаль не ведае: усе яе аднагрупніцы выпусціліся мінулым летам. Дзяўчына ведае, што за апошні год іх навучання звольнілася «адна з лепшых і любімых выкладчыц на факультэце». Прычын Маргарыта не ведае.

— Усё таксама, як і ў папярэднія гады: ніхто нічога не робіць, няма мадэляў для паказу — але яго патрабуюць правесці, таму шукаюць мадэлей самі выпускнікі. Няма візажыстаў, грымёрак нармальных, усё працуе праз вялікую дупу. Я пыталася напачатку пратэстаў у дэканкі, чаму мы, дызайнеры адзення, не вучымся працаваць з сістэмамі пастраення лякалаў на камп’ютары. Мне казалі, што хутка нешта зменіцца — і нават нешта і змянялася, але як толькі мяне адлічылі, дык адразу ўсе змены павярнулі назад.

Вярнуцца ўгару