Now Reading
Рускія, аграномы і сілавікі. Хто кіруе Віцебскай вобласцю

Рускія, аграномы і сілавікі. Хто кіруе Віцебскай вобласцю

председатели райисполкомов Витебской области

У Браславе — міліцэйскі начальнік, у Наваполацку — былы КГБшнік, у Паставах — сын памерлага старшыні. У большасці старшынь — сельскагаспадарчая адукацыя, у адзінак — эканамічная і настаўніцкая. Абсалютная большасць з іх — мужчыны. Але гэта яшчэ не ўсе цікавосткі.

PALATNO працягвае расказваць, хто кіруе ў беларускіх абласцях. На гэты раз зазірнём на Віцебшчыну.

Змест

Віцебскі аблвыканкам. Паразітолаг на чале

председатели райисполкомов Витебской области

Віцебскай вобласцю кіруе Аляксандр Субоцін. Прызначэнне на пасаду старшыні Віцебскага аблвыканкама ён атрымаў у 2021 годзе.

Субоцін нарадзіўся ў 1976 годзе ў гарадскім пасёлку Руба на Віцебшчыне. У 1998 годзе скончыў Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны, яшчэ праз два гады атрымаў дыплом эканаміста ў Міжнародным інстытуце менеджменту. Субоцін працягнуў развівацца ў медыцынскім кірунку: напачатку 2000-х абараніў дыплом на тэму «Гельмінты сабак Беларусі і меры барацьбы з імі», працаваў выкладчыкам у Віцебскім ветэрынарным універсітэце.

У 2010-х Субоцін сыходзіць са шляху навукі, хоць і становіцца прафесарам і атрымлівае патэнт на кармавы дадатак для свойскіх жывёл. У 2014 годзе яго прызначаюць намеснікам начальніка галоўнага эканамічнага ўпраўлення адміністрацыі Лукашэнкі. А праз год у Субоціна ўзлёт па кар’ернай лесвіцы — ён становіцца намеснікам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання.

У 2017 годзе Лукашэнка прызначае Субоціна сваім памочнікам па Віцебшчыне. У 2020 годзе яго робяць памочнікам па Магілёўскай вобласці, аднак на пасадзе ён прабыў менш за паўгода. У тым жа 2020-м, за месяц да прэзідэнцкіх выбараў, Субоціна прызначаюць намеснікам прэм’ер-міністра.

Віцебскі раён. Шлях ад інжынера ў калгасе

Генадзь Сабыніч нарадзіўся ў 1973 годзе ў вёсцы Шунеўцы Глыбоцкага раёна. У 1995 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, у сярэдзіне 2000-х атрымаў адукацыю ў Акадэміі кіравання.

Свой кар’ерны шлях пачынаў у якасці інжынера ў калгасе «Парыжская камуна» ў Глыбоцкім раёне. Затым яго прызначылі загадчыкам майстэрнямі. У 1997 годзе стаў галоўным інжынерам калгасу на Глыбоччыне. У 2001 годзе атрымаў пасаду дырэктара камунальнага ўнітарнага сельскагаспадарчага прадпрыемства «Лукомль» у Чашніцкім раёне. У 2006 годзе стаў першым намеснікам старшыні ў Сенненскім райвыканкаме. У 2012 годзе стаў намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама.

Сабыніч быў прызначаны на пасаду старшыні Віцебскага райвыканкама ў 2016 годзе.

Віцебск. Настаўнік фізікі

председатели райисполкомов Витебской области

Мікалая Арлова прызначылі кіраўніком Віцебскага гарвыканкама ў 2021 годзе. Арлоў нарадзіўся ў 1971 годзе ў Віцебску. Скончыў Віцебскі дзяржаўны інстытут па спецыяльнасці «фізіка і матэматыка», Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт і Акадэмію кіравання.

Пасля заканчэння першага ўніверсітэта адслужыў у войску. Працаваў настаўнікам фізікі ў віцебскай школе, у якой пасля стаў намеснікам дырэктара па выхаваўчай працы. У 1998 годзе пайшоў на працу ў віцебскае аддзяленне БРСМ. У 2002 годзе яго прызначаюць кіраўніком сектара па справах моладзі ў Віцебскім гарвыканкаме. У 2005 годзе стаў начальнікам аддзела адукацыі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска. Паспеў папрацаваць намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама. У 2009-м прызначаны кіраўніком адміністрацыі Першамайскага раёна Віцебска.

