Now Reading
Еўра-2024: разбіраемся ў камандах і чакаем вялікі футбол

Еўра-2024: разбіраемся ў камандах і чакаем вялікі футбол

еўра-2024, крышціяну раналду, зборныя на чэмпіянаце еўропы 2024

 Амаль месяц на нямецкіх футбольных стадыёнах будзе праходзіць чарговы чэмпіянат Еўропы па футболе. Сярод удзельнікаў будуць фаварыты на чале з Францыяй і Партугаліяй, а таксама зусім новыя для Еўра зборныя: напрыклад, Грузія! 

PALATNO расказвае, у якой форме падышлі да спаборніцтваў нацыянальныя каманды, а таксама, чаго чакаць ад галоўнай спартыўнай падзеі лета (калі не ўлічваць парыжскую алімпіяду!).

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Што глядзець: лепшыя матчы на кожны дзень Еўра-2024

Што будзе адбывацца?

Чэмпіянат Еўропы па футболе пройдзе ад 14 чэрвеня да 14 ліпеня ў Германіі. Турнір прымуць дзесяць нямецкіх гарадоў.

На Еўра кваліфікаваліся 24 каманды — Германія як гаспадар турніру прайшла аўтаматычна. У турніры згуляюць Італія, Англія, дзейны чэмпіён свету Францыя, Харватыя, Партугалія, Бельгія. Албанцы і румыны таксама будуць гуляць на еўратурніры — апошні раз яны прапусцілі чэмпіянат. Да іх далучацца сербы і славенцы, якія таксама не гулялі на Еўра-2020, а Сербія ўвогуле ўпершыню прайшла кваліфікацыйны этап пасля выхаду з саюза з Чарнагорыяй.

Сярод навічкоў — Грузія, якая прайшла на турнір пасля серыі пенальці. Зборную Расіі адхілілі ад удзелу з-за паўнамаштабнага ўварвання расійскіх войск ва Украіну.

чэмпіянат еўропы па футболе 2024, еўра-2024, расклад матчаў еўра-2024
Ілюстрацыя: PALATNO

Гід па камандах

Расказваем, якія зборныя будуць выступаць на чэмпіянаце Еўропы ў гэтым годзе, а таксама тлумачым, якія ў каманд моцныя і слабыя бакі.

Албанія

Албанія гуляе ў лепшы футбол, які толькі можа. Бразільскі трэнер Сільвінью робіць рызыкоўныя перастаноўкі ў камандзе, які робяць вырашальнымі і пераможнымі гульні для альбанцаў. Албанія згуляе ў групе з Італіяй, Харватыяй і Іспаніяй — абарона будзе вырашаць шмат, а контратака стане галоўнай зброяй каманды.

Прызначэнне Сільвінью змяніла многае ў камандзе. Напрыклад, футбаліст Крысціян Аслані змагаўся за гульнявы час у былога трэнера, а пад кіраўніцтвам Сільвінью стаў звычайным стартарам. Добрую гульню чакаюць ад Марыё Мітаджы, які марыць перайсці ў адну з еўрапейскіх ліг з маскоўскага «Лакаматыва».

У Сільвінью атрымалася за кошт ветэранаў камфортна адаптавацца маладым гульцам. У атацы ў албанцаў гуляе тройка — Асані, Броя і Сэфэрі.

Англія

Англічане ўсё яшчэ спадзяюцца, што менавіта вось гэтая зборная пераможа на Еўра. Калі не яна, то абавязкова наступная! У гэтым годзе ўсё ідзе так жа: англічане лічаць, што калі ў іх не лепшая, то лепшая пасля французаў зборная на турніры.

Для галоўнага трэнера Гары Саўтгейта гэта можа быць апошні турнір у якасці кіраўніка англійскай зборнай. Для Саўтгейта галоўным спадзяваннем на турніры стане Джуд Белінгем. Футбаліст правёў свой першы фінал Лігі чэмпіёнаў, а трэнер «Рэала» называе яго лепшым гульцом каманды. Яшчэ адным гульцом, для каго Еўра стане дэбютам, — 19-гадовы паўабаронца Кобі Мэйну.

Брамнікам ужо шосты год запар будзе Джордан Пікфард. У абароне ў англічан могуць быць праблемы, якія і паўплываюць на выступ каманды: Люк Шоу атрымаў траўму і прапусціў большую частку клубнага сезона.

зборная англіі па футболе, еўра-2024
Джуд Белінгем.

Аўстрыя

Аўстрыйцы ўразілі ў кваліфікацыі — другое месца ў сваёй групы пасля Бельгіі, а яшчэ ўзялі перамогу ў спарынгавай сустрэчы з немцамі. Але пасля такога поспеху ў галоўнага гульца каманды Дэвіда Алабы здарылася сур’ёзная траўма. Алаба ўжо дакладна прапусціць гэты чэмпіянат Еўропы.

Вялікая стаўка ў аўстрыйскай зборнай робіцца на галоўнага трэнера Ральфа Рангніка. Стыль футбола Рангніка — моцны ціск, хуткія пераходы і вельмі інтэнсіўная гульня. Эксперты лічаць, што ключавым момантам для аўстрыйскай зборнай будзе тое, як яны справяцца са сваімі чаканнямі.

