Now Reading
Якія гульні цікавілі беларусаў напачатку 2024 года

Якія гульні цікавілі беларусаў напачатку 2024 года

гульні кампьютарныя беларусь, у якія гульні гуляюць беларусы, у ва што пагуляць

Ад «Прынца Персіі» і добрага японскага файтынга да гульні са сцэнарыям ад Джорджа Марціна…  PALATNO даведалася, якія гульні найбольш цікавілі беларусаў у першы месяц 2024 года.

Tekken 8

Першай у спісе ідзе файтынг-гульня Tekken 8, рэліз якой адбыўся 26 студзеня. Верагодна, беларускія карыстальнікі з-за гэтага і зацікавіліся новай гульнёй. Распрацоўкай і выдавецтвам Tekken займаліся японскія студыі.

Упершыню пра распрацоўку новага файтынга ад японцаў стала вядома ў 2022 годзе.

Геймплэй. Гульня атрымалася класічным прадстаўніком файтынг-гульняў. Распрацоўшчыкі палічылі, што ў новай гульне прыярытэт будзе адданы гульцам, якія любяць атакаваць, а не абараняцца: для гэтага ўвялі новую сістэму пад назвай Heat. Фішка новай сістэмы ў тым, што калі гулец яе разблакіруе, то ён можа наносіць узмоцненыя пашкоджанні сапернікам.

Распрацоўшчыкі ўдасканалілі гульню тэхнічна, а таксама дапрацавалі анлайн-рэжымы. Дарэчы, Tekken 8 стала першай файтынг-гульнёй, якая была зроблена на рухавіку новага пакалення Unreal Engine 5. Таксама гульцам дазволілі кросплэй: гэта калі гулец на PS5 можа гуляць супраць гульца з Xbox ці персанальным камп’ютарам.

Сюжэт. У гульні ёсць сюжэтны рэжым. У ім расказваецца пра падзеі праз шэсць месяца пасля смерці Хэйхаці Місімы – аднаго з галоўных персанажаў сусвету Tekken, які з’яўляўся ў кожнай гульні серыі. Галоўным героем гульні выступае Джын, які спрабуе змагацца са сваім бацькам Казуей.

Рэакцыя. Гульню добра сустрэлі ў гульнявым кам’юніці. Карыстальнікі персанальных камп’ютараў і кансолі PS5 агулам добра ўспрынялі новую гульню ў лінейцы Tekken. А вось карыстальнікі Xbox Series X/S з меншым энтузіязмам сустрэлі выхад гульні.

Prince of Persia: The Lost Crown

Апошні «Прынц Персіі» выйшаў 24 студзеня, таму цікавасць да гульні была высокая па ўсім свеце, уключаючы Беларусь. Гульню распрацоўвалі тры гады ў канадскім падраздзяленні французскай студыі Ubisoft. Выпуск «Прынца Персіі» стаў першым рэлізам серыі з 2010 года.

Гульня стала адной з першых у свеце, якую прадубліравалі на фарсі. Гульня выйшла для Nintendo Switch, PS4 і PS5, Xbox One і Xbox Series X/S, Windows.

Геймплэй. Распрацоўшчыкі стварылі прыгодніцкую платформенную гульню ў фармаце 2.5D. Галоўны герой можа скакаць, бегчы і перамяшчацца паміж платформамі. Гульцы могуць выкарыстоўваць спецыяльную здольнасць галоўнага героя, якая дазваляе кіраваць гульнявым часам. Падчас праходжання гульні гульцы могуць вырашаць галаваломкі, якія дапамагаюць ім зрабіць гульню лягчэй і больш цікавай.

Сюжэт. Сюжэт гульні даволі просты: нам прадстаўляюць галоўнага героя Саргона з клана воінаў Бяссмяротных. Саргон павінен ехаць у горад на гары Каф, каб выратаваць выкрадзенага прынца Гасана.

Рэакцыя. Пасля рэлізу першага трэйлера гульні яе сустрэлі не вельмі прыязна, аднак пасля каментарыя ад стваральніка серыі Джордана Мэхнера (ён не прымаў удзелу ў распрацоўцы новага «Прынца Персіі») крытыка сціхла. Ад гульцоў доўгачаканы «Прынц Персіі» атрымаў у цэлым пазітыўныя водгукі. За першыя тыдні продажы атрымалі каля 15 мільёнаў долараў даходу.

