Now Reading
Капыль: месца сілы пяці беларускіх літаратараў

Капыль: месца сілы пяці беларускіх літаратараў

копыль, гісторыя копыля

Ці шмат мы ведаем пра мясціны, дзе жывём? Так здараецца, што нават непрыкметныя мястэчкі могуць стаць месцам сілы для шэрагу значных у літаратуры фігур. У іх нараджаюцца, жывуць, пра іх пішуць амбітныя творцы. Спрабуем намацаць сувязі малой радзімы і пісьменнікаў на прыкладзе Капыля.

Класік. Цішка Гартны

Зміцер Жылуновіч і Цішка Гартны — гэта адзін чалавек. Нарадзіўся ў 1887 годзе ў Капылі, меў амбіцыі ў многіх сферах. Першы «пралетарскі» паэт у нашай літаратуры, як трапна акрэсліў яго Максім Гарэцкі, дэбютаваў у «Нашай Ніве» ў канцы 1908 года.

Зміцер Жылуновіч. Фота: Вікіпедыя

А ў 1914 годзе Гартны літаральна ўзваліў на сябе адказную місію — узяўся пісаць першы беларускі раман. Тады такое было ў модзе — першая беларуская паэма, першая беларуская п’еса. Прыкладам, Янка Купала ўлетку 1912 года напісаў «Паўлінку» — драматычны твор, які стаў першым і ў бібліяграфіі класіка, і ва ўласна беларускай драматургіі.

Па задуме Гартнага, першым сапраўдным беларускім раманам павінны былі стаць «Сокі цаліны» — грандыёзны твор, які пісаўся 15 гадоў і складаўся з чатырох «квадраў». Кожная такая квадра — кніга, якую можна чытаць асобна.

Урыўкі першай часткі «Сокаў цаліны» на старонках газеты «Дзянніца», 1916. Фота: knihi.com

Завязка рамана адбываецца ў Сілцах — мястэчку, пад якім лёгка пазнаецца Капыль. Ды і ў галоўным героі Рыгоры Нязвычным бачныя аўтабіяграфічныя ноткі. Таму каб паглядзець на тое, як жылі нашы продкі сто гадоў таму, варта ўзяць гэтую кнігу. Тым больш што сучаснікі Жылуновіча сустрэлі раман прыхільна.

Сёння раман «Сокі цаліны» не асабліва папулярны. А дарма, бо шмат у чым гэты мастацкі твор нагадвае серыял, дзе адлюстраваныя самыя дробныя дэталі тагачаснага жыцця, багатага на падзеі. Але дзеянне часам разгортваецца настолькі павольна, што не пакідае адчуванне: аўтар наўмысна тармозіць хаду падзей, каб пабольшыць аб’ём.

Зміцер Жылуновіч з сям’ёй у 1920-я гады. Фота: nlb.by

У 1920-я гады Зміцер Жылуновіч быў ужо прызнаным аўтарам. За крыху болей чым дзесяць гадоў ён зрабіў узорную кар’еру палітыка, літаратара і грамадскага дзеяча. Беларускі паэт маладзейшага пакалення Сяргей Грахоўскі прыгадваў: «Памятаю той час, калі наша літаратура трымалася на трох „кітах“: Купала, Колас і Цішка Гартны».

Жылуновіч тады працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага выдавецтва. І ў гэты час шмат дапамагаў маладым аўтарам, найперш землякам. Падказваў, дзе можна надрукавацца ў перыёдыцы, выпісваў ганарары за яшчэ нявыдадзеныя кнігі, часам і проста даваў грошы.

А ўжо ў 1930-я гады яго лёс складзецца трагічна. Жылуновіч зведае чыстку, будзе вымушаны працаваць на заводзе, потым яго наогул арыштуюць і давядуць да вар’яцтва. У 1937 годзе скончыць жыццё самагубствам у магілёўскай вар’ятні.

Марыніст. Алесь Гурло

У пачатку мінулага стагоддзя беларусы, як і цяпер, выпраўляліся з родных мясцін у пошуках лепшай долі. Хтосьці рабіў гэта вымушана, бо не бачыў ніякіх перспектыў дома, нехта шукаў прыгод праз авантурны характар.

Асноўнымі месцамі, дзе ўтварыліся вялікія беларускія супольнасці, сталі буйныя гарады: Кіеў, Масква, Санкт-Пецярбург. Гучыць фантастычна, але ў сталіцы Расійскай імперыі дык наогул віравала беларускае жыццё. Мяркуючы па карэспандэнцыях, якія прыходзілі адтуль у віленскую рэдакцыю «Нашай Нівы», беларусы зусім не забываліся на сваю культуру на чужыне.

