Чмурак, мармысь, хавбы і саслаўкі. Расказваем пра катрушніцкі лемезень — таемную мову з Дрыбіна

шапавалы, лемезень

Хліць — гэта значыць ісці ці цячы. Бакштэй — гэта бацька, а жбаха — жонка. Так больш за сто гадоў таму размаўлялі на Дрыбіншчыне мясцовыя шапавалы. У іх была таемная мова, якую не ведалі нават іх родныя. Яны выкарыстоўвалі яе толькі на працы, калі на некалькі месяцаў сыходзілі з дому рабіць людзям шапкі і валёнкі.

PALATNO расказвае пра таемную мову дрыбінскіх шапавалаў.

Хто такія дрыбінскія шапавалы

Першым даследчыкам катрушніцкага лемезня — так называлі сваю мову дрыбінскія шапавалы — быў Еўдакім Раманаў. У 1899 годзе ён пабываў у Дрыбіне, дзе сабраў маленькі слоўнік катрушніцкага лемезня, а таксама спрабаваў даведацца гісторыю і мовы, і саміх шапавалаў.

Еўдакім Раманавіч Раманаў — беларускі этнограф, фалькларыст і археолаг. Нарадзіўся ў 1855 годзе ў Нова-Беліцы ў Магілёўскай губерні. Працаваў настаўнікам, быў інспектарам народных вучылішчаў. Раманаў спалучаў педагагічную дзейнасць з этнаграфічнай. Збіраў творы вусна-паэтычнай творчасці і даследаваў культуру і быт беларускага народа. Памёр у 1922 годзе ў Стаўрапалі.

На канец XIX стагоддзя Дрыбін быў невялікім мястэчкам. Там жылі каля тысячы чалавек: палова іўдзеяў, палова хрысціян. Большасць была сялянамі, нязначная частка — мясцовыя чыноўнікі і святары. У апісанні жыцця мястэчка Раманаў падкрэслівае, што тэрыторыя, на якой стаяў Дрыбін, была не вельмі прыдатнай для сельскай гаспадаркі. Па яго словах, пасля адмены прыгоннага права большасць сялян адмовілася ад надзелаў. Ад гэтага дрыбінскія сяляне прыйшлі да заняткаў рамёствамі. А менавіта — да шапавальства.

Дакладна невядома, калі ў Дрыбіне пачалі займацца шапавальствам. У кнізе «Опыт описания Могилёвской губернии» Сіманоўскі пісаў, што гэты промысел узнік у 1830-я гады па ініцыятыве мясцовага памешчыка Атона Ціханавецкага. Дрыбінскі гісторыка-этнаграфічны музей расказвае яшчэ адну версію: згодна з ёй, памешчык запрашаў у гэтыя мясціны ўсіх ахвотных — частка з тых, хто прыехаў, і займалася шапавальствам. Пасля паездкі ў Дрыбін Раманаў лічыў, што шапавальствам займаліся значна даўней.

Пад канец XIX стагоддзя шапавальства стала сезонным заняткам. Працоўны сезон быў восенню і зімой. Сяляне заканчвалі сваю працу і займаліся стрыжкай авечак у канцы жніўня. У верасні дрыбінскія шапавалы бралі торбы з інструментамі, збіраліся ў групы да дзесяці чалавек і ехалі ў загадзя выбраны павет. Калі яны дабіраліся да прызначанага пункта, то ўжо там разбіваліся з вялікай групы па два чалавекі і разыходзіліся па вёсках і мястэчках. Часцей за ўсё абіралі Магілёўскую, Мінскую, Чарнігаўскую, Смаленскую і Арлоўскую губерні.

Шапавалы рабілі магеркі (шапкі) і валёнкі. Праца для іх знаходзілася амаль у кожнай вёсцы. Заказчык даваў шапавалам месца для начлегу на час, які ім быў патрэбны для работы. Яны таксама елі разам з гаспадарамі. Раманаў адзначаў, што алкаголь падчас працы шапавалы не ўжывалі.

