Now Reading
Якімі былі культавыя праграмы на беларускім тэлебачанні 1990-х

Якімі былі культавыя праграмы на беларускім тэлебачанні 1990-х

беларускае тв 1990, беларускі целік, грыбалёва, всё нормально мама, карамболь, паца-ваца

У 1990-я гады беларускае тэлебачанне перажывала адзін з самых цікавых і яскравых перыядаў у сваёй гісторыі. Было многа свабоды, крэатыву, новых харызматычных вядучых, якія размаўлялі з экранаў па-беларуску, і амаль не было цэнзуры і прапаганды.

PALATNO вырашыла панастальгіраваць і ўспомніць, якія праграмы ў тыя часы глядзела ўся Беларусь.

«Усё нармальна, мама!»

Адна з некалі самых папулярных музычных перадач на беларускім тэлебачанні «Усё нармальна, мама!» з’явілася ў 1994 годзе дзякуючы Ягору Хрусталёву і Уладзіміру Максімкову. Маладыя тэлевізійнікі захацелі стварыць штосьці падобнае да савецкай «Ранішняй пошты», але больш маладзёжнае, неардынарнае і стыльнае. На ролю вядучай запрасілі 21-гадовую Ларысу Грыбалёву, якая незадоўга да таго перамагла на конкурсе беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-94».

«Усё нармальна, мама!» выходзіла па суботах у ранішнім эфіры. Назва і музыка для застаўкі былі ўзяты з песні мінскага рок-гурта «Ы.Ы.Ы.». Праграма расказвала пра навінкі сусветнай музыкі. У тыя часы ў Беларусі было цяжка знайсці новы і, галоўнае, легальны музычны кантэнт, таму прадзюсары выкарыстоўвалі свае сувязі ў Маскве і прывозілі адтуль касеты з кліпамі.

Напачатку стваральнікі пастаянна эксперыментавалі з фарматамі і прыдумвалі новыя фішкі — здымалі Грыбалёву дагары нагамі і пад вадой ці прывязвалі да чагосьці. Таксама ўвялі рубрыку «Шчас спаю!», дзе звычайныя людзі проста на вуліцы спявалі на камеру свае любімыя песні.

У кадры Грыбалёва часта загаворвалася і рабіла смешныя моўныя памылкі. Прадзюсары амаль ніколі не выразалі такія кадры — непасрэднасць, з якой вядучая рэагавала на свае праколы, вельмі падабалася гледачам. З цягам часу перадача стала народным хітом, а Ларыса Грыбалёва — сапраўднай тэлезоркай.

«Усё нармальна, мама!» праіснавала да 2004 года. Прычынай закрыцця стала тое, што праграма пачала губляць актуальнасць і кураж, а вядучая пасталела і стала больш сур’ёзна ставіцца да жыцця. Пазней Грыбалёва працавала ў іншых перадачах і вяла хіт-парад «Ранішняя пошта на ОНТ». Але былой славы ні ў вядучай, ні ў перадачы ўжо не было.

«Карамболь»

Першае беларускае late-night show з’явілася на БТ у першай палове 1990-х. Стваральнікі перадачы натхніліся папулярнымі амерыканскімі шоў Дэвіда Летэрмана і Конара О’Браэна. Вядучым «Карамболя» стаў Ягор Хрусталёў — сапраўдны сэкс-сімвал тагачаснага тэлебачання. Праграма выходзіла вечарам у нядзелю ў фармаце ток-шоў, куды запрашалі беларускіх і замежных зорак. У розныя часы на гутарку да Хрусталёва прыходзілі Рыгор Барадулін, Уладзімір Мулявін, Станіслаў Шушкевіч, Земфіра, Патрысія Каас, Scorpions, Nazareth і іншыя знакамітасці.

беларускае тв 1990, беларускі целік, грыбалёва, всё нормально мама, карамболь, паца-ваца
Ягор Хрусталёў.

Назву «Карамболь» прадзюсары выбралі са слоўніка — проста спадабалася слова, якое азначае від удару ў більярдзе. Беларуская фірма-вытворца більярдных сталоў нават выдзеліла адзін для перадачы. Менавіта за гэты стол вядучы і ўсаджваў гасцей.

Хрусталёў вельмі любіў задаваць правакацыйныя пытанні і рабіць сюрпрызы. У адным з інтэрв’ю ён расказаў пра смешны выпадак з Зянонам Пазняком: «Перад праграмай з Пазняком я падгаварыў публіку: калі палітык адмовіцца ўсміхнуцца, пачынайце яму апладзіраваць і смяяцца. Тады, памятаю, у яго на ўсіх фота і відэа быў вельмі суровы выгляд. Пазняк стаў адмаўляцца: “Ці ёсць нейкія падставы ўсміхацца?”. Але калі зала выбухнула авацыямі і смехам, яму давялося зрабіць гэта».

