PALATNO скача ў «Тардыс», каб пранесціся па часе і прасторы з расказам пра ўсіх Доктараў.
Змест
- Першы Доктар. Уільям Хартнел (1963–1966)
- Другі Доктар. Патрык Траўтан (1966–1969)
- Трэці Доктар. Джон Пертві (1970–1974)
- Чацвёрты доктар. Том Бэйкер (1974–1981)
- Пяты доктар. Пітэр Дэвісан (1982–1984)
- Шосты доктар. Колін Бэйкер (1984–1986)
- Сёмы доктар. Сільвестэр Маккой (1987–1989)
- Восьмы доктар. Пол Макган (1996)
- Дзевяты доктар. Крыстафер Эклстан (2005)
- Дзесяты доктар. Дэвід Тэнант (2005–2010)
- Адзінаццаты доктар. Мэт Сміт (2010–2013)
- Дванаццаты доктар. Пітэр Капальдзі (2013–2017)
- Трынаццаты доктар. Джодзі Уітакер (2018–2022)
- Чатырнаццаты доктар. Дэвід Тэнант (2023)
- Пятнаццаты доктар. Шуці Гатва (2024–)
Першы Доктар. Уільям Хартнел (1963–1966)
Першы Доктар быў мудрым, але часам крыху рэзкім старым. Ён меў строгі характар, але з часам стаў больш клапатлівым. Гэты Доктар быў пачынальнікам прыгод і даследчыкам, які часта трапляў у складаныя сітуацыі.
Галоўныя сюжэты першых сезонаў серыялу засяроджаны на даследаванні свету. У першых серыях гледачы знаёмяцца з Доктарам, яго спадарожнікамі і даведваюцца пра «Тардыс». Гісторыя пра Першага Доктара знаёміць нас яшчэ і з галоўным ворагам Уладароў Часу — далекамі. Да таго ж у серыяле ўводзіцца канцэпцыя расы Доктара.
Другі Доктар. Патрык Траўтан (1966–1969)
Другі Доктар стаў больш вясёлым і камічным, але за яго лёгкасцю хаваліся спланаваныя стратэгіі. Гэты «касмічны блазан» быў майстрам пераконвання і выдатным дыпламатам.
Другі Доктар часта трапляў у больш змрочныя і напружаныя сітуацыі. Другі Доктар упершыню сутыкаецца з кіберлюдзьмі, перажывае яшчэ адно сутыкненне з далекамі і першую рэгенерацыю.
Трэці Доктар. Джон Пертві (1970–1974)
Трэці Доктар быў больш арыстакратычным і стыльным, часам дзейнічаў як шпіён ці нават супергерой. Ён быў звязаны з Зямлёй і працаваў з UNIT, арганізацыяй, якая змагалася з іншапланетнымі пагрозамі.
Перыяд Трэцяга Доктара вядомы звязанасцю з Зямлёй і барацьбой з іншапланетнымі пагрозамі. У ім жа ўводзіцца арганізацыя UNIT, паказваецца канфлікт паміж людзьмі і старажытнымі рэптыліямі сілурыянцамі. Падчас сезонаў з Трэцім Доктарам адбыўся першы красовер паміж рознымі рэгенерацыямі Доктараў.
Чацвёрты доктар. Том Бэйкер (1974–1981)
Самы пазнавальны Доктар (дзякуючы свайму доўгаму шаліку і захапленню мармеладам). Чацвёрты Доктар быў эксцэнтрычным, у яго былі таямніцы. Ён часта разважаў пра сутнасць чалавецтва.
Чацвёрты Доктар засяроджваўся на больш глабальных прыгодах. Чацвёрты Доктар разам з гледачамі даведваўся пра паходжанне далекаў і іх стваральніка Даўраса, а таксама спрабаваў прадухіліць іх стварэнне. У сезонах з Томам Бэйкерам у галоўнай ролі раскрываецца больш гісторыі Уладароў Часу.
