Часам на буйных спаборніцтвах бывае складана абраць, які матч паглядзець. І гэта зразумела: часам гульні перасякаюцца з такімі ж цікавымі матчамі. Мы знайшлі выхад, таму расказваем пра самыя вогненныя і найбольш цікавыя сустрэчы ў кожны гульнявы дзень еўрачэмпіяната.
PALATNO расказвае, якія матчы трэба дакладна глядзець на Еўра-2024.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Еўра-2024: разбіраемся ў камандах і чакаем вялікі футбол
Германія — Шатландыя. Гульня, якая адкрывае Еўра
Калі: 14 чэрвеня
У колькі: 22 гадзіны па Мінску
Першы матч, які адкрывае чэмпіянат Еўропы па футболе, будзе сустрэчы каманд Германіі і Шатландыі. У мінулым Еўра Шатландыя не змагла выйсці з групавога этапу, а немцы вылецелі пасля паразы ад англічан у 1/16. Шатландцы ўжо другі чэмпіянат запар кваліфікуюцца на турнір — і гэта не супадзенне, як можа падацца. Немцам важна добра пачаць гэтае Еўра пасля апошніх расчараваных выступаў на міжнародных спаборніцтвах — у тым ліку, і чэмпіянатах свету (яны не змаглі прайсці групавую стадыю ні ў 2018-м, ні ў 2022-м). Да таго ж для Германіі — гэта дамашняе Еўра, а кантынентальнага тытула ў каманды не было ад 1996 года.
Безумоўна, Германія ў гэтай сустрэчы будзе фаварытам, але трэба адзначыць, што з новым трэнерам Юліянам Нагельсманам нямецкая каманда выйграла толькі адну сустрэчы з чатырох. А Шатландыя, якую называюць у гэтай гульні аўтсайдэрам, перамагла на шляху да Еўра іспанцаў.
Іспанія — Харватыя. Матч-рэванш фіналу Лігі нацый
Калі: 15 чэрвеня
У колькі: 19 гадзін па Мінску
Гэта адна з самых цікавых гульняў у пачатку турніру. Апошні раз каманды гулялі на афіцыйным турніры год таму ў фінале Лігі нацый. Тады матч скончыўся нуль-нуль, а іспанцы перамаглі ў серыі пенальці. Той матч вырашаў, хто атрымаў тытул, а ў гэтым будзе чакацца менш напружанасці і страху ў двух самых тэхнічных каманд Еўропы.
Іспанія прыехала на чэмпіянат Еўропы з маладой і таленавітай камандай, а ў Харватыі разлік на дасведчаных гульцоў, накшталт, Лукі Модрыча і Івана Перышыча. Абедзве каманды будуць шукаць у матчы перамогу, бо ў іх групе ёсць яшчэ адзін сур’ёзны сапернік — зборная Італіі. Тры пераможных ачкі возьме каманда, якая будзе рызыкаваць і не баяцца здзейсніць памылку, нават калі яна можа стаць катастрафічнай.
Якія яшчэ матчы пройдуць у гэты дзень
- 16:00. Венгрыя — Швейцарыя (група А)
- 22:00. Італія — Албанія (група В)
Сербія — Англія. Магчымы матч нечаканасцей
Калі: 16 чэрвеня
У колькі: 22 гадзіны па Мінску
Англічане заўсёды павольна стартавалі на турнірах, а чэмпіянат Еўропы яны ўвогуле ні аднаго разу не выйгравалі — і цяпер трымаюць такі своеасаблівы рэкорд: як каманда-пераможца чэмпіянату свету, якая ніколі не брала чэмпіёнскі тытул кантынентальнага турніру. Таму для зборнай Англіі — гэта будзе чарговы паход за тытулам, у які адначасова вераць і не вераць іх заўзятары.
Сербія можа стаць вельмі не камфортным сапернікам для англічан: самы зорны форвард сербаў Аляксандр Мітравіч правёў больш за дзве сотні матчаў у Прэм’ер-лізе і Чэмпіёншыпе, таму ведае пра англійскі футболь вельмі шмат.
Якія яшчэ матчы пройдуць у гэты дзень
- 16:00. Польшча — Нідэрланды (група D)
- 19:00. Славенія — Данія (група С)
Аўстрыя — Францыя. Аўтсайдер супраць прэтэндэнта на чэмпіёнства
Калі: 17 чэрвеня
У колькі: 22 гадзіны па Мінску
Усе ведаюць, што ў французаў — зорная каманда. Але Францыя апошні раз брала медалі еўрачэмпіянату аж ў 2000 годзе. На дамашнім Еўра ў 2016 годзе французы прайгралі партугальцам у фінале турніры. Безумоўна, у гэтым выпадку Францыя павінна не толькі паказаць добры футбол, але стартаваць з упэўненай перамогі і жалезна знесці ўсіх сапернікаў у сваёй групе.