Галоўнай зоркай каманды пасля Алабы лічыцца Марсэль Забітцэр. Яшчэ адным цікавым футбалістам, за якім абавязкова трэба будзе назіраць, стане Нікалас Зайвальд: эксперты лічаць, што ён рэдка памыляецца і можа дыктаваць тэмп гульні. Незвычайны і асаблівы футбаліст, які апошнія дзесяць гадоў фарміраваў аўстрыйскі футбол, — Марка Арнаўтавіч. Яму ўжо 35 гадоў, ён не толькі ветэран, але і той, на каго раўняецца ўсе астатнія ў камандзе. Да турніру аўстрыйцы падыходзяць без свайго галкіпера Шлагера — яго заменіць Патрык Пенц. Чалавек, які будзе адказны за галы, — Міхаэль Грэгарыч.

Бельгія

Бельгія падыходзіць да Еўра-2024 у аптымальнай форме. Трэнер Дамінік Тэдэска спадзяецца, што серыя з не прайграных матчаў пяройдзе і ў групавы этап Еўра, а там ужо… У Тэдэскі заканчваецца кантракт гэтым летам, таму выступ каманды будзе ўплываць і на тое, ці атрымаецца ў яго застацца з бельгійскай камандай далей.

У бельгійцаў ёсць ахілесава пята — абмежаваныя магчымасці ў абароне, бо ў Ціба Куртуа ёсць праблемы з траўмамі. Хутчэй за ўсё, трэнер будзе рабіць стаўку на найлепшага паўабаронцу пакалення — Кевіна дэ Брэйнэ. У мінулым годзе ён стаў капітанам зборнай, таму ад яго залежыць шмат, каб каманда паказала добры вынік.

Венгрыя

За апошнія гады венгерская зборная працягвае ўдасканальвацца. Венграў лічаць цёмным конікам турніру, ад іх чакаюць неверагоднага выніку. Але група атрымалася ў іх вельмі небяспечная: Германія, Швейцарыя, Шатландыя…

Трэнер Марка Росі прывёў венграў да другой запар кваліфікацыі Еўра, выйшаў з камандай у Лігу нацый А, нацыяналка здолела перамагчы ў матчах Англію і Германію.

У венграў ёсць суперталент — Дамінік Сабаслаі. Цікавы факт: Венгрыя пакуль не прайграла ні аднаго матч з моманту, калі Дамініка прызначылі капітанам зборнай. Абавязкова трэба паназіраць і за 20-гадовым абаронцам Мілашам Керкезам, яшчэ крыху і ён будзе запатрабаваны ў якім-небудзь топавым брытанскім клубе.

Асноўныя гульцы, з якім Росі пабудуе каманду на гэтым Еўра, адгулялі на нямецкім футбольных палях. Адзін з лепшых брамнікаў Еўропы Петэр Гулачы ўжо дакладна будзе дапамагаць камандзе. Яшчэ адзін стоўп у венгерскай абароне — Вілі Орбан, які нарадзіўся ў Германіі і нават не гаворыць па-венгерску. Аднак Орбан і Сабаслаі на цяперашні момант з’яўляюцца самымі важнымі гульцамі каманды.

Германія

У немцаў у апошнія гады ўсё ідзе так кепска, што ім рэальна пашчасціла была гаспадарамі чэмпіянату Еўропы, бо ў адваротным выпадку яны маглі ўвогуле не трапіць на турнір. У каманды малады трэнер Юліян Нагельсман.

Тоні Кроас вярнуўся ў нацыянальную зборную і можа зноў зрабіць нямецкі футбол паспяховым. Кроас заўсёды спакойны, ніколі не нервуецца. У гэтым годзе ён правёў, напэўна, адзін з лепшых клубных сезонаў у кар’еры. Для Тоні гэта будзе апошні турнір у шэрагу нацыянальнай зборнай. Разам з Кроасам за чэмпіёнскім тытулам паедзе 21-гадовы Фларыян Вірц, які дапамог у гэтым сезоне «Баеру».

На браме ў Германіі традыцыйна будзе стаяць Мануэль Нойер, які доўгі час адыходзіў ад траўмы і пачаў рабіць дзіўнаватыя для яго самога памылкі («Баварыя» павінна памятаць паўфінал Лігі Чэмпіёнаў).

Грузія

Грузія ўпершыню згуляе ў чэмпіянаце Еўропы! Гэта ўжо ашаламляльнае дасягненне для грузінскай нацыяналкі — і ўсё гэта дзякуючы перамогам над Люксембургам і Грэцыяй. Грузіны прайшлі вялікі шлях за апошнія гады ў сусветным футболе. Цяпер галоўнай задачай будзе выйсці з групавога этапу, але, па шчырасці, для грузінскіх заўзятараў ужо радасць апынуцца ў эліце еўрапейскага футбола.

Гулец, за якім абавязкова трэба сачыць на гэтым чэмпіянаце ў складзе грузінскай зборнай, — Хвіча Кварацхелія. Футбаліст гуляе ў «Напалі» і ўзначальвае новае пакаленне зорак у грузінскай нацыянальнай камандзе.

зборная грузіі па футболе 2024
Хвіча Кварацхелія.

Данія

На Еўра-2020 датчане дайшлі да паўфіналу, але ці змогуць яны паўтарыць такі поспех у гэтым годзе — малаверагодна. Галоўны трэнер Каспер Х’юльманд шмат эксперыментаваў са схемамі гульні і выкарыстаў тры дзясяткі футбалістаў падчас кваліфікацыі, але адборачны этап падсвяціў тыя праблемы, якія могуць адгукнуцца з новай сілай падчас чэмпіянату.