Самы папулярны эпізод Чацвёртага Доктара называецца «Горад Смерці». Дзеянне адбываецца ў Парыжы (гэта першы эпізод серыялу, які здымалі за межамі Вялікабрытаніі). Гэта эпізод стаў самым праглядаемых з усіх серый «Доктара Хто» за ўсю гісторыю.
Пяты доктар. Пітэр Дэвісан (1982–1984)
Малады і спагадлівы пяты Доктар адрозніваўся сваёй чалавечнасцю і любоўю да сваіх спадарожнікаў. Ён быў менш агрэсіўным, але больш эмацыянальным.
У адной з серый трагічна загінуў спадарожнік Пятага Доктара па імені Адрык. Пасля яго смерці Доктар пачынае больш сур’ёзна ставіцца да сваіх спадарожнікаў. А гісторыя самога Пятага Доктара заканчваецца эпічнай рэгенерацыяй: ён ахвяруе сабой дзеля выратавання ўжо іншага спадарожніка.
Шосты доктар. Колін Бэйкер (1984–1986)
Шосты Доктар быў яркім, самаўпэўненым і часам крыху рэзкім. Ён быў складаным персанажам, але вельмі разумным і здольным да вялікай адданасці.
Гісторыя Шостага Доктара засяроджаная на змаганні з яго асабістымі канфліктамі. Нам расказваюць пра складаную адаптацыю новага Доктара пасля рэгенерацыі, а таксама паказваюць цэлы сезон судовага працэсу над Доктарам. Шосты Доктар крытыкуе грамадствы, што былі пабудаваныя на гвалце.
Сёмы доктар. Сільвестэр Маккой (1987–1989)
Сёмы Доктар быў таямнічым і інтрыгуючым. Ён часта планаваў свае дзеянні наперад і быў вядомы за сваю гумарыстычную, але ў той жа час сур’ёзную натуру.
Гісторыя Сёмага Доктара пабудаваная на канфлікце з далекамі. Таксама ён сутыкаецца з даўнім ворагам Майстрам, які таксама з’яўляецца Уладаром Часу. На Сёмым Доктары заканчваецца эпоха класічнага Доктара, далей будзе фільм і «адраджэнне» серыялу.
Восьмы доктар. Пол Макган (1996)
Восьмы Доктар з’явіўся ў фільме 1996 года. Ён быў рамантычным і эмацыянальным, што зрабіла яго адрозным ад папярэднікаў. Ён таксама больш адкрыта выказваў свае эмоцыі.
У фільме Доктар супрацьстаіць Майстру, падчас супрацьстаяння Доктар адкрывае новыя бакі сваёй асобы. Сюжэт фільма расказвае, як Доктар вязе парэшткі быццам бы мёртвага Майстра на Галіфрэй, сваю родную планету. Аднак Майстар і ў гэты раз змог падмануць і сысці ад свайго ворага.
Дзевяты доктар. Крыстафер Эклстан (2005)
Першы Доктар у «адраджэнні» серыяла, але насамрэч ён дзевяты. Ён быў змрочным, саркастычным, але ўсё яшчэ меў вялікую любоў да чалавецтва. Гэты Доктар быў траўмаваны Вайной Часу.
Серыял знаёміць нас і з новым Доктарам, і з яго новай спадарожніцай Роўз. Крыстафер Эклстан паказвае нам Доктара, які сур’ёзна псіхалагічна траўмаваны Вайной Часу. У гэтым сезоне нам зноўку знаёмяць з далекамі, а сезон заканчваецца фінальнай бітвай з імі. Дарэчы, гэтым разам не Доктар выратоўвае ўсіх, а яго спадарожніца Роўз.
Дзесяты доктар. Дэвід Тэнант (2005–2010)
Адзін з самых любімых фанатамі Доктараў. Дзясяты Доктар быў энергічным, жартаўлівым і эмацыянальным. У яго была вялікая спагада да людзей, часам паказваў сваю слабасць перад стратамі.