За адну шапку яны зараблялі 5-7 капеек, за двухрадковую магерку — 10, хамутны лямец каштаваў 15-20 капеек, а валёнкі — 30-40. За два з паловай месяцы шапавалы зараблялі 40-60 рублёў на дваіх. Першы восеньскі працоўны перыяд лічыўся самым галоўным і прыбытковым. Ён доўжыўся каля двух з паловай месяцаў. Дадому шапавалы вярталіся да Калядаў.

Калі ў гэты перыяд не атрымоўвалася зарабіць шмат, то шапавалы адпраўляліся на дадатковую падпрацоўку перад Масленіцай і вярталіся да Вялікадня. У гэты час зараблялі да 40 рублёў на дваіх.

Трэці раз шапавалы сыходзілі на заробкі ў сярэдзіне мая і вярталіся ў першай палове ліпеня. За гэты час атрымлівалі каля 30 рублёў на дваіх. Гэта значна менш, чым у папярэднія перыяды, бо сыходзілі яны на непрацяглы час і ахоплівалі невялікі рэгіён.

Частка шапавалаў, напрыклад, магла прапускаць перыяд перад Вялікаднем, і выходзіць на сезонную работу толькі восенню і летам. Пры спрыяльных умовах двое шапавалаў маглі зарабіць за год каля 130 рублёў.

У сваім даследаванні Раманаў адзначае, што ў шапавалаў была добрая рэпутацыя. Яны не кралі ў людзей, якія пускалі іх да сябе на час працы, а таксама не ашуквалі сваіх кліентаў.

«Беларусский мужик объясняет эту честность стремлением шаповалов приобрести хорошую репутацию в глазах заказчиков, при которой, по условиям работы, только и можно надеяться на получение заказов. Если это объяснение близко к истине, тогда легко допустить существование в среде шаповалов особого, неписанного, конечного, кодекса, регламентирующего поведение и взаимные отношения ремесленников», — пісаў Раманаў.

Даследчык лічыў, што ў шапавалаў маглі быць так званыя старасты, якія пільнавалі, каб усе дакладна выконвалі правілы. Аднак Раманаў схіляўся да таго, што бяднота і цяжкае жыццё шапавалаў зрабілі іх больш ашчаднымі і сумленнымі.

Катрушніцкі лемезень

У дрыбінскіх шапавалаў была свая мова, якая лічылася таемнай — яны не карысталіся ёй нават дома з роднымі.

Катрушніцкаму лемезеню шапавалы вучыліся ад дзядоў і прадзедаў. На гэтай мове яны размаўлялі ў іншых мястэчках падчас працы. Але ніколі — у сваіх родных мясцінах.

І гэтаму ёсць некалькі прычын. Раманаў называе дзве:

  • Шапавалы не хацелі, каб іх мову прафанавалі;
  • Шапавалы хавалі яе ад яўэрэяў, бо нібыта баяліся, што тыя могуць праз яе эксплуатаваць шапавалаў.

Раманаў адзначаў, што большасць слоў катрушніцкага лемезня — запазычаныя з беларускай мовы з прыбаўленнем прыставак «ку», «шу» і «с». У некаторых словах перастаўляліся склады, а ў іншых змяняліся канчаткі з дабаўленнем новага суфікса. Сярод слоў з катрушніцкага лемезня Раманаў сустрэў літоўскія, нямецкія, яўрэйскія, грэцкія і лацінскія карэнні.

Сваіх скланенняў, спражэнняў, прыназоўнікаў і злучнікаў у лемезня няма: выкарыстоўваюцца па тыпу, як у беларускай мове.

Слоўнік

Даследчык Еўдакім Раманаў запісаў невялічкі слоўнік катрушніцкага лемезня ў 1889 годзе. Ён размаўляў з селянінам Якавам Леонавым. Дзякуючы яму Раманаў змог запісаць 372 словы, што абазначаюць людзей, часткі цела, пабудовы, посуд і іншае.

