Чаму «На ростанях» варта чытаць і сёння? Бо гэта не проста гісторыя аднаго настаўніка, а раман пра чалавека, які спрабуе застацца сумленным у свеце несправядлівасці, страху і ціску ўлады. Разам з Андрэем Лабановічам чытач праходзіць шлях ад юнацкай наіўнасці да выразнай грамадзянскай пазіцыі — і лёгка пазнае ў гэтай гісторыі не толькі мінулае, але і сучаснасць.
PALATNO расказвае пра легендарную кнігу Якуба Коласа «На ростанях».
Змест
Лабановіч — ваш кампаньён і аднадумец
Разам з Андрэем Лабановічам, галоўным героем твора Якуба Коласа, вы пражываеце некалькі гадоў. Вы разам ўладкоўваецеся ў некалькіх школах, спрабуеце давесці дзецям пра неабходнасць адукацыі, рыхтуеце іх да экзаменаў, купляеце новае аддзенне самым бедным навучэнцам (бо па-іншаму вы не можаце, і гэтым здабываеце аўтарытэт у мясцовых), а потым рыхтуеце іх да важных экзаменаў. Вы вучыце розных дзяцей у розных кутках Беларусі — менавіта ў гэтым вы бачыце мэту свайго жыцця.
Улетку вы адпачываеце з сябрамі — дарэчы, яны таксама настаўнікі, — у бацькоўскай вёсцы. Вам падабаецца прырода, якая так моцна адрозніваецца ўжо ад звыклых палескіх краявідаў, дзе вы праводзіце большую частку часу ў працы ў школе. Вы ловіце рыбу, дапамагаеце маці і дзядзьку па гаспадарцы, ходзіце ў госці, п’яце самы сапраўдны самагон і прайграеце ў карты грошы (хаця піць і гуляць у карты не асабліва любіце). А потым нават прыдумляеце, што з сябрамі-настаўнікамі можна пагутарыць пра будучыню беларускай адукацыі, каб дзеці з Палесся і Магілёўшчыны з Віцебшчынай вучыліся толькі па-беларуску. Гэта ідэя лунае ў паветры, але паліцыя, канешне ж, будзе супраць такога «незаконнага з’езду» настаўнікаў.
Вы не хочаце і баіцеся страціць працу, але разумеце, што калі не расказваць сялянам пра несправядлівасць улады і самому не рабіць крокі для аб’яднання з іншымі аднадумцамі, то будзеце дрэнным чалавекам. Вы проста не можаце па-іншаму. Калі галоўны герой страціў працу і трапіў пад паліцэйскі нагляд, можа падавацца, што наперадзе толькі беднасць і безвыходнасць, але і тут ёсць выйсце: можна паехаць працаваць у беларускую газету — на той час адзіную дазволеную.
Цягам трох кніг вы разам з галоўным героем спрабуеце асэнсаваць сябе і свае погляды ў жыцці. Андрэй Лабановіч становіцца вашым кампаньёнам і аднадумцам. Можа падавацца, што гісторыя, якую расказаў Якуб Колас, нагадвае і нашу сучаснасць: усе і ўсё супраць, усё зноўку паўтараецца. Аднак Лабановіч паказвае, што трэба працягваць ісці, рабіць працу — хоць яна можа падавацца малой і незначнай — і наперадзе будуць змяненні.
Увесь смак амаль аўтабіяграфічнага твора
Лічыцца, што Якуб Колас зрабіў «На ростанях» амаль аўтабіяграфічным творам. Ён таксама скончыў настаўніцкую семінарыю і працаваў настаўнікаў на Палессі, як і яго галоўны герой. У першай кнізе Андрэй Лабановіч сустракае дзяўчыну і адчувае да яе цёплыя пачуцці, але да жаніцьбы, як і ў выпадку з Коласам, справа не даходзіць. Чаму? Каб даведацца, прачытайце першую кнігу трылогіі.
Сярод выключных падзей, якія апісвае Якуб Колас у кнізе, ёсць з’езд настаўнікаў. Гэта галоўная паваротная кропка ў лёсе Андрэя Лабановіча, пасля якой ён страціў настаўніцкую пасаду, за ім наглядае паліцыя, ён не можа больш працаваць у школе (але таемна гэта ўсё-такі робіць) і вымушаны з’ехаць у Вільню на новую працу. У кнізе расказвалася, што настаўнікі выпівалі, купаліся і толькі напрыканцы агульнай сустрэчы падпісалі пратакол аб неабходнасці арганізацыі беларускіх школ. Пасля падпісання пратаколу ў дом, дзе адбывалася сустрэча, уварвалася паліцыя: яны правялі ператрус і забралі пратакол з прозвішчамі настаўнікаў.
