Ад Baldur’s Gate да «Зайчыка». Якія гульні гуглілі беларусы гэтым летам

у якія гульні пагуляць беларусам, камп'ютарныя гульні для беларусаў

Выратоўваць свет ад дэманаў, рабаваць банкі, пажыць у 90-х у тайзе і закахаць адно ў  аднаго сваіх герояў. Сусвет камп’ютарных гульняў пастаянна развіваецца, а распрацоўшчыкі дораць гульцам усё больш навінак. Беларусы таксама любяць дзіўных персанажаў: уяўляюць сябе бандытамі ў сонечных штатах Амерыкі ці ограмі ў выдуманым сусвеце.

PALATNO расказвае пра пяцёрку гульняў, якія беларусы гуглілі гэтым летам.

Baldur’s Gate 3

у якія гульні пагуляць

Гульня Baldur’s Gate 3, заснаваная на настолцы Dungeons&Dragons, выйшла напачатку жніўня 2023 года і ўсяго за месяц стала прэтэндэнтам на гульню года. Baldur’s Gate 3 чакалі шмат гадоў — і гульцоў яна не расчаравала.

Серыю камп’ютарных гульняў па Dungeons&Dragons пачалі распрацоўваць яшчэ пад канец 1990-х, але тады яны мелі іншыя назвы. Апошняя Baldur’s Gate выйшла ажно ў 2001 годзе, пасля гэтага — толькі спін-офы, перавыданні і перанос гульняў на новыя кансолі. Нарэшце, у 2019 годзе анансавалі выхад трэцяй часткі.

Гулец кіруе групай з чатырох персанажаў, кожны з якіх — гэта самастойная адзінка са сваімі памкненнямі, гісторыяй і матывацыяй. Цікава, што гулец можна абсалютна з нуля стварыць уласных персанажаў любой расы з пятнаццаці даступных на выбар альбо ўзяць аднаго з гатовых персанажаў з прапісанай гісторыяй.

Камп’ютарная гульня ўзяла ўсё лепшае ад настолкі пра сатурэнні і драконаў: ад нестандартных рашэнняў і неверагоднай свабоды ў дзеяннях да вывучэння навакольнага свету. Гульня падштурхоўвае гульцоў да цікавых хадоў і спосабаў вырашэння сітуацый. Мабыць, адзінае абмежаванне ад усіх вар’яцтваў у гульні — неабходнасць кідаць косці (як і ў сапраўднай Dungeons&Dragons), дзякуючы чаму ў кожнага гульца будзе свая незвычайная гісторыя, сваё праходжанне гульні. Baldur’s Gate 3 мае ўласны цэнтральны сюжэт з відовішчнымі кат-сцэнамі. Але гульня не абмяжоўваецца эпічнымі бітвамі — унутры ёсць дадатковыя місіі, выпадковыя падзеі, канфлікты з кампаньёнамі, рамантычныя лініі. І ўсё гэта, падкрэсліваем, будзе ўнікальным для кожнага гульца праз яго выбар.

У дзень выхаду гульні з раннім доступам па колькасці гульцоў, якія гулялі адначасова на платформе Steam, гульня заняла другое месца сярод гульняў, якія выйшлі ў 2023 годзе. Baldur’s Gate саступіла месца толькі Hogwarts Legacy — гульні па «Гары Потэру». Гульня выйшла для Windows напачатку жніўня, а напачатку верасня плануецца рэліз для PlayStation5 і macOS.

Жанр: камп’ютарная ролевая гульня.

Кошт: $59,99.

Гульня «Зайчык»

у якія гульні пагуляць

Гульня «Зайчык», створаная расійскімі распрацоўшчыкамі, выйшла ў дэма-рэжыме ў 2020 годзе. У яе аснове — апавяданні інтэрнэт-пісьменніка Дзмітрыя Мордаса, які таксама ўдзельнічаў у распрацоўцы, але ў хуткім часе пакінуў каманду. У 2021 годзе выйшлі тры эпізоды гульні, пад канец мая 2023 года — чацвёрты эпізод. «Зайчык» — прадстаўнік інды-гульняў: то бок яе ствараў невялікі калектыў распрацоўшчыкаў без фінансавай падтрымкі выдаўца камп’ютарных гульняў.

