13 сакавіка 1881 года Ігнат Грынявіцкі кінуў выбухоўку пад ногі расійскага цара Аляксандра II. Гэта была не першая спроба замаху для народавольцаў, у шэрагах якіх быў Грынявіцкі, але самая паспяховая. Грынявіцкі нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Беларусі і ўсё жыццё паклаў на змаганне супраць рускага царызму. Як пачыналася яго барацьба? Кім ён быў? Што ён казаў пра свабоду?
PALATNO успамінае, як Ігнат Грынявіцкі забіў расійскага імператара.
Шляхціц, які стаў рэвалюцыянерам
Ігнат Грынявіцкі нарадзіўся ў 1855 годзе ў маёнтку Басін у Бабруйскім павеце (цяпер гэта Клічаўскі раён). Грынявіцкі быў з шляхецкага роду Грынявіцкіх, яго бацька Яўхім здаваў маёнтак у арэнду, а сам працаваў эканомам. Паўстанне Кастуся Каліноўскага Грынявіцкі застаў яшчэ дзіцём, і затым сям’я пераехала на сучасную тэрыторыю Польшчы — на Падляшша. Па ўспамінах народавольца Льва Ціхамірава, Ігнат Грынявіцкі называў сябе літвінам.
1870-я гады, калі малады Грынявіцкі вучыўся ў беластоцкай гімназіі, былі часамі жорсткай цэнзуры. Тады толькі пачыналі пакрысе працаваць легальныя грамадскія арганізацыі. Афіцыйна яны займаліся па-за палітычнымі справамі: збіралі ахвяраванні для пацярпелых ад розных бедстваў, шукалі сродкі для будаўніцтва помнікаў і працы тэатраў. А неафіцыйна яны сталі месцам сустрэч для людзей, якія маглі дзяліцца прагрэсіўнымі ідэямі.
У тыя часы на беларускіх землях распаўсюджваюцца розныя рухі і плыні. Сярод іх была і сацыялісты — іх прадстаўляла арганізацыя «Зямля і воля». З часам яна набыла нацыяльнальную афарбоўку. Ігнат Грынявіцкі быў блізкі да гэтых ідэй, таму яшчэ студэнтам удзельнічаў у розных рэвалюцыйных гуртках. Вядома, што Ігнат збіраў грошы для палітычных зняволеных і вёў прапаганду сярод рабочых.
У другой палове 1870-х гадоў Грынявіцкі вучыўся ў Пецярбургскім тэхналагічным універсітэце. У 1879 годзе ўступіў у «Народную волю» — рэвалюцыйную арганізацыю, якая ўтварылася пасля расколу «Зямлі і волі». Асноўнай мэтай «Народнай волі» быў палітычны пераварот, пасля якога ўладу перадалі хацелі перадаць народу, а галоўная задача — забойства рускага цара.
«Аляксандр II павінен памерці»
У 1880 годзе Ігнат Грынявіцкі кідае інстытут. У тым жа годзе ён зрабіў сабе фальшывы пашпарт на імя Ельнікава. Дарэчы, Грынявіцкі вырабляў фальшывыя дакументы не толькі для сябе, а для іншых рэвалюцыянераў таксама. Фальшывыя дакументы Грынявіцкаму былі патрэбныя для сачэння за царом Аляксандрам II. Узімку 1880-1881 гадоў ён і члены «Народнай волі» сачылі за выездамі цара з яго рэзідэнцыі.
Прадстаўнікі «Народнай волі» былі не адзінымі, хто імкнуўся забіць рускага цара. Падчас кіравання Расійскай імперыяй Аляксандрам II незадаволенасць расла хуткімі тэмпамі. Калі шматлікія паўстанні на тэрыторыі імперыі былі падаўлены, то пачалі масава ўзнікаць розныя антыўрадавыя гурткі — спачатку яны займаліся агітацыяй і прапагандай, але пасля пераключыліся на тэрор і тэрарыстычныя акты.
Замахі на Аляксандра II здзяйсняліся часта. Першы выпадак адбыўся ў 1866 годзе: рэвалюцыянер Каракозаў не змог застрэліць цара — куля праляцела на яго галавой. Другі замах адбыўся праз год у Парыжы: куля трапіла ў каня, а не ў цара. Наступныя замахі арганізоўваліся нарадавольцамі і таксама складваліся непаспяхова. Тактыка таксама змянілася: замест рэвальвераў пачалі выкарыстоўваць выбухоўку.
Група «Народнай волі» доўгі час рыхтавалася да забойства імператара. План быў такім:
Пад маставую заклалі міну — яна павінна была ўзарвацца і забіць цара. Калі б яна не ўзарвалася, то ў тым месцы знаходзіліся яшчэ чатыры чалавека, якія павінны былі кінуць бомбы ў картэж. Калі і гэта б не спрацавала, то народнік Андрэй Жалябаў павінен быў скокнуць у карэту і закалоць нажом Аляксандра.