Абаронцы Сайман К’ер і Андрэас Крыстэнсэн атрымалі траўмы, але ёсць і добрыя навіны: у Х’юльманда вельмі яркая і маладая атака з патэнцыялам. Расмус Хёйлунд забіў сем галоў у кваліфікацыі, а Ёнас Вінд стаў лепшым у адборачным этапе. У каманды адна мэта — выйсці з групы.

Крысціян Эрыксен згуляе ў складзе нацыяналкі: вы можаце пра яго ведаць як пра футбаліста, у якога спынілася сэрца на мінулым Еўра.

Іспанія

Іспанцы едуць на Еўра-2024 з добрай асноўнай камандай і ў ліку фаварытаў. Галоўны трэнер іспанскай нацыяналкі — Луіс дэ ла Фуэнтэ. Хоць іспанскую федэрацыю футбола апошнім часам штарміць (прэзідэнт Луіс Рубіалес пацалаваў футбалістку пасля фіналу чэмпіянату свету сярод жанчын, і цяпер з’яўляецца ўдзельнікам некалькіх судовых спраў), де ла Фуэнтэ захоўвае спакой.

Лідар каманды — Родры, якога галоўны трэнер выкарыстоўвае ў паўабароне. На чэмпіянаце выступіць Ламін Ямаль, якому споўніцца 17 гадоў толькі за дзень да фіналу Еўра. Капітанам каманды застаецца Альвара Мората, хоць яго паспелі зненавідзіць нават уласныя фанаты.

Італія

За тры гады з апошняга чэмпіянату Еўропы ў італьянскай зборнай шмат чаго змянілася. Галоўнае — трэнер: ім стаў Лучана Спалеці. Спалеці не баіцца прымаць непапулярныя рашэнні, ён нават забараніў футбалістаў падчас кэмпаў гуляць у відэагульні. Італьянцы пачынаюць Еўра ў адной з самых складаных груп турніру.

Іконай каманды, вядома, з’яўляецца Джанлуіджы Данарума. Данаруму прызначылі капітанам зборнай у адсутнасці Імабіле і без К’еліні, які скончыў кар’еру. Давідэ Фратэзі можа стаць адным з самых зорных футбалістаў у Італіі, але пакуль ён надта малады, каб займець гэты статус. Кароль нечаканасці і чалавек, якога ненавідзяць не менш чым Ryanair — Джанлука Манчыні — таксама будзе ў «скуадры адзуры».

Нідэрланды

У Нідэрландаў перад Еўра ёсць сур’ёзныя праблемы. У галоўнага трэнера Рональда Кумана іх усяго тры, усе яны звязаныя з траўмамі. Дэ Ёнг, Дэпай і Вірджыл ван Дэйк усё роўна паедуць на Еўра — у футбольнай форме ці без яе. Куман разлічвае, што калі яны не будуць даступныя ў першых матчах турніру, то змогуць далучыцца да каманды падчас чэмпіянату.

Кваліфікацыйны этап для Нідэрландаў прайшоў таксама не вельмі ўдала і не без драмы. Частка гульцоў захварэла перад матчам з Францыяй — і іх адправілі ўначы дадому. Але пазней высветлілася, што гэта не вірус, а проста нясвежая курыца кары на вячэры.

Самы цікавы гулец у нідэрландскай зборнай — Тыджані Рэйндэрс. За ім будуць назіраць і нідэрландскія заўзятары, і сапернікі. Ідэальнай лініяй для каманды Кумана была б Бэйлоў-ван Дэйк-дэ Ёнг-Дэпай, аднак наўрад ці чацвёрка гульцоў зможа з’явіцца ў такім складзе ў групавой стадыі.

Партугалія

Яшчэ адзін з фаварытаў турніру — Партугалія. Каманда перамагла ва ўсіх матчах адборачнага этапу, акрамя паражэння ад славенцаў. Безумоўна, партугальцы застаюцца і з паразай ад Славеніі аднымі з галоўных прэтэндэнтаў на чэмпіёнскі тытул.

Ужо вядома, што Крышціяну Раналду згуляе за партугальскую зборную на Еўра-2024. Аднак ён будзе не адзінай зоркай у камандзе. Бернарда Сілва можа аб’яднаць сілы ў атацы, каб павесці каманду за сабой. А зборную ўзначальвае Раберта Марцінес, які да гэтага працаваў з бельгійскай нацыяналкай.

Польшча

Польшча забяспечыла выхад на гэты чэмпіянат у самых драматычных абставінах, якія толькі маглі быць: палякі перамаглі ў серыі пенальці Уэльс. Аднак чаканні ад каманды з Робертам Левандоўскім не такія вялікія. Выступ Левандоўскага будзе ключавым для ўсёй каманды, калі яна хоча чаго-небудзь дасягнуць на Еўра-2024.

Галоўны трэнер Міхал Прабеж уліўся ў каманду пасля звальнення партугальскага спецыяліста Фернанда Сантуша. Прабеж давёў каманду да чэмпіянату, але трэнеру не хапае досведу за межамі Польшчы — за выключэннем некалькіх месяцаў трэнерскай кар’еры ў Грэцыі больш за дзесяць гадоў таму.

Роберт Левандоўскі, зборная польшчы па футболе 2024
Роберт Левандоўскі.

Румынія

Ніхто не чакаў, а Румынія ўжо стала вядомая сваімі поспехамі ў сусветным футболе. У румынскай зборнай растуць і квітнеюць таленавітыя і маладыя гульцы. Румынцы не шмат забіваюць, таму ўсе гульні з іх удзелам будуць напружанымі.

