Now Reading
«Самае любімае — раніца пасля Новага года». Запыталіся ў беларусаў, які Новы год найбольш запомніўся

«Самае любімае — раніца пасля Новага года». Запыталіся ў беларусаў, які Новы год найбольш запомніўся

новы год, мары беларусаў на новы год, лепшы новы год для беларусаў

Які Новы год быў самым запамінальным? Аб чым мараць беларусы і што плануюць на 2024 год? Настаў час даведацца пра гэта ў апошнія дні 2023-га.

PALATNO паразмаўляла з беларусамі і даведалася, які Новы год быў для іх самым запамінальным, аб чым яны мараць і што плануюць на 2024 год.

Які Новы год запомніўся беларусам

«Я вельмі люблю людзей, але хутка стамляюся ад іх. Аднойчы мы вялікай кампаніяй арандавалі сядзібу. Спачатку ўсе сядзелі за сталом у адной зале. Было весела і смачна. Усе былі ў розных касцюмах, бавілі час за конкурсамі і размовамі, смяяліся. А потым я ціхенька перабралася ў пакой з камінам. Адзін з маіх сяброў там проста сядзеў у цішыні і цемры, глядзеў на агонь і піў глінтвейн. Я далучылася да яго, гэтак жа моўчкі. І мы так сядзелі доўга-доўга. Гэта быў Новы год, калі мне хапіла адразу і сяброў, і адзіноты. Ідэальна».

«Я не адзначала Новы год, пакуль не пераехала ў Польшчу. Таму што заўсёды чакала Раства, а навагодняя ноч, атрымліваецца, перад ім. Бывала нават, што ялінку я ставіла толькі 3 студзеня. Тут я хаджу ў царкву, дзе ўсе святы, акрамя Вялікадня, адзначаюцца па новым календары. Таму святкую Божае Нараджэнне 25 снежня і потым магу Новы год адзначыць з польскімі сябрамі. То і самы незвычайны Новы год у мяне — апошнія два гады. Асаблівая радасць — пускаць феерверкі і гарлапаніць ва ўсю моц “Жыве Беларусь!”. Крычу да хрыпаты, за ўсіх тых, хто ў Беларусі не можа».

«Самы запамінальны Новы год — у вёсцы ў бабулі. Тады быў снег, сабралася ўся сям’я: і дарослыя, і дзеці. У двары стаяла ялінка, ляпілі снегавіка, вадзілі карагоды. На стале — традыцыйныя беларускія стравы. Гэта быў шчаслівы час, усе былі разам».

«Мінулы год быў самым незвычайным. Упершыню ў жыцці святкавала не толькі разам з сям’ёй, а і з іншымі землякамі ў цудоўнай прасторы з чароўнай атмасферай. Было многа прыемных адкрыццяў, знаёмстваў, якія падтрымліваю дагэтуль. Сустрэча Новага года атрымалася цікавай і цёплай, нягледзячы на тое, што ўсе людзі прайшлі праз цяжкія выпрабаванні ў новых нязвыклых умовах. Іх унутраны свет не згас — наадварот, стаў больш яркім. Гэта надавала моцы і надзеі, што ўсё можна пераадолець».

«Не магу выбраць нейкі адзін Новы год. Магу сказаць, што лепшыя і самыя запамінальныя былі ў дзяцінстве. Яны ўспрымаліся зусім інакш, усё вакол здавалася яркім і напоўненым цудамі, чараўніцтвам і надзеяй на штосьці вельмі добрае. Цяпер засталіся толькі цёплыя трапяткія ўспаміны і сум, што я не магу перажыць гэта зноў».

«Я памятаю, як разам з сям’ёй прыбіралі ёлку, пах мішуры і савецкіх цацак. Усё падавалася такім прыгожым і неверагодным. Я помню маладую маму. Яна з самай раніцы 31 снежня пачынала гатаваць навагоднія стравы. Уся кватэра напаўнялася водарамі: пахла гваздзікай, мандарынамі, а ўвечары — маімі любімымі курыцай з бульбай. Мне абавязкова накручвалі на бігудзі валасы, а потым пырскалі лакам з бліскаўкамі. Памятаю і яго пах. На мяне надзявалі сукенку і туфлі. Потым мы ладзілі фотасесію ля ялінкі. Затым мы адзначалі Новы год, глядзелі навагоднія фільмы і канцэрты, запальвалі бенгальскія агні і загадвалі жаданні. Усе мае жаданні, якія я загадвала, заўсёды здзяйсняліся. Магчыма, таму, што яны былі невялікімі і рэалістычнымі, ці, можа, гэта проста цуд. Памятаю, як мама адчыняла акно і дзверы на балкон, а мы ўсе выходзілі з пакоя, каб прыляцеў Дзед Мароз. І ён прылятаў і прыносіў мне пад яліку падарункі, пра якія я марыла. А самае любімае — раніца пасля Новага года. Яна была асаблівай».