Ігнат Грынявіцкі ўваходзіў у групу, якая павінна была кідаць бомбы, калі бы не ўзарвалася міна. Разам з ім у групе былі Цімафей Міхайлаў, Іван Емяльянаў і Мікалай Рысакоў. Група загадзя правяла трэніроўкі з бомбамі. План змяніўся пасля арыштаў шэрагу членаў «Народнай волі», а сярод арыштаваных быў і Андрэй Жалябаў, які быў адным з ключавых членаў каманды па забойству цара. Праз некалькі дзён народавольцы вырашылі дзейнічаць. Сафія Пяроўская, якая кіравала забойствам цара пасля арышту Жалябава, вызначыла месца, дзе царскі картэж затрымліваецца на непрацяглы час — паварот ад Міхайлаўскага тэатра на Кацярынінскі канал у Пецярбургу.
У ноч з 12 на 13 сакавіка 1881 года народавольцы заклалі міну на шляху царскага картэжу. Раніцай 13 сакавіка групе з Грынявіцкім выдалі самаробныя бомбы. Народавольцы вымушана змянілі планы ўжо падчас аперацыі, бо цар паехаў іншых шляхам, а закладзеная міна стала бескарыснай. Група з Грынявіцкім пачала рухацца да царскага картэжу — цяпер толькі яны маглі забіць Аляксандра. Цімафей Міхайлаў адмовіўся ўдзельнічаць у аперацыі і сышоў — так і пачалася блытаніна.
Першым на шляху царскага картэжу быў Мікалай Рысакоў. Ён кінуў бомбу пад коней, але цара не закранула выбухоўку, а толькі параніла некалькіх канвойных. Аляксандра хацелі адразу эвакуіраваць з месца падзей, аднак той адмовіўся і застаўся разам з параненымі канвойнымі. Рысакова паспелі затрымаць — ён нават крыху пагутарыў з царом. Цар абыходзіў месца выбуху, калі да яго падышоў Грынявіцкі, якога не заўважыла царская ахова. Грынявіцкі хутка кінуў бомбу пад ногі Аляксандру — у цара раздрабіла ногі і пачала хвастаць кроў. Ён памёр у той жа дзень, як і Грынявіцкі.
Бомба Рысакова забіла ахоўніка цара і падлетка, які знаходзіўся побач. А вось бомба Грынявіцкага забрала жыцці толькі Аляксандра і яго самога.
У сваім запавеце Грынявіцкі пісаў:
«… Аляксандр II павінен памерці. Дні яго злічаны. Мне ці іншаму каму прыйдзецца нанесці страшны, апошні ўдар. <…> Ён памрэ, а разам з ім загінем і мы, яго ворагі, яго забойцы», — выказваўся ў запавеце Грынявіцкі.
Чым скончылася забойства цара
У «Народнай волі» лічылі, што забойства рускага цара выклікае ўздым у народзе. Гэта маглі выкарыстаць як пачатак палітычнага перавароту і захопу ўлады. Аднак, вядома, нічога з гэтага не адбылося.
Народавольцаў, якія планавалі забойства Аляксандра II, у хуткім часе арыштавалі і судзілі. Мікалай Рысакоў, які першым кінуў бомбу, падчас следства даў паказанні на сваіх паплечнікаў. Усіх арыштаваных па справе прыгаварылі да смяротнага пакарання. Праз месяц пасля замаху лідараў народавольцаў, якія арганізавалі забойства Аляксандра, павесілі на пляцы Сямёнаўскага палка.
Ігнат Грынявіцкі загінуў у той жа дзень, што і Аляксандр II. Бомба, якую ён кінуў у цара, забіла і яго. Перад смерцю Грынявіцкі адмовіўся называць сваё імя. Для яго апазнання быў зроблены фотаздымак ужо пасля таго, як ён памёр.
«Ці шмат яшчэ ахвяр запатрабуе наша няшчасная, але дарагая Радзіма ад сваіх сыноў для свайго вызвалення? Я баюся … мяне, асуджанага, які стаіць адной нагой у магіле, палохае думка, што наперадзе шмат яшчэ дарагіх ахвяр прынясе барацьба, а яшчэ больш — апошняя смяротная сутычка з дэспатызмам, якая, я перакананы ў тым, не асабліва далёка і якая залье крывёю палі і нівы нашай радзімы, бо — на жаль! Гісторыя паказвае, што раскошнае дрэва свабоды патрабуе чалавечых ахвяр», — пісаў у сваім запавеце Ігнат Грынявіцкі.