Перадачу закрылі ў 2000 годзе, калі Ягор Хрусталёў стаў першым генпрадзюсарам Беларускага тэлебачання. Тады на БТ ужо выходзіла шмат праграм, многія з якіх дубліравалі адна адну, а іх якасць падала. Хрусталёў расказваў: «Патрабаваліся радыкальныя рашэнні. Каб усё выглядала правільна, я закрыў «Карамболь».

«Мульціклуб»

Самая папулярная перадача для дзяцей на беларускім тэлебачанні ўпершыню выйшла ў эфір у 1994 годзе. Вёў «Мульціклуб» беларускі рэжысёр-аніматар Міхаіл Тумеля разам з напарнікам — выдуманым іншапланецянінам Пацам-Вацам. Прыдумала яго мастачка Вольга Кароткая, а ажываў герой дзякуючы лялькаводу Аляксандру Купрыянаву.

беларускае тв 1990, беларускі целік, грыбалёва, всё нормально мама, карамболь, паца-ваца
Паца-Ваца.

Персанаж нават меў сваю біяграфію. Яго планета Альфамегацэнтаўра памірала ад нуды, і Паца-Ваца лётаў па Космасе ў пошуках забаў для яе жыхароў. На Зямлі ён пазнаёміўся з дзяўчынкай, якая паказала яму мульцікі. Так Паца-Ваца адкрыў для сябе чароўны свет анімацыі.

Шэдэўраў заходняй мультыплікацыі ў адкрытым доступе тады асабліва не было, таму стваральнікам давялося займацца пірацтвам. Перадача хутка стала суперпапулярнай, «Мульціклуб» вельмі палюбілі дзеці, падлеткі і нават многія дарослыя. Праграма выходзіла два разы на месяц, вядучыя ў ёй абмяркоўвалі гісторыю мультыплікацыі, расказвалі пра стварэнне мультфільмаў, размаўлялі з аніматарамі і, вядома, паказвалі мульцікі, у тым ліку і заходнія хіты. Нядзельныя эфіры «Мульціклуба» мелі самы высокі рэйтынг сярод беларускай дзіцячай аўдыторыі пасля «Ералаша» і «Дыснэй-клуба».

У 2007 годзе ў Беларусі пачало дзейнічаць аўтарскае права, і за паказ нават маленькіх фрагментаў мультфільмаў трэба было плаціць. Белтэлерадыёкампанія не хацела выдзяляць на гэта грошы. У дадатак быў прыняты закон аб забароне рэкламы ў дзіцячых праграмах. Усе спонсары «Мульціклуба» патроху сталі адвальвацца, фінансаванне спынілася, і перадачу закрылі.

Пасля вобраз Пацы-Вацы быў выкарыстаны на тэлеканале MTV, потым персанаж на нейкі час з’явіўся ў перадачы-клоне «Мульціклуба» на YouTube, але былой папулярнасці ўжо не было. Цікавасць да Пацы-Вацы выказаў французскі прадзюсар Майк Патруш, які хацеў зрабіць яго галоўным героем міжнароднага тэлепраекта «Protto», але і з гэтага нічога не выйшла. Гісторыя культавай дзіцячай перадачы скончылася, а акцёр Аляксандр Купрыянаў пазней расказаў сумную гісторыю, як знайшоў арыгінал куклы Пацы-Вацы на сметніку Белтэлерадыёкампаніі.

«Акалада» і «Музычная абойма»

Легендарныя тэлевядучыя Аксана і Анатоль Вечар знаёмыя беларусам, у першую чаргу, дзякуючы іх праграме «Акалада», якая выйшла ў 1994 годзе. Незвычайную назву стваральнікі ўзялі ад музычнага тэрміна, які азначае дужку, што злучае некалькі сістэм нотных ліній.

Перадача ставіла за мэту прадстаўляць на шырокім экране беларускіх рокераў — тады пра іх амаль ніхто нічога не ведаў. Вядучыя расказвалі навіны музычнага андэграўнду, бралі інтэрв’ю ў рок-зорак. А галоўнай фішкай былі здымкі кліпаў для герояў выпускаў, а пазней іх прэм’ера ў «Акаладзе». Так прадзюсары дапамагалі не вельмі раскручаным рок-н-рольшчыкам і самі стваралі кантэнт для праграмы.

Сярод гасцей перадачы былі Neuro Dubel, Kriwi, N.R.M, Барыс Грабеншчыкоў, Арцемій Траецкі, Алёна Апіна, «Парк Горкага» і іншыя вядомыя ў тыя часы гурты і выканаўцы. Выпускі выходзілі ў прайм-тайм, карысталіся вялікай папулярнасцю, і многія беларускія рок-гурты марылі трапіць у праграму.

