Схадзіць на 10 спатканняў за вечар, зрабіць сальта або паставіць падабайку. Як пазнаёміцца ў Беларусі без Tinder

як пазнаёміцца беларусам, як пазнаёміцца ў Беларусі, знаёмствы ў Беларусі

У Беларусі, як і ў любых іншых краінах свету, ёсць людзі, якія дагэтуль не знайшлі сабе другую палавінку. Хтосьці шукае блізкую душу, сябра ці сяброўку, партнёра на ўсё жыццё, а іншыя — на кароткачасовыя стасункі. Спосабы знаёмстваў могуць быць рознымі: як ужывую, так і ў Інтэрнэце. Напрыклад, можна падысці да чалавека ў бары або на вуліцы, можна схадзіць на 10 спатканняў за вечар або пакінуць сваю анкету на сайце знаёмстваў. 

PALATNO расказвае пра пяць варыянтаў, як і дзе можна пазнаёміцца ў Беларусі без Tinder. 

Хуткія спатканні

Хуткія спатканні з’явіліся ў Лос-Анджэлесе ў 1990-х гадах. Равін (яўрэйскі рэлігійны навуковец) Яакаў Дэё прыдумаў такую працэдуру, каб дапамагчы пазнаёміцца адзінокім яўрэям. Як выглядалі такія спатканні? Людзі сустракаліся з 10-25 партнёрамі супрацьлеглага полу на працягу вечара. На размовы давалася каля 4 хвілін. Калі сімпатыя была ўзаемнай, хлопцу і дзяўчыне давалі кантакты адзін аднаго. 

З тых часоў хуткія спатканні крыху змяніліся. Цяпер можна знайсці мерапрыемсты на любы густ, у залежнасці ад узросту, прафесій, рэлігій, сексуальнай арыентацыі і г.д. Такая форма спатканняў распаўсюдзілася па ўсяму свету. Яны нават даступныя ў анлайн-фармаце з тымі ж правіламі, але не выходзячы з дому. 

Ці ёсць такія экспрэс-знаёмствы ў Беларусі? Так! 

У Мінску існуюць некалькі праектаў, сярод якіх — «Minsk Dating» і «Speed dating». Як у першым, так і другім выпадках трэба пакінуць заяўку на сайце, каб атрымаць магчымасць пазнаёміцца з 10-15 людзьмі супрацьлеглага полу. На знаёмства з кожным удзельнікам даюць ад пяці да сямі хвілін. Па заканчэнні адведзенага часу мужчыны перасаджваюцца за наступны столік, а дамы застаюцца на сваіх месцах. Калі сімпатыя ўзаемная, абодвум удзельнікам даюць кантакты адзін аднаго. Мерапрыемства платнае. 

У 2014 годзе ў Мінску правялі «Хуткія спатканні па-беларуску». Арганізатарам мерапрыемства выступіў Францішак Вячорка. Сустрэча адбылася ў адным з мінскіх клубаў. Удзельнічалі людзі 18-30 гадоў. 10 хлопцаў і 10 дзяўчат мелі да пяці хвілін, каб перазнаёміцца ды паразмаўляць па-беларуску. Па выніках размоў, у асабістай анкеце кожны адзначыў, хто яму ці ёй спадабаўся. У мэтах было не столькі знайсці сабе партнёра, колькі завесці беларускамоўных сяброў.

Незвычайныя хуткія спатканні правялі 14 лютага 2018 года ў Мінску. Па сталіцы праехаўся адмысловы трамвай, у якім адбыліся міні-знаёмствы. На прыпынках ён не спыняўся. 10 хлопцаў і 10 дзяўчат мелі на размову 5 хвілін. Па выніках знаёмстваў кожны адзначыў, хто яму ці ёй спадабаўся. Пасля спатканняў ва ўсіх удзельнікаў і ўдзельніц была магчымасць трапіць у «Арт Сядзібу» на музычную імпрэзу. 

А ў 2023 годзе такія спатканні прайшлі ў адной з гродзенскіх кавярняў. Дзесяць мужчын і дзесяць жанчын падзяліліся адпаведна на пары і селі за асобныя столікі. Пасля абвяшчэння правілаў у пары было сем хвілін, каб задаць пытанні і зразумець, ці хочацца працягнуць стасункі ў будучыні. 

