Верагодна, вы чулі пра галашэнні. Гэта адзін з самых эмацыянальных і старажытных жанраў беларускай вуснай паэзіі. Гэта ўнікальны феномен, дзе плач становіцца мастацтвам, а словы — малітвай. Галашэнні ўвасабляюць боль страты, душэўную разгубленасць і адначасова веру ў непарушнасць сувязі паміж жывымі і памерлымі.
PALATNO расказвае пра галашэнні.
Адкуль з’явіліся галашэнні?
Галашэнні з’явіліся яшчэ ў глыбокай старажытнасці, калі ў свядомасці чалавека панавала вера ў бессмяротнасць душы і культ продкаў. Першапачаткова галашэнні мелі выразную магічную функцыю: праз словы і плач трэба было задобрыць нябожчыка, каб яго душа не вярталася з таго свету і не шкодзіла жывым. Паступова магічная роля слабела, а галашэнні набылі эмацыянальна-цырыманіяльны характар. Так галашэнні сталі формай выяўлення смутку, любові і пашаны да памерлых.
Галашэнні для продкаў беларусаў займалі важнае месца ў пахавальным і памінальным абрадзе. Без іх не абыходзіліся тры самыя эмацыянальна напружаныя моманты пахавальнага рытуалу: калі труну выносілі з хаты, пры апошнім развітанні і падчас апускання труны ў магілу.
Акрамя пахаванняў плач з элементамі галашэнняў таксама гучаў пры наборы рэкрутаў у армію або на вяселлі, калі нявеста развітвалася з бацькоўскай хатай.
Разам з галашэннямі ў пахавальным цыклу, дзе яны былі неад’емнай часткай, выконваліся шматлікія рытуальныя дзеянні. Напрыклад, у труну клалі неабходныя нябожчыку рэчы, хлеб і соль. А яшчэ кланяліся каню, які вёз труну з нябожчыкам, прасілі продкаў прыняць новага чалавека ў свой свет.
Памінальныя традыцыі мелі на мэце не толькі выпраўленне душы, але і захаванне памяці пра чалавека ў яго родзе.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Якімі былі народныя ўяўленні беларусаў пра самагубства?
Плачуць багі і ведзьмы. Як продкі беларусаў уяўлялі дождж?
Ажаніцца з сырою зямлёю, пайсці на піва да Абрама. Як беларусы размаўляюць пра смерць
Якой была роля жанчыны падчас галашэнняў?
Пераважна жанчыны былі носьбітамі гэтага жанру. У народзе іх называлі плакальшчыцамі. Іх майстэрства заўсёды грунтавалася на ўменні імправізаваць, хоць галашэнні мелі традыцыйныя вобразы і формы. Кожнае галашэнні ўсё роўна выконвалася па-новаму і ў залежнасці ад таго, каго аплаквалі і якія пачуцці перажывалі родныя.
Мужчыны, як правіла, плакалі моўчкі, без слоў.
Жанчыны маглі галасіць не толькі каля труны, але і на могілках, дома падчас памінак на 9-я, 40-ы дні ці праз год пасля смерці.
Вера ў тое, што нябожчык чуе іх словы, была непарушнай. Плакальшчыцы нават плакалі асцярожна, каб слёзы не капалі на цела нябожчыка, каб не пагоршыць яму жыццё на там свеце.
А што галасілі?
Галашэнні былі своеасаблівымі паэтычнымі мініяцюрамі, поўныя паўтораў, пытанняў, зваротаў і мастацкіх вобразаў. У іх адчуваецца жывая мова народа, якая перадае боль, пяшчоту, надзею. Змест і тон залежалі ад таго, па кім галасілі — мужу, бацьку, маці ці дзіцяці.
Удава ў сваіх словах часта выказвала папрок Богу і нябожчыку за тое, што ён пакінуў яе з дзецьмі. Яна звярталася да яго, як бы да жывога: «Куды ты пайшоў? На якую паласу мне табе абед несці?» Смутак у яе словах набываў зусім іншы, касмічны маштаб, бо смерць мужа тлумачылася як уздзеянне прыродных стыхій.
Дзеці-сіроты галасілі па бацьку і маці з асаблівым болем: «А мой татулечка, а мой ты родненькі, як жа мы цяпер без цябе?» Плач па бацьках раскрываў не толькі асабістую трагедыю, але страх перад жыццём без абароны, без заступніка на тым і гэтым свеце.
Маці, якая страціла дзіця, выказвала бездань гора ў найвышэйшай мастацкай форме. У яе галашэннях дзіця параўноўвалася з яблычкам недаспелым, кветачкай чырвоненькай, птушачкай шэранькай. Такія вобразы былі сімваламі незавершанасці жыцця, зламанай надзеі і любові, якія перарастаюць у вечны боль.