Пасля «Акалады» вядучыя працавалі ў іншых паспяховых праектах. Адзін з іх — «Музычная абойма», якая ўпершыню выйшла ў 1997 годзе. У канцы кожнага тыдня па суботах Аксана Вечар падводзіла вынікі галасавання гледачоў за любімыя музычныя кліпы.

«5х5»

Першая ў Беларусі тэлеперадача для падлеткаў выйшла на БТ у 1997 годзе і адразу стала хітом. А яшчэ дала добры старт і зрабіла зоркамі юных вядучых — Дзіму Шэпелева, Кацю Пытлеву, Кірыла Слуку і Дзяніса Кур’яна.

Вядучыя ў прамым эфіры свабодна абмяркоўвалі з гасцямі вострыя праблемы моладзі: наркаманію, падлеткавую злачыннасць, раннюю цяжарнасць, складаныя адносіны са школьнай сістэмай і настаўнікамі, гвалт у сям’і і многае іншае. «5×5» выходзіла чатыры разы на тыдзень, доўжылася ад 20 да 50 хвілін і мела розныя рубрыкі — дыскусіі, інтэрв’ю і музыку.

Вядома, што перадача ў такім смелым фармаце не магла доўга існаваць, і ў 2005 годзе яе закрылі. Замест «5×5» з’явіўся праект «Плюс-мінус», пра які журналісты пісалі з іроніяй: «Варыяцыя БРСМ расійскай праграмы “Да бар’ера” Уладзіміра Салаўёва. Студэнты, у большасці актывісты БРСМ, дэбатуюць на прапанаваную ім тэму. Праблематыка там прыцягнута за вушы. Пустыя размовы. У канцы перадачы вядучы падводзіць вынік. Абавязкова пазітыўны».

«Відзьмо-невідзьмо»

Першы выпуск культавай перадачы пра навінкі сусветнага кіно і музыкі выйшаў на беларускім тэлебачанні ў 1992 годзе. Напачатку 1990-х у Беларусі амаль не было крыніц актуальнай інфармацыі пра кіно, музыку і шоў-бізнес, таму вядомы вядучы Сяргей Філімонаў вырашыў стварыць свой праект.

У адным з інтэрв’ю Сяргей успамінаў, як з’явілася назва праграмы: «Калі любіш спаць у ванне, то можаш патануць. Або ўбачыць што-небудзь ува сне. Так здарылася і са мною. Ляжаў у ванне, круціў у галаве розныя варыянты, і тут асяніла: кіно — бачнае, музыка — нябачнае. Так і з’явілася назва «Відзьмо-невідзьмо».

Перадача стала рэгулярна выходзіць на БТ і вельмі хутка зрабілася хітом. Вядучы цягам 70 хвілін на прыгожай беларускай мове і з мяккім гумарам распавядаў пра топавыя фільмы, песні і кліпы і паказваў трэйлеры навінак кіно, што для таго часу было ўнікальна. У рэдакцыю кожны тыдзень прыходзілі сотні лістоў ад гледачоў, якія часта прасілі паказаць тую ці іншую зорку, а Філімонаў любіў зачытваць у выпусках самыя забаўныя просьбы.

На БТ «Відзьмо-невідзьмо» выходзіла 10 гадоў, а пасля 2002 года кіраўніцтва канала не працягнула працоўныя адносіны з вядучым, які паступова станавіўся ўсё больш нязручным для ідэолагаў. Пасля закрыцця на БТ праграма да лета 2011 года выходзіла на канале СТВ, а з 2012 па 2019 год — на «Белсаце». Сяргей Філімонаў памёр у 2021 годзе ад COVID-19. Легендарнаму вядучаму было 62 гады.

«Уся справа ў капелюшы», «Крок» і «Рок-айлэнд шоў»

Таксама ў 1990-я гады вельмі папулярнай была дзіцячая тэлевіктарына «Уся справа ў капелюшы», якую вялі Наташа Фурсава і лялька Пузя-Карапузя.

А ў канцы 1980-х на беларускім тэлебачанні з’явілася перадача «Крок» — вельмі падобная па фармаце да расійскага «Погляду» з Уладзіславам Лісцьевым.

У музычнай праграме «Рок-айлэнд шоў», якая выходзіла ў эфір БТ у першай палове 1990-х, вядучыя бралі інтэрв’ю ў музыкантаў і рок-гуртоў, расказвалі навіны музычнага свету і праводзілі конкурсы з гледачамі.

Вярнуцца ўгару