Адным з тых, хто пісаў у «першую беларускую газэту з рысункамі», быў Алесь Гурло. Троху маладзейшы за Жылуновіча, нарадзіўся паэт ў 1892 годзе, быў таксама з Капыля. А пасябравалі яны ў мясцовым вучылішчы. Там Гурло зацікавіўся паэзіяй, якая стане справай яго жыцця.

Адам Бабарэка, Алесь Гурло, Анатоль Вольны ў 1920-я гады. Фота: nlb.by

Сам паэт потым прыгадваў:

«Пазней сярод старэйшых вучняў згуртавалася грамадка хлапцоў, якія спрабавалі пёрлы ў пісанні вершаў. Сярод іх быў і Цішка Гартны. Мы, падлеткі, гэта ведалі, бо вершы перапісваліся і хадзілі з класа ў клас, з аддзялення ў аддзяленне, з рук у рукі, чыталіся і перачытваліся, а здаралася, што траплялі ў рукі настаўніка, які часам не дужа хваліў іх змест».

Алесь Гурло служыў на Балтыйскім флоце, таму не дзіва, што ў яго вершах прысутнічае марская тэма. Браў удзел у Першай сусветнай вайне, а потым нават удзельнічаў у штурме Зімняга палаца — гэтыя эпізоды таксама адлюстраваныя ў творчасці. У 20-я яго кар’ера ў Мінску ішла ў гару: быў сябрам літаратурных аб’яднанняў, выдаваў кніжкі паэзіі, працаваў у Наркамаце асветы БССР і Акадэміі навук.

Фатальным для яго стаў пачатак 30-х гадоў, калі пачаліся рэпрэсіі супраць беларускай інтэлігенцыі. Спачатку яго адправілі ў высылку, а потым былі вяртанне на радзіму, маргінэз і заўчасная смерць у 1938 годзе. Віны сваёй ён так і не прызнаў.

Дзівак. Сяргей Астрэйка

Сяргей Астрэйка — дзівак-чалавек, якому пратэкцыю зрабіў Зміцер Жылуновіч. Нарадзіўся гэты паэт ў Каласоўшчыне ў 1912 годзе. Першую адукацыю атрымаў у капыльскай сямігодцы, а потым паступіў у Мінскі беларускі педагагічны тэхнікум, дзе вучыліся многія вядомыя ў будучым беларускія дзеячы.

Сяргей Астрэйка ў высылцы, 1935 год. Фота: Вікіпедыя

Здольны да навук хлопец знаходзіў час і на вучобу, і на чытанне літаратуры. Дзякуючы намаганням Змітра Жылуновіча, трапіў з першымі вершамі ў 1928 годзе на старонкі «Чырвонай змены», а потым за пяць гадоў стаў сапраўднай літаратурнай зоркай.

Чаму дзівак? Бо і пісаў, і паводзіў сябе экстравагантна. Яго вершы дзякуючы своеасаблівай лексіцы і цяпер зразумее далёка не кожны, а далёкі ад беларушчыны чалавек дык і пагатоў. Прыкладам, адзін з вершаў паэта называецца «Прошвы пэўнасьці», а ці не самая вядомая паэма завецца «Смарагды кроз».

Пасля прыезду Рабіндраната Тагора ў Мінск Астрэйка настолькі захапіўся тэмай змагання за незалежнасць, што напісаў паэму «Бенгалія». Кажуць, яе ўхваліў сам Янка Купала, які ў Доме Літаратара меў магчымасць паслухаць фрагменты ў выкананні аўтара. Астрэйка, які пачынаў з пейзажнай лірыкі і відавочна натхняўся роднай Капыльшчынай, тут ужо ўзяўся за больш шырокую тэму — пераасэнсаваў лёс бацькаўшчыны, якая аказалася падзеленай у выніку Рыжскага міру. Паўплывала на гэта і геаграфічная прывязка — малая радзіма паэта знаходзілася непадалёк ад тагачаснай польска-савецкай мяжы.

Паводзіўся Сяргей Астрэйка таксама экстравагантна — калі ў 1930 годзе пачалася справа Саюза вызвалення Беларусі, паэт начапіў значок «Саюз ваяўнічых бязбожнікаў», абрэвіятура якога была таксама СВБ, і дэманстратыўна хадзіў з ім па Менску.

У пачатку 1933 яго арыштуюць, прысудзяць да высылкі ў горад Ірбіт, а потым расстраляюць у верасні 1937 года. Пры жыцці так і не выйшла аніводнай кнігі гэтага адметнага паэта. Кніга з творамі Сяргея Астрэйкі пад назвай «Змарагды кроз» пабачыла свет у 2021 годзе ў выдавецтве «Галіяфы».

Крытык. Адам Бабарэка

Адам Бабарэка быў, як і многія літаратары, з сялянскай сям’і, але меў добрую адукацыю. Нарадзіўся ў 1899 годзе, таму паспеў скончыць Мінскую духоўную семінарыю, а потым адвучыўся на этнолага-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Далёка не кожны выхадзец з сялян меў такі інтэлектуальны багаж за плячыма ў той час. Публікавацца пачаў у пачатку 20-х гадоў.