Самым цікавым з іх будзе Джорджэ Пушкаш. Пушкаш не хапае зорак з неба, ён гуляў за «Рэдынг» і стаў галоўнай зоркай у румынскім футболе пасля Нікалае Станчу.

Сербія

Сербскія футбалісты едуць на Еўра-2024 без асаблівых чаканняў. Пасля перамогі над Партугаліяй у Лісабоне адборачны турнір прайшоў са знакам мінус. Галоўнага трэнера Драгана Стойкавіча мала хвалюе тактыка, ён любіць, калі каманда ззяе ў атацы. У сербскай каманды шмат праблем, але галоўная — з псіхалогіяй. Стойкавіча крытыкаваў нават экс-зорка «Манчэсцера» Неманья Відзіч за надта высокі заробак.

Душан Тадзіч — зорка гэтай каманды, які дамогся таго, каб стаць лідарам нацыяналкі. Яму будзе дапамагаць Лазар Самарджыч, які нарадзіўся ў Берліне і адмовіўся гуляць за нямецкую зборную. У распараджэнні Стойкавіча будуць галкіпер Мілінкавіч-Савіч, пачынальнік атак абаронца Страхіня Паўлавіч і машына для галоў Аляксандр Мітравіч.

Славакія

Адзін з пастаянных удзельнікаў футбольных турніраў у апошні час — гэта Славакія. Хоць славакі асабліва нічым на іх не запамінаюцца, яны будуць імкнуцца паказаць добрую гульню. У адборачным этапе славакі перамаглі ў сямі матчах і толькі двойчы саступілі партугальцам.

Каманда пад кіраўніцтвам Франчэска Кальцоны ўключае ў сябе дасведчаных гульцоў: Мілан Шкрыньяр, Станіслаў Лаботка, Марцін Дубраўка, Марэк Гамшык. Самым цікавым гульцом у гэтай кампаніі выглядае Шкрыньяр, які ў 29 гадоў ужо стаў капітанам.

Славенія

Славенія будзе ўдзельнічаць у Еўра ў другі раз у гісторыі, апошні раз быў у далёкім 2000 годзе. Славенцы пачнуць групавы этап матчамі з англічанамі, датчанамі і сербамі. Хутчэй за ўсё, яны зоймуць апошняе месца ў групе. Аднак галоўны трэнер Мат’яж Кек лічыць, што канкурэнты яго зборнай робяць памылку, што недаацэньваюць славенскую нацыяналку. У групавым этапе нас чакае адразу матч-рэванш: Славенія будзе помсціць за Еўра-2000, калі яшчэ Югаславія адыгралася з 0:3 і скончыла гульню ўнічыю.

Чалавек-легенда для славенскага футбола — Ян Облак — будзе гуляць у браме. Облак дамогся значных поспехаў у прафесійнай кар’еры, ужо дзесяць гадоў ён выступае за «Атлетыка Мадрыд», але значных поспехаў у шэрагах нацыянальнай зборнай у яго пакуль не было. Наступным гульцом, на якога кладуцца спадзяванні славенцаў, — 21-гадовая маладая зорка Беньямін Шэшка. Шмат чаканняў і ад Беньяміна Вербіча, які апошнім часам мільгаў у навіновых стужках не як футбаліст, а як нядаўна разведзеная зорка, што несур’ёзна ставіцца да бацькоўскіх абавязкаў.

Турцыя

Каманда туркаў будзе не самай моцнай камандай на гэтым турніры, але сачыць за зборнай усё-такі трэба. Напрыклад, за Хаканам Чалханоглу — капітан каманды; футбаліст, які нарадзіўся ў Германіі, але вырашыў выступаць за Турцыю. Чалханоглу пачынаў з атакуючага паўабаронцы, але з часам пачаў гуляць глыбей, таму яго досвед будзе мець вырашальнае значэнне для каманды.

Зборнай кіруе Вінцэнца Мантэла, які да нацыяналкі правёў два гады з «Адана Дэмірспор».

Міхайла Мудрык, зборная украіны па футболе 2024
Міхайла Мудрык.

Украіна

Украінцы змаглі прабіцца на Еўра-2024 нават нягледзячы на працяглае ўварванне расійскіх войск. Каманда пад кіраўніцтвам Сяргея Раброў здолела кваліфікавацца ў цяжкіх матчах і забраніраваць месца на турніры.

Большасць футбольных зорак украінскай зборнай гуляе за межамі краіны. Раман Ярэмчук гуляе за «Валенсію», Арцём Доўбік выступае за «Жырону», таксама ў чэмпіянаце дапамогуць гульцы з англійскай лігі — Віталі Мікаленка, Ілля Забарны, Аляксандр Зінчанка і Міхайла Мудрык.

Францыя

Францыя падыходзіць да турніру як адзін з фаварытаў. Эксперты лічаць, што мы пабачым французскую зборную, якую бачылі на чэмпіянаце свету ў 2022 годзе, але ўжо без Рафаэля Варана і Уга Льярыса. Французы без праблем прайшлі кваліфікацыйны этап. Галоўны трэнер Дзідзье Дэшам застаўся на пасадзе, нягледзячы на размовы, што яго могуць змяніць: а ён увогуле заключыў кантракт з федэрацыяй да 2026 года.