У аўстрыйцаў неблагая каманда, якая ўразіла ў кваліфікацыйным этапе. Аднак у аўстрыйцаў здарылася вялікая нечаканасць: у галоўнай зоркі каманды Дэвіда Алабы — сур’ёзная траўма. Каманда зробіць стаўку на трэнерскія рашэнні Ральфа Рангніка, які можа знаходзіць выхад з любой складанай сітуацыі. А матч супраць французаў — добра шанец.
Якія яшчэ матчы пройдуць у гэты дзень
- 16:00. Румынія — Украіна
- 19:00. Бельгія — Славакія
Партугалія — Чэхія. «Апошні танец» Крышціяну Раналду
Калі: 18 чэрвеня
У колькі: 22 гадзіны па Мінску
Так, Крышціяну Раналду пачне яшчэ адзін чэмпіянат Еўропы — ён стане апошні для зорнага партугальскага футбаліста, якому ўжо споўнілася 39 гадоў. Таксама цікава, як пачне гульню Раналду — з лаўкі запасных ці выйдзе ў стартавых складзе. Дарэчы, у фінале чэмпіянату Еўропы-2016 футбаліст атрымаў траўму: ён, вядома, атрымаў залаты медаль, але стоадсоткава камандзе не змог дапамагчы.
Для партугальцаў сустрэча з чэхамі не будзе складаным выпрабаваннем. Партугальцы з’яўляюцца адным з прэтэндэнтаў на чэмпіёнскі кубак. У тэорыі матч супраць чэшскай зборнай, якая не такая і слабая, як можа падавацца, павінен стаць яшчэ адной прыступкай да Еўракубку. Але ці спраўдзяцца чаканні Раналду і ўсё партугальскай зборнай?
Якія яшчэ матчы пройдуць у гэты дзень
- 19:00. Турцыя — Грузія
Харватыя — Албанія. Пытальнік над апошнім месцам «групы смерці»
Калі: 19 чэрвеня
У колькі: 16 гадзін па Мінску
Група В — дакладна, група смерці. У кожнай каманды ёсць шанец заняць першае месца роўна настолькі, колькі скончыць групавы этап на апошняй пазіцыі. Можа падавацца, што ў албанцаў няшмат шансаў на лідарства ў сваёй групе, але гэта толькі на першы погляд.
Матч албанцаў супраць Харватыі, якія ўжо будуць ведаць вынік свайго першай сустрэчы з грознай Італіяй, можа шмат перавярнуць у групе. Таму, хутчэй за ўсё, у гэтай гульне вырашыцца, хто зойме апошні радок.
Якія яшчэ матчы пройдуць у гэты дзень
- 19:00. Германія — Венгрыя
Іспанія — Італія. Матч лідараў
Калі: 20 чэрвеня
У колькі: 22 гадзіны па Мінску
Гэта будзе матч самых тытулаваных каманд у гісторыі футбола — і ўсё ў рамках групавога этапу. У гэты дзень можа вырашыцца, якая з каманд будзе выходзіць у наступны раўнд з першай пазіцыі, а якая — з другой. Карацей, гэта гульня на сто адсоткаў будзе дастойная фіналу. Але чаму б не паглядзець яе ўжо падчас групавога этапу?
Якія яшчэ матчы пройдуць у гэты дзень
- 16:00. Славенія — Сербія
- 19:00. Данія — Англія
Нідэрланды — Францыя. Шанс давесці, што можна змагацца і без часткі зорак
Калі: 21 чэрвеня
У колькі: 22 гадзіны па Мінску
Нідэрландцы згуляюць на турніры без Фрэнкі дэ Ёнга і Тэна Купмайнерса — яны атрымалі траўмы перад чэмпіянатам і ўжо дакладна прапусцяць усё Еўра. Аднак нават без іх зборная Нідэрландаў дастаткова моцная, каб пазмагацца з французамі. Безумоўна, французаў дагэтуль трывожыць двухгадовая параза ад аргенцінцаў у фінале чэмпіянату свету і такая ж несуцяшальная серыя пенальці супраць Швейцарыі на Еўра-2022.
Для Нідэрландаў — французы нязручны сапернік, для Францыі — нідэрландцы такі ж некамфортны апанент. Вядома, каманды будуць рызыкаваць, але разам з гэтым старацца згуляць акуратна, каб дабыць тры ачкі.
