Калядныя напоі — гэта ўтульнасць, цеплыня і дух свята. Яны эвалюцыянавалі ад лекавых напояў да абавязковага атрыбуту зімовага вечару і Калядаў. У кожнага з напояў, пра які мы раскажам у артыкуле, ёсць свая гісторыя, што адлюстроўвае традыцыі і розныя культуры.
PALATNO расказвае, адкуль узяліся калядныя напоі.
Глінтвейн
Паходжанне: Старажытны Рым
Як прыдумалі? Рымляне рыхтавалі так званы Conditum Paradoxum — віно са спецыямі і мёдам, каб зрабіць яго больш прыемным і цёплым. Гэта традыцыя захавалася ў Еўропе: цяпер у віно дадаюць карыцу, гваздзік, цытрусавыя і цукар. Глінтвейн стаў сімвалам утульнасці і святочнага настрою, яго часта прадаюць на кірмашах.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Vino caliente, glögg і vin brulé. Падборка рэцэптаў глінтвейну
Як па-беларуску размаўляць пра алкаголь?
Ад мёду да хрэнавухі. Расказваем, што піць па-беларуску
Эг-ног
Паходжанне: Вялікабрытанія, XVII стагоддзе
Як прыдумалі? Напой быў заснаваны на гарачым малочным напоі са спецыямі, які пілі ў сярэднявечнай Англіі. З часам рэцэпт дапоўнілі яйкамі, цукрам і алкаголем (звычайна — ромам ці брэндзі). Асабліва папулярным напой стаў у Паўночнай Амерыцы.
Пунш
Паходжанне: Індыя, XVI стагоддзе
Як прыдумалі? Напой прывезлі ў Еўропу англійскія маракі з Індыі. У Індыі рабілі пунш з пяці інгрэдыентаў: гарбаты, цукру, цытрусавых, спіртнога і вады. У Еўропе рэцэпт адаптавалі для халоднага клімату, дадалі спецый і падагрэлі яго.
Грог
Паходжанне: Вялікабрытанія, XVIII стагоддзе
Як прыдумалі? Англійскія маракі змагаліся з цынгой, таму дадалі ром у ваду з лімонам і цукрам. А ў халодным клімаце, напрыклад, дома ў Вялікабрытаніі напой сталі падаграваць, і з часам ён стаў калядным напоям.
Палаючы пунш (Feuerzangenbowle)
Паходжанне: Германія, XIX стагоддзе
Як прыдумалі? У чырвонае віно дадалі ром, а зверху падпальвалі цукар. Так, па назве напою можна падумаць, што гэта пунш, але на самой справе ён пуншам не з’яўляецца. Напой стаў шырока вядомым у сярэдзіне мінулага стагоддзя з-за фільму з аднайменнай назвай, што і сам напой.