Сюжэт гульні пераносіць у Расію канца 90-х. Галоўны герой, 12-гадовы школьнік Антон Пятроў, зімой пераязджае разам з сям’ёй у невядомы пасёлак, дзе раней жыла яго бабуля. Там ён заўважае дзіўныя рэчы, якія адбываюцца спачатку толькі з ім: напрыклад, сустрэчы з міфічнымі істотамі, звярамі і іншае. Праз нейкі час у пасёлку пачынаюць знікаць дзеці, якія сыходзілі ў лес — менавіта туды і клічуць Антона антрапаморфныя жывёлы.

Механіка гульні заключаецца ў тым, што на экране тэкстам і візуальным шэрагам дэманструецца нейкая сітуацыя. Гулец павінен абраць варыянт дзеянняў у гэтай сітуацыі. Кожны такі выбар будзе ўплываць на далейшае развіццё падзей і канцоўку гульні. Гулец заўважае гэта ўжо ў трэцім эпізодзе гульні. Дарэчы, кожны з эпізодаў можна прайсці за некалькі гадзін.

Гульня даступна на платформе Steam і толькі для Windows.

Жанр: хорар, візуальная навела.

Кошт: $59,99.

Jagged Alliance 3

у якія гульні пагуляць

Jagged Alliance 3 выйшла ў ліпені 2023 года. Як і ў выпадку з Baldur’s Gate, гэта працяг гульні, што апошні раз выходзіла амаль дваццаць гадоў таму.

Распрацоўка Jagged Alliance 3 была анансавана яшчэ ў 2004 годзе — усяго праз некалькі гадоў пасля рэлізу другой часткі. Аднак гэтаму перашкодзіў разрыў адносін паміж кампаніямі-распрацоўшчыкамі. У 2006 годзе было зноў аб’яўлена пра распрацоўку гульні пры ўдзеле расійскіх кампаній, але праз тры гады яна была спынена па прычыне банкруцтва мацярынскай кампаніі. У 2010 годзе серыю Jagged Alliance купіла нямецкая кампанія, а праз пяць гадоў яна прадала правы на яе шведскаму распрацоўшчыку. Менавіта шведская кампанія THQ Nordic займалася распрацоўкай і выпускам трэцяй гульні.

Трэцяя Jagger Alliance паўтарае гульнявы працэс другой гульні з атрадам наёмнікаў, якія мусяць кагосьці выратаваць. Распрацоўшчыкі пакінулі шмат «пасхалак» на іншыя гульні і масавую культуру, у тым ліку — на гульні самой серыі.

Падзеі адбываюцца ў краіне Гранд-Чыен, у якой хаос пасля таго, як прэзідэнта выкрадае ваенізаваная групоўка «Легіён». Гулец павінен узначаліць атрад элітных наёмнікаў, каб выратаваць прэзідэнта і вярнуць уладу ў краіне.

Спачатку гульцу трэба набраць сабе каманду з 36 наёмнікаў. У кожнага з іх свая гісторыя, некаторыя сябруюць, а некаторым лепш не быць разам у адной лодцы. Пасля таго, як гулец набірае каманду, пачынаецца сама гульня. Перад гульцом стратэгічная мапа, па якой трэба будзе рухацца і выконваць заданні. Гульцу трэба захапіць кантроль над усімі ключавымі аб’ектамі ў рэгіёне: шахтамі, партамі і аванпостамі.

Гульня выйшла толькі для Windows.

Жанр: тактычная ролевая гульня.

Кошт: $44,99.

Diablo IV

у якія гульні пагуляць

Упершыню згадкі пра распрацоўку Diablo IV з’явіліся падчас уцечкі да фестывалю BlizzCon, і яе анансавалі на канферэнцыі ў 2019 годзе. Чацвёртая частка працягвае славутую серыю змрочных гульняў, у якой галоўны герой змагаецца за чалавецтва з монстрамі.