Ва ўсіх удзельнікаў былі лісты, на якіх пасля кожнага спаткання трэба было адзначыць, ці спадабаўся гэты чалавек. 

Больш інфармацыі пра хуткія спатканні ў вашым горадзе можна знайсці ў інтэрнэце. 

як пазнаёміцца беларусам, як пазнаёміцца ў Беларусі, знаёмствы ў Беларусі
Фота: Kevin Nalty / unsplash.com

На вуліцы

Калі вы абралі спосаб знаёмства на вуліцы, галоўнае — не спудзіць чалавека. З самага простага — задаць будзь-якое стандартнае вулічнае пытанне, тыпу, «Не падкажаце, колькі зараз часу?» або «Як прайсці на вуліцу Каліноўскага?», «Дзе знаходзіцца бліжэйшы банкамат?», а потым завязаць размову. Добры варыянт — папрасіць дапамогі. Не, не трэба рабіць выгляд, што ў вас інфаркт і падаць на чалавека. Можна папрасіць запальнічку, калі вы паліце, ці ж папрасіць чалавека правесці вас да нейкага будынку. 

Вар’яцкі ўчынак (не рэкамендуецца). Можаце звярнуць на сябе ўвагу з дапамогай дзікіх паводзін. Напрыклад, зрабіць сальта, праспяваць песню, зваліцца ў лужыну і гэтак далей. Хутчэй за ўсё, ваша знаёмства нікуды далей не зойдзе, але тое, што чалавек зверне на вас увагу — дакладна. А можа быць, наадварот, вы знойдзеце сабе ў пару такога ж вар’ята.

Яшчэ адзін спосаб — зрабіць камплімент. Не трэба адразу ісці ў атаку і крычаць чалавеку ўслед якія-небудзь непрыстойныя фразы. Зрабіце гэта акуратна, каб не пакрыўдзіць. Можна прыдумаць не банальны камплімент, звярнуць увагу на не відавочныя і не занадта прыкметныя дэталі. Будзьце шчырымі, ваш камплімент павінен быць сумленным.

Калі вы хочаце ўразіць незнаёмую дзяўчыну на вуліцы, можаце падарыць ёй, напрыклад, кветкі або цукеркі, і зрабіць камплімент. У любым выпадку, чалавеку будзе прыемна. 

І банальны варыянт — проста падысці да чалавека і сказаць, што вы хочаце з ім пазнаёміцца. Пры гэтым вы павіны выглядаць добразычліва, пажадана без маніякальнай усмешкі або нахмураных броваў, каб не напалохаць чалавека. Будзьце натуральнымі, шчырымі, адкрытымі, спакойнымі. Не чапляйцеся да чалавека і не навязвайце сваю размову, калі ён гэтага не хоча. Ніхто не ведае, наколькі неадэкватны чалавек вам трапіцца. Калі вас адшылі — ідзіце далей.

У бары ці клубе

Адзін з найбольш простых спосабаў для знаёмстваў, асабліва на адну ноч. У бары або клубе нашмат прасцей завесці размову: часам дастаткова проста купіць напой і пачаставаць чалавека. Можна проста падсесці за столік да таго, з кім хочаце пазнаёміцца, ці ж запрасіць на танец. Калі ж гэта караоке-бар і вы ўмееце прыгожа спяваць, можаце выканаць для гэтага чалавека якую-небудзь кампазіцыю. 

Яшчэ варыянт — падтрымліваць зрокавы кантакт з тым або той, хто вам падабаецца, выглядаць упэўнена і не баяцца атрымаць адмову. Магчыма людзі будуць самі падыходзіць да вас і знаёміцца. Яшчэ адзін спосаб для моцных і смелых — завязаць бойку, каб паказаць усю вашу моц. Але варта памятаць пра наступствы, кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях і, вядома, Крымінальны кодэкс!

Альтэрнатыва «Tinder»

Калі вам не хочацца знаёміцца ў бары або бадзяцца па вуліцах у пошуках «свайго» чалавека, — не праблема! Знайшлі для вас некалькі сэрвісаў для знаёмстваў у інтэрнэце. І гэта — не Tinder.

Zodier

Платформу для знаёмстваў заснаваў  беларус Мацвей Грамовіч у 2022 годзе. Zodier — гэта чат-бот на базе такіх мэсэнджэраў як Telegram, Facebook, «ВКонтакте», Viber і  Instagram. Сэрвіс працуе як і Tinder: карыстальнікі могуць шукаць сабе пару па фота, ставіць падабайкі або непадабайкі. Бот вызначае сумяшчальнасць паміж людзьмі з дапамогай спецыяльнага алгарытму і дапамагае знаходзіць найбольш прыдатнага чалавека. 

Grindr

Адна з самых папулярных платформ для ЛГБТ-знаёмстваў. Менавіта на яго аснове крыху пазней з’явіўся Tinder, таму інтэрфейсы сэрвісаў падобныя. Grindr прапануе анкеты карыстальнікаў, якія знаходзяцца паблізу. Анкетам можна паставіць падабайку або непадабайку. Калі сімпатыя ўзаемная — адкрываецца чат, дзе можна абменьвацца фатаграфіямі, блакіраваць або дадаваць суразмоўцаў «у абранае» суразмоўцаў. 

Акрамя таго, Grindr мае платную версію Grindr Xtra. Сярод дадатковых функцый — магчымасць убачыць, хто свайпнуў вас направа, і ставіць суперпадабайкі.

Twinby

Сэрвіс праверкі сумяшчальнасці і новых знаёмстваў. Спачатку вы праходзіце тэст і платформа выдае вам кароткую псіхалагічную характарыстыку з пяці пунктаў. Больш пройдзеных тэстаў — дакладней паказчыкі сумяшчальнасці. Затым праграма штотыдзень падбірае тых, з кім у вас большы працэнт сумяшчальнасці. Адкрываецца чат для камунікацыі, у якім можна скарыстацца карткамі з ужо гатовымі пытаннямі для суразмоўцы. 

Tabor 

Сайт знаёмстваў, які заснаваў у 2007 годзе беларус Яўген Доўнар. Дастаткова зручная платформа, на якой можна абраць наступныя параметры: краіну, горад, узрост і пол чалавека, якога вы шукаеце. На выбар даецца 26 краін свету. Затым сайт паказвае анкеты людзей з імёнамі, узростам, фота, знакам задыяку і кароткай характарыстыкай. Калі вам спадабаўся чалавек, можна даслаць яму паведамленне, прапанаваць сябраваць або зрабіць падарунак.  

як пазнаёміцца беларусам, як пазнаёміцца ў Беларусі, знаёмствы ў Беларусі
Фота: Markus Winkler / unsplash.com

Мята

Мята — яшчэ адна праграма для знаёмстваў ад Яўгена Доўнара. Там вы можаце знайсці людзей, якія жывуць побач з вамі або пакамунікаваць з людзьмі з іншых краін. Таксама можна ставіць падабайкі і запрашаць на спатканні. 

Распрацоўшчыкі пішуць, што сочаць за якасцю анкет: у праграме практычна няма ботаў і фэйкавых старонак. Падазроная актыўнасць адсочваецца і блакіруецца мадэратарамі.

Mamba

Расійскі сайт знаёмстваў, які карыстаецца папулярнасцю і ў Беларусі. На платформе неабходна пакінуць сваю анкету, а затым, як і ў Tinder, свайпаць направа ці налева фота іншых карыстальнікаў. Асобна на сайце можна азнаёміцца з анкетамі людзей і напісаць ім у асабістыя паведамленні. 

На працы

Даволі часта людзі закручваюць раманы менавіта са сваімі калегамі. Але як гэта адбываецца? Можна запрасіць калегу на абед або на вячэру пасля працы, падлавіць у курылцы і завесці размову, выпадкова сутыкнуцца ў ліфце або ў калідоры, аказаць дапамогу. А яшчэ ідэальней — схадзіць разам на карпаратыў.

Але ў такім выпадку неабходна падумаць аб наступствах. Часам такія раманы могуць перашкаджаць працоўнаму працэсу, а некаторыя начальнікі ўвогуле бываюць супраць такіх стасункаў. Неабходна таксама падумаць, будзеце вы хаваць свае адносіны ці падзеліцеся прыемнай навіной з іншымі супрацоўнікамі. Але трэба быць падрыхтаванымі да плётак і чутак. 

Вярнуцца ўгару