Now Reading
Ужо не дзесяць тысяч крокаў. Колькі трэба прайсці ў дзень, каб не памерці заўчасна

Ужо не дзесяць тысяч крокаў. Колькі трэба прайсці ў дзень, каб не памерці заўчасна

колькі крокаў трэба рабіць у дзень, дзесяць тысяч крокаў у дзень, 10 тысяч крокаў

Навукоўцы нарэшце даведаліся і афіцыйна пацвердзілі, колькі крокаў чалавек павінен праходзіць у дзень, каб не памерці заўчасна і атрымаць найбольшую карысць. Таксама вельмі важны тэмп, які дае дадатковыя перавагі.

PALATNO расказвае, чаму менавіта восем тысяч крокаў могуць працягнуць ваша жыццё.

Дзесяць тысяч крокаў у дзень — міф

У 1960-я гады ў Японіі з’явілася тэорыя пра дзесяць тысяч крокаў. Яе сутнасць палягае ў тым, што чалавек павінен штодня праходзіць па дзесяць тысяч крокаў, каб атрымаць найбольшую карысць для здароўя. Аднак гэта тэорыя не мела навуковага абгрунтавання.

Цяпер даследчыкі пацвердзілі, што хадзьба дапамагае засцерагчыся ад сардэчна-сасудзістых захворванняў — ужо сем тысяч крокаў у дзень дапамогуць у прафілактыцы гэтых хвароб, а вось восем тысяч крокаў трэба рабіць, каб значна знізіць рызыку заўчаснай смерці. Навукоўцы падлічылі нават кіламетраж — гэта 6,4 кіламетра. Самая аптымальная колькасць крокаў у дзень — ад сямі да дзевяці тысяч.

Мае значэнне і тэмп: рэкамендуецца хадзіць хутка, а не павольна.

Даследаванне, якое ўпершыню вызначыла аптымальную для здароўя колькасць крокаў, было праведзена навукоўцамі ўніверсітэта Гранады, а яго вынікі былі апублікаваны ў вядучым сусветным кардыялагічным часопісе Journal of the American College of Cardiology. Над даследаваннем працавалі вучоныя з Нідэрландаў, Іспаніі і Злучаных Штатаў.

Дадатковыя крокі прыносяць карысць

Першым папулярным крокамерам быў «Вымяральнік 10 000 крокаў», але гэтая лічба не мела навуковага абгрунтавання. Навукоўцы адзначаюць, што чым больш крокаў у дзень чалавек робіць, тым лепш — няма празмернай колькасці, якая шкодзіць здароўю.

Даследчыкі высветлілі, што арганізм чалавека атрымлівае адчувальныя перавагі пры невялікім павелічэнні колькасці крокаў у дзень. Да прыкладу, людзям з нізкім узроўнем фізічнай актыўнасці кожныя дадатковыя 500 крокаў пойдуць на карысць. Навукоўцы лічаць, што не ўсе людзі могуць адразу прайсці восем тысяч крокаў ці больш, таму спачатку трэба ставіць дасягальныя мэты і паступова дамагацца прагрэсу.

Таксама навукоўцы не выявілі ніякай розніцы паміж мужчынамі і жанчынамі — і тым, і тым трэба праходзіць столькі ж. І не важна, якой прыладай лічыць крокі: разумным гадзіннікам, наручным трэкерам актыўнасці ці смартфонам у кішэні.

А як увогуле правільна хадзіць?

Што рабіць, калі чалавек дасягнуў планкі ў, напрыклад, дзевяць тысяч крокаў у дзень? Навукоўцы раяць не спыняцца. Калі ёсць магчымасць, то варта працягваць ісці далей. Яны даказалі, што нават 16 тысяч крокаў у дзень не ўяўляюць рызыкі, а наадварот даюць дадатковыя перавагі. Аднак няма вялікай розніцы, пройдзеце вы восем тысяч крокаў ці дзесяць. Галоўнае — прытрымлівацца аптымальнай колькасці.

У міжнародных рэкамендацыях па фізічнай актыўнасці для дарослых гаворыцца, што ў тыдзень трэба выконваць практыкаванні ўмеранай інтэнсіўнасці на працягу 150-300 хвілін. Але не ўсе ведаюць, што гэта за практыкаванні. А да іх і можна аднесці хадзьбу — гэтыя восем тысяч крокаў у дзень.

Вярнуцца ўгару