З землякамі ў яго былі розныя адносіны — таварыскія з Кузьмом Чорным, нацягнутыя са Змітром Жылуновічам. Бабарэка не выпадкова аказаўся ў 1926 годзе ва «Узвышшы» пасля таго, як распаўся «Маладняк». Бо быў схільны да глыбокіх роздумаў і самарэфлексіі, аб чым сведчаць яго дзённікі і запісныя кніжкі, якія і назвы маюць часам красамоўныя: «Развагі вольным часам» або «Запіскі выгнанца». Літаратурнае аб’яднанне з такой узнёслай назвай само па сабе падыходзіць для літаратара падобнага складу.

Адам Бабарэка быў уедлівым чытачом і пільным крытыкам. Такія людзі — штучныя экзэмпляры ў любой культуры. Да творчасці Змітра Жылуновіча ён ставіўся скептычна, бо лічыў яе даволі павярхоўнай, а самога класіка — надта прэтэнцыёзным. Цішка Гартны і праўда часам любіў самалюбаванне, бо быў першым у беларускай літаратуры «пралетарскім паэтам». Такім ён бачыў сябе сам, такім лічыў яго і Максім Гарэцкі.

Іх варажнеча дасягнула апагею ў 1927 годзе, калі паўстала яшчэ адно літаратурнае аб’яднанне — «Полымя», якое згуртавалася вакол часопіса з такой самай назвай. Выданне ўзнікла яшчэ ў снежні 1922 года, але першыя дзесяць гадоў у яго не было рэдактара — кіравалі літаратурным працэсам калегіяльна. У рэдкалегіі былі знаныя людзі таго часу: Якуб Колас, Янка Купала, Міхась Зарэцкі ды многія іншыя. А за ўсім гэтым стаяў Жылуновіч, бо быў ініцыятарам выдання часопіса і стварэння літаратурнага аб’яднання.

Сябры літаратурнага аб’яднання «Полымя». Сядзяць: Якуб Колас, Цішка Гартны, Янка Купала, Міхась Чарот, Васіль Сташэўскі. Стаяць: Алесь Ляжневіч, Міхайла Грамыка, Уладзіслаў Галубок, Міхась Зарэцкі, Анатоль Вольны, Алесь Дудар, Алесь Гурло. Мінск, 1928 год. Фота: Вікіпедыя

Пасля з’яўлення «Узвышша» частка былых «маладнякоўцаў», якія былі ў супрацьстаянні з «узвышэнцамі», далучыліся да «Полымя». Сярод іх — Міхась Чарот і Алесь Дудар. Паміж былымі сябрамі і аднадумцамі разгарнулася палкая барацьба за першынство ў беларускай літаратуры.

Літаратурнае згуртаванне «Узвышша». У першым шэрагу злева направа: Язэп Пушча, Адам Бабарэка, Уладзімір Дубоўка, Кузьма Чорны, Кандрат Крапіва. У другім шэрагу: Максім Лужанін, Сяргей Дарожны, Антон Адамовіч, Тодар Кляшторны, Змітрок Бядуля, Уладзімір Жылка, Васіль Шашалевіч, Пятро Глебка. Мінск, 1928 год. Фота: Вікіпедыя

Захаваўся артыкул, які быў напісаны ў пачатку 1928 года, дзе Бабарэка спрабуе разабрацца: а для чаго наогул патрэбнае тое «Полымя». Бачна, што крытык хоча хаця б неяк падступіцца, знайсці зачэпку, прычыну для канфлікту, каб яго абгрунтаваць належным чынам.

Яно і не дзіва — калі ў Мінск заязджаў Уладзімір Маякоўскі, Адам Бабарэка напісаў крытычны артыкул, дзе даволі рэзка выказаўся пра паэта. У той час ён мог сабе такое дазволіць, бо быў прызнаным у літаратурным працэсе крытыкам. Але ў пачатку 30-х яго арыштавалі, выслалі з Беларусі, а ў 1938 годзе расстралялі.

Пры жыцці выйшла адна кніга мастацкай прозы Адама Бабарэкі, якая называецца «Апавяданні».

Раманіст. Кузьма Чорны

Мікалай Раманоўскі — самы спакойны персанаж з нашай падборкі. Нарадзіўся ў Лапацічах, але рос і пачатковую адукацыю атрымаў у Цімкавічах, што на гістарычнай Капыльшчыне. Ад 1923 года жыў і вучыўся ў Мінску, дзе і дэбютаваў на старонках «Савецкай Беларусі» з невялікім апавяданнем, якое падпісаў псеўданімам Кузьма Чорны.

