Now Reading
Vino caliente, glögg і vin brulé. Падборка рэцэптаў глінтвейну

Vino caliente, glögg і vin brulé. Падборка рэцэптаў глінтвейну

глінтвейн, рэцэпты глінтвейна

Ад глінтвейну людзі атрымліваюць асалоду ўжо тысячы гадоў. Нават старажытныя рымляне пілі гарачае віно з дадаткам розных спецый. Сёння, асабліва ў халодную пару, гэты напой можна знайсці ў барах, рэстаранах, а таксама прыгатаваць яго дома. Ён падарожнічае па ўсім свеце і ў кожнай краіне мае ўнікальны рэцэпт. Традыцыйны глінтвейн — гэта разагрэтае чырвонае віно з карыцай, кардамонам, гваздзікай і цытрусамі. Але гэта далёка не адзіны рэцэпт. 

PALATNO расказвае, як робяць глінтвейн у розных краінах свету, ці можна прыгатаваць яго на піве або белым віне і што такое vino caliente, glögg, vin brulé і vin chaud.

Vin chaud (Францыя)

Vin chaud — французскі духмяны і рэзкі глінтвейн, падобны да шведскага glögg і нямецкага glühwein. Прыгатаваць яго вельмі проста. Каб дасягнуць найлепшага выніку, трэба выбраць фруктовае чырвонае віно і пазбягаць сухіх, кіслых або старых вінаў, вытрыманых у дубе, паколькі яны могуць утрымліваць цяжкі танін, які пры награванні становіцца горкім.

Інгрэдыенты: 

  • віно чырвонае сухое — 750 мл.;
  • апельсін — 1 шт.;
  • цукар — 1/4 шклянкі;
  • гваздзіка — 5 шт.;
  • карыца (палачкі) — 4 шт.;
  • кардамон — 2 шт.;
  • каньяк — 1/4 шклянкі.

Як прыгатаваць:

  1. Зрэжце з апельсіна палоску лупіны памерам прыкладна 5×12 сантыметраў. Захавайце апельсін для далейшага выкарыстання.
  2. Акуратна выдаліце з кавалачка цэдры як мага больш белай мякаці.
  3. Змяшайце віно, цукар, гваздзіку, палачкі карыцы, кардамон і вычышчаную цэдру ў вялікім рондалі і пастаўце яго на вельмі слабы агонь.
  4. Нагрэйце сумесь амаль да кіпення, памешваючы, каб растаў цукар. Не дапускайце закіпання віна, інакш алкаголь выпарыцца, а смак віна пагоршыцца.
  5. Аптымальную тэмпературу віно будзе мець, калі цукар растане і падымецца пара.
  6. Падтрымлівайце гэтую тэмпературу, каб віно заставалася цёплым, і дайце яму настаяцца для раскрыцця водару. Чым даўжэй яно настойваецца, тым больш моцным будзе водар.
  7. Працадзіце віно ў чысты рондаль праз дробнае сіта або друшляк з марляй.
  8. Накрыйце рондаль і дайце напою пастаяць 5-10 хвілін перад падачай на стол.
  9. Перад тым, як разліць глінтвейн, дадайце 1-2 чайныя лыжкі каньяку ў кожную шклянку.

Glögg (Швецыя)

Glögg («вугольчык, які цьмее»)салодкі, цёплы і рэзкі шведскі глінтвейн. Гэты напой мае старажытнаскандынаўскае паходжанне. У адрозненні ад іншых рэцэптаў, у шведскі глінтвейн дадаюць шчодрую порцыю бурбона ці гарэлкі, а таксама разынкі і міндаль.

Інгрэдыенты: 

  • 1 бутэлька чырвонага віна;
  • 1/2 кубка бурбона ці гарэлкі;
  • 1/2 кубка цукру;
  • 2 сталовыя лыжкі цэдры апельсіна;
  • 2 сталовыя лыжкі разынак;
  • 1 сталовая лыжка кардамону;
  • 2 сталовыя лыжкі нарэзанага кораня імбіру;
  • 1-2 палачкі карыцы;
  • 8 гваздзік;
  • 2 сталовыя лыжкі бланшыраванага здробненага міндаля.