Якуб Колас сапраўды ўдзельнічаў у настаўніцкім з’ездзе, які адбыўся ў 1906 годзе, — і пасля быў пакараны двума гадамі зняволення ў Пішчалаўскім замку. Коласа пакаралі не за непасрэдны ўдзел у з’ездзе, а за лістоўку ў абарону з’езду, якую паліцыя знайшла ўжо пасля. Яго герой таксама быў асуджаны і адсядзеў у турме за тую самую лістоўку. У рэальнасці, як і ў творы, Колас не пісаў лістоўкі, гэта пацвердзіла нават экспертыза, але суд вырашыў усё роўна пакараць настаўніка.
Большасць герояў, які з’яўляюцца ў «На ростанях», маюць прататыпы ў рэальным жыцці. У кнізе Лабановіч у Вільні працуе ў адзінай беларускай газеце — назву аўтар не піша, магчыма, з-за цэнзуры. Гэта газета —«Наша Ніва». Лабановіч знаёміцца там з выдаўцом газеты Мікітам Уласюком (прататып — Аляксандр Уласаў), братамі Ясем і Стафанам Ліскоўскімі (браты Іван і Антон Луцкевічы). Некаторыя персанажы засталіся пад рэальнымі імёнамі — гэта Нічыпар Кудрык, Аксён Каль і зняволеныя, з кім сядзеў Якуб Колас у Пішчалаўскім замку.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
«Гэта — душа, гэта — жывое сэрца беларускага народа». Як і чым Якуба Коласа ўразіў Слуцк
Ці бачылі вы калі-небудзь фільм з жывым Якубам Коласам?
Вясна вачыма беларускіх пісьменнікаў. Якая яна?
Падчас працы Лабановіча ў другой школцы пачынаецца руска-японская вайна. Пра яе шмат узгадвае Колас у трылогіі: галоўны герой дрэнна ставіцца да вайны, крытыкуе царскія ўлады за яе пачатак, аднак нават Лабановіч часова заражаецца «ура-патрыятызмам» — праўда, гэта зусім кароткі прамежак часу, і пасля герой сябе за гэта крытыкуе.
Шмат разважанняў у кнізе нададзена палітычным партыям. Многія з іх Лабановічу не падабаліся: кадэтаў ён крытыкаваў за тое, што пускалі пыл у вочы — бо не былі напраўду апазіцыянерамі царскай уладзе; чарнасоценцаў галоўны герой увогуле не паважаў і лічыў шкоднымі. Аднак бальшавікі вылучаліся сярод іншых: Лабановіч удзельнічаў у нелегальных сходах, сустракаў іх сярод зняволеных. Галоўны герой Якуба Коласа нідзе ў творы не кажа пра тое, што бальшавікі будуць выратавальнікамі і галоўнымі змагарамі супраць царызму, ён толькі слухае суразмоўцаў, зацятых бальшавікоў, падчас сустрэч і адсідкі: «Усё, што казаў Галубовіч, западала ў душу Андрэя. Чалавек гэты, крыху старэйшы за Лабановіча, шмат перажыў, шмат перадумаў і цвёрда ішоў па шляху рэвалюцыйнай дзейнасці, быў перакананым бальшавіком».
Трылогія «На ростанях» пісалася ў часы, калі ў Беларусі ўжо ўсталявалася савецкая ўлада, так што без згадак камуністаў-выратавальнікаў абысціся было нельга. І таму ў галоўным творы Якуба Коласа час ад часу сустракаецца думка пра бальшавікоў як галоўную моц у барацьбе супраць імперыі.
Некалькі дзён з эвалюцыяй беларускай мовы
«Трылогію» Якуба Коласа можна прачытаць за некалькі дзён ці расцягнуць на месяц, у кожным разе сакавітасць беларускай мовы будзе радаваць чытача. У першай кнізе трылогіі, якая пісалася ў пачатку 1920-х гадоў, можна сустрэць шмат русізмаў і многа палескай гаворкі. Тое самае тычыцца і другой кнігі. У першых двух — «У палескай глушы» і «У глыбі Палесся» — галоўны герой працуе на беларускім поўдні. У кнігах шмат апісанняў побыту палешукоў, шмат асаблівасцяў гаворкі.
У трэцяй кнізе беларуская мова становіцца больш вытанчанай, зусім літаратурнай. Можна толькі зрэдку сустрэць незвычайныя слоўцы, якія прысутнічалі ў тагачаснай гаворцы беларусаў.
Калі вы хочаце акунуцца ў беларускую мову з галавой, то «На ростанях» стане добры пачаткам, пасля якога вы не зможаце не гаварыць па-беларуску борздзенька.