Пасля даследаванняў Раманава колькасць слоў ва ўмоўным слоўніку катрушніцкага лемезня павялічылася да тысячы слоў.

Фізічныя і атмасферныя з’явы, часткі сушы і вады

Дождж — трухне́й
Снег і мароз — сиво́р
Зіма — сиво́рка
Вясна — шу́весна
Лета — ку́лета
Месяц — шу́месец
Год — шу́год
Тыдзень — дэ́ўшница
Суткі — ку́сутки
Дзень — ку́день
Ноч — ки́мка
Частка — ву́чась, ку́годзина
Вечар — шувечар
Поўдзень — лухтовина кудня
Поўнач — лухтовина кимки
Сонца — свянка
Агонь — дуля́с
Вада — суга́
Рака — суга́ хляць (літаральна — вада ідзе)
Возера — суга́ стычи́ць (літаральна — вада стаіць)
Балота — шало́то
Поле — три́поле
Зямля — цыр
Гара — шу́гара
Яма — шу́йма
Камень — шу́камень
Жалеза — куе́зо
Медзь — шедь

Прадметы духоўныя

Бог — ахве́сть
Чорт — шесть

Людзі

Людзі — ку́люди
Чалавек — ку́человек
Дзед — шкрэд
Старык — яро́х
Старая — яру́ха
Бацька — бакштэ́й
Матка — бакштэ́йка
Брат — збран
Сястра — збрано́вка
Сын — зви́нчык
Дачка, дзяўчына — ши́хта
Хлопчык — хве́дзень
Немаўля — хваднёнок
Муж, мужчына — жбан
Жонка, жанчына — жба́ха
Жаніх — драпялу́н
Нявеста — драпялу́ха
Чыноўнік, пан, барын — ковре́й
Паня, барыня — ковраи́ха
Поп — косе́й
Пападдзя — косе́йха
Мужык, селянін — куж
Сялянка — кужовка
Цыган — юга́н
Цыганка — юга́нка
Яўрэй — кудла́й
Яўрэйка — кудла́йка
Жаўнер — кату́з
Кравец — шне́йдзер
Шапавал — катру́шник
Шавец — ку́шавець
П’яніца — оке́русь
Злодзей — косту́сь
Канакрад — нолото́вник
Дурань — чмура́к
Сляпы — няуляпка
Жабрак — любицень
Бядняк — кухта́
Багач — стод
Ведзьма — шкре́дзьма
Вядзьмак, знахар — шкредзьмак

Жывёлы

Конь — во́лоть
Кабыла — волоци́ха
Жарабё — волоцёнов
Карава — явлы́да
Цялё — явлыдзёнок
Баран — мархлю́н
Свіння — керха
Дзік — кяршу́́к
Парасё — кяршо́вок
Каза — свя́кша
Казёл — свякшу́н
Казлянё — свякшо́нов
Сабака — ски́л
Сука — скили́ха
Шчанё — скиленов
Кот — моце́нь
Воўк — лынь
Ваўчыца — лыниха
Ваўчанё — лынёнок
Мядзведзь — мармы́сь
Мядзведзіца — мармыси́ха
Медзведзянё — мармысенок
Гусь — гэ́рбацень
Певень — варна́к
Курыца — варна́чка
Рыба — посалу́га
Селядзец — голо́сник
Пчала — бурхотня

Часткі цела

Галава — гла́вда
Вока — се́пка
Нос — мо́рщик
Вуха — слы́хта
Барада — верея́
Рот — тройло́
Зуб — зу́брик
Язык (орган, маўленне) — ле́мезень, зня
Рука — хи́рка
Грудзі жаночыя — сысла́вка
Жывот — кирмо́
Нага — ходу́ла
Хвост — хвили́сть