Наваполацк. Былы КГБшнік

У 2015 годзе Дзмітрыя Дзямідава прызначылі кіраўніком Наваполацкага гарвыканкама. Ён нарадзіўся ў 1975 годзе ў Полацку. У 1996 годзе скончыў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт.

Ад 1996 да 2003 года працаваў у дэпартаменце фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю па Віцебскай вобласці. У 2003 годзе ўладкаваўся ў КГБ па Віцебскай вобласці. У 2010 годзе атрымаў прызначэнне на пасаду дырэктара наваполацкага жыллёвага рамонтна-эксплуатацыйнага аб’яднання. У 2014 годзе стаў выконваючым абавязкі старшыні Наваполацкага гарвыканкама.

Бешанковічы. Жанчына, якая «падымала» Глыбокае

председатели райисполкомов Витебской области

Галіна Унуковіч нарадзілася ў 1976 годзе ў вёсцы Шыбекі ў Аршанскім раёне. Скончыла Віцебскі педагагічны ўніверсітэт і Акадэмію кіравання.

Пасля заканчэння Віцебскага педагагічнага Унуковіч пераехала ў Чашніцкі раён. Там яна адпрацавала ў сістэме адукацыі 14 гадоў. У 2010 годзе яе прызначаюць намесніцай старшыні Глыбоцкага райвыканкама. У 2014 годзе Унуковіч абіраюць старшынёй Глыбоцкага раённага аддзела Савета дэпутатаў. У афіцыйнай біяграфіі пішуць, што Унуковіч за гады на Глыбоччыне «шмат зрабіла для развіцца глыбоцкага краю: моцны штуршок у развіцці адбыўся ў адукацыі, ахове здароўя, у добраўпарадкаванні райцэнтра і сельскіх пунктаў».

Унуковіч прызначылі старшынёй Бешанковіцкага райвыканкама ў 2020 годзе.

Браслаў. Міліцэйскі начальнік у кіраўніцтве

председатели райисполкомов Витебской области

Вячаслаў Грышчанка нарадзіўся ў 1972 годзе ў вёсцы Барань Віцебскай вобласці. Ён скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію і атрымаў дыплом па юрыдычнай спецыяльнасці. Яшчэ адзін пункт у адукацыі — Акадэмія МУС. Грышчанка пачынаў сваю кар’еру ў міліцыі: спачатку як участковы інспектар, а пасля даслужыўся да начальніка міліцыі грамадскай бяспекі УУС Віцебскага аблвыканкама.

Грышчанка паспеў папрацаваць міліцэйскім начальнікам і ў Браславе. Ад 2011 да 2018 года быў кіраўніком мясцовага аддзела ўнутраных спраў.

У 2021 годзе Грышчанку прызначылі старшынёй Браслаўскага райвыканкама.

Верхнядзвінск. Расійскі аграном

председатели райисполкомов Витебской области

Васіль Шылаў нарадзіўся ў 1987 годзе ў вёсцы Панычава ў Томскай вобласці ў Расіі. Ён скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію і Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт.

Пачынаў кар’еру ў 2007 годзе як аграном. У 2008 годзе становіцца галоўным аграномам ААТ «Прудзінкі» ў Верхнядзвінскім раёне. У 2014 годзе ўзначаліў сельскую гаспадарку «Нурава». У 2017 годзе атрымаў прызначэнне на пасаду намесніка старшыні Верхнядзвінскага раёна.

Шылава прызначылі старшынёй Верхнядзвінскага райвыканкама ў 2019 годзе.

Гарадок. Настаўніца беларускай мовы, пяціразовая дэпутатка

председатели райисполкомов Витебской области

Ірына Палякова нарадзілася ў 1979 годзе ў гарадскім пасёлку Карма ў Гомельскай вобласці. Скончыла Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура», пазней — Акадэмію кіравання.

Працавала асістэнтам кафедры эканамічнай тэорыі і гісторыі Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, выхавальніцай у дзіцячым садку, ідэолагам у сельскай гаспадарцы, старшынёй віцебскай прафсаюзнай арганізацыі.

Палякову пяць разоў абіралі дэпутатам: тры разы ў Бабініцкі сельскі Савет дэпутатаў, два разы — у Віцебскі раённы Савет дэпутатаў.

Палякову прызначылі на пасаду старшыні Гарадоцкага райвыканкама ў 2023 годзе.

Глыбокае. Мёрскі чалавек

председатели райисполкомов Витебской области

Аляксандр Шубскі нарадзіўся ў 1962 годзе ў вёсцы Новыя Двары ў Жабінкаўскім раёне. У 1987 годзе скончыў Гомельскі кааператыўны інстытут.

Пасля ўніверсітэта Шубскага размеркавалі ў Мёрскі раён. Яго амаль адразу прызначаюць намеснікам старшыні праўлення раённага спажывецкага саюза. Ад 1988 да 1997 года Шубскі ўзначальваў райспажыўтаварыства Мёршчыны.

Напачатку 2000-х Шубскі працаваў дырэктарам розных дзяржаўных прадпрыемстваў у Мёрскім раёне. У 2008-м яго прызначаюць на пасаду старшыні Расонскага райвыканкама. У 2017 годзе Шубскі вярнуўся ў Мёры на пасаду намесніка старшыні райвыканкама. Падчас працы ў Мёрах займаўся эканомікай рэгіёна.

У 2019 годзе Аляксандр Шубскі быў прызначаны старшынёй Глыбоцкага райвыканкама.

Дуброўна. Расійскі ветэрынар

председатели райисполкомов Витебской области

Анатоль Лукашоў нарадзіўся ў 1960 годзе ў вёсцы Вялікі Бор у Бранскай вобласці. У 1982 годзе скончыў Віцебскі ветэрынарны інстытут, а ў 2006-м — Акадэмію кіравання. Ад 1982 да 1984 года служыў у савецкім войску ў Германіі.

У 1984 годзе стаў галоўным ветэрынарным доктарам саўгаса «Арловічы» Дубровенскага раёна. У 1996 годзе стаў кіраўніком калгаса «Герой працы» Дубровенскага раёна. У 2002 годзе быў прызначаны намеснікам старшыні райвыканкама ў Дуброўне. У 2005 годзе стаў старшынёй выканкама і адпрацаваў на гэтай пасадзе да 2016-га. Праз тры гады Лукашэнка зноў прызначыў яго на кіраўнічую пасаду.

Анатоль Лукашоў прызначаны старшынёй Дубровенскага райвыканкама ў 2019 годзе.

Лепель. Самы малады кіраўнік раёна

председатели райисполкомов Витебской области

Міхаіл Кісялевіч нарадзіўся ў 1988 годзе ў Мінску. Паступаў у Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію, але перавёўся ў Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт.

Пасля заканчэння ўніверсітэта працаваў у лясной гаспадарцы ў Лагойскім раёне. У 2013 годзе атрымаў прызначэнне на Лепельшчыну: спачатку кіраваў сортавыпрабавальнай станцыяй. У 2017 годзе Кісялевіч сыходзіць на пазіцыю намесніка старшыні Лепельскага райвыканкама.

Міхаіла Кісялевіча прызначалі старшынёй райвыканкама ў 2018 годзе.

Лёзна. Чалавек, які адказваў за харчаванне Віцебшчыны

председатели райисполкомов Витебской области

Іван Фёдараў нарадзіўся ў 1976 годзе ў вёсцы Несцерава ў Мсціслаўскім раёне. У 1999 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію.

Пачынаў кар’еру ў якасці галоўнага агранома ў калгасе ў Талачынскім раёне. Затым адслужыў у арміі і стаў загадчыкам сектара па пытаннях ЖКХ у Аршанскім райвыканкаме. Ад 2002 да 2010 года працаваў на розных пасадах аграпрамысловага комплексу Магілёўскай і Віцебскай абласцей. У 2010 годзе Фёдарава прызначылі на пасаду намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама. У 2016 годзе стаў кіраўніком камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню ў Віцебскім аблвыканкаме. Ад 2018 да 2022 года займаў пасаду намесніка гендырэктара ў віцебскім канцэрне «Мяса-малочныя прадукты».

Фёдарава прызначылі на пасаду старшыні райвыканкама ў 2022 годзе.

Мёры. Чалавек з таямнічай біяграфіяй

председатели райисполкомов Витебской области

Ігар Кузняцоў займае пасаду старшыні Мёрскага райвыканкама ад 2009 года. У інтэрнэце амаль нічога няма з біяграфіі старшыні: ні даты нараджэння, ні месцаў вучобы і папярэдніх пасад.

Дакладна вядома толькі адно: на Віцебшчыне Кузняцоў кіруе райвыканкамам даўжэй, чым яго калегі.

Орша. Яшчэ адзін ветэрынар

председатели райисполкомов Витебской области

Ігар Мароз нарадзіўся ў 1984 годзе ў Наваполацку. Скончыў Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны і Акадэмію кіравання.

Кар’еру пачаў з пасады намесніка старшыні сельскагаспадарчага комплексу ў Добрушскім раёне. Ад 2010 да 2015 года працаваў галоўным ветэрынарным доктарам Полацкай райветстанцыі. У 2015 годзе стаў намеснікам начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Чашніцкага райвыканкама. Праз год ён узначальвае ААТ «Іванскі-Агра» ў Чашніцкім раёне.

У 2018 годзе сыходзіць у Лепельскі райвыканкам на пазіцыю намесніка старшыні. А ў 2020 годзе становіцца старшынёй Сенненскага райвыканкама.

Ігар Мароз прызначаны на пасаду старшыні Аршанскага райвыканкама ў 2023 годзе.

Паставы. Па слядах бацькі

председатели райисполкомов Витебской области

Сяргей Чэпік нарадзіўся ў 1970 годзе ў вёсцы Баброва ў Лепельскім раёне. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію і Акадэмію кіравання.

У 1993 годзе пачынаў кар’еру на Пастаўшчыне як начальнік рэгіянальнага сэрвіснага цэнтра па рэалізацыі і абслугоўванні трактароў «МТЗ». У 1995 годзе прызначаны дырэктарам ЗАТ «Паставы ГАЗ-УАЗ аўтасэрвіс». У 2005 стаў інжынерам па ахове працы і матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні сельскагаспадарчага кааператыва «Курапольскі», праз год узначаліў гэту гаспадарку. У 2015 годзе прызначаны намеснікам старшыні Пастаўскага райвыканкама.

Сяргей Чэпік стаў кіраўніком Пастаўскага райвыканкама ў 2017 годзе.

Бацька Сяргея Чэпіка, Васіль Чэпік, быў старшынёй гэтага ж райвыканкама ад 1987 да 2000 года. У 2000 годзе ён загінуў у аўтамабільнай аварыі.

Полацк. Інжынер з Верхнядзвінскага раёна

председатели райисполкомов Витебской области

Іван Марковіч нарадзіўся ў 1960 годзе ў вёсцы Ніжняе Фаміно ў Верхнядзвінскім раёне. У 1982 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, а ў 2009-м атрымаў дыплом у Акадэміі кіравання.

У 1982 годзе трапіў на працу ў саўгас у Верхнядзвінскім раёне, дзе працаваў інжынер-механікам, інжынерам па тэхніцы бяспекі, загадчыкам майстэрнямі і галоўным інжынерам. У 1987 годзе стаў інструктарам сельскагаспадарчага аддзела, а затым інструктарам арганізацыйнага аддзела Верхнядзвінскага райкама КПБ Віцебскай вобласці. У 1990 годзе ўзначаліў упраўленне па абслугоўванню раённага аграпрамысловага комплексу Віцебшчыны. У 2003 годзе стаў гендырэктарам ААТ «Верхнядзвінскі аграсэрвіс». У 2007 годзе прызначаны старшынёй Верхнядзвінскага райвыканкама.

У 2019 годзе Марковіч атрымаў прызначэнне на пасаду старшыні Полацкага райвыканкама.

Расоны. Быкаў, ды не той

председатели райисполкомов Витебской области

Уладзімір Быкаў нарадзіўся ў вёсцы Нурава ў Верхнядзвінскім раёне. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію і Акадэмію кіравання.

Пачынаў кар’еру ў 1982 годзе кіроўцам у адным з мясцовых калгасаў. Пасля заканчэння сельскагаспадарчай акадэміі займаў розныя пасады на прадпрыемствах раёна. Ад 2008 года працаваў намеснікам старшыні Верхнядзвінскага райвыканкама.

Уладзімір Быкаў прызначаны старшынёй Расонскага райвыканкама ў 2017 годзе.

Сянно без кіраўніцтва

Пасля прызначэння Ігара Мароза старшынёй Аршанскага райвыканкама напрыканцы мая 2023 года ў Сенненскі райвыканкам дагэтуль не прызначылі кіраўніка. Пакуль выконвае абавязкі старшыні першы намеснік Андрэй Лебедзеў.

Лебедзеў нарадзіўся ў 1975 годзе ў Віцебску. Атрымаў ветэрынарную адукацыю. Працаваў у саўгасе, а затым служыў у МУС. Напачатку 2000-х стаў першым сакратаром віцебскага аддзялення беларускіх піянераў, а затым і БРСМ. Напачатку 2010-х працаваў на кіраўнічых пасадах на сельскагаспадарчых прадпрыемствах Віцебшчыны, а потым кіраваў некалькімі сельвыканкамамі рэгіёна.

У 2019 годзе стаў першым намеснікам старшыні Сенненскага райвыканкама.

Талачын. Старшыня з сельскагаспадарчым мінулым (але гэтым не здзівіш)

председатели райисполкомов Витебской области

Алег Лындзін нарадзіўся ў 1965 годзе ў вёсцы Жалязкова ў Дубровенскім раёне. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію і Акадэмію кіравання.

Пачынаў кар’еру ў 1987 годзе ў якасці галоўнага інжынера саўгаса ў Дубровенскім раёне. У 2002 годзе стаў кіраўніком саўгаса «40 год Кастрычніка». У 2010 годзе стаў кіраўніком ААТ «Якубава-Агра». У 2011 годзе стаў першым намеснікам начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання ў Дубровенскім райвыканкаме, а яшчэ праз пяць гадоў стаў там намеснікам старшыні.

Алег Лындзін прызначаны старшынёй Талачынскага райвыканкама ў 2019 годзе.

Ушачы. Селекцыянер і заатэхнік

председатели райисполкомов Витебской области

Сяргей Садоўскі нарадзіўся ў 1983 годзе. Скончыў Віцебскую ветэрынарную акадэмію.

Пасля заканчэння вучобы працаваў селекцыянерам на прадпрыемстве ў Лепельскім раёне. Затым атрымаў прапанову на пасаду заатэхніка на «Палімір-Агра», нейкі час працаваў на кіраўнічай пасадзе ў сельскай гаспадарцы ў Чашніцкім раёне.

Перад прызначэннем ва Ушацкі райвыканкам тры гады адпрацаваў першым намеснікам старшыні.

Сяргей Садоўскі прызначаны старшынёй райвыканкама ў 2021 годзе.

Чашнікі. Ляснік з Віцебшчыны

председатели райисполкомов Витебской области

Аляксандр Быкаў нарадзіўся ў 1977 годзе. Скончыў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт са спецыяльнасцю, звязанай з лясной гаспадаркай.

Быкаў абіраўся дэпутатам райсавета ад Лепельшчыны, удзельнічаў ва Усебеларускім народным сходзе ў 2016 годзе. Перад прызначэннем у райвыканкам больш за дзесяць гадоў кіраваў сельскагаспадарчым філіялам «Заазер’е» ў Лепельскім раёне.

Аляксандр Быкаў прызначаны старшынёй Чашніцкага райвыканкама ў 2022 годзе.

Шаркаўшчына. Старшыня, які ўсё дарослае жыццё правёў у самым бедным беларускім раёне

председатели райисполкомов Витебской области

Дзмітрый Ламака нарадзіўся ў гарадскім пасёлку Коханава ў Талачынскім раёне. Скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію і Акадэмію кіравання.

Пасля вучобы працаваў на кіраўнічых пасадах на сельскагаспадарчым прадпрыемстве ў Шаркаўшчынскім раёне. Ад 2012 года займаў пасаду намесніка старшыні райвыканкама ў Шаркаўшчыне.

Дзмітрый Ламака прызначаны старшынёй Шаркаўшчынскага райвыканкама ў 2017 годзе.

Шуміліна. Адзіны старшыня з эканамічным бэкграўндам у вобласці

председатели райисполкомов Витебской области

Сяргей Галынчык нарадзіўся ў 1981 годзе ў вёсцы Ског у Сенненскім раёне. Скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт.

Працаваў вядучым спецыялістам у «Белдзяржстраху», у фінансавым аддзеле райвыканкама на Сенненшчыне. У выніку атрымаў прызначэнне на кіраўнічую пасаду ў сельвыканкам у Сенненскім раёне. У 2015 годзе стаў першым намеснікам старшыні райвыканкама ў Сянно.

Сяргей Галанчык прызначаны кіраўніком Шумілінскага райвыканкама ў 2021 годзе.

Вярнуцца ўгару