Большая частка адпрацавала ў Брэсцкім аблвыканкаме, нямала ўраджэнцаў вобласці. Між беларусаў можна нават знайсці ўкраінца, а яшчэ — старшыню з ордэнам ад Рускай праваслаўнай царквы. Большасць адвучылася па эканамічных спецыяльнасцях, але ёсць ветэрынар.
PALATNO расказвае, якія чыноўнікі кіруюць Брэсцкай вобласцю.
Змест
- Брэсцкая вобласць. Абласны мяснік
- Брэст. Малады эканаміст-архітэктар
- Брэсцкі раён. Старшыня-аграном
- Баранавічы. Старшыня-эканаміст
- Баранавіцкі раён. Праз сельскагаспадарчы камітэт — да кіраўнічай пасады
- Бяроза. Яшчэ адзін эканаміст
- Ганцавічы. Мясцовы аграрый
- Драгічын. Чэрыкаўскі аграном
- Жабінка. Эканаміст-аграном
- Іванава. Аграном з ордэнам ад праваслаўнай царквы
- Івацэвічы. Ветэрынара замянілі
- Камянец. Яшчэ адзін чыноўнік, апрацаваны ў сельскагаспадарчым камітэце
- Кобрын. Старшыня, які аддаў сем гадоў Лунінцу
- Лунінец. Старшыня, пра якога мала што вядома
- Ляхавічы. Старшыня, пра якога не вядома амаль нічога
- Маларыта. Аграном, які падымаў прадпрыемствы ў краіне
- Пінск. Двойчы старшыня аднаго і таго ж гарвыканкама
- Пінскі раён. Ураджэнец горада, які планамерна будаваў кар’еру ў райвыканкаме
- Пружаны. Высокаадукаваны старшыня
- Столін. Адзіны беларускі старшыня, які нарадзіўся ва Украіне
Брэсцкая вобласць. Абласны мяснік
Юрый Шулейка кіруе Брэсцкім аблвыканкамам з 2021 года.
Шулейка нарадзіўся ў 1968 годзе ў Дзятлаўскім раёне Гродзенскай вобласці. У 1992 годзе скончыў Магілёўскі тэхналагічны інстытут, а ў 2002-м — Акадэмію кіравання.
Кар’еру пачынаў як майстар па рамонце тэхналагічнага абсталявання, працаваў электрыкам на Гродзенскім мясакамбінаце. У сярэдзіне 1990-х стаў намеснікам начальніка ў перапрацоўчым комплексе Зэльвенскай цеплаэлектрасеткі, але вярнуўся на мясакамбінат. У 2005 годзе яго прызначылі дырэктарам Лідскага мясакамбіната. У 2007 годзе — генеральным дырэктарам прадпрыемства «Гродзенскія мясамалочныя прадукты», а праз год ён стаў гендырэктарам «Гроднамясамалпрама».
У 2012 годзе Шулейка пайшоў уверх па кар’ернай лесвіцы: атрымаў пасаду намесніка старшыні Гродзенскага гарвыканкама. Там ён адпрацаваў амаль год, і яго перавялі на пасаду намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама. У 2017 годзе Лукашэнка прызначае яго сваім памочнікам па Гомельскай вобласці. Там ён працаваў да прызначэння ў Брэсцкі аблвыканкам.
Шулейка знаходзіцца пад санкцыямі Еўрасаюза, Вялікабрытаніі, Канады, Швейцарыі і Украіны з-за падтрымкі вайны, якую развязала Расія ў 2022 годзе.
Брэст. Малады эканаміст-архітэктар
Сяргей Лабадзінскі нарадзіўся ў 1980 годзе ў Брэсце. Скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, Акадэмію кіравання.
Пачынаў кар’еру ў абласным упраўленні статыстыкі ў Брэсце. З 2007 года знаходзіўся на розных пасадах у абласным камітэце па архітэктуры і будаўніцтве. У 2015 годзе стаў намеснікам старшыні камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Брэсцкага аблвыканкама, праз тры гады ўзначаліў камітэт. У 2021 годзе стаў кіраўніком спраў Брэсцкага аблвыканкама.
У 2023 годзе Лукашэнка прызначыў Лабадзінскага старшынёй Брэсцкага гарвыканкама.