Якія яшчэ матчы пройдуць у гэты дзень
- 16:00. Славакія — Украіна
Турцыя — Партугалія. Цёмны конік супраць фаварытаў
Калі: 22 чэрвеня
У колькі: 19 гадзін па Мінску
Ужо зразумела, што Партугалія ідзе да чэмпіёнскага тытулу і з’яўляецца фаварытам, але шмат хто палічыў, што ў гэтай групе цёмным конікам будзе менавіта Турцыя. На апошнім Еўра туркаў таксама лічылі той камандай, якая можа здзівіць, але яны занялі апошняе месца ў групе з нулём ачкоў.
Дарэчы, Турцыя выходзіць на чэмпіянат Еўропы трэці раз запар. Туркаў трэніруе былы форвард італьянскай зборнай Вінцэнца Мантэла. На яго ўскладаюць вялікія надзеі функцыянеры, гульцы і заўзятары.
Якія яшчэ матчы пройдуць у гэты дзень
- 22:00. Бельгія — Румынія
- 16:00. Грузія — Чэхія
Швейцарыя — Германія. Жалезная абарона супраць дамашняга ціску
Калі: 23 чэрвеня
У колькі: 22 гадзіны па Мінску
Немцы сустрэнуцца з жалезнай абаронай і магчымасцямі саперніка вырываць перамогі. З аднаго боку, немцам павінны дапамагаць родныя сцены і заўзятары. А з іншага — ціск з-за дамашняга чэмпіянату будзе адчувацца неверагодна.
Швейцарцы ў апошніх матчах паказалі не самыя лепшыя вынікі (гаворка ідзе пра кваліфікацыю), таму шмат пакажа іх папярэдні выступ падчас групавога этапу. Калі іх праблемы з рэалізацыяй будуць падкрэслівацца ў чарговы раз, то немцы могуць спадзявацца на лёгкую перамогу. Але трэба ўлічваць, што з такой абаронай, якую можа паказаць Швейцарыя, лёгкай перамогі можа і не здарыцца.
Якія яшчэ матчы пройдуць у гэты дзень
- 22:00. Шатландыя — Венгрыя
Харватыя — Італія. Яшчэ адзін з галоўных матчаў групавога этапу
Калі: 24 чэрвеня
У колькі: 22 гадзіны па Мінску
Працягваем расказваць пра матчы адной з самых цікавых груп на Еўра-2024. Гэтым разам футбалісты Харватыі і Італіі працягнуць змагацца за ачкі і выхад з групы на самых лепшых умовах. Гэта будзе яшчэ адзін матч, які пройдзе ў рамках групавога этапу, але ён, вядома, таксама мог адбыцца і ў самых вырашальных раўндах чэмпіянату.
Якія яшчэ матчы пройдуць у гэты дзень
- 22:00. Албанія — Іспанія
Францыя — Польшча. Важны матч для палякаў
Калі: 25 чэрвеня
У колькі: 19 гадзін па Мінску
Гэтак жа, як гульня Харватыі супраць Італіі, гэты матч дапаможа вырашыць, хто выйдзе ў накаўт. Францыя з’яўляецца адным з фаварытаў Еўра-2024, але яе чакаюць вельмі складаныя групавыя гульні — гэта адна з іх.
Па апошніх дадзеных, Роберт Левандоўскі прапусціць першы тур з-за траўмы, то бок, да матчу з Францыяй ён павінен ужо быць на полі. Гэта будзе адзін самых важных матчаў для польскай зборнай, і, магчыма, вырашыць, ці пройдзе Польшча далей.
Якія яшчэ матчы пройдуць у гэты дзень
- 22:00. Англія — Славенія
- 22:00. Данія — Сербія
- 19:00. Нідэрланды — Аўстрыя
Украіна — Бельгія. Шлях да лепшай пазіцыі на выхадзе з групы
Калі: 26 чэрвеня
У колькі: 19 гадзін па Мінску
Ва Украіны складаная, але цікавая група, якая можа дапамагчы ўкраінцам прабіцца ў наступны раўнд. Гульня з Бельгіяй можа вырашыць, ці пройдуць украінцы далей у турніры. Вядома, гэта не самы важны матч для іх: трэба будзе дабываць неабходныя ачкі ў гульнях з румынамі і славакамі. А што калі ўкраінцы змогуць выцягнуць перамогу ў бельгійцаў?
Для Бельгіі гэта група найменш складаная, чым у канкурэнтаў з іншых пулаў. Аднак кожны з сапернікаў будзе імкнуцца асадзіць бельгійскую каманду. Магчыма, гэта можа атрымацца ў украінцаў.
Якія яшчэ матчы пройдуць у гэты дзень
- 19:00. Славакія — Румынія
- 22:00. Грузія — Партугалія
- 22:00. Чэхія — Турцыя