Пры жыцці ў яго не выйшла ні адной кнігі, ён друкаваўся ў газетах і часопісах… Аднак менавіта ён — Андрэй Мрый — стаў аўтарам легендарнага сатырычнага раману «Запіскі Самсона Самасуя». Гэта не адзіны твор пісьменніка, але самы пазнавальны. Кім быў Андрэй Мрый? Што ён ствараў? І як скончылася жыццё гэтага чалавека?
PALATNO расказвае пра пісьменніка і журналіста Андрэя Мрыя.
Змест
Вучоба ў семінарыі, Першая сусветная і праца настаўнікам
Андрэй Мрый (Шашалевіч) нарадзіўся 13 верасня 1893 года на Магілёўшчыне. Па некаторых дадзеных, месцам нараджэння была вёска Палуж, па іншых — Доўгавічы. Сям’я будучага пісьменніка была шматдзетнай, адзін з яго братоў — Васіль Шашалевіч — таксама стаў пісьменнікам. Бацька Андрэя быў пісарам, валодаў зямлёй.
Бацька Андрэя памёр, калі хлопцу не было і дзесяці гадоў. Па ўспамінах дочкі пісьменніка, яе бацька расказваў, што дзед заснуў з цыгарэтай у руцэ. Ад гэтага здарыўся пажар: дзед загінуў, а маці выратавала дзяцей.
Пасля смерці бацькі сям’я жыла бедна.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Дзесяць фактаў пра пісьменніка Аркадзя Куляшова
«Браткі! Тут зямля такая!» Пятнаццаць выключна беларускіх афарызмаў, якія падарылі нашы пісьменнікі
Надзея на старонках: як кнігі пра рак натхняюць нас жыць
У дзяцінстве Андрэй займаўся музыкай і разам з братам выступаў для аднавяскоўцаў. Вядома, што Мрый скончыў духоўнае вучылішча і Магілёўскую духоўную семінарыю. Пасля заканчэння працягнуў вучыцца ў Кіеве ў духоўнай акадэміі.
Будучы пісьменнік застаў Першую сусветную вайну ўжо паўналетнікам. У 1916 годзе яго мабілізавалі і накіравалі на фронт. У 1918 годзе ён стаў членам Чырвонай арміі, камандаваў ротай. Вайсковая кар’ера скончылася пасля сур’ёзнай хваробы: ён захварэў на тыф і быў дэмабілізаваны.
Пасля дэмабілізацыі стаў настаўнікам гісторыі і французскай мовы ў Краснапол’і. Там жа разам са сваякамі стварыў першы народны тэатр у раёне. У той жа час там рабілі рукапісны часопіс «Пралеска».
У 1926 годзе Андрэй Мрый пераехаў у Мінск на працу інструктара Цэнтральнага бюро краязнаўства. У тым жа годзе Змітрок Бядуля прапанаваў яму працу ў газеце «Наш край». У 1930-я гады змяніў працу — у газеце «Звязда».
Рэпрэсіі, арышты і суды
Напрыканцы лютага 1934 года Андрэя Мрыя арыштавалі ноччу ў мінскай кватэры па справе краснапольскіх настаўнікаў. Падчас арышту дома знаходзіліся яго жонка Соф’я і двое дзяцей Юрый і Артур (пасля ў іх яшчэ будзе дзве дачкі — Аксана і Наталля). Праз месяц пасля арышту яго асудзілі на пяць гадоў зняволення. Сам Андрэй Мрый успамінаў пасля, што пагадзіўся з усімі абвінавачваннямі чэкістаў, бо хацеў уратаваць сям’ю. Адбываць пакаранне ён павінен быў у Карагандзінскім выпраўленча-працоўным лагеры.
Мрый змог падаць апеляцыю, таму яго змянілі тэрмін зняволення. У гэтым дапамагла жонка, якая асабіста паехала ў Маскву ў Генпракуратуру СССР. Заместа лагера яго адправілі ў высылку ў Волагду, а потым у Вельск. Там Андрэй Мрый працаваў бухгалтарам. У 1938 годзе Андрэй Мрый пераехаў у Мурманск. У Мурманску ён уладкаваўся на працу ў школу.
У 1940 годзе яго зноў арыштавалі. Гэтым разам яго абвінавачвалі ва ўдзеле ў антысавецкай арганізацыі. Праз дзесяць дзён пасля арышту яму прысудзілі пяць гадоў зняволенне. Сваё пакаранне ён адбываў у Карагандзе, Валагодскай і Мурманскай абласцях. Дачка пісьменніка ўспамінала, што другое зняволенне ў лагерах для бацькі было складаным: яго катавалі, выбілі ўсе зубы.
У 1943 годзе медыцынская камісія прызнала Мрыя інвалідам і адправіла дадому. Вядома, што пісьменнік памёр па дарозе дадому ў цягніку. Яго дачка азнаёмілася са справай бацькі толькі ў 2000 годзе. Згодна з ёй, Андрэя Мрыя знайшлі мёртвым 8 кастрычніка 1943 года. Месца пахавання застаецца невядомым дагэтуль.
Андрэя Мрыя рэабілітавалі ў 1961 годзе.
Што ствараў Андрэй Мрый
Андрэй Мрый публікаваўся з сярэдзіне 1920-х гадоў. Мрый збіраў народную лексіку, каб пасля даслаць у Слоўнікавую камісію Інбелкульта.
Пры жыцці ў Андрэя Мрыя не выйшла ні адной кнігі. Ён друкаваўся на старонках газет і часопісаў. У 1927 годзе выйшла апавяданне пад назвай «Камандзір», у якім Мрый крытыкуе і падкрэслівае, якімі неадукаванымі з’яўляюцца новыя чырвоныя афіцэры, што чыняць гвалт і здзекуюцца над людзьмі.
У 1929 годзе напісаў раман «Запіскі Самсона Самасуя». Цалкам быў апублікаваны толькі ў 1988 годзе. У 1990 годзе раман экранізавалі.
Пасля арышту ў Андрэй Мрыя канфіскавалі рукапісы, у тым ліку і раман «Жывы дом». Гэты раман ён пісаў падчас свайго другога зняволення. Пасля арышту ўсе рукапісы зніклі. Сваякі не знайшлі ніякіх слядоў рукапісаў Мрыя і пасля рэабілітацыі пісьменніка.