Як у Мінску забілі спартсменку Юлію Балыкіну. Галаваломка, 2 сезон #8

У кастрычніку 2015 года восеньскае надвор’е ва ўсю нагадвала пра сябе: дажджы, сырасць… У тым годзе напрыканцы месяца ў Мінску знікла вядомая беларуская спартсменка Юлія Балыкіна. Яе шукалі некалькі тыдняў, пакуль не знайшлі цела алімпійкі ў лесе ля вёскі на Міншчыне. Як бывае заўсёды ў такіх справах — следчыя адразу сталі падазраваць каханага дзяўчыны…

Хто такая Юлія Балыкіна?

Юлія Балыкіна нарадзілася ў Манголіі, але ўсё дзяцінства і юнацтва правяла ва Украіне. Там жа яна пачала займацца спортам, але сур’ёзную кар’еру пачала будаваць дастаткова позна — у 18 гадоў. Аднак яе першы трэнер быў не супраць нават такой узроставай спартсменкі: Балыкіна была працаздольнай, любіла бароцца і змагла дасягнуць значных поспехаў.

юлія балыкіна бег, забойства юлія балыкіна
Юлія Балыкіна на адным са стартаў.

У сярэдзіне 2000-х яна перабралася ў Беларусь. У Мінску працягнула займацца лёгкай атлетыкай, неаднаразова перамагала на стартах. У 2012 годзе Балыкіна паехала на Алімпійскія гульні ў Лондан, дзе прадстаўляла беларускую лёгкаатлетычную зборную. Значных поспехаў на міжнароднай арэне яна не дамаглася, але працягвала складваць канкурэнцыю сваіх саперніцам.

У 2013 годзе Балыкіну дыскваліфікавалі на два гады: яна праваліла допінг-тэст, у яе крыві знайшлі забароненыя рэчывы. Але спартсменка вырашыла скончыць сваю прафесійную кар’еру і паспрабаваць сябе як трэнера. Так, за год да інцыдэнту, яна стала дзіцячым трэнерам у школе алімпійскага рэзерву.

Знаёмства і каханне з тым, хто заб’е

Прыкладна ў той жа час яна пазнаёмілася праз інтэрнэт з Дзмітрыем Вішталюком, маладым хлопцам з Расіі, які на той час жыў у Беларусі. Яны хутка пачалі сустракацца, моцна закахаліся адзін у аднаго. З часам яны пачалі жыць разам, аднак праз паўгода пасварыліся. Сварка адбылася з-за таго, што Юлія пазычыла Дзмітрыю грошы на пакупку аўтамабілю, але ён тыя грошы своечасова не аддаў.

Аднак тая сварка ўсё роўна не перашкодзіла ім камунікаваць. У кастрычніку 2015 года Вішталюк рабіў у кватэры Юліі рамонт — пры чым, за грошы. Напрыканцы таго месяца, 28 кастрычніка, Балыкіну ў апошні раз бачылі на працы — пасля яе жанчына знікла.

Яе пачалі шукаць амаль адразу. Ужо праз некалькі дзён пасля знікнення, калі жанчыну працягвалі шукаць валанцёры, следчыя заявілі: «Юлію Балыкіну, магчыма, забілі». На той час, напачатку лістапада, ужо быў затрыманы падазраваны — яго імя не фігуравала ў прэсе, а агляды кватэры і асабістага аўтамабілю пацвярджалі крымінальны след у знікненні алімпійскай спартсменкі.

Дзмітрый Вішталюк у судзе, забойства Юліі Балыкінай
Дзмітрый Вішталюк у судзе. Фота: kp.by

Цела жанчыны знайшлі праз амаль тры тыдні — 16 лістапада. Забітую жанчыну знайшлі міліцыянеры ў лесе ў Смалявіцкім раёне. Яе цела было абгорнутае ў цэлафан, схаванае ў моху. У той жа дзень абвінавачванне прад’явілі знаёмаму Балыкінай — 27-гадоваму Дзмітрыю Вішталюку.

