Now Reading
Ад вяселляў да крадзяжу рэчаў у дзеўчын. Дзве калядныя гульні беларусаў

Ад вяселляў да крадзяжу рэчаў у дзеўчын. Дзве калядныя гульні беларусаў

калядныя гульні беларусаў, каляды ў беларусі

Каляды можна правесці весела ў кампаніі сяброў, а яшчэ і ў беларускай традыцыі. Гэта не так складана, калі пагуляць у дзве традыцыйныя калядныя гульні: «Жаніцьба Цярэшкі» і «Яшчар». Тым больш, што зусім хутка год Цмока, а пагуляцца ў Яшчара будзе супер ідэяй.

PALATNO расказвае, якія гульні ладзілі продкі беларусаў на Каляды.

«Жаніцьба Цярэшкі»

Самая распаўсюджаная гульня ў продкаў беларусаў – «Жаніцьба Цярэшкі» ці «Цярэшка». Асабліва гэта гульня была пашырана на тэрыторыі Полаччыны.

Цярэшка быў міфічным персанажам. Так назвалі драўлянага хлопчыка-ляльку, які ажыў у бяздзетных бацькоў у адной з казак. У міфічным паданні пра вёску Цярэшкі на Вілейшчыне Цярэшка быў заснавальнікам гэтай вёскі. Дарэчы, вёска Цярэшка ёсць на Лепельшчыне.

Гульня «Цярэшка» была своеасаблівай тэатральнай дзеяй з элементамі тэатра, спеваў, танцаў. Гэта было рэпетыцыяй вяселляў для моладзі і давала магчымасць пазнаёміцца дзяўчатам і хлопцам. І нават знайсці сабе пару.

Як праходзіла гульня. Са старэйшых удзельнікаў гульні выбіралі «бацьку» і «маці», якія сачылі за агульным вяселлем і частаваннем. Старэйшыя падгаворвалі маладых людзей хутчэй выбіраць сабе пару. У гульне павінны ўдзельнічаць усе прысутныя. Хлопцы маглі захапіць дзяўчыну ўгаворамі ці надзець ёй на галаву сваю шапку. Калі дзяўчына пагаджалася застацца ў шапцы хлопца, то яна так давала згоду на тое, каб быць у пары з ім. Потым пара падыходзіла да «бацькі» з «маці» і атрымлівала іх бласлаўленне. Бывала такое, што дзяўчына скідвала шапку і ўцякала ад хлопца – ён мог паспрабаваць пасадзіць яе побач з сабой сілай.

Гульня заканчвалася за поўнач. Дзеўчын праводзілі дадому іх новыя «мужы». Многія пары, якія «жаніліся» на «Цярэшку», часта спраўлялі сапраўдныя вяселлі.

«Яшчар»

Нашы продкі захавалі не так шмат паданняў пра Яшчара, як, напрыклад, пра Змея. Аднак у беларускай традыцыі засталася цікавая калядная гульня, якая называлася «Яшчар». Ва ўяўленні нашых продкаў калядны час быў часам панавання Яшчара.

Як праходзіла гульня. Падчас гульні спявалі пра Яшчара, які сядзіць у арэхавым кусце – продкі беларусаў лічылі, што менавіта там жыла гэта істота. У песні спявалі, што Яшчар сядзіць у кусце як кароль на залатым крэсле і выбірае сабе жонку. Гэтым Яшчарам быў хлопец, якога садзілі ў цэнтр карагода: ён рабіў розныя грымасы і адбіраў у дзяўчат іх асабістыя рэчы. Дзяўчаты па чарзе падыходзілі да хлопца-яшчара і выпрошвалі іх, а хлопец смяшыў дзеўчын. Каля дзяўчыны смяяліся, то ім не аддавалі рэчы. Хлопец-яшчар аддаваў рэчы толькі тады, калі дзяўчына не смяялася. А часам трэба выконваць розныя загады «Яшчара».

Вярнуцца ўгару