Now Reading
Ад традыцыйнага свята кельтаў да «сатанінскага шабашу». Як да нас прыйшоў Хэлаўін і што такое Дзяды

Ад традыцыйнага свята кельтаў да «сатанінскага шабашу». Як да нас прыйшоў Хэлаўін і што такое Дзяды

хэлаўін, хэлаўін у беларусі, беларускі хэлауін, дзяды і хэлаўін

Хэлаўін — адно з самых старажытных свят у свеце, традыцыі якога сыходзяць каранямі ў далёкае мінулае. Адзначаецца свята ў вялікай колькасці краін у ноч з 31 кастрычніка на 1 лістапада.

PALATNO расказвае, адкуль прыйшло да нас гэтае свята, ці адзначаюць яго ў Беларусі, хто такі Джэк і як можна варажыць у гэтую ноч.

Гісторыя свята: кельты, нячысцікі і ліхтар Джэка

Больш за дзве тысячы гадоў таму на тэрыторыі Еўропы жылі кельцкія плямёны. Яны дзялілі год на дзве часткі — лета і зіму. У канцы кастрычніка кельты збіралі апошні ўраджай і святкавалі заканчэнне летняга сезона. Яны верылі, што ў ноч з 31 кастрычніка на 1 лістапада свет жывых і свет мёртвых прыадчыняюць свае дзверы і духі пранікаюць на зямлю. Гэты дзень яны называлі Самайнам. Паводле легенды, на Самайн друіды — жрацы, ведзьмакі, захавальнікі паданняў — на пагорках у дубовых гаях разводзілі вогнішчы і прыносілі злым духам ахвяры, каб залагодзіць іх. Так яны адводзілі ад людскіх паселішчаў наведвальнікаў з іншасвету.

Каб абараніць сябе і сваю сям’ю ад злых духаў, кельты не запальвалі ў дамах агонь. Мужчыны апраналіся ў звярыныя шкуры і адпужвалі нежаданых гасцей. Гаспадыні тым часам гатавалі пачастункі для продкаў і пакідалі іх на парогах сваіх дамоў.

Ранкам друіды дарылі людзям вугельчыкі ад вогнішчаў, каб тыя распальвалі іх дома. Гэты агонь аберагаў хаты ад нечысці.

З распаўсюджваннем хрысціянства царква намагалася выкараніць паганскія традыцыі, таму на 1 лістапада быў перанесены Дзень усіх святых. Так All Hallows Even (Імша ўсіх святых) пераўтварылася ў Hallowe’en, а затым — у Halloween.

Ірландцы і некаторыя іншыя народы напярэдадні Дня ўсіх святых нейкі час яшчэ працягвалі шанаваць старыя традыцыі, але паступова сталі забывацца на іх сапраўднае значэнне.

А як тады гэта свята трапіла ў ЗША і Канаду? Калі жыхары Старога свету пачалі перасяляцца на амерыканскі кантынент, яны прывезлі з сабой і свае традыцыі. З цягам часу Хэлаўін займеў там велізарную папулярнасць. На мяжы XX і XXI стагоддзяў традыцыя адзначаць яго напярэдадні Дня ўсіх святых вярнулася ў Еўропу.

хэлоўін, хэлоўін у беларусі, беларускі хэлоуін, дзяды і хэлоўін
Фота: Josh Hild / unsplash.com

Сімвалам свята лічыцца гарбуз з усмешлівым злавесным тварам — яго называюць ліхтаром Джэка. Але на самай справе свята Самайн не заўсёды адзначалася так, як цяпер.

Калісьці кельты выразалі ліхтары з рэпы, бульбы або буракоў, ставілі ўнутр іх свечкі і выстаўлялі за дзверы дамоў, каб адпудзіць злых духаў. Пазней з’явілася легенда пра Джэка — ірландца, які займеў славу праз сквапнасць, хлусню, крадзяжы і п’янства. Паводле легенды, скупы Джэк запрасіў Д’ябла выпіць з ім. Ён не хацеў плаціць за выпіўку, таму пераканаў Д’ябла ператварыцца ў манету, якой Джэк мог бы разлічыцца. Як толькі Д’ябал зрабіў гэта, Джэк вырашыў пакінуць грошы сабе і паклаў манету ў кішэню побач з срэбным крыжыкам, які не даў Д’яблу вярнуцца ў сваю першапачатковую форму.