Лепшы бамбардзір ПСЖ усіх часоў і капітан зборнай Кіліян Мбапэ, які нядаўна падпісаў кантракт з мадрыдскім «Рэалам», будзе спрабаваць прывесці нацыянальную каманду да першага чэмпіёнства ў новай ролі капітана. А яшчэ на Еўра мы пабачым маладога вінгера Брэдлі Баркола — на яго Дэшам ускладае вялікія спадзяванні. Яшчэ адным цікавым гульцом у французскай зборнай стане Бенджамін Павар. Брамнікам стаў Майк Мэньян пасля таго, як сышоў Льярыс. Антуан Грызман працягвае быць адным з самых важных і ўплывовых членаў зборнай.

Харватыя

Харваты працягваюць будаваць зборную каля капітана Лукі Модрыча. Ён старэе, але гэта не перашкаджае крыху ссунуць маладых і перспектыўных, каб Модрыч у апошні раз вывеў харватаў бліжэй да чэмпіёнскага тытула.

Для галоўнага трэнера Златкі Даліча, верагодна за ўсё, гэта будзе апошні турнір. Модрычу ўжо амаль 40 гадоў, і гэта ўжо завяршальны этап для кар’еры харвацкай суперзоркі. У Даліча набралася ветэранская каманда, і ёсць толькі некалькі гульцоў, для якіх турнір можа стаць прарыўным — Лука Сучыч і Марцін Батурына.

Модрыч і Ёшка Гвардыёлу падзяляе 16 гадоў, але толькі яны ў зборнай з’яўляюцца гульцамі сусветнага ўзроўню. Ахоўваць браму будзе Дамінік Ліваковіч, які рабіць цуды на апошні чэмпіянаце свету ў Катары.

Кіліян Мбапэ, французская зборная па футболе 2024
Кіліян Мбапэ.

Чэхія

Для чэшскай зборнай гэта будзе восьмы чэмпіянат Еўропы запар, але амаль увесь гэты час чэшская нацыяналка не атрымлівала той увагі, якую яна заслугоўвае. У апошніх дзесяці матчах чэхі прайгралі толькі адзін раз! А група на Еўра з Партугаліяй, Грузіяй і Турцыяй.

Самы цікавы гулец у чэшскай зборнай цяпер — гэта Патрык Шык. У апошнія месяцы Шык змагаўся з траўмамі, але змог стаць лепшым бамбардзірам і сваёй зборнай, і ў клубным чэмпіянаце Германіі. Дарэчы, Шык выступае за той самы непераможны «Баер».

Чэшскай зборнай кіруе дасведчаны 60-гадовы Іван Гашэк. Гашэк і раней кіраваў нацыянальнай камандай Чэхіі ў 2009 годзе, а ў гэту каманду прыйшоў толькі ў студзені пасля адстаўкі Яраслава Шылгавы.

Шатландыя

Шатландыя рэдка гуляе ярка, але робіць гэта па адпрацаванай схеме. Трэнер Стыў Кларк змяніў настрой вакол каманды і моцна адрозніла яго ад папярэднікаў. Кларк шмат працаваў у брытанскім футболе, а яго талент адзначаў нават Жазэ Маўрынью.

Галоўнай зоркай каманды з’яўляецца Джон МакГін. На яго талент спадзяваюцца і ў яго вераць як у лідара каманды. Білі Гілмар едзе на Еўра-2024, каб даказаць усім, што ён выдатны футбаліст і можа гуляць на элітным узроўні. Яшчэ адным тузам у калодзе Стыва Кларка будзе Скот Мактамінэй, які ўжо мноства разоў даказаў сваімі важнымі галамі, што з’яўляецца зоркай нацыяналкі.

Швейцарыя

Цяперашняя каманда стала самай паспяховай у футбольнай гісторыі краіны. Пакаленне юнакоў, якое пятнаццаць гадоў таму перамагло на чэмпіянаце свету і цяпер перабралася ў буйныя дарослыя турніры. На паперы швейцарцы пачынаюць Еўра-2024 у самай слабай групе і іх мінімальнай задачай стаў выхад з гэтай групы.

Галоўная праблема швейцарцаў ляжыць у атацы. У камандзе няма моцных гульцоў, якія могуць нападаць. Аднак галоўны трэнер Мурат Якін лічыцца выбітным экспертам па тактыцы, а яго моц палягае ў арганізацыі абароны.

Галоўная зорка каманды — Граніт Джака. Шмат хто палічыў яго пераход з «Арсенала» ў «Леверкузен» памылкай, але нямецкая каманда выйграла тытул і стала першай непераможнай камандай у Бундэслізе, а сам Джака быў лідарам каманды. Самы папулярны швейцарскі футбаліст Джардан Шакіры ўжо шмат гадоў радуе заўзятараў, але для яго гэта можа быць апошні турнір з нацыянальнай зборнай. Найбольш верагоднай заменай для траўмаванага Эмбалы наперадзе атакі можа стаць Зекі Амдуні.

Расклад турніру: групавы этап, 1/8, чвэрцьфіналы, паўфіналы, фінал

Групавы этап будзе праходзіць амаль два тыдні. Пасля, напрыканцы чэрвеня, адбудзецца 1/8 фіналу: у раўнд выйдуць па дзве каманды з кожнай групы, а таксама чатыры лепшыя каманды, якія ў сваіх групах занялі трэція месцы. Чвэрцьфіналы запланаваныя на 5-6 ліпеня, паўфіналы — на 9-10 ліпеня, фінал пройдзе ў Берліне 14 ліпеня.

Расклад матчаў накаўт-раўндаў мы апублікуем у апошнія дні групавога этапу Еўра.

