
Вы маглі не ведаць яго імя, але ён шмат зрабіў для незалежнасці Беларусі больш за сто гадоў таму. Янка Серада стаў першым кіраўніком БНР, але гэта не ўсё, чым ён запомніўся. Палітык, ветэрынар, вязень — ён прайшоў няпросты шлях і заслужыў, каб пра яго памяталі.
PALATNO расказвае пра Янку Сераду.
З вёскі — у вялікую гісторыю
Янка Серада нарадзіўся ў вёсцы Задзвеі Мінскай губерні — цяпер гэта Баранавіцкі раён. Паходзіў з сям’і святара, атрымаў адукацыю і скончыў Варшаўскі ветэрынарны інстытут у 1903 годзе. Ужо праз год пачалася руска-японская вайна, у якой удзельнічаў і Серада: ён служыў на Маньчжурскім фронце. Пасля вяртання з вайны пачаў выкладаць у сельскагаспадарчым вучылішчы, пісаў для газеты «Саха» артыкулы пра сельскую гаспадарку — тэматыка, якая яго цікавіла ўсё жыццё.
У той жа час Серада імкнуўся ўдзельнічаць у грамадскім жыцці. Ён далучыўся да Беларускай сацыялістычнай грамады — адной з першых беларускіх палітычных арганізацый. З пачаткам Першай сусветнай вайны зноў пайшоў на фронт, цяпер ужо як вайсковы ветэрынар.
У 1917 годзе яшчэ больш актыўна ўключыўся ў беларускі нацыянальны рух. Янка Серада ўзначаліў прэзідыум Усебеларускага з’езда, які стаў адным з самых важных палітычных форумаў таго часу. Пасля яго разгону бальшавікамі Сераду ненадоўга арыштавалі, але хутка вызвалілі.
Першы старшыня БНР
У сакавіку 1918 года Янка Серада стаў першым старшынёй Рады Беларускай Народнай Рэспублікі — фактычна, кіраўніком дзяржавы. Праўда, прабыў на гэтай пасадзе нядоўга — да мая таго ж года. Пры Серадзе была прынятая Трэцяя Устаўная грамата, якая абвяшчала незалежнасць Беларусі.
Потым ён заняў пасаду міністра замежных спраў БНР, на якой прабыў да лістапада таго ж года. Затым яго адхілілі ад дзяржаўных пасад у складзе БНР за дзеянні, якія палічылі не карыснымі.
У той час у беларускім руху ішло пераасэнсаванне пазіцый, і Серада далучыўся да Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў — палітычнай сілы, што спрабавала знайсці баланс паміж левымі і цэнтрысцкімі ідэямі.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
«Прысуд можа быць і без суда». Як беларусы сядзелі ў сталінскіх лагерах
А вы ведалі, што адным з кіраўніком Беларусі быў Гей?
Фатограф, навуковец, шляхціц. Расказваем пра Льва Дашкевіча
Жыццё і праца ў БССР
Пасля канца актыўнай палітычнай барацьбы Янка Серада пераехаў у БССР і з 1921 года жыў у Мінску. Ён працаваў у Інбелкульце, выкладаў у педагагічным тэхнікуме, а таксама ў сельскагаспадарчай акадэміі ў Горы-Горках. У 1923 годзе з яго дапамогай у Мінску быў створаны ветэрынарна-заатэхнічны тэхнікум.
У 1920-х гадах ён пісаў артыкулы па ветэрынарыі і сельскай гаспадарцы — вярнуўся да таго, з чаго калісьці пачынаў.
У 1930 годзе Янку Сераду арыштавалі па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Яго саслалі ў Яраслаўль. У 1941 годзе зноў асудзілі і накіравалі ў лагер. У 1943 годзе яго датэрмінова вызвалілі — і далейшы лёс Серады дагэтуль застаецца невядомым.
Рэабілітавалі Янку Сераду толькі ў 1980-я гады.