Потым далучыўся да «Маладняку» — першага беларускага літаратурнага аб’яднання, якое ўзнікла ўвосень таго ж 1923 года. Але праз тры гады разам з Адам Бабарэкам ды іншымі пакінуў яго — перайшоў ва «Узвышша». Там збіраліся літаратары, якім хацелася чагосьці большага, чым проста пісаць аднатыпныя агіткі на патрэбу часу.

Літаратурнае аб’яднанне «Маладняк» узору 24-25 гадоў. Кузьма Чорны стаіць першы справа. Фота: Вікіпедыя

Калі паглядзець на бібліяграфію Кузьмы Чорнага, то дзіву даешся, як ён усё паспяваў. У 20-я гады адна за другой выходзілі кнігі прозы, хай сабе і невялікія па аб’ёме, затое грунтоўныя па змесце. Часу хапала і на сваю творчасць, і на тое, каб дапамагаць маладым. У 1928 годзе з яго падачы дэбютаваў у друку яшчэ адзін празаік — Лукаш Калюга. Ён хутка стаў папулярным аўтарам, мог бы стаць і класікам, калі б у 30-я гады яго не рэпрэсіравалі.

Кузьма Чорны ад пачатку паставіў сабе амбітную мэту — напісаць «раман стагоддзя». Прычым, як можна было б памылкова падумаць, ён не збіраўся пісаць шматтомную эпапею на тысячу старонак, як тое зрабіў ягоны зямляк Цішка Гартны. Усе раманы Кузьмы Чорнага так ці іначай укладаюцца ў еўрапейскі фармат — прыемнае і неназойлівае чытво на пару соцень старонак, якія можна адолець за некалькі вечароў. Пры гэтым проза Чорнага, як мінімум, прымушае задумацца аб сваім месцы ў жыцці.

Асноўная ідэя твораў Чорнага — зямля. Мець уласны лапік зямлі, які будзе належаць толькі табе і нікому больш. Надта «дробнабуржуазна» для камуністычнай ідэалогіі нават па тых часах. Прычым родныя Цімкавічы былі для яго не проста правобразам, але і сродкам натхнення. У сваім дзённіку, які напісаў у апошні год жыцця, Чорны прызнаваўся:

«Там жывуць усе мае персанажы. Усе дарогі, пейзажы, дрэвы, хаты, чалавечыя натуры, пра якія я калі-небудзь пісаў. Гэта ўсё адтуль, сапраўднае».

Таму, калі чытаеш яго «Пошукі будучыні», «Трэцяе пакаленне», «Лявона Бушмара» або нават невялікія апавяданні, трэба трымаць у галаве, чым натхняўся пісьменнік пры іх напісанні. Выпадае хіба што знакамітая «Сястра», якая ў значнай ступені прысвечаная Мінску 20-х гадоў.

У адрозненні ад папярэдніх герояў, лёс Кузьмы Чорнага складзецца не так трагічна. Яго арыштуюць у другой палове 30-х гадоў і на 8 месяцаў кінуць за краты. Там пісьменніка будуць чакаць катаванні і здзекі, якія ён потым дэталёва распіша ў тым самым дзённіку. Гэта будзе першая згадка ў беларускай літаратуры савецкай пары аб турэмных катаваннях:

«У яжоўскай турме ў Менску ўвосень 1938 г. мяне саджалі на кол, білі вялікім жалезным ключом па галаве і палівалі збітае месца халоднай вадой, паднімалі і кідалі на рэйку, білі паленам па голым жываце, устаўлялі ў вушы папяровыя трубы і раўлі ў іх на ўсё горла, уганялі ў камеру з пацукамі, але рук у кайданы не замыкалі».

Карціна «Янка Купала і Кузьма Чорны ў Печышчах у 1942 годзе». Аўтар — Хаім Ліўшыц, 1963 год. Фота: nlb.by

Можна, вядома, прыгадаць вядомую аповесць «У капцюрох ГПУ» Францішка Аляхновіча, якая была апублікаваная ў Вільні ў 1933 годзе, калі пісьменнік трапіў у Заходнюю Беларусь у выніку абмену на Браніслава Тарашкевіча. Але фактычна да беларускага чытача яна дайшла нашмат пазней — калі ўжо ў незалежнай Беларусі яе выдалі ў пачатку 90-х гадоў. Пра тое, што адбылося з Кузьмой Чорным у канцы 30-х гадоў, было вядома яшчэ за савецкім часам. Неўзабаве яго выпусцяць, але здароўе пісьменніка ўжо будзе незваротна падарванае — у 1944 годзе ён пойдзе з жыцця ва ўзросце 44 гадоў. Чорны будзе адзіным са згаданай кампаніі літаратараў, хто памрэ заўчасна, але хаця б сваёй смерцю.

Вярнуцца ўгару