Чаму ён забіў былую спартсменку і сваю дзяўчыну? Пра гэта Вішталюк расказаў і следчым, і падчас судовага працэсу.

Забойства, арышт і суд

Увечары 28 кастрычніка 2015 года Дзмітрый прыехаў у кватэру Балыкінай, каб працягнуць рамонт. Ён спазніўся на гадзіну, але ўсё роўна хацеў працягнуць рамантаваць кватэру. Ён пераапрануўся, пайшоў у ванную, дзе пачаў разбіраць столю. Падчас працы частка столі абарвалася, тады да яго прыйшла Юлія Балыкіна, якая тады была ў кватэры.

Яна прыйшла ў ванну пагутарыць з Вішталюком. Той расказваў, што жанчына пачала скардзіцца на сам рамонт і на яго, бо той нібыта нічога нармальна не можа зрабіць. Неўзабаве яна перайшла на асабістыя тэмы — якія, мужчына так і не ўдакладніў.

Падчас сваркі Вішталюк стаяў на табурэце з малатком у руцэ. Ён развярнуўся да Балыкінай — і пачаў біць ім ёй па галаве. Дзмітрый помніў толькі некалькі ўдараў… Пазней высветлілася, што мужчына ўдарыў Юлію дванаццаць разоў, з іх адзінаццаць трапілі ў галаву.

Падчас судовых пасяджэнняў Вішталюк казаў, што не можа патлумачыць сваіх дзеянняў. Пасля таго, як забіў Балыкіну, ён узяў ключы ад яе машыны і пайшоў за наркотыкамі. Вядома, што ён купіў два грамы гашышу, паспеў частку ўжыць, а потым вярнуўся ў кватэру.

Дзмітрый Вішталюк, забойства спартсменкі юліі балыкінай
Дзмітрый Вішталюк у судзе.

У кватэры ён забраў залатыя ўпрыгожванні жанчыны, яе тэлефон. Малаток адмыў ад крыві і пакінуў у доме. Калі ў кватэры пачыналі рабіць рамонт, то частку мэблі абгарнулі ў цэлафан. Дзмітрый узяў цэлафанавую плёнку з абгорнутай канапы, завярнуў у плёнку цела забітай і зацягнуў яго ў машыну. З Мінска ён паехаў у напрамку Лагойска, адтуль — да Смалявічаў. Непадалёк ад чыгуначнай станцыі пакінуў аўтамабіль, а сам паехаў у Мінск на электрычцы.

Праз два дні ён вярнуўся ў Смалявічы. Там пачаў шукаць месца, дзе схаваць труп. Такім месцам стаў лес ля вёсцы Старыны. Ён выгрузіў цела з аўтамабілю, кінуў у лесе, папярэдне закідаўшы яго мохам і галінкамі. На машыне Былакінай ён паехаў у Жодзіна. Там і пакінуў аўто, а сам зноў паехаў у Мінск. Дарэчы, узятае золата забітай ён пакінуў на сметніку ля дома забітай каханкі.

Там жа, каля дома Балыкінай, яго і затрымалі міліцыянеры. Прыкладна адразу Вішталюк прызнаўся ў забойстве. Аднак ён ніколі не казаў сілавікам, дзе схаваў цела. Ім прыйшлося шукаць яго самім. У судзе Вішталюк так і не змог патлумачыць, чаму не прызнаўся ў тым, дзе пакінуў забітую Юлію Балыкіну.

забойства юліі балыкінай, вішталюк забіў балыкіну

Маці забітай Юліі прасіла суд аб смяротным пакаранні Вішталюка: «Што чакае мяне без дачкі — смерць, ён забіў не яе адну, ён забіў нас усіх».

27 чэрвеня 2016 года Дзмітрыю Вішталюку прысудзілі 23 гады пазбаўлення волі за забойства Юліі Балыкінай.

Вярнуцца ўгару