Час матчаў — па Мінску.

Групавы этап

Група А

⚽ 14 чэрвеня, 22:00. Германія 5—1 Шатландыя (ФІНАЛ)

Немцы буйна перамаглі шатландцаў у матчы-адкрыцці чэмпіянату Еўропы. Германія ніколі не забівала на чэмпіянатах Еўропы столькі мячоў у адным матчы. Таксама цяпер гэты матч можна лічыць легендарным, бо яшчэ ніколі матч-адкрыццё турніру не пачынаўся са столькіх забітых мячоў. Галы за зборную Германіі забівалі Флорыян Вірц, Джамал Мусіяла, Кай Хаверц, Ніклас Фюлькруг, Эмрэ Джан. Шатландцы ў сустрэчы не забівалі: у другім тайме здарыўся аўтагол ад Антоніа Рудыгера.

⚽ 15 чэрвеня, 16:00. Венгрыя 1—3 Швейцарыя (ФІНАЛ)

Швейцарцы ўпэўнена глядзеліся ў першым тайме і адзначыліся двума галамі (Квадва Дуа, Мішэль Эбішэр). У другім тайме зборная Венгрыя пачала аднаўляць свае пазіцыі, Барнабаш Варга нават скараціў перавагу сапернікаў: адзначыўся голам, а разрыў складаў усяго адзін мяч. Аднак напрыканцы гульні, ужо на дадатковых хвілінах, Брыэль Эмабала забіў яшчэ адзін гол.

⚽ 19 чэрвеня, 19:00. Германія 2—0 Венгрыя (ФІНАЛ)

Немцы перамаглі сапернікаў у другім матчы групавога этапу і датэрмінова выйшлі ў плэй-оф. Галы за зборную Германіі забівалі Джамал Мусіяла і Максімільян Мітэльштэдт.

⚽ 19 чэрвеня, 22:00. Шатландыя 1—1 Швейцарыя (ФІНАЛ)

Шатландцы і швейцарцы згулялі ўнічыю. Усе галы забілі ў першым тайме. У зборнай Шатландыі адзначыўся Скот Мактомінэй, у Швейцарыі — Джэрдан Шакіры.

⚽ 23 чэрвеня, 22:00. Швейцарыя 1—1 Германія (ФІНАЛ)

Швейцарцы забілі ў першым тайме, дзякуючы Дану Ндо’е. У немцаў атрымалася зраўняць лік толькі ў дададзены час: гол забіў Нікалас Фюлкруг.

⚽ 23 чэрвеня, 22:00. Шатландыя 0—1 Венгрыя (ФІНАЛ)

Матч мог скончыцца ўнічыю, аднак у дадазены час напрыканцы гульні гол забіў венгр Кэвін Чобат. Так Венгрыя паставіла рэкорд: каманда забіла самы позні гол у гісторыі чэмпіянатаў Еўропы на 99-й хвіліне. Таксама ў матчы сур’ёзна траўмаваўся венгерскі форвард Барнабаш Варга, ён наўрад ці працягне выступ на турніры. Шатландыя пасля гэтай сустрэчы афіцыйна вылятае з чэмпіянату Еўропы па футболе.

Група В

⚽ 15 чэрвеня, 19:00. Іспанія 3—0 Харватыя (ФІНАЛ)

Іспанцы разграмілі харвацкую зборную з буйным лікам. Галы забівалі Альвара Марата, Фабіян Руіс, Даніэль Карвахаль. У другім тайме харваты мелі магчымасць забіць гол з пенальці, але Бруна Петкавіч быў не дакладным, аднак змог даставіць мяч у браму на дабіванні: гэты гол пасля скасаваў арбітр.

⚽ 15 чэрвеня, 22:00. Італія 2—1 Албанія (ФІНАЛ)

Італьянцы перамаглі албанцаў, аднак матч пачаўся з дамінацыі Албаніі. Ужо на 22-й секундзе сустрэчы паўабаронца Недзім Байрамі забіў гол — гэта рэкорд чэмпіянату Еўропы, цяпер гэта самы хуткі гол у гісторыі Еўра. Італьянцы змаглі адыграцца ўжо ў першым тайме: на 11-й хвіліне адзначыўся Алесандра Бастоні, на 16-й — Нікола Барэла.

⚽ 19 чэрвеня, 16:00. Харватыя 2—2 Албанія (ФІНАЛ)

Харваты і албанцы згулялі ўнічыю ў другім матчы групавой стадыі. Першы гол забіў прадстаўнік албанскай зборнай Казім Лячы. У другім тайме ўсяго за некалькі хвілін харваты ўзялі ініцыятыву ў свае рукі: голам адзначыўся Андрэй Крамарыч і аўтагол ад албанца Клаўса Гясулы. У дадазены час албанцы зраўнялі лік, і ў гэтым «‎вінаваты» ўсё той жа Гясула.‎

⚽ 20 чэрвеня, 22:00. Іспанія 1—0 Італія (ФІНАЛ)

Дзякуючы гэтаму матчу і перамозе ў ім, іспанцы выходзяць у плэй-оф чэмпіянату Еўропы па футболе. Цікава, што адзіны гол у матчы стаў аўтаголам гульца італьянскай зборнай Рыкарда Калаф’ёры.