Як прыгатаваць: 

  1. Змяшайце ў рондалі віно, бурбон, цукар (або мёд), цэдру апельсіна, разынкі, міндаль, кардамон, кавалачкі кораня імбіру, палачкі карыцы і гваздзіку. Давядзіце сумесь прыкладна да 80 °C, не дапускаючы закіпання.
  2. Зніміце з агню і дайце настаяцца 1 гадзіну.
  3. Працадзіце напой праз сіта, каб выдаліць усе спецыі. Затым трохі падагрэйце, каб ён стаў гарачым, і разліце па шклянках.
  4. Дадайце ў кожную шклянку некалькі кавалачкаў міндаля і разынак. Можна ўпрыгожыць лустачкай апельсіна. 
глінтвейн, рэцэпты глінтвейна
Фота: Hannah Pemberton / unsplash.com

Vin brulè (Італія)

Vin brulè («паленае віно») — духмяны напой, вядомы ў Італіі менавіта пад французскай назвай. У антычныя часы напой называўся conditum paradoxum. Арыгінальнасць італьянскага рэцэпта заключаецца ў тым, што ў фінале глінтвейн трэба падпальваць.

Інгрэдыенты: 

  • 1/3 кубка цукру або мёду;
  • апельсінавая цэдра;
  • 1/4 шклянкі свежавыціснутага апельсінавага соку;
  • лімонная цэдра;
  • 2 палачкі карыцы;
  • 4 гваздзікі;
  • 1 дробка мускатнага арэха;
  • 1 бутэлька насычанага чырвонага віна;
  • корань імбіру;
  • 1 бадан;
  • 1/2 струка ванілі;
  • 10 гарошын духмянага перцу;
  • 5 гарошын чорнага перцу;
  • 1-2 лаўровых лісты.

Як прыгатаваць: 

  1. У рондалі змяшаць цукар або мёд, цытрусавую цэдру, апельсінавы сок і спецыі.
  2. Нагрэць сумесь на сярэднім або моцным агні, пакуль цукар або мёд не растануць і не ўтворыцца духмяны сіроп (прыкладна 4-5 хвілін). Затым паменшыць агонь да мінімуму і дадаць віно. Варыць на слабым агні каля 15 хвілін або пакуль віно не стане духмяным. Не даваць віну закіпець.
  3. Разліць праз дробнае сіта ў тэрмаўстойлівыя шклянкі. Пры жаданні можна ўпрыгожыць апельсінам або палачкай карыцы. Падаваць гарачым.

Grzaniec (Польшча)

Класічны глінтвейн гатуюць на чырвоным віне — пажадана паўсалодкім, але можна і на сухім, паколькі глінтвейн звычайна падсалоджваюць. Другім неабходным інгрэдыентам з’яўляюцца вострыя прыправы: карыца, гваздзіка, імбір, кардамон. Іх можна дадаваць як молатымі, так і цэлымі (тады напой будзе больш празрыстым). У польскі глінтвейн дадаюць чарнасліў, сушаныя яблыкі або разынкі. Падсалоджваць яго па гусце мёдам або карычневым цукрам, таксама можна дадаць трохі ванілі.

Інгрыдыенты: 

  • бутэлька чырвонага віна;
  • 50 мл чырвонага марціні або апельсінавага лікёру (па жаданні);
  • апельсін;
  • гваздзіка;
  • палачкі карыцы;
  • кардамон;
  • імбір;
  • мёд.

Як прыгатаваць: 

  1. Нагрэць віно да 50° на слабым агні.
  2. Калі віно дасягне патрэбнай тэмпературы, дадаць спецыі, а таксама імбір і апельсін. Змяшаць і прагрэць некаторы час на слабым агні. Не даводзіць да закіпання.
  3. Працэдзіць і разліць па шклянках.