Расліны

Яблыня (ці фруктовае дрэва) — висля́нка
Яблык (ці фрукт) — висля́к
Дуб — ку́дуб
Бяроза — ку́береза
Лес — во́ксим
Дровы — бру́дки (для «дрэва» асобнай назвы няма)
Куст — шу́кусть
Арэх — луща́к
Гарох — говри́д
Струк — бубле́й
Капуста — лапу́ха
Бурак — шмураки́
Агурок — мо́хмарень, рня
Каноплі — монацу́ты
Пянька — нанаво́жница
Лён — ве́дзер
Грэчка — сувя́зка
Пшаніца — а́шпорка
Ячмень — бурме́ль
Авёс — шубле́й
Жыта — зядка
Трава — ку́трава
Грыб — баго́л, гла́
Салома — лосо́ма
Сена — вихро́

Пабудовы

Царква — хлюса
Дом — хво́рт
Хата — ха́зь, хазо́вка
Шынок, карчма — ва́ня
Млын — скруго́т
Завод — ку́завод
Лава ці крама — кулы́га
Хлеў — шу́ня
Лазня — плёха
Клець — шухлець
Пакой — хаз
Печка — сце́пра
Акно — зякро́
Дзверы — ры́шни
Замок — ку́замок
Стол — тре́пезь

Прылады

Сякера — маму́ра
Нож — ма́хер
Нажніцы — ба́ски
Іголка — боду́ха
Брында (прылада шапавала) — друка́н
Кручок (у брындзе) — ба́йзин
Струна — ла́бузка
Вяроўка — крута́вка
Рэшата — трухло́
Кола — ко́цень
Палка — ляпе́на

Посуд

Збан — ко́лтыр
Чыгун (кацялок) — югу́н
Лыжка — коры́бка
Патэльня — куе́зница
Чарка — кучера́вка
Бутэлька — ку́пляшка

Адзенне

Шапка — ватру́ха
Армяк — сипя́га
Кажух — полу́щнк
Пояс — по́дробсень
Рукавіцы — нахи́рницы
Кашуля — сорохве́йка
Штаны — бурда́сы
Боты — шво́рни
Лапці — верзюки́
Ануча — обу́тка
Хустка — хвили́стка
Спадніца — насты́жница
Палатно — лоскоты́ра
Сукно — югно́
Падушка — подухве́йка
Завушніца — ку́звушница

Ежа

Хлеб — окру́ж
Соль — голо́сь
Бульба — шкуты́
Ялавічына — ире́ся
Булка — ку́льман
Малако — гальмо́
Піва — ке́ра
Гарэлка — га́рдзь
Квас — букле́й

Дзеясловы

Нарадзіць — радо́митца
Хрысціцца — христо́митца
Ляжаць — клюжа́ць
Сядзець — ка́чаць
Хадзіць — ховджева́ць
Працаваць — ма́ксаць
Глядзець — сепа́ць
Слухаць — слы́хциць
Маўчаць — ку́гаць
Ведаць — севри́ць
Казаць — говри́дзиць
Крычаць — крикса́виць
Плакаць — плыксиць
Смяяцца — лыхцетца
Пісаць — писо́риць (цыдулка — писорка)
Чытаць — чито́риць
Маліцца — чи́нитца
Прасіць — зита́ць
Даваць — угури́ць
Браць — яци́риць
Шыць — шуваре́ць
Мыць — пле́ниць
Мыцца — пле́нитця
Біць — чуна́ць
Кідаць — кидо́рыць
Ісці, цячы — хлиць
Ехаць — е́рчаць
Купацца — купо́швица
Часацца — чесмо́китца
Ткаць — туко́шиць
Жаць, касіць, рубіць, рэзаць — ба́саць
Любіць — любжа́ць
Сварыцца — лайбо́наць
Спаць — кима́ць
Сустракацца — схливатца
Сустрэцца — схлитця
Расставацца — расхливатца
Есці — тро́иць
Піць — кери́ць
Хацець — во́лиць
Бегаць — беурыць
Збегаць — ухлива́ць
Араць — рога́нець
Сеяць — севаре́ць
Вазіць — вондзе́раць
Малоць — хрутаваць
Малаціць — молотыраць
Красці — клима́ць
Насіць — та́щиць
Купляць — опуля́ць
Прадаваць — пропуля́ць
Спяваць — пса́чиць (песня — псалка)
Паліць — курдо́миць
Кусаць — кусмо́риць
Поўзаць — повзы́риць
Ірваць — крвуса́ць
Вешаць — вехто́миць
Тапіцца — топоши́тца
Быць — ко́риуць