⚽ 24 чэрвеня, 22:00. Албанія 0—1 Іспанія (ФІНАЛ)

Адзіны матч у гульні забіў іспанец Фернан Торэс. Для іспанскай зборнай групавая стадыя чэмпіянату Еўропы-2024 стала першай у гісторыі, калі яны не прапусцілі ні аднаго гола. Для албанцаў параза ў матчы аўтаматычна азначае вылет з турніру.

⚽ 24 чэрвеня, 22:00. Харватыя 1—1 Італія (ФІНАЛ)

Харваты не здолелі зарабіць больш ачкоў, якія маглі б забяспечыць ім выхад у наступную стадыю (аднак усё будзе залежыць ад матчаў у іншых групах). У гэтым матчы адзначыліся харват Лука Модрыч (ён забіў у другім тайме) і італьянец Матыё Дзакан’і (той забіў у дададзеныя хвіліны другога тайму).

Група С

⚽ 16 чэрвеня, 19:00. Славенія 1—1 Данія (ФІНАЛ)

Гэта першая нічыя на Еўра-2024. Лік у матчы адкрыў Крысціян Эрыксан у першым тайме. У другім тайме славенцы змаглі закалаціць у браму сапернікаў таксама адзін мяч: ім адзначыўся Эрык Янжа.

⚽ 16 чэрвеня, 22:00. Сербія 0—1 Англія (ФІНАЛ)

Англічане дамагліся перамогі ў першай сустрэчы на турніры з мінімальным лікам. Гол забіў Джуд Белінгем.

⚽ 20 чэрвеня, 16:00. Славенія 1—1 Сербія (ФІНАЛ)

Славенцы з сербамі забілі па адным голе ў сустрэчы. Славенцы змаглі рэалізаваць на 69-й хвіліне, адзначыўся Жан Карнічнік. А ўжо на дадзеных хвілінах гол у адказ забіў Лука Ёвіч.

⚽ 20 чэрвеня, 19:00. Данія 1—1 Англія (ФІНАЛ)

Яшчэ адна нічыя на турніры, чарговая нічыя ў гэтай групе. Капітан зборнай Англіі Гары Кейн забіў у першай палове сустрэчы. Мортэн Юлманд забіў таксама ў першым тайме, дакладна стрэліўшы па браме англічан з дыстанцыі.

⚽ 25 чэрвеня, 22:00. Англія — Славенія.

⚽ 25 чэрвеня, 22:00. Данія — Сербія.

Група D

⚽ 16 чэрвеня, 16:00. Польшча 1—2 Нідэрланды (ФІНАЛ)

Нідэрландцы вырвалі перамогу ў палякаў у першым матчы турніру, але саступалі па ходзе матчу. Першым голам адзначылася зборная Польшчы, дзякуючы Адаму Буксе ў першым тайме. У тым жа тайме гол забіў нідэрландзец Кодзі Гакпа. Напрыканцы матча на поле выйшаў Ваўт Вегорст, які забіў пераможны мяч праз некалькі хвілін пасля свайго выхаду.

⚽ 17 чэрвеня, 22:00. Аўстрыя 0—1 Францыя (ФІНАЛ)

У гэтай сустрэчы адбыўся толькі аўтагол абаронцы аўстрыйскай каманды Максімільяна Вэбера. Ён перакрываў перадачу Кіліяна Мбапэ да брамы. Да таго ж, Мбапэ зламалі нос і, хутчэй за ўсё, ён прапусціць матчы групавой стадыі.

⚽ 21 чэрвеня, 19:00. Польшча 1—3 Аўстрыя (ФІНАЛ)

У пачатку матча гол забіў аўстрыец Гернат Траўнер. У першым тайме палякі змаглі зраўняць лік: голам адзначыўся Кшыштаф Пёнтэк. У другім тайме Аўстрыя змаглі двойчы ўзяць браму саперніка: дапамаглі галы ад Крыстафера Баумгартнера і Марка Арнавутавіча. Пасля гэтага матча Польшча ўжо дакладна не згуляе ў плэй-оф.

⚽ 21 чэрвеня, 22:00. Нідэрланды 0—0 Францыя (ФІНАЛ)

Першы матчы на чэмпіянаце Еўропы-2024, які скончыўся зусім без галоў. У другім тайме футбаліст зборнай Нідэрландаў Хаві Сіманс адзначыўся голам, але арбітр адмяніў узяцце брамы.

⚽ 25 чэрвеня, 19:00. Нідэрланды 2—3 Аўстрыя (ФІНАЛ)

Адзін з самых цікавых матчаў групавога этапу, ад якога гэтага, напэўна, ніхто не чакаў. Нідэрландзец Доніэл Мален забіў на першых хвілінах сустрэчы ў сваю браму, а каманды змагаліся за новыя галы ўвесь першы тайм, аднак без поспеху. У другім тайме нідэрландзец Кодзі Гакпо змог зраўняць лік у матчы. На 59-й хвіліне Рамана Шмід вывеў аўстрыўскую зборную наперад. Аднак за 15 хвілін да канца сустрэчы Мэмфіс Дэпай зраўняў лік. Фінальны гол забіў Марсэль Забіцэр, а Аўстрыя ўпершыню заняла першае месца ў групе чэмпіянату Еўропы.

⚽ 25 чэрвеня, 19:00. Францыя 1—1 Польшча (ФІНАЛ)

Матч скончыўся ўнічыю, але вынікі ў каманд розныя. Кіліян Мбапэ і Роберт Левандоўскі забілі па голе з пенальці. Французы ідуць далей у плэй-оф, а палякі едуць дадому.