У рэшце рэшт Джэк вызваліў Д’ябла, але пры ўмове, што той не будзе турбаваць яго на працягу аднаго года, а калі Джэк памрэ, ён не забярэ яго душу. У наступным годзе ірландзец зноў абдурыў Д’ябла — падманам прымусіў яго залезці на дрэва, каб сарваць фрукт. Калі той быў на дрэве, Джэк выразаў на кары дрэва знак крыжа. Д’ябал не мог спусціцца, пакуль не паабяцаў Джэку не турбаваць яго яшчэ дзесяць гадоў.

Неўзабаве пасля гэтага Джэк памёр. Паводле легенды, Бог не пусціў яго ў рай, а Д’ябал — у пекла. Апошні адправіў Джэка ў цёмную ноч і пакінуў яму толькі вугаль. З тых часоў Джэк чакае Суднага дня і блукае па зямлі. Ён асвятляе сабе шлях д’ябальскім вугальком, які паклаў у пустую рэпу. Ірландцы сталі называць гэтую прывідную постаць Jack-o-lantern, што азначае — Джэк-ліхтар.

Што тычыцца сімвалаў Хэлаўіна, то ў XIX стагоддзі ў ЗША з’явілася традыцыя выразаць ліхтары Джэка з гарбузоў. У наш час аранжавы колер нават стаў сімвалам свята. Дамы ўпрыгожваюцца ліхтарамі з гарбузоў і атрыбутамі аранжавага і чорнага колераў. Людзі наносяць на твар грым і апранаюцца ў маскарадныя касцюмы, каб выглядаць як памерлыя ці пакалечаныя. Папулярныя таксама касцюмы герояў з фільмаў жахаў.

Абавязковым атрыбутам Хэлаўіна з’яўляецца абрад Trik or trak («паскудства або падарунак») — дзеці ходзяць па хатах і выкрыкваюць: «Treat or trick!» («Частуй, а то пашкадуеш!»).

«Сатанінскі шабаш» у Беларусі

Стаўленне да Хэлаўіна ў Беларусі неадназначнае. Прадстаўнікі праваслаўнай і каталіцкай цэркваў заклікаюць не святкаваць яго. Напрыклад, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч не раз адзначаў, што Хэлаўін не мае нічога агульнага з хрысціянствам. Прадстаўнікі царквы лічаць ненармальным апранацца ў касцюмы мерцвякоў ды весяліцца і мяркуюць, што ўвасабленне нечысці разбуральна ўплывае на псіхічнае і духоўнае здароўе чалавека.

У 2018 годзе намесніца начальніка аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай работы Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Надзея Вялікая адзначыла, што ніякай забароны на святкаванне Хэлаўіна і іншых падобных свят няма. Яна дадала, што гэта не дзяржаўнае свята, праводзіць якія-небудзь мерапрыемствы з яго нагоды ці не, вырашае адміністрацыя школы. Але рабіць гэта можна па-за межамі навучальнага працэсу.

У 2022 годзе ў моладзевым цэнтры «Гродна» павінна была адбыцца тэматычная вечарына. Адным з арганізатараў мерапрыемства была тату-студыя «Храбрае сэрца». Гасцям прапаноўвалі конкурсы, падарункі ад партнёраў і музычную праграму.

Праўладная актывістка Вольга Бондарава ў сацыяльных сетках выказала незадаволенасць «сатанінскім шабашам», а пазней паведаміла, што мерапрыемства «раптоўна адмянілі». Яна падзякавала за гэта кіраўніцтва «Белай Русі». Пасля скаргі Бондаравай і групы ветэранаў-афганцаў святочныя дэкарацыі ля ўваходу ў тату-студыю давялося прыбраць, таму што актывістцы не спадабалася, што імі ўпрыгожылі дом, у якім жыў удзельнік вайны ў Афганістане — на той момант ужо нябожчык.

У снежні 2022 года ў сацыяльныя сеткі трапіў ліст аддзела адукацыі Жлобінскага раёна, у якім паведамлялася, што кіраўнікі ўстаноў адукацыі мусяць прыняць «вычарпальныя меры па недапушчэнні прапаганды правядзення мерапрыемстваў, якія супярэчаць традыцыйным каштоўнасцям беларускага народа». У ліку такіх мерапрыемстваў быў названы і Хэлаўін. Непажаданымі таксама сталі касцюмы ў вобразе цацак Хагі-Вагі.

Галоўны спецыяліст аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы Святлана Лучкова тады пацвердзіла, што забарона сапраўды існуе. Адказнасць за правядзенне забароненых свят і выбар «няправільных» дзіцячых касцюмаў, па словах чыноўніцы, кладзецца на плечы кіраўнікоў устаноў адукацыі.

Але афіцыйнай забароны на святкаванне Хэлаўіна ў Беларусі няма. Свята набыло больш забаўляльны характар, для моладзі гэта нагода апрануць маскарадныя касцюмы і патанчыць.

У 2023 годзе ў Беларусі на Хэлаўін таксама планаваліся розныя тэматычныя вечарыны ў барах і клубах. Але праўладным актывістам гэта было не даспадобы. Напрыклад, з 29 кастрычніка па 4 лістапада ў санаторыі «Зялёны бор» мусіў быў прайсці лагер ад сталічнай моўнай школы «Свет без межаў». Дзецям 7-16 гадоў прапаноўвалася адпачыць ад вучобы і адзначыць Хэлаўін разам з Малефісантай і яе крумкачом. Але ў адным з прапагандысцкіх тэлеграм-каналаў з’явіўся допіс з абурэннем, і ўжо ўвечары 27 кастрычніка інфармацыі пра гэты лагер на сайце школы не было.

Сёлета праўладная актывістка Бондарава таксама выказала незадаволенасць, але ўжо ў адрас адной з бабруйскіх кавярняў, якая была аздоблена гарбузамі і павуціннем з павукамі. У гэтых дэкарацыях Бондарава ўбачыла «дэструктыўную стратэгію Захаду». Выданне «Зеркала» даведалася, што распараджэнне аб забароне Хэлаўіна разаслаў Гродзенскі аблвыканкам. Атрымальнікі — Гродзенскі гарвыканкам і райвыканкамы вобласці, а таксама мясцовы БРСМ. У тэксце ліста чыноўнікі звярнулі ўвагу на «недапушчальнасць правядзення мерапрыемстваў і папулярызацыю свята Хэлаўін», а таксама забаранілі любую яго атрыбутыку — гарбузы, павуцінне, маскі на дзвярах і г. д.

Гродзенскі аблвыканкам палічыў, што ўсё гэта «прапагандуе гвалт, агрэсію, асацыяльныя паводзіны дзяцей і моладзі» і супярэчыць «гістарычным, культурным і духоўным традыцыям беларускага народа».

Варажба і прыкметы

Старажытнае шатландскае прадказанне лёсу. Цёмначы кампанія збіралася і распальвала вогнішча. Кожны павінен быў знайсці для сябе камень. Калі вогнішча разгаралася, трэба было пакласці камяні вакол агню. Вельмі важна было запомніць, дзе і як ляжыць камень. Пасля таго, як агонь згасаў, усе разыходзіліся па хатах. А раніцай вярталіся, каб паглядзець на свой камень. Калі ён ссунуўся, гэта азначала хваробу, а калі і зусім знікаў — гэта прадвяшчала хуткі скон чалавека, які паклаў гэты камень.

На суджанага. Дзяўчына павінна ўзяць падпаленую свечку і яблык і пайсці ў цёмны пакой з люстэркам. Затым трэба паставіць свечку насупраць люстэрка і, гледзячы ў яго, есці яблык. Праз нейкі час у люстэрку мусіць з’явіцца сілуэт будучага суджанага. Калі свечка нечакана згасне або ўпадзе, варта неадкладна спыніць варажбу, бо гэта азначае прысутнасць цёмных сіл у пакоі.

На жаданне. Трэба загадаць жаданне і разрэзаць яблык папалам. Калі пры гэтым не папсуецца ні адно семечка, то жаданне неўзабаве збудзецца.

На каханне. На стол ставіліся тры сподкі. У першым была звычайная вада, у другім — падфарбаваная, а трэці быў пусты. Дзяўчына падыходзіла да стала з завязанымі вачыма і выбірала адзін з іх. Сподак з чыстай вадой азначаў, што суджаны будзе добрым і годным чалавекам, з падфарбаванай — удавец. А пусты сведчыў, што дзяўчыне давядзецца пачакаць з замужжам яшчэ як мінімум год.