Дзесяты доктар сутыкаецца са старым ворагам — кіберлюдзьмі. У змаганні з імі ён застаецца ў паралельным свеце разам са сваёй спадарожніцай Роўз, бо яны кахаюць адзін аднаго. У серыяле з’яўляюцца яшчэ адзін вораг — Анёлы, Што Плачуць, якія здольны адпраўляць свае ахвяры ў мінулае. Таксама скрозь серыял з Дзесятым Доктарам ідзе тэма Уладароў Часу, вяртаецца Майстар.
Адзінаццаты доктар. Мэт Сміт (2010–2013)
Малады, але мудры адзінаццаты Доктар адрозніваўся сваёй нязграбнасцю і непрадказальнасцю. Ён любіў весяліцца, але мог быць вельмі сур’ёзным, калі сітуацыя гэтага патрабавала.
У першай серыі пасля рэгенерацыі Доктар знаёміцца са сваёй будучай спадарожніцай Эмі Понд. У першым сезоне Доктар спрабуе ўтрымаць прастору і час, якія могуць у любы момант зруйнавацца. Таксама Доктар працягвае змаганне супраць далекаў і Анёлаў, Што Плачуць. Яшчэ адзін сезон прысвечаны барацьбе супраць таемнай расы, якая кантралюе чалавецтва, і называецца Цішынёй. Доктар у выкананне Мэта Сміта напрыканцы спрабуе змяніць ход Вайны Часу і выратаваць родную планету.
Дванаццаты доктар. Пітэр Капальдзі (2013–2017)
Дванаццаты Доктар меў суровы і разважлівы характар, часам быў грубаватым. Аднак з часам ён раскрыў сваю шчырую прыхільнасць да сваіх спадарожнікаў.
Дванаццаты Доктар працягвае ваяваць супраць класічных ворагаў (далекаў і кіберлюдзей), а таксама і супраць новых (Манахаў). Гэты Доктар трагічна страчвае сваю спадарожніцу Клару, якая была цэнтрам яго маральных дылем. У фінале ён сутыкаецца з кіберлюдзьмі і Майстрам, які стаў Місі.
Трынаццаты доктар. Джодзі Уітакер (2018–2022)
Першы Доктар, які быў жанчынай. Доктар была жыццярадаснай і натхняльнай. Яна прынесла свежасць і энтузіязм у серыял.
Трынаццаты Доктар вандруе разам з кампаніяй спадарожнікаў. Яны змагаюцца супраць далекаў, кіберлюдзей і Майстра. Доктар даведваецца таямніцы пра сваю асобу, якія раней не былі вядомымі. Напрыканцы серыялу высвятляецца, што Доктар не просты Уладар Часу, а яшчэ з’яўляецца крыніцай здольнасці рэгенерацыі ў іх расе.
Чатырнаццаты доктар. Дэвід Тэнант (2023)
Дэвід Тэнант вярнуўся ў ролю чатырнаццатага Доктара ў спецыяльных эпізодах да 60-годдзя серыяла. Ён захаваў частку сваёй ранейшай натуры, але з новымі аспектамі асобы.
Чатырнаццаты Доктар нечакана рэгенеруе ўжо ў знаёмага Дзесятага Доктара. Гісторыя Чатырнаццатага Доктара засяроджваецца на аднаўленні памяці і разуменні прычын гэтай незвычайнай рэгенерацыі. Ён сутыкаецца з новымі выклікамі і старымі ворагамі. Чатырнаццаты Доктар служыць пераходным этапам, які не толькі аддае даніну павагі мінуламу, але і рыхтуе падмурак для будучага развіцця серыяла з Пятнаццатым Доктарам.
Пятнаццаты доктар. Шуці Гатва (2024–)
Новы Доктар, які яшчэ толькі пачынае сваю гісторыю. Ужо вядома, што ён будзе харызматычным і энергічным, прынясе свежыя ідэі ў франшызу.