«Гэтыя пачуцці не расказаць словамі і ўжо больш ніколі не перажыць зноў».

«Самы гарачы Новы Год быў, калі я запрасіў да сябе дзяўчыну, якая потым стала маёй жонкай. Не падумайце нічога крамольнага — мы проста зацалавалі адно аднаго на працягу неверагоднай колькасці часу. Нібыта ўсё папярэдняе жыццё мы павінны былі быць разам, але штосьці пайшло не так, і ў тую навагоднюю ноч мы аддавалі адно аднаму нашае каханне ў выглядзе бясконцых пацалункаў».

новы год, мары беларусаў на новы год, лепшы новы год для беларусаў
Фота: Roberto Sorin / unsplash.com

Пра што мараць беларусы і што плануюць на 2024 год

«Мару, каб скончылася вайна, каб вызвалілі палітзняволеных. Каб у Беларусь вярнуўся бізнес, дабрачынныя арганізацыі, узнавіліся грамадскія ініцыятывы. Каб у школах пачалі навучаць першай дапамозе, з’явіліся сексуальная адукацыя і фінансавая».

«Мару вярнуцца ў Беларусь у 2024 годзе. Мару, каб перамагла Украіна, а Крым і ўсходнія вобласці вярнуліся ў склад Украіны. Спадзяваюся на новыя сустрэчы з сябрамі ў розных гарадах Польшчы і ў Вільні».

«Лічу, што мары — гэта нешта вельмі асабістае, пра гэта не трэба казаць услых. Проста хочацца, каб новы год быў запамінальным, шчаслівым, спакойным. Каб усё стала на свае месцы, каб усе тыя людзі, якія зараз знаходзяцца не дома, абавязкова туды вярнуліся. Няхай усё будзе добра».

«Безумоўна, мару пра вяртанне дадому. Мару, каб усе палітычныя выйшлі з турмаў, вярнуліся да нармальнага жыцця, каб усім была аказана патрэбная дапамога. Мару, каб усе злачынцы, якія мучылі і адпраўлялі людзей за краты, адказалі па законе. Каб усё, што адбылося і працягвае адбывацца ў Беларусі, скончылася, а пасля яшчэ шмат гадоў абмяркоўвалася ў публічнай прасторы і атрымала належную ўсебаковую ацэнку розных экспертаў і простых людзей. Мару, каб мая радзіма ўдыхнула на поўныя грудзі чыстае паветра свабоды і чалавечнасці і зажыла нарэшце шчасліва і годна. Асабістыя планы такія: шукаць сябе ў новым месцы, адбудоўваць сувязі, дапамагаць людзям, быць сярод сваіх і падтрымліваць сваю беларускую ідэнтычнасць. Колькі б часу ні прайшло, колькі б моў ні давялося яшчэ вывучыць, а сваю працягваць шанаваць і берагчы. Планую добра жыць ва ўсіх сэнсах: падтрымліваць добрыя стасункі ў сям’і, займацца любімай справай, увесь час паляпшаць якасць свайго жыцця».

«У пэўны момант я проста перастала пра нешта марыць, будаваць нейкія планы на некалькі месяцаў наперад і на штосьці спадзявацца. Жыву сённяшнім днём з перакананнем “няма надзей — няма расчаравання”, а планую нешта максімум на тыдзень наперад. Раней я магла сабе ўявіць, дзе я апынуся і чым буду займацца, напрыклад, праз месяц. Зараз — без паняцця. Быццам бы перад вачыма проста пустата і чарната. Таму што я наогул не ўяўляю, што будзе далей і куды занясе мяне жыццё. Я не хачу ні пра што марыць на наступны год, хачу проста ўвайсці ў яго, а там ужо буду разбірацца па сітуацыі. Але, магчыма, гэтым разам ува мне нават ёсць доля надзеі, якая дае мне сілы рухацца наперад. Быццам бы сярод той пустэчы і чарнаты з’явіўся маленькі, ледзь прыкметны прасвет. І спадзяваюся, што з кожным крокам ён будзе ўсё павялічвацца. Хай усё будзе так, як павінна быць».

«Мару пра чалавечнасць, пра перамогу ў галовах людзей добрых думак над шызоіднымі ідэямі i жадаю ўсім Homo Sapiens у новым годзе заразіцца крытычным мысленнем».

Вярнуцца ўгару