хэлоўін, хэлоўін у беларусі, беларускі хэлоуін, дзяды і хэлоўін
Фота: Vino Li / unsplash.com

Што тычыцца прыкмет, то, каб адпудзіць прывідаў, дома, а часам і па-за ім, трэба апранаць адзенне навыварат. А каб адпудзіць злых духаў, акрамя гарбуза, каля дома клалі галінку арэхавага дрэва.

Дрэннай прыкметай было пакідаць на Хэлаўін у доме чорных катоў.

У Ірландыі ў гэты дзень звычайна запускаюць феерверкі, а ў Японіі праводзяць парадныя шэсці.

У Францыі забаўляльныя ўстановы ладзяць для моладзі шэсці гоблінаў, вампіраў і страшных зданяў, якія асвятляюць свой шлях ліхтарамі-гарбузамі.

У Кітаі Хэлаўін вядомы як фестываль духаў Teng Chieh — дзень памінання продкаў. У гэты дзень перад фотаздымкамі памерлых сваякоў кітайцы ставяць ежу і ваду, а таксама ліхтар, які асвятляе шлях душам продкаў, якія вандруюць у гэту ноч.

А што такое Дзяды?

У беларусаў здаўна не было Хэлаўіна, а былі Дзяды. Дзяды — свята беларускага народнага календара, калі людзі памінаюць сваіх продкаў. Дзяды адзначаюць у лістападзе, але ў розных рэгіёнах у розныя дні. Напрыклад, існуюць Міхайлаўскія Дзяды, Піліпаўскія, Змітраўскія і іншыя.

Галоўны абрад на Дзяды — вячэра ў памяць памерлых сваякоў. Акрамя таго, у гэты дзень было прынята мыцца ў лазні і пакідаць крыху вады і венік для Дзядоў — душ продкаў. Затым памерлых трэба было пачаставаць і павесяліць, каб яны не наслалі неўраджаю і няшчасцяў. Людзі танчылі, спявалі і ладзілі маскарады.

Перад вячэрай гаспадар тры разы абыходзіў стол са свечкай, адчыняў вокны і дзверы і клікаў продкаў па імёнах.

У розных мясцінах на стол маглі ставіць або цотную, або няцотную колькасць страў (напрыклад, сем або дванаццаць). А ў некаторых вёсках дазвалялі з’есці толькі тры стравы і выпіць тры чаркі. Сярод страў былі бліны, клёцкі, варанае і смажанае мяса, кісель, гарох з макавым малаком, крупнік з грыбамі або рыбай. Папулярнай стравай былі «камы з душамі» — бульбяныя камы з мясной начынкай. Калі іх разразалі, уздымалася пара, якой, паводле народных уяўленняў, і харчуюцца душы продкаў. Багацейшыя людзі рэзалі падсвінка. Пры гэтым жывёлу, якая мусіла быць ахвяраванай на памінанне продкаў, вызначалі загадзя са словамі: «Гэта няхай Бог пасець на Дзяды». Калі гаспадар не выконваў зароку, лічылі, што свіння ўсё адно загіне — ці то ад ваўка, ці то ад хваробы.

На стол таксама ставілі Дзедаўскую чарку і міску, куды ўсе прысутныя налівалі напоі і адкладалі ежу.

Пасля вячэры гаспадар казаў: «Святыя Дзяды, вы сюды прыляцелі, пілі, елі, ляціце ж цяпер да сябе!». Свечку тушылі хлебнай скарынкай або блінам. Лічылася, што калі дым пойдзе ўверх, то добра, а калі нахілена — у сям’і нехта памрэ. Паводле павер’я, калі не спаць ноч пасля Дзедавай вячэры, то можна ўбачыць саміх Дзядоў.

У нашы дні на Дзяды людзі наведваюць могілкі памерлых — прыбіраюць іх, пакідаюць пачастункі, запальваюць лампадкі. Раней з дому з печы прыносілі гарачыя вуголлі, якія насыпалі на магілы, а гаршкі разбівалі ўшчэнт.

 

Аўтар Марыя Седышова.

Вярнуцца ўгару