Прыметнікі

Малады — драпёлый
Сярэдні — ку́хередний
Малы — ми́крый
Вялікі, высокі — ша́влый
Стары — ёрый
Тоўсты — шату́рный
Тонкі — ла́зый
Халодны — сиво́рный
Цёплы, гарачы — дуля́сный
Добры — снёбрый
Харошы — ши́мский
Лепшы — швычейший
Злы — ку́хердзитый
Дурны — чмурны́й
Кіслы — кисли́мный
Шырокі — шврчи́мный
Белы — пленный
Чорны — калу́рвый
Шэры — сяри́мный
Рыжы — рыжи́мный
Сівы — сивы́мный
Багаты — стодый
Круглы — крули́мный
Сляпы — няулепый
Хуткі —мугры́й
Медны — ше́лный
Жалезны — куе́зный

Лічэбнікі

Раз — связь
Адзін, першы — ёный
Два — ба́крых
Другі — ба́крышний
Тры — стро́мах
Трэці — стро́машний
Чатыры — буты́ра
Чацвёрты — буты́рший
Пяць — повдзе́кана
Пяты — повдзе́канший
Шэсць — буше́нь
Шосты — буше́нший
Сем — се́нжа
Сёмы — сенжа́шний
Восем — во́семже
Восьмы — восемжашний
Дзевяць — дзе́венжа
Дзявяты — дзевенжа́шний
Дзесяць — дзе́кан
Дзясяты — дзека́нший
Адзінаццаць — ёный з дзе́каном
Дванаццаць — дзекан и бакрых
Трынаццаць — дзе́кан и стро́мах
Дваццаць — ба́крых дзе́канов
Трыццаць — стро́мах дзе́канов
Дзевяноста — дзе́венжа дзе́канов
Сто, сотня — ку́сотня
Дзвесце — ба́крых ку́сот
Дзевяцьсот — дзе́венжа ку́сот
Тысяча — ку́тысяча
Палова — лухтови́на
Чвэрць — ку́четверть
Фунт — ви́хт
Паўфунта — новви́хта
Рубель — пле́нный
Чвэрць — мару́шник
Грыўня — русо́вник
Злот (15 капеек) — шулци́на
Пятак — шаце́р
Капейка — ламе́ха
Грош — бакры́шник
Грошы — хавбы́

Займеннікі

Я — мань
Мы — маньки́
Ты — бальва́
Вы — бальвы
Ён — снён, сняго
Яна — сняна, сняе
Яно — сняво́, сняго́
Яны — сняны́, сних
Што, чаго — ко́ра
Які — снякий
Каторы — кото́сый
Мой — манько́вый
Твой — бальви́н
Свой — собе́ський
Той — товты́й
Гэты — сне́чий
Сам, самы — са́бус
Усякі, кожны — вша́цкий

Прыслоўі

Дзе — скра́ндзе
Тут — снюд
Там — снам
Нідзе — нискра́ндзе
Даўно — шавно́
Цяпер — сняпе́р
Ніколі — нисвя́зу
Як, так — сняк
Шмат — по́со, сойко́
Мала — ми́кро
Чаму — закорым
Хутка — мугро́м
Хутчэй — мурдже́й

Загалоўнае фота: Белсат

Вярнуцца ўгару