Па сюжэце падзеі гульні пачынаецца праз паўстагоддзя пасля падзей трэцяй часткі. Галоўнага героя пад імем Вандроўца адурманьваюць алкаголем жыхары вёскі пад уладай галоўнага антаганіста — Ліліт. Яны ж ствараюць сувязь паміж гульцом і Ліліт, кормячы героя крывёй саперніцы. Задача гульні — забіць Ліліт і сусветных босаў, якіх бывалыя гульцы могуць успомніць з мінулых частак. У папярэдніх трох частках, замест Ліліт, галоўным антаганістам быў Д’ябал, і гульцы змагаліся з ім.

У чацвёртай частцы перад гульцом адкрываецца свет, падзелены на пяць унікальных лакацый, дзякуючы чаму можна даследаваць гэты свет, а гульня падаецца менш лінейнай і прадказальнай. У гульні ёсць змена дня і ночы, умовы надвор’я, а для таго, каб пераадолець вялікія адлегласці, можна выкарыстоўваць ездавых жывёл. У гульні таксама паболела дадатковых заданняў, якіх у мінулых частках было няшмат.

Рэліз Diablo IV прагрымеў на ўвесь свет з-за… лясных пажараў у Канадзе. Справа ў тым, што пад канец чэрвеня лясныя пажары ў Канадзе справакавалі ўтварэнне аранжава-карычневага смогу і над часткай Злучаных Штатаў, у тым ліку і ў Нью-Ёрку. У горадзе ўсталявалі шэраг банераў, на якіх была намалявана Ліліт і меўся надпіс: «Вітаем у пекле, Нью-Ёрк».

@raresandreisandru Diablo IV Ad in Times Square NYC @Diablo #diablo4 #diablo #diabloiv #timesquare #nyc #newyork ♬ Diablo 4 – Alex Morgachev

Гульня выйшла для Windows, PlayStation4, PlayStation 5, Xbox One, Xbox Series X/S.

Жанр: ролевая гульня ў жанры «экшн».

Кошт: $69,99 за стандартнае выданне; $89,99 за прасунутае выданне.

Grand Theft Auto – серыя гульняў

у якія гульні пагуляць

Grand Theft Auto ці скарочана GTA — з’яўляецца самай легендарнай серыяй гульняў у свеце. Першая гульня выйшла ў 1997 годзе. Сярод легендарных выданняў — GTA Vice City, GTA San Andreas і GTA IV. У гэтых гульнях у распараджэнні гульца знаходзіцца адзін галоўны герой, які ў кожнай з частак дамагаецца сваіх мэт, змагаецца з ворагамі і здабывае грошы. У пятай частцы гульні, распрацоўка якой стала самай дарагой у свеце, у гульца будзе тры персанажы з рознымі гісторыямі і характарыстыкамі. У GTA 5 ёсць анлайнавы рэжым, у якім гулец можа стварыць свайго ўнікальнага персанажа. Кожныя тры месяцы анлайнавы рэжым зарабляе для кампаніі-выдаўца па некалькі мільёнаў долараў.

Продажы апошняй часткі GTA дасягнулі 180 мільёнаў копій на канец мая 2023 года. Цікава, што пятая частка з серыі GTA выйшла дзесяць гадоў таму. Але ўсё ж з’яўляецца адной з самых папулярных гульняў у свеце.

Цікавасць да серыі GTA абумоўлена тым, што большасць гульцоў чакае выхаду шостай часткі, але распрацоўшчыкі не кажуць пра дату рэліза. У апошнія месяцы з’явілася фінансавая справаздача кампаніі-выдаўца, у якой можна даведацца пра прыкладную дату выхаду шостай часткі. Магчыма, гэта адбудзецца ў перыяд з вясны 2024 да вясны 2025 года. У сеціва час ад часу (дарэчы, у апошні месяц таксама) трапляюць злівы па механіцы ў GTA VI. Напрыклад, што ўпершыню ў гісторыі серый гульняў адным з галоўных герояў будзе жанчына; ці тое, што ў персанажаў будуць расці валасы — упершыню гэта было рэалізавана ў Red Dead Redemption 2, якую рабілі распрацоўшчыкі GTA.

Гульні серый даступны амаль на ўсіх платформах. У GTA 5 можна пагуляць на PlayStation трох пакаленняў, XboX 360, Xbox One, Xbox Series X/S і Windows.

Жанр: прыгодніцкі баявік.

Кошт: за стандартную версію GTA V трэба заплаціць $31,49.

Вярнуцца ўгару