Вы чытаеце:
Адольф Гітлер, H20, «Ікеа». Як змяніць імя і прозвішча ў Беларусі і як нельга называць дзяцей у іншых краінах

Адольф Гітлер, H20, «Ікеа». Як змяніць імя і прозвішча ў Беларусі і як нельга называць дзяцей у іншых краінах

беларускі пашпарт, якія імёны даюць беларусам

Раней змяніць імя ці прозвішча ў Беларусі можна было толькі па ўважлівых прычынах. Да прыкладу, калі імя ці прозвішча былі немілагучныя альбо было цяжка вымавіць іх. У лютым 2023 года Савет Міністраў прыняў Пастанову, згодна з якой мяняць імя і прозвішча на псеўданім дазволена афіцыйна. Паводле новых правіл, гэта можна зрабіць і ў выпадку, калі ёсць «жаданне насіць прозвішча, уласнае імя ў адпаведнасці з псеўданімам, які выкарыстоўваецца».

PALATNO расказвае, па якіх яшчэ прычынах можна змяніць свае імя і прозвішча ў Беларусі, якія дакументы для гэтага спатрэбяцца і як нельга называць дзяцей у розных краінах.

У вас ёсць сур’ёзныя прычыны?

Паводле артыкула 222 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і, мяняць прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку беларусы могуць па дасягненні 16-гадовага ўзросту. Раней да ўважлівых прычын адносілі наступныя:

  • немілагучнасць прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку,
  • цяжкасць вымаўлення прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку,
  • жаданне насіць агульнае прозвішча з мужам/жонкай,
  • жаданне вярнуць сваё дашлюбнае прозвішча,
  • жаданне насіць прозвішча айчыма (мачахі),
  • жаданне насіць прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку, адпаведныя абранай нацыянальнасці.

Акрамя таго, такая працэдура дазвалялася, калі чалавек хацеў насіць імя, якое яму далі пры хрышчэнні. Ці калі ён прыняў новае веравызнанне.

Памяняць імя мог таксама чалавек, якога ў звычайным жыцці называлі інакш: напрыклад, не Ксеніяй, а Аксанай. Калі імя ці прозвішча незвычайныя для Беларусі ці цяжка вымаўляюцца, гэта таксама магло быць падставай.

Калі, напрыклад, прозвішча ва ўсіх дакументах напісана правільна, а ў пашпарце — з памылкай, то могуць узнікнуць праблемы юрыдычнага характару. Такі выпадак таксама быў важкім довадам, каб змяніць прозвішча ці імя.

На дадзены момант, паводле Пастановы, якую прынялі 27 лютага 2023 года, беларусам дазволена афіцыйна выкарыстоўваць свой творчы псеўданім у якасці імя і прозвішча.

Дзецям да года можна мяняць імя ў выпадку, калі, напрыклад, адзін з бацькоў даў яго без згоды іншага.

Як гэта зрабіць і якія дакументы спатрэбяцца

Для таго, каб змяніць прозвішча, уласнае імя або імя па бацьку, трэба падаць заяву ў аддзел ЗАГС па месцы жыхарства. Пасля гэтага дакументы паступаюць у органы ўнутраных спраў, далей — у Галоўнае ўпраўленне юстыцыі.

У заяве трэба пазначыць наступныя звесткі:

  • прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку заяўніка,
  • што жадае перамяніць заяўнік,
  • абраныя прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку,
  • прычыны перамены прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку,
  • дата і месца нараджэння,
  • нацыянальнасць,
  • сямейнае становішча,
  • дачыненне да вайсковай службы,
  • месца пастаяннага жыхарства заяўніка на дзень звароту,
  • месца працы, пасада,
  • звесткі аб дзецях,
  • ці знаходзіўся заяўнік пад судом і следствам, калі знаходзіўся, то калі і за што прыцягваўся да крымінальнай адказнасці,
  • ці мяняў раней прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку,
  • дакладны пералік мясцовасцяў, у якіх заяўнік пражываў.

Акрамя заявы ўстаноўленага ўзору (бланк можна запоўніць у мясцовых аддзелах ЗАГС), неабходна таксама падаць дакументы, якія маглі б пацвердзіць матывацыю, чаму чалавек хоча памяняць прозвішча, уласнае імя ці імя па бацьку. Таксама трэба ўзяць з сабой пашпарт, два фотаздымкі, дакументы, якія неабходна замяніць, і квітанцыю аб аплаце працэдуры.

Паслуга каштуе дзве базавыя велічыні. Ад 1 студзеня 2023 года гэта сума складае 74 рублі.

Ці могуць адмовіць

Адмовіць у змене прозвішча, уласнага імя ці імя па бацьку могуць тады, калі адсутнічае ўважлівая прычына. Да таго ж, адмовіць могуць і тым, хто на момант звароту знаходзіцца ў статусе падазраванага або абвінавачанага, а таксама мае непагашаную або нязнятую судзімасць.

Што датычыцца «забароненых» прозвішчаў і імёнаў, то такіх у Беларусі пакуль што няма.

Як нельга называць дзяцей у Беларусі і іншых краінах

Беларусь

Згодна з артыкулам 69 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і, уласнае імя дзіцяці даецца са згоды бацькоў. Дзіцяці можа быць дадзена не больш за два ўласных імёнаў. «Орган, які рэгіструе акты грамадзянскага стану, не мае права адмовіць у прысваенні дзіцяці абранага бацькамі ўласнага імя, калі толькі яно не супярэчыць нормам грамадскай маралі, нацыянальным традыцыям».

Расія

У Расіі ёсць шэраг патрабаванняў, якіх трэба прытрымлівацца пры выбары імені для дзіцяці.

Імя не павінна быць лічэбнікам ці лічбай. Напрыклад, нельга назваць дзіця «666», «Другім», каб не пераблытаць яго з «Першым», ці «Кацярынай Другой».

Ёсць і выключэнні. Пад закон не трапляюць лічэбнікі на іншых мовах, якія напісаны рускімі літарамі.

Спалучэнні літар і лічбаў таксама не падыдуць. Калі вы хочаце назваць дзіця «H2O» ці «Covid-19», то ў вас гэта не атрымаецца. А вось Кісларод ці Кавід — калі ласка.

Нельга выкарыстоўваць у імёнах і сімвалы. Напрыклад, зорачку, знак долара, клічнік і інш.

Імя не павінна ўводзіць іншых людзей у зман, што чалавек мае пэўны тытул або займае нейкую пасаду. То бок называць дзіця «Прэзідэнт Святлана» ці «Дворнік Аляксандр» нельга.

Таксама забараняецца запісваць у пасведчанне аб нараджэнні мацернае або іншае абразлівае слова.

Германія

У Германіі існуюць пэўныя правілы, калі гаворка ідзе аб рэгістрацыі дзяцей. Як правіла, імя павінна паказваць на пол дзіцяці. У выпадку гендарна-нейтральных імёнаў гэта мусіць рэгулявацца другім імем.

Калі імя зацвярджаюць, яго ўносяць у рэестр.

Чыноўнікі ЗАГСа могуць адхіліць імя, каб абараніць дзіця. Таму варта ведаць, што некаторыя імёны ў Германіі забароненыя.

Па якой прыкмеце іх адбіралі, не заўсёды зразумела. Вось спіс такіх імёнаў:

  • Lenin;
  • Rosenherz (Ружовае сэрца);
  • Waldmeister (Ясменнік);
  • Schroeder (Шродэр);
  • Afga;
  • Pillula (Таблетка);
  • Judas (Юда);
  • Tom Tom;
  • Holgerson;
  • Lord;
  • Stone (Камень);
  • Sonne (Сонца);
  • Pain (Боль);
  • Thanatos, Tod;
  • Gucci;
  • Whisky;
  • Puppet (Лялечны);
  • Jürgenson (Юргенсан);
  • Atomfried (Атамны свет);
  • Borussia;
  • Westend (Заходняя частка).

Па-за законам таксама Усама бен Ладэн, Адольф Гітлер, Люцыпар, Сатана і Грамафон.

Швецыя

Шведскае заканадаўства не дазваляе бацькам выйсці за рамкі разумнага. Існуе афіцыйны рэестр імёнаў, у якім павінна абавязкова прысутнічаць абранае імя. У адваротным выпадку дазвол атрымліваюць толькі ў зале суда — і то далёка не заўсёды. Ёсць забароненыя імёны, як Металіка, Супермэн, Ікеа або Элвіс. Нельга называць дзяцей крыўдна і абразліва.

Неяк у знак пратэсту супраць гэтага закона бацькі спрабавалі зарэгістраваць сваё дзіця пад імем «Brfxxccxxmnpcccclllmmnprxvclmnckssqlbb11116», але атрымалі адмову і падалі іншую заяўку на кароткае імя «А». Пасля чарговай адмовы бацькі назвалі свайго сына звычайным імем Альбін.

Імя грамадзяніну Швецыі дазволена мяняць толькі аднойчы.

Францыя

У Францыі бацькам забаронена даваць такія імёны сваім дзецям:

  • Nutella (Нутэла);
  • MJ
  • Manhattan (Манхэтэн);
  • Joyeux (Шчаслівы);
  • Daemon (Дэман);
  • Prince William (Прынц Уільям);
  • Mini Cooper (Міні Купер).

Вялікабрытанія

Спіс забароненых імёнаў у Вялікабрытаніі:

  • Martian (Марсіянін);
  • Monkey (Малпа);
  • Chow Tow (Смярдзючая галава);
  • Rogue (Разбойнік);
  • Akuma (Д’ябал).

Марыя Седышова
Загалоўнае фота: PALATNO

Вярнуцца ўгару