Што пачытаць з Вацлава Ластоўскага?

кнігі вацлава ластоўскага, вацлаў ластоўскі

Пасля нядаўняга прызнання «экстрэмісцкімі матэрыяламі» томіка выбраных твораў Вацлава Ластоўскага, які пабачыў свет больш чвэрці стагоддзя таму, зноў павялічыўся інтарэс да гэтага беларускага дзеяча.

PALATNO расказвае, што яшчэ можна пачытаць з яго інтэлектуальнай спадчыны.

«Мовазнаўчыя працы»

Зусім свежая кніга з творамі Вацлава Ластоўскага, якая з’явілася ў канцы мінулага году да юбілею класіка. Пад адной вокладкай сабраныя тэксты самага рознага жанру і памеру — гэта і допісы, і зацемкі, і нататкі, і грунтоўныя артыкулы, якія тычацца беларускай мовы.

мовазнаўчыя працы вацлава ластоўскага
Вокладка кнігі «Мовазнаўчыя працы». Фота: skarynapress.com

Паводле ўласных слоў, Вацлаў Ластоўскі, які нарадзіўся ўвосень 1883 года, пачаў запісваць «цікавыя слоўцы» яшчэ ў 1902 годзе. У Ластоўскага не было класічнай адукацыі: цягам жыцця ён займаўся самаразвіццём і так паспяхова, што стаў сябрам Інстытута Беларускай Культуры, а потым адным з першых акадэмікаў Акадэміі навук.

У кнізе, якая пабачыла свет у лонданскім выдавецтве «Скарына», прапануюцца працы Ластоўскага, што друкаваліся на старонках самых розных выданняў: ад «Нашай Нівы», дзе ён пачынаў свой творчы шлях, да ковенскага «Крывіча», якім ён яго сімвалічна завяршыў.

вацлаў ластоўскі
Першая паласа «Нашай Нівы» з артыкулам Ластоўскага. Фота: knihi.com

Кніга «Мовазнаўчыя працы» даступна ў двух варыянтах — папяровым і электронным. Аформлена яна гэтак жа густоўна, як і выданні, што былі падрыхтаваныя самім Властам у сярэдзіне 1920-х гадоў.

ДЗЕ ЧЫТАЦЬ?
«Мовазнаўчыя працы» — па спасылцы.

«Кароткая гісторыя Беларусі»

У «Нашай Ніве» Вацлаў Ластоўскі праявіў сябе як неардынарнага творца. Пэўныя нумары ён рабіў амаль цалкам сам: запаўняў ад першай да апошняй паласы матэрыяламі, што былі падпісаныя рознымі крыптонімамі і псеўданімамі. Калі ён быў сакратаром «першай беларускай газеты з рысункамі», Власт узяўся за амбітную справу — даць беларусам сваю гісторыю. На пачатку ХХ стагоддзя яшчэ не існавала гісторыі Беларусі, якая была б напісана менавіта з нацыянальных пазіцый.

кароткая гісторыя беларусі вацлава ластоўскага
Вокладка «Кароткай гісторыі Беларусі». Фота: knihi.com

Многія не асмельваліся адыходзіць ад класічнай гістарыяграфіі, якая ў той час яшчэ не вылучала беларусаў у самастойную нацыю. Гісторыкі небеларускага паходжання даследавалі нашу мінуўшчыну, але заставаліся ў фарватары тагачаснай навукі.

Матэрыялы для будучай гістарычнай кнігі Ластоўскага выходзілі на старонках «Нашай Нівы». Ужо потым іх сабралі пад адну вокладку. Яна стала настолькі захапляльнай і папулярнай, што Янка Купала прысвяціў яе аўтару верш пад назвай «Дудар».

верш янкі купалы, вацлаў ластоўскі
Верш Янкі Купалы «Дудар» на старонках «Нашай Нівы». Фота: knihi.com

На пачатку 1990-х гадоў, калі ў Беларусі панавалі адраджэнскія настроі, гэтая кніга была перавыдадзена даволі вялікім накладам. Пэўны час яе можна было сустрэць у букіністычных крамах па вельмі прыемных коштах, цяпер жа гэта ўжо хіба бібліяграфічная рэдкасць.

ДЗЕ ЧЫТАЦЬ?
«Кароткая гісторыя Беларусі» — па спасылцы.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

«Сілавік пабачыў пасведчанне музейнага супрацоўніка — і пачаў смяяцца». Як культура рэагуе на грамадска-палітычныя крызісы

 

«Ключавое ў дзяржаўнай палітыцы памяці — кантроль і выгада». Беларускі гісторык — пра тое, чаму беларускія «ўлады» захапіліся гісторыяй краіны

 

«Калі мы ўнікаем ці мінімізуем выкарыстанне фемінітываў, то збядняем мову і робім нябачнымі жанчын». Чаму фемінітывы ў беларускай мове — гэта натуральна і правільна


«Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік»

У эміграцыі былы прэм’ер-міністр ураду Беларускай Народнай Рэспублікі шчыраваў на навуковай ніве і гэта, трэба прызнаць, у яго атрымлівалася ў разы лепей, чым заняткі палітыкай, якая не прынесла чаканага плёну.

Высілкамі Вацлава Ластоўскага сто гадоў таму ў Коўна свет пабачыў знакаміты «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік». Прафесійнымі мовазнаўцамі ён быў сустрэты даволі халодна. Так Сцяпан Некрашэвіч, які жыў у той час у БССР, жорстка яго крытыкаваў, але адзначыў за добра сабраны матэрыял.

Чаму так? Бо слоўнік гэты ўтрымліваў у сабе шмат лішняй інфармацыі. Ластоўскі даваў не толькі пераклад тых ці іншых слоў, але дадаваў і разгорнутае тлумачэнне слоў. То бок, чытач падвышаў свой інтэлектуальны багаж, пашыраў гарызонты ведаў пра беларускую культуру ў самых розных яе аспектах.

Не абышлося, вядома, і без творчасці. Вацлаў Ластоўскі хацеў не толькі падкрэсліць аўтэнтычнасць беларускай мовы, але і паказаць яе сучаснасць, таму прыдумаў некаторыя словы. Праз укладзены ім слоўнік спрабаваў увесці іх ва ўжытак.

У познесавецкі час ягоным чынам натхняліся многія будучыя адраджэнцы. Слоўнік Ластоўскага хадзіў па руках у самвыдатаўскім выглядзе. Ён быў перавыдадзены ў пачатку 1990-х, як і папярэдняя кніга, на хвалі цікавасці да сваёй мінуўшчыны.

ДЗЕ ЧЫТАЦЬ?
«Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» — па спасылцы.

Часопіс «Крывіч»

Увесну 1923 года Вацлаў Ластоўскі разам з Клаўдзіем Душ-Дужэўскім заняўся выданнем часопіса «Крывіч». На старонках выдання публікаваліся самыя розныя матэрыялы: этнаграфічныя, гістарычныя, эканамічныя, культурніцкія.

Грунтоўна аглядалася «беларускае жыццё» ў замежжы і на мацерыку — у Савецкай Беларусі. Акурат на гэтых і не надта аб’ёмных матэрыялах можна скласці пазл з самых розных звестак у адно цэлае. За чатыры гады выданне стала адным з самых заўважных і адметных у беларускай эміграцыі таго часу.

«Крывіч» чыталі і ў падсавецкім Менску, дзе ён быў у вольным доступе ў Ленінскай бібліятэцы. Час гэта спрыяў — у СССР быў НЭП, у БССР панавала беларусізацыя, а Літва, дзе выдаваўся часопіс, уваходзіла ў лік дзяржаў, якія былі як мінімум не варожымі да «саветаў».

ДЗЕ ЧЫТАЦЬ?
Часопіс «Крывіч» — па спасылцы.

«Гісторыя Беларускай (Крыўскай) кнігі»

Яшчэ ў 1924 годзе Вацлаў Ластоўскі заклікаў на старонках выдаванага ім «Крывіча» адзначыць супольна 400-годдзе беларускага кнігадруку. За дату адліку бралася выданне Францішкам Скарынам у Вільні «Псалтыра».

Менавіта ў межах гэтай падзеі анансавалася выданне грунтоўнага даследавання беларускай кніжнай спадчыны, якое пабачыла свет толькі ў 1926 годзе. Кніга аказалася важным унёскам у беларускую культуру ва ўсіх сэнсах. Больш чым як на 700 старонках апавядалася пра ўсе самыя значныя помнікі старажытнага пісьменства.

гісторыя беларускай крыўскай кнігі вацлава ластоўскага
Вокладка гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі. Фота: knihi.com

Ластоўскі, які не меў акадэмічнай адукацыі, паказаў тут сябе выкшталцоным эрудытам. Па ўспамінах Мікалая Улашчыка, вядомага беларускага гісторыка, які ў 1920-я гады быў зусім маладым чалавекам, у тагачасным Менску проста не было спецыялістаў, якія былі бы здольныя расчытаць і гэтае выданне.

ДЗЕ ЧЫТАЦЬ?
«Гісторыя Беларускай (Крыўскай) кнігі» — па спасылцы.
Вярнуцца ўгару