S.T.A.L.K.E.R. 2

Адзіная ў нашым спісе, якая дагэтуль знаходзіцца ў распрацоўцы. Як і папярэдні «Сталкер», гульня будзе шутэрам ад першай асобы з адкрытым светам. Падзеі будуць адбывацца ў зоне адчужэння Чарнобыльскай АЭС, у якой «сталкеры» шукаюць фантастычныя артэфакты — там жа ёсць анамаліі, мутанты і іншая небяспека. Адзначаецца, што ў сусвеце гульні адбылося дзве катастрофы на ЧАЭС: у 1986 і 2006 гадах.

Першая гульня серыі стала культавай, у гульні з’явілася значная колькасць фанатаў.

Гульня павінна была выйсці ў 2012 годзе, але распрацоўку прыпынілі. У 2018 годзе было зноў аб’яўлена аб пачатку распрацоўкі.

Чаму гульня ўсё яшчэ не выйшла? Распроўшчыкі планавалі выпусціць «Сталкера» ўзімку 2022 года, але ў выніку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну выхад адкалі. З-за расійскай агрэсіі распрацоўшчыкі вырашылі перайменаваць назву гульні і зрабілі акцэнт на ўкраінскае напісанне слова Чарнобыль: замест Chernobyl на Chornobyl. Частка каманды распрацоўшчыкаў вымушана была з’ехаць з Украіны ў краіны Заходняй Еўропы. Плануецца, што гульня выйдзе 5 верасня 2024 года.

Elden Ring

Elden Ring выйшла яшчэ ў 2022 годзе. Яе распрацоўвала японская студыя. Гульня выйшла Windows, PS4 і PS5, Xbox One і Xbox Series X/S. Хутчэй за ўсё, цікавасць да гульні ўзрасла з-за выпуску дадатку, які павінен выйсці ў бліжэйшы час.

Elden Ring распрацоўвалася сумесна з аўтарам «Гульні тронаў» Джорджам Марцінам. Марцін выступіў як адзін са сцэнарыстаў гульні.

Геймплэй. Гэта класічная RPG: гульцу даступна вялікая колькасць зброі і заклінанняў, можна ўдасканальваць навыкі свайго персанажа для больш умелага праходжання. Напрыклад, персанаж можа стаць нябачным для ворагаў ці ўдасканаліць характарыстыку скрытнасці — груба кажучы, прайсці гульню «па стэлсу». Гульню распрацавалі з адкрытым светам, то бок гулец можа свабодна даследаваць карту і пешшу, і на коні.

Сюжэт. Падзеі гульні адбываюцца ў фэнтэзійным свеце. Гулец павінен вандраваць па каралеўстве — адкрытым свеце — і сабраць часткі разбітага кальца, каб стаць кіраўніком гэтага каралеўства.

Рэакцыя. Elden Ring стала адной з самых прадаваемых гульняў у 2022 годзе, саступаючы толькі шутэру Callof Duty: Modern Warfare II. Крытыкі і гульцы адзначалі якасны адкрыты свет. Для гульні знайшлася і доля крытыкі за адсутнасць лёгкіх рэжымаў гульні — некаторыя, дарэчы, гэты аспект ацанілі пазітыўна.

Avatar: Frontiers of Pandora

Гульня «Аватар» — сусвет якой многім вядомы па аднайменнаму фільму — выйшла ў снежні 2023 года. Гэта другая гульня ў гісторыі па аватараўскім сусвеце. Гульня выйшла для некалькіх платформаў: Amazon Luna, PS5, Xbox Series X/S, Windows.

Геймплэй. Гульня ўяўляе з сябе прыгодніцкі экшн. Гулец можа выкарыстоўваць агнястрэльную зброю, а таксама лукі і коп’і. Для паляпшэння арсеналу і ўменняў — трэба праходзіць місіі. Гулец можа сам ствараць боепрыпасы і рыштунак, часткі якога можна знаходзіць у адкрытым свеце.

Сюжэт. Асноўная гісторыя гульні расказвае пра спробу аб’яднання трох мясцовых кланаў На’ві, якія жывуць на заходняй мяжы Пандоры. А больш мы не будзем спойлерыць, бо можа вы самі захочаце пагуляць і даведацца, чым жа ўсё заканчваецца. Калі вы памятаеце фільм «Аватар», то тут гаворка ідзе пра адзін і той жа сусвет, аднак падзеі ў фільме разварочваюцца ўжо пасля падзей гульні. Таму перад гульцамі, у нейкім сэнсе, прыквел фільма Джэймса Кэмерана.

Рэакцыя. Гульню ўспрынялі даволі неадназначна. Хвалілі за адкрыты свет, сістэму бою і крафту, а таксама сюжэтную лінію. Крытыкі падкрэслівалі, што гульня шмат у якіх механіках падобная на гульні серыі Far Cry. Нагадаем, што гэтыя гульні выдавала адна і тая кампанія Ubisoft.

Вярнуцца ўгару