Група E

⚽ 17 чэрвеня, 16:00. Румынія 3—0 Украіна (ФІНАЛ)

Румыны адкрылі лік у гульні: галом адзначыўся Нікалае Станчу. У другім тайме ўсяго за чатыры хвіліны румыны павялічылі лік да 3:0. Галамі адзначыліся Рэзван Марын і Дзяніс Дрэгуш.

⚽ 17 чэрвеня, 19:00. Бельгія 0—1 Славакія (ФІНАЛ)

Зборная Славакіі сенсацыйна перамагла бельгійцаў з мінімальным лікам. Гол на 7-й хвіліне забіў Іван Шранц.

⚽ 21 чэрвеня, 16:00. Славакія 1—2 Украіна (ФІНАЛ)

Украінцы здабылі першую перамогу на турніры. У першым тайме адзначыўся форвард славацкай зборнай Іван Шранц. У другім тайме ўкраінцы зраўнялі лік, дзякуючы голу Мікалая Шапарэнкі, а напрыканцы матчу выйшлі наперад: пераможны гол забіў Раман Ярамчук.

⚽ 22 чэрвеня, 22:00. Бельгія 2—0 Румынія (ФІНАЛ)

Бельгійцы адкрылі лік ужо на першых хвілінах матчу. Голам адзначыўся Юры Тылеманс. У другім тайме Кэвін дэ Бруйнэ павялічыў адрыў ад сапернікаў яшчэ на адзін гол.

⚽ 26 чэрвеня, 19:00. Славакія 1—1 Румынія (ФІНАЛ)

Славакам і румынам хапала бы нічыі, каб прайсці ў плэй-оф. Так матч і скончыўся: два забітыя галы, нічыя і праход у іншы раўнд. Галы забівалі Андрэй Дуда і Разван Марын.

⚽ 26 чэрвеня, 19:00. Украіна 0—0 Бельгія (ФІНАЛ)

Украінцы і бельгійцы згулялі ўнічыю, а гэта азначае, што ўкраінская зборная вылятае з чэмпіянату Еўропы (хаця каманда набрала столькі ж ачкоў, колькі і іншыя зборныя ў гэтай групе).

Група F

⚽ 18 чэрвеня, 19:00. Турцыя 3—1 Грузія (ФІНАЛ)

У першым тайме каманды абмяняліся галамі: за туркаў забіў Мерт Мюльдзюр, за грузінаў — Жорж Мікаўтадзэ. У другім тайме перавагу ў сустрэчы павялічыў турэцкі футбаліст Арда Гюлер. На дадзеных хвілінах трэці мяч у браму грузінскай каманды забіў Керэм Акцюркоглу.

⚽ 18 чэрвеня, 22:00. Партугалія 2—1 Чэхія (ФІНАЛ)

Гледачы і заўзятары пабачылі забітыя галы толькі ў другім тайме. Першымі забілі чэхі: голам адзначыўся Лукаш Провад. Аднак партугальцы зусім хутка зноў адзначалі нічыю: аўтаголам адзначыўся Робін Гранач. У дадатковы час гол забіў Франсішку Кансейсау, які выйшаў на замену.

⚽ 22 чэрвеня, 16:00. Грузія 1—1 Чэхія (ФІНАЛ)

Матч паміж грузінамі і чэхамі скончыўся ўнічыю. Напрыканцы першага тайму ў дадзеныя хвіліны з пенальці адзначыўся грузінскі футбаліст Жорж Мікаўтадзэ. У другім тайме лік у матчу зраўняў чэх Патрык Шык. Для гэтых каманд, дзякуючы гэтаму матчу, былі набраныя першыя ачкі на турніры. Для зборнай Грузіі — гэта ўвогуле першыя ачкі на чэмпіянаце Еўропы. Нагадаем, грузіны ўпершыню выйшлі на еўратурнір. Таксама грузінскі брамнік Георгій Мамардашвілі ўстанавіў рэкорд па сейвах на чэмпіянаце Еўропы (па адной статыстыцы ён зрабіў іх 9, па іншай — 11). Пакуль рэкорд па колькасці сейваў за матч трымаў латвійскі галкіпер Аляксандр Калінька з-за гульні з Нідэрландамі ў 2004 годзе.

⚽ 22 чэрвеня, 19:00. Турцыя 0—3 Партугалія (ФІНАЛ)

Партугальцы закончылі сустрэчы з туркамі з трыма галамі. У перамозе паўдзельнічалі Сілва Бернарду, Самет Акадзін і Бруну Фернандэш.

⚽ 26 чэрвеня, 22:00. Грузія 2—0 Партугалія (ФІНАЛ)

Хвіча Кварацхелія і Жорж Мікаўтадзэ стварылі цуд для грузінскай зборнай: дзякуючы іх галам грузіны прайшлі ў наступны раўнд, а яшчэ і перамаглі ў групавым этапе прэтэндэнта на чэмпіёнскі тытул. Нягледзячы на паразу, партугальцы ўжо забяспечылі сабе месца ў наступнай стадыі турніру.

⚽ 26 чэрвеня, 22:00. Чэхія 1—2 Турцыя (ФІНАЛ)

Зборная Чэхіі не змагла забяспечыць сабе месца ў плэй-оф, бо прайграла апошні матч групавой стадыі туркам. Хакан Чалханоглу забіў у другім тайме, і гэта быў першы гол у матчы. Хутка на яго адказалі чэхі: забіў Томаш Соўчэк. У дададзены час туркі забілі пераможны мяч: у гэты аказаўся вