Now Reading
Большасць аграномаў, некаторыя — з Казахстана і Расіі. Хто кіруе Міншчынай

Большасць аграномаў, некаторыя — з Казахстана і Расіі. Хто кіруе Міншчынай

райвыканкамы Мінскай вобласці

Вы ведалі, што двое са старшынь райвыканкамаў Мінскай вобласці нарадзіліся ў адной вёсцы? А пра тое, што адзін са старшынь нарадзіўся ў Казахстане, а яшчэ адзін — у Бранскай вобласці? Больш за ўсё кіраўнікоў рэгіёнаў Мінскай вобласці скончылі сельскагаспадарчыя інстытуты і ўніверсітэты, некаторыя атрымалі эканамічныя спецыяльнасці, але ёсць і тыя, хто аказаўся з вайсковым мінулым.

PALATNO расказвае пра апошні беларускі рэгіён, гэтым разам — Міншчыну, у цыкле расказаў пра кіраўнікоў раёнаў.

Змест

Мінская вобласць. Эканаміст, які стаў чыноўнікам

Аляксандр Турчын нарадзіўся ў 1975 годзе ў Наваградку. У 2002 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, у 2009-м — Акадэмію кіравання.

У 1997 годзе пачаў сваю кар’еру ў якасці загадчыка крамы калгаса «Авангард» у Наваградскім раёне. Затым уладкаваўся на працу ў падатковую Наваградчыны і ў выніку стаў галоўным кантралёрам-рэвізорам ва ўпраўленні Міністэрства фінансаў. У 2004-2010 гадах працаваў у Карэліцкім райвыканкаме, дзе займаў пасады начальніка фінансавага аддзела і намесніка старшыні райвыканкама. У 2010 годзе стаў старшынёй камітэта па эканоміцы ў Мінаблвыканкаме, а яшчэ праз два гады — намеснікам старшыні гэтага аблвыканкама. У 2015 годзе Лукашэнка прызначыў яго галоўным інспектарам па Гомельскай вобласці. Праз год Турчын стаў кіраўніком апарату Савета Міністраў. Займаў пасады старшыні Савета па развіцці прадпрымальніцтва, намесніка прэм’ер-міністра.

У 2019 годзе Лукашэнка прызначыў Турчына старшынёй Мінскага аблвыканкама.

Мінск. Чалавек з камітэта

Уладзімір Кухараў нарадзіўся ў 1972 годзе ў вёсцы Ціманава Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці. У 1993 годзе скончыў Магілёўскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт. Потым — Беларускі недзяржаўны інстытут правазнаўства і Акадэмію кіравання.

У 1993 годзе ўзначаліў школу ў Клімавіцкім раёне, затым быў прызначаны дырэктарам школы ў Клімавічах. З 1999 года працаваў у Камітэце дзяржаўнага кантролю. У 2009 годзе стаў кіраўніком адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска. У 2012 годзе атрымаў пасаду намесніка старшыні Мінскага гарвыканкама. У 2016 годзе прызначаны намеснікам старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю. У 2018 годзе Кухараў стаў намеснікам прэм’ер-міністра Сяргея Румаса.

У верасні 2020 года Уладзіміра Кухарава прызначылі старшынёй Мінскага гарвыканкама.

Мінскі раён. Богабаязны кіраўнік прысталічнага рэгіёна

Уладзімір Юргевіч нарадзіўся ў 1970 годзе ў вёсцы Шавёлы Іўеўскага раёна. У 2006 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт, у 2013-м — Акадэмію кіравання.

Працаваў у ЖКГ Мінскага раёна ў якасці генеральнага дырэктара да 2017 года. У 2018 годзе стаў намеснікам старшыні Мінскага райвыканкама. Юргевіч быў дэпутатам Мінскага раённага Савета дэпутатаў ад 2014 да 2018 года, затым быў яшчэ раз абраны дэпутатам ад Заслаўя.

У сакавіку 2020 года прызначаны старшынёй Мінскага райвыканкама.

Юргевіч дастаткова публічны чалавек. Асабліва ён любіць выказвацца і прымаць рашэнні ў рэлігійных пытаннях: у 2022 годзе на адкрыцці цэнтра па духоўна-маральным выхаванні расказваў пра панаванне сярод дзяцей антыідэалаў; у тым жа годзе забараніў будаўніцтва стараабрадніцкага храма ў Мінску, бо гэта «немэтазгодна».

Жодзіна. Мясцовы «белазавец»

Дзмітрый Заблоцкі нарадзіўся ў 1975 годзе ў Жодзіне. Скончыў Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію і Акадэмію кіравання.

Працаваў у кампаніі «БЕЛАЗ»: прайшоў шлях ад вучня слесара да намесніка генеральнага дырэктара. Быў абраны дэпутатам Жодзінскага гарадскога Савета дэпутатаў двух скліканняў.

У 2019 годзе Дзмітрый Заблоцкі быў прызначаны старшынёй Жодзінскага гарвыканкама.

Заслаўе і Фаніпаль. Кіраўнікі гарадскіх адміністрацый

У Заслаўі і Фаніпалі функцыянуюць гарадскія выканаўчыя камітэты. У Заслаўі старшынёй з’яўляецца Святлана Карташова, а ў Фаніпалі — Уладзімір Караневіч. Абое займаюць свае пасады даволі працяглы час. Абое кіравалі гарадамі падчас масавых пратэстаў у 2020 годзе.

Карташова, акрамя пасады ў гарвыканкаме, была «Жанчынай года — 2014» і дэпутаткай Мінскага раённага Савета дэпутатаў. Караневіч таксама баластаваўся ў дэпутаты і стаў ім у 2018 годзе.

Беразіно. Аграном — у чыноўнікі

Дзяніс Дзішук нарадзіўся ў 1984 годзе ў пасёлку Ганусава ў Нясвіжскім раёне. У 2006 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію, у 2012-м — Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт.

Пачынаў кар’еру як эканаміст на сельскагаспадарчым прадпрыемстве ў Нясвіжскім раёне. Быў абраны дэпутатам Мікалаеўшчынскага сельскага Савета дэпутатаў. У 2016 годзе стаў дырэктарам мясцовай гаспадаркі «Радзіма Якуба Коласа». У 2020-м яго прызначылі намеснікам Стаўбцоўскага райвыканкама.

Прызначаны кіраўніком Бяразінскага райвыканкама пад канец 2020 года.

Барысаў. Старшыня-будаўнік

Мікалай Карповіч нарадзіўся ў 1979 годзе ў Заслаўі. У 2002 годзе скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, у 2011-м — Мінскі інстытут кіравання, у 2018-м — Акадэмію кіравання.

Кар’еру пачынаў ў вытворча-будаўнічай арганізацыі ў Заслаўі майстрам. У 2010 годзе стаў дырэктарам прадпрыемства «Мінскае ПМС». У 2014 годзе прызначаны генеральным дырэктарам установы «Аб’яднанне Мiнскмелiяводгас». У 2017 годзе займаў пасаду старшыні Старадарожскага райвыканкама.

У 2022 годзе прызначаны старшынёй Барысаўскага райвыканкама.

Вілейка. Інжынер, які доўга ішоў да працы ў райвыканкаме

Анатоль Завацкі нарадзіўся ў 1968 годзе ў вёсцы Есьманоўцы ў Вілейскім раёне. У 1992 годзе скончыў Беларускі аграрны тэхнічны ўніверсітэт, у 2003-м — Інстытут кіравання аграпрамысловым комплексам, у 2005-м — Акадэмію кіравання.

У 1985 годзе пачаў кар’ерны шлях як слесар у саўгасе на Вілейшчыне. Затым адслужыў у войску, а пасля сканчэння ўніверсітэта ўладкаваўся інжынерам на сваё першае месца працы. У 1997 годзе стаў галоўным інжынерам ў калгасе «Абадоўцы» ў Вілейскім раёне. У 2002 годзе стаў старшынёй Вязынскага сельскага Савета дэпутатаў. За 2004 год паспеў адпрацаваць старшынёй сельскагаспадарчага кааператыва «Вязынскі» і стаў намеснікам дырэктара камунальнага прадпрыемства ў Вязынцы. Да 2011 года працуе на розных прадпрыемствах, але ў тым годзе становіцца начальнікам раённай інспекцыі Дзяржтэхнагляду на Маладзечаншчыне. У 2019 годзе яго прызначаюць намеснікам старшыні Вілейскага райвыканкама.

Анатоль Завацкі прызначаны старшынёй Вілейскага райвыканкама ў 2023 годзе.

Валожын. Аграном, які за дзесяць гадоў стаў старшынёй

Яўген Круковіч нарадзіўся ў 1984 годзе ў Салігорску. У 2008 годзе скончыў Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт.

Першая праца — галоўны аграном у гаспадарцы «Купава-Агра» ў Бярэзінскім раёне. Праз некалькі гадоў стаў начальнікам аддзела раслінаводства Бярэзінскага райвыканкама, а затым і намеснікам старшыні. Да прызначэння ў Валожын адпрацаваў паўгода выконваючым абавязкі старшыні ў Барысаўскім райвыканкаме.

У 2019 годзе Круковіча прызначылі старшынёй Валожынскага райвыканкама.

Дзяржынск. Чыноўнік, родам з Казахстана

Максім Лысенка нарадзіўся ў 1984 годзе ў горадзе Кустанай у Казахстане. У 2007 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, а ў 2010-м — Мінскі інстытут кіравання.

У 2007 годзе стаў вядучым спецыялістам Дзяржынскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. У 2012 годзе заняў пасаду начальніка інспекцыі. У 2017 годзе прызначаны намеснікам старшыні Мінскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. У 2019 годзе стаў старшынёй гэтага камітэта.

У 2021 годзе Максіма Лысенку прызначылі старшынёй Дзяржынскага райвыканкама.

Капыль. Праз сельскагаспадарчыя прадпрыемствы — у старшыні

Сяргей Пілішчук нарадзіўся ў 1975 годзе. У 1996 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, у 2017-м — Акадэмію кіравання.

У 1999 годзе ўзначаліў вытворчы працэс прадпрыемства «Паста Ала», а праз год стаў намеснікам старшыні прадпрыемства рыбнай гаспадаркі. З 2005 года працаваў на розных кіраўнічых пасадах на сельскагаспадарчых прадпрыемствах.

Сяргей Пілішчук прызначаны старшынёй Капыльскага райвыканкама ў 2019 годзе.

Клецк. Яшчэ адзін старшыня-эканаміст

Юрый Карловіч нарадзіўся ў 1977 годзе ў Клецку. У 1997 годзе скончыў Беларускі камерцыйны ўніверсітэт, у 2010-м прайшоў перападрыхтоўку ў Акадэміі кіравання.

У 1997 годзе ўладкаваўся спецыялістам упраўлення па эканоміцы ў Клецкі райвыканкам. У 2002 годзе атрымаў пасаду намесніка начальніка гэтага аддзела. У 2008 годзе стаў намеснікам старшыні Клецкага райвыканкама і начальніка аддзела эканомікі.

Юрый Карловіч прызначаны старшынёй Клецкага райвыканкама ў 2023 годзе.

Крупкі. Старшыня з незразумелым мінулым

Анатоль Козел нарадзіўся ў 1965 годзе.

Пра афіцыйную біяграфію Козела вядома няшмат: працаваў на сельскагаспадарчых прадпрыемствах у Барысаўскім, Бярэзінскім і Крупскім раёнах.

Анатоль Козел прызначаны старшынёй Крупскага райвыканкама ў 2018 годзе.

Лагойск. Ветэрынар, які стаў старшынёй (і гэта не адзіны выпадак на Міншчыне)

Аляксандр Ласевіч нарадзіўся ў 1986 годзе ў вёсцы Обчын у Любанскім раёне. У 2008 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках.

Пачынаў кар’еру ў 2008 годзе як заатэхнік на Міншчыне. Затым яго прызвалі ў войска, пасля чаго ўладкаваўся загадчыкам малочна-гандлёвага комплексу «Дзяхноўка» ў Мінскім раёне. У 2015 годзе стаў дырэктарам прадпрыемства «Несцяровічы-Агра» ў Лагойскім раёне.

Аляксандр Ласевіч прызначаны старшынёй Лагойскага райвыканкама ў 2019 годзе.

Любань. Інжынер, рамонтнік, механізатар

Валерый Мельнік скончыў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт, у 2012-м — Акадэмію кіравання.

Працаваў інжынерам па рамонце машын у Старадарожскім раёне. У 2007 годзе стаў загадчыкам сектара механізацыі ў Салігорскім райвыканкаме. У 2010 годзе яго прызначылі кіраўніком ААТ «Краснадворцы» на Салігоршчыне. Перад прызначэннем на пасаду старшыні райвыканкама адпрацаваў некалькі гадоў на пасадзе першага намесніка старшыні ў Любані.

Валерый Мельнік прызначаны старшынёй Любанскага райвыканкама ў 2019 годзе.

Маладзечна. Ураджэнец Браншчыны, які зрабіў хуткую кар’еру чыноўніка на Міншчыне

Юрый Горлаў нарадзіўся ў Бранскай вобласці ў Расіі. У 2000 годзе скончыў Бранскую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію.

Пачынаў кар’еру як заатэхнік на адным з прадпрыемстваў Пухавіцкага раёна, а затым на Валожыншчыне. Потым стаў працаваць у камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванню Мінскага аблвыканкама: прайшоў шлях ад галоўнага спецыяліста да начальніка ўпраўлення. У 2010 годзе стаў намеснікам Уздзенскага райвыканкама, пасля перайшоў на працу ў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і ў Мінаблвыканкам. Перад працай у Маладзечне ўзначаліў райвыканкам у Стоўбцах.

Юрый Горлаў прызначаны старшынёй Маладзечанскага райвыканкама ў 2018 годзе.

• Маладзечна ці Маладэчна, дэкамунізацыя, горад пры Карпенку і ці можна вярнуцца ў Беларусь пры Лукашэнку. Маладзечна з Алесем Капуцкім — Гарады #6

Мядзел. Старшыня-пажарны

Аляксандр Прановіч нарадзіўся ў 1979 годзе ў Мар’інай Горцы. У 1997 годзе скончыў Мінскі дзяржаўны вышэйшы авіяцыйна-тэхнічны каледж. У 1997 годзе стаў курсантам Гомельскага сярэдняга пажарна-тэхнічнага вучылішча.

Кар’еру пачынаў у 1997 годзе як начальнік варты ваенізаванай пажарнай часткі ў Пухавіцкім раёне. У 2004 годзе стаў намеснікам начальніка па аператыўна-тэхнічнай працы Пухавіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

З 2017 года Прановіч кіраваў Пухавіцкім РАНС, а ў 2018 годзе стаў старшынёй Савета дэпутатаў раёна.

Аляксандр Прановіч узначаліў Мядзельскі райвыканкам у 2021 годзе.

Нясвіж. Праз сельскую гаспадарку — у крэсла старшыні

Аляксандр Ломскі нарадзіўся ў 1978 годзе ў вёсцы Заастравечча ў Клецкім раёне. У 2000 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію, у 2013-м — Акадэмію кіравання.

Пачынаў кар’еру як заатэхнік у саўгасе «Лясное» ў Клецкім раёне. Да 2010 года адпрацаваў на розных сельскагаспадарчых прадпрыемствах, а ў тым годзе перайшоў на працу ў Клецкі райвыканкам. Спачатку быў намеснікам начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, а даслужыўся да старшыні Клецкага райвыканкама.

Аляксандр Ломскі прызначаны старшынёй Нясвіжскага райвыканкама ў 2019 годзе.

Пухавічы. Яшчэ адзін ветэрынар, які змог

Андрэй Атрушкевіч нарадзіўся ў 1980 годзе ў вёсцы Шахноўшчына ў Стаўбцоўскім раёне. Скончыў Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны, прайшоў перападрыхтоўку ў Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце.

Пачынаў кар’еру як ветэрынар на сельскагаспадарчым прадпрыемстве ў Стаўбцоўскім раёне. У 2005 годзе ўладкаваўся ў комплекс «Радзіма Якуба Коласа», у якім працаваў спачатку ветэрынарам, а пасля галоўным заатэхнікам. У 2018 годзе Атрушкевіч заняў пасаду намесніка старшыні Дзяржынскага райвыканкама.

Андрэй Атрушкевіч прызначаны старшынёй Пухавіцкага райвыканкама ў 2022 годзе.

Салігорск. З Брэсцкай вобласці — на Міншчыну

Анатоль Ладыга нарадзіўся ў 1977 годзе ў Ганцавіцкім раёне. У 2011 годзе скончыў Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны.

Кар’ера Ладыгі звязаная з Капыльскім раёнам. Там ён пачынаў свой прафесійны шлях ветэрынарам у калгасе. У 2011 годзе ўзначаліў капыльскую раённую ветэрынарную станцыю. Пасля перайшоў на працу ў Капыльскі райвыканкам на пасаду начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання. У 2019 годзе яго прызначылі старшынёй Клецкага райвыканкама.

Анатоль Ладыга прызначаны старшынёй Салігорскага райвыканкама ў 2023 годзе

Слуцк. Стаць старшынёй праз фінансавыя аддзелы Міншчыны

Уладзімір Гога нарадзіўся ў 1980 годзе ў вёсцы Ісерна ў Слуцкім раёне. Скончыў Мінскі фінансава-эканамічны каледж, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт.

У 2000 годзе ўладкаваўся ў фінансавы аддзел Мінскага райвыканкама. У 2005-м стаў галоўным эканамістам Галоўнага ўпраўлення бюджэтнай палітыкі Міністэрства фінансаў. У 2013 годзе заняў пасаду начальніка фінансавага аддзела, а затым і фінансавага ўпраўлення ў Слуцкім райвыканкаме.

Уладзімір Гога прызначаны старшынёй Слуцкага райвыканкама ў 2022 годзе.

Смалявічы. Кааператывы, калгасы і праца старшынёй раёна

Андрэй Ратомскі нарадзіўся ў 1974 годзе. Скончыў Гродзенскі дзяржаўны сельскагаспадарчы інстытут, у 2003-м — Інстытут кіравання аграпрамысловым комплексам. У 2014 годзе праходзіў перападрыхтоўку ў Акадэміі кіравання.

У 1991-м уладкаваўся на сельскагаспадарчае прадпрыемства. Першыя кар’ерныя поспехі адбыліся ў 2004 годзе, калі яго прызначылі кіраваць кааператывам «17 Верасня». У 2010 годзе стаў дырэктарам ААТ «Новае жыццё» ў Нясвіжскім раёне.

Андрэй Ратомскі прызначаны старшынёй Смалявіцкага райвыканкама ў 2020 годзе.

Старыя Дарогі. Яшчэ адзін старшыня, які нарадзіўся ў вёсцы Заастравечча

Дзмітрый Сасіновіч нарадзіўся ў 1985 годзе ў вёсцы Заастравечча ў Клецкім раёне. У 2009 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт.

Ад 2009 да 2018 года працаваў на дзяржаўным унітарным прадпрыемстве «Клецкае ПМС»: ад майстра — да дырэктара. У 2018 годзе яго прызначылі намеснікам старшыні Старадарожскага райвыканкама.

Дзмітрый Сасіновіч прызначаны кіраўніком Старадарожскага райвыканкама ў 2022 годзе.

Стоўбцы. Старшыня, у якога ў раёне здарыўся «калумбайн»

Пра Дзяніса Колясеня вядома няшмат. Колясень працаваў у сельскагаспадарчай сферы на Міншчыне. Дакладна вядома, што ён быў начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі ў Мядзельскім раёне, а затым стаў намеснікам старшыні ў Стаўбцоўскім райвыканкаме.

Дзяніс Колясень стаў старшынёй Стаўбцоўскага райвыканкама ў 2018 годзе.

Праз паўгода пасля яго прызначэння ў Стоўбцах адбыўся напад на мясцовую школу. Вучань Вадзім Мілашэўскі напаў на настаўніцу і вучняў, у выніку настаўніца і адзін з вучняў загінулі на месцы здарэння.

Узда. Старшыня, які зрабіў кар’еру на хлебазаводзе

Дзмітрый Колас нарадзіўся ў 1977 годзе ў пасёлку Энергетыкаў у Дзяржынскім раёне. У 1999 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт, а ў 2011-м — Акадэмію кіравання.

У 1999 годзе пачаў кар’еру з намесніка дырэктара па вытворчасці на сельскагаспадарчым прадпрыемстве ў Дзяржынскім раёне. У 2003 годзе стаў намеснікам галоўнага інжынера «Негарэльскага камбіната хлебапрадуктаў». У 2005 годзе заняў пасаду галоўнага механіка на адным з фаніпальскіх прадпрыемствах. У 2008-м вярнуўся на «Негарэльскі камбінат хлебапрадуктаў» галоўным інжынерам, а ў 2018-м узначаліў гэта прадпрыемства.

У 2023 годзе Дзмітрыя Коласа прызначалі старшынёй Уздзенскага райвыканкама.

• Праца ў райвыканкаме, першая фабрыка Mark Formelle, раённы футбол, назіранне на выбарах і зварот наконт шкарпэтак. Узда з Аляксандрам Барталевічам — Гарады #8

Чэрвень. Старшыня, які большую частку кар’еры аддаў райвыканкамам

Уладзімір Навіцкі нарадзіўся ў 1971 годзе ў вёсцы Багушэвічы. У 1993 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, у 2002-м — Беларускую дзяржаўную акадэмію фізічнай культуры.

У 2010 годзе яго прызначылі на пасаду намесніка старшыні Бярэзінскага райвыканкама.

Уладзіміра Навіцкага прызначылі старшынёй Чэрвеньскага райвыканкама ў 2022 годзе.

Вярнуцца ўгару