Vino caliente (Іспанія)

У традыцыйны іспанскі глінтвейн дадаюць менавіта іспанскія інгрэдыенты: клеменцін (гібрыд мандарына і апельсіна, які вырошчваюць у Іспаніі), і Brandy de Jerez (іспанскі алкагольны напой крэпасцю ад 36 да 45 градусаў). А для ўзмацнення смаку і водару ў іспанскі vino caliente дадаюць струк ванілі.

Інгрэдыенты: 

  • бутэлька чырвонага віна;
  • 1 чайная лыжка молатага мускатнага арэха;
  • 2 чайныя лыжкі молатага імбіру;
  • гваздзіка;
  • 4 палачкі карыцы;
  • 2 анісавыя зорачкі;
  • некалькі зярнят кардамону (па жаданні);
  • 1 кубак свежавыціснутага апельсінавага соку;
  • 1 апельсін (нарэзаны кавалачкамі) або мандарыны;
  • 1 кубак вады;
  • 1/2 кубка цукру;
  • 1/3 кубка чорнага рому (або брэндзі).

Як прыгатаваць: 

  1. Змясціць усе інгрэдыенты ў вялікі рондаль.
  2. Варыць на сярэднім агні каля 20-25 хвілін.
  3. Перад падачай працадзіць праз сіта.
  4. Дадаць палачку карыцы і дольку апельсіна ў кожную шклянку ў якасці ўпрыгожання.

Калі вам падабаецца больш фруктовы смак, можна дадаць лімон і/або яблык, нарэзаныя кавалачкамі, і дадаць іх у віно ў працэсе прыгатавання.

глінтвейн, рэцэпты глінтвейна
Фота: Maximalfocus / unsplash.com

Бонус

Глінтвейн на піве. Да ХХ стагоддзя гарачае піва было любімым напоем наведвальнікаў англійскіх і амерыканскіх корчмаў, асабліва зімой. Для яго прыгатавання нават быў вынайдзены спецыяльны медны, жалезны або латуневы посуд, усярэдзіне якога змяшчалася кружка, напоўненая півам. У апошнія гады гэты напой адрадзіўся.

Інгрэдыенты: 

  • 2 бутэлькі піва;
  • 2,5 лыжкі мёду;
  • імбір, нарэзаны лустачкамі;
  • 2 зорачкі аніса;
  • ½ чайнай лыжкі гваздзікі;
  • 1 палачка карыцы;
  • ¼ шклянкі апельсінавага соку;
  • лустачка апельсінавай цэдры.

Як прыгатаваць: 

  1. Змяшаць усе інгрэдыенты, варыць 10 хвілін на слабым агні, не даводзіць да закіпання.
  2. Зняць з агню, даць настаяцца і астудзіць на працягу 5 хвілін.

Глінтвейн на белым віне. Традыцыйны нямецкі глінтвейн гатуюць на чырвоным віне. Але белы глінтвейн таксама карыстаецца папулярнасцю на калядных кірмашах.

Інгрэдыенты: 

  • белае віно (сухое, паўсухое);
  • палачкі карыцы;
  • апельсін;
  • лімон;
  • апельсінавы сок (без мякаці);
  • гваздзіка;
  • цукар або мёд;
  • бадзян (па жаданні);
  • ром (па жаданні).

Як прыгатаваць: 

  1. Нагрэйце віно, але не кіпеціце яго, паколькі тады частка алкаголю выпарыцца і цытрусавыя стануць горкімі.
  2. Вызначыце час гатавання на свой густ: 30 хвілін — для больш мяккага смаку, 45 і больш — для насычанага.
  3. Гэты напой можна прыгатаваць не на пліце, а ў мультыварцы. Прыкладна праз 45 хвілін ці 1 гадзіну прыбярыце цытрусавыя, спецыі і ўключыце рэжым «падтрыманне цяпла», іначай глінтвейн стане занадта горкім.
  4. Па жаданні можна дадаць яшчэ алкаголю, напрыклад рому або брэндзі.
Вярнуцца ўгару