Брэсцкі раён. Старшыня-аграном
Уладзімір Сянчук нарадзіўся ў 1968 годзе. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці «аграномія».
З 1997 года працаваў на кіраўнічых пасадах: быў намеснікам начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Жабінкаўскага райвыканкама і намеснікам старшыні Пружанскага райвыканкама. Да пераходу на працу ў Брэсцкі аблвыканкам кіраваў абласной дзяржінспекцыяй па насенняводстве, каранціне і абароне раслін. У 2016 годзе стаў кіраўніком камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама.
Уладзімір Сянчук прызначаны старшынёй Брэсцкага райвыканкама ў 2017 годзе.
Баранавічы. Старшыня-эканаміст
Міхаіл Бацэнка нарадзіўся ў 1981 годзе ў Брэсце. У 2007 годзе скончыў Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «фінансы і крэдыт». У 2016 годзе атрымаў дыплом Акадэміі кіравання.
Ад 2008 да 2011 працаваў намеснікам начальніка аддзела эканомікі Брэсцкага райвыканкама. У 2011 годзе стаў кіраўніком гэтага аддзела. У 2013 годзе — намеснікам старшыні Брэсцкага райвыканкама. У 2016 годзе атрымаў прызначэнне на пасаду старшыні камітэта эканомікі Брэсцкага аблвыканкама. У 2020 годзе стаў старшынёй Маларыцкага райвыканкама.
Міхаіл Бацэнка ўзначальвае Баранавіцкі гарвыканкам з 2022 года.
Баранавіцкі раён. Праз сельскагаспадарчы камітэт — да кіраўнічай пасады
Сяргей Карпенка нарадзіўся ў 1977 годзе ў Бярозаўскім раёне.
Пачынаў кар’еру ў 1999 годзе як спецыяліст «Беларусбанка» ў Бярозе. З 2004 года працаваў на розных пасадах у сельскагаспадарчай сферы: намеснікам старшыні ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Бярозаўскага райвыканкама, начальнікам упраўлення эканомікі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Брэсцкага аблвыканкама. У 2016 годзе быў прызначаны на пасаду намесніка старшыні Драгічынскага райвыканкама. У 2020 годзе стаў старшынёй камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Брэсцкага аблвыканкама.
Сяргей Карпенка прызначаны старшынёй Баранавіцкага райвыканкама ў 2021 годзе.
Бяроза. Яшчэ адзін эканаміст
Вячаслаў Мятліцкі нарадзіўся ў 1977 годзе ў Брэсце. Скончыў Брэсцкі політэхнічны інстытут і Акадэмію кіравання.
Кар’еру пачынаў у ААТ «Брэсцкі электрамеханічны завод», затым працаваў на розных пасадах у Брэсцкім гарвыканкаме і Брэсцкім аблвыканкаме, у тым ліку намеснікам старшыні камітэта эканомікі аблвыканкама. У 2014 годзе стаў першым намеснікам кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста. У 2021 годзе прызначаны на пасаду намесніка старшыні Брэсцкага гарвыканкама.
Вячаслаў Мятліцкі прызначаны старшынёй Бярозаўскага райвыканкама ў 2022 годзе.
Ганцавічы. Мясцовы аграрый
У верасні 2023 года Лукашэнка прызначыў кіраўніком Ганцавіцкага райвыканкама Віктара Рафаловіча. Да Рафаловіча мясцовы райвыканкам узначаліваў Уладзімір Бялоў.
Бялоў нарадзіўся ў 1977 годзе ў Ганцавічах. Скончыў Ганцавіцкае ПТУ-157, Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт. Працаваў у гаспадарцы «Любашава» ў Ганцавіцкім раёне на пасадзе галоўнага інжынера. У 2006 годзе быў прызначаны дырэктарам сельска-прамысловага комплексу «Беразавец». Пазней яго перавялі на пасаду намесніка старшыні Іванаўскага райвыканкама. Бялоў быў прызначаны на пасаду старшыні Ганцавіцкага райвыканкама ў 2017 годзе.
Драгічын. Чэрыкаўскі аграном
Аляксандр Дарашэнка нарадзіўся ў 1977 годзе ў Чэрыкаве Магілёўскай вобласці. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію і Акадэмію кіравання.
Кар’еру пачынаў з пасады начальніка аддзела аўтаперавозак у чэрыкаўскай «Райсельгасхіміі». У 2003 годзе працаваў ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання Чэрыкаўскага райвыканкама на пасадзе намесніка начальніка. У 2007 годзе працаваў на кіраўнічых пасадах у Брэсцкім камітэце па сельскай гаспадарцы. У 2013 годзе стаў намеснікам старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы Брэсцкага аблвыканкама.
Аляксандр Дарашэнка прызначаны старшынёй Драгічынскага райвыканкама ў 2017 годзе.
Жабінка. Эканаміст-аграном
Андрэй Кузьміч нарадзіўся ў 1986 годзе ў Брэсце. Скончыў Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, Акадэмію кіравання.
Ад 2009 да 2014 года працаваў эканамістам і галоўным эканамістам на розных дзяржаўных прадпрыемствах. У 2014 годзе прызначаны начальнікам аддзела фінансавання і цэн камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню аблвыканкама. У 2017 годзе стаў начальнікам аддзела фінансавання і крэдытавання арганізацый АПК камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню. У 2019 годзе стаў намеснікам старшыні Жабінкаўскага райвыканкама.
У 2022 годзе Андрэя Кузьміча прызначылі старшынёй Жабінкаўскага райвыканкама.
Іванава. Аграном з ордэнам ад праваслаўнай царквы
Анатоль Ткачук нарадзіўся ў 1962 годзе ў Іванаўскім раёне. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію і Акадэмію кіравання.
Пачаў кар’еру ў 1979 годзе кіроўцам у калгасе. Ад 1987 да 2005 года працаваў інжынерам, галоўным інжынерам, старшынёй калгаса, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Івацэвіцкага райвыканкама. У 2005 годзе прызначаны старшынёй Івацэвіцкага райвыканкама. Потым стаў мясцовым дэпутатам і адпрацаваў на гэтай пасадзе да прызначэння ў Іванаўскі райвыканкам.
Цікава, што Ткачук узнагароджаны ордэнам РПЦ.
Анатоль Ткачук прызначаны старшынёй Іванаўскага райвыканкама ў 2019 годзе.
Івацэвічы. Ветэрынара замянілі
У верасні 2023 года Лукашэнка прызначыў на пасаду кіраўніка Івацэвіцкага райвыканкама Уладзіміра Бялова, які раней кіраваў Ганцавіцкім раёнам. Да Бялова ў Івацэвічах кіраваў Аляксандр Грыцук.
Аляксандр Грыцук нарадзіўся ў 1980 годзе ў Баранавічах. Скончыў Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны, Акадэмію кіравання. Працоўную дзейнасць пачынаў з пасады галоўнага ветэрынарнага доктара сельгасарганізацыі «Даманава» Івацэвіцкага раёна. У розныя гады працаваў намеснікам дырэктара і дырэктарам «Даманава». Пасля атрымаў павышэнне і стаў намеснікам старшыні Івацэвіцкага райвыканкама. У 2016 годзе Аляксандра Грыцука прызначылі старшынёй Івацэвіцкага райвыканкама.
Камянец. Яшчэ адзін чыноўнік, апрацаваны ў сельскагаспадарчым камітэце
Віталь Кулак нарадзіўся ў 1984 годзе ў Ляхавічах. Скончыў Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт.
Адной з першых прац Кулака была пасада агранома на брэсцкім аграпрадпрыемстве. З 2011 года быў вядучым спецыялістам, загадчыкам сектара па вытворчасці і выкарыстанню кармоў у камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванню Брэсцкага аблвыканкама. Ад 2015 да 2019 працаваў на пасадзе намесніка старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Брэсцкага райвыканкама. У 2019 годзе атрымаў прызначэнне на пост старшыні Жабінкаўскага райвыканкама.
Віталь Кулак прызначаны старшынёй Камянецкага райвыканкама ў 2021 годзе.
Кобрын. Старшыня, які аддаў сем гадоў Лунінцу
Аляксандр Пачко нарадзіўся ў 1982 годзе ў Столінскім раёне. Мае дзве вышэйшыя адукацыі.
Пачынаў кар’еру ў саўгасе «Манькавіцкі». Напачатку 2010-х працаваў намеснікам старшыні Столінскага райвыканкама. У 2015 годзе быў прызначаны на пасаду Лунінецкага райвыканкама.
Аляксандр Пачко прызначаны старшынёй Кобрынскага райвыканкама ў 2022 годзе.
Лунінец. Старшыня, пра якога мала што вядома
Аляксандр Савіна нарадзіўся ў 1986 годзе. Мае дзве вышэйшыя адукацыі.
Перад прызначэннем на пасаду старшыні райвыканкама працаваў намеснікам кіраўніка Лунінца.
Аляксандр Савіна прызначаны старшынёй Лунінецкага райвыканкама ў 2022 годзе.
Ляхавічы. Старшыня, пра якога не вядома амаль нічога
Пра Мікалая Мароза беларускія медыя пісалі мала. Вядома, што раней Мароз быў намеснікам старшыні Столінскага райвыканкама.
Мікалай Мароз прызначаны старшынёй Ляхавіцкага райвыканкама ў 2020 годзе.
Маларыта. Аграном, які падымаў прадпрыемствы ў краіне
Раман Жук нарадзіўся ў 1981 годзе ў вёсцы Нагорная ў Баранавіцкім раёне. Скончыў Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, Акадэмію кіравання.
Спачатку працаваў аграномам ў калгасе «Даманава», а затым стаў там галоўным аграномам. У 2007 годзе стаў кіраўніком сельскагаспадарчага прадпрыемства «Уздзенскі» ў Мінскай вобласці. Да прызначэння ў Маларыту Жук працаваў чатыры гады на пасадзе першага намесніка старшыні Івацэвіцкага райвыканкама.
Раман Жук прызначаны старшынёй Маларыцкага райвыканкама ў 2022 годзе.
Пінск. Двойчы старшыня аднаго і таго ж гарвыканкама
Валер Рабкавец нарадзіўся ў 1964 годзе ў вёсцы Чухава ў Пінскім раёне. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, Акадэмію кіравання.
Працаваў начальнікам планава-фінансавага аддзела калгаса «Прагрэс», галоўным эканамістам калгаса «Беларусь», дырэктарам ААТ «Пінскрайаграсэрвіс». Ад 2006 да 2018 года быў старшынёй Пінскага райвыканкама. У 2018 годзе атрымаў прызначэнне на пасаду намесніка старшыні Брэсцкага аблвыканкама.
Валер Рабкавец нанова прызначаны старшынёй Пінскага гарвыканкама ў 2021 годзе.
Пінскі раён. Ураджэнец горада, які планамерна будаваў кар’еру ў райвыканкаме
Ігар Брылевіч нарадзіўся ў 1981 годзе ў Пінску. Скончыў Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, Акадэмію кіравання.
Пачынаў кар’еру інжынерам па маркетынгу на заводзе «Камертон». У 2003 годзе стаў працаваць у аддзеле эканомікі Пінскага райвыканкама, а ўжо ў 2008-м стаў намеснікам старшыні аддзела.
Брылевіч прызначаны на пасаду старшыні Пінскага райвыканкама ў 2018 годзе.
Пружаны. Высокаадукаваны старшыня
Міхаіл Грышкевіч нарадзіўся ў 1975 годзе ў вёсцы Баравікі. Мае тры вышэйшыя адукацыі.
Напрыканцы 1990-х пачынаў кар’еру ў калгасах Пружанскага раёна. У 2005 годзе атрымаў прызначэнне на пасаду дырэктара сельскагаспадарчага прадпрыемства. Затым адзінаццаць гадоў узначальваў паспяховае прадпрыемства ААТ «Жураўлінае».
Прызначаны на пасаду старшыні Пружанскага райвыканкама ў 2022 годзе.
Столін. Адзіны беларускі старшыня, які нарадзіўся ва Украіне
Рыгор Пратасавіцкі нарадзіўся ў 1961 годзе ў пасёлку Клесава ў Ровенскай вобласці УССР. Скончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі, Акадэмію кіравання.
Працаваў інжынерам-электрыкам калгаса «XIX партз’езд» у Столінскім раёне. Затым быў сакратаром Столінскага раённага камітэта ЛКСМБ. Пасля 1990-х кар’ера Пратасавіцкага ў райвыканкаме пайшла ўгару: стаў намеснікам старшыні, кіраваў аддзелам па працы з моладдзю.
Пратасавіцкі прызначаны старшынёй Столінскага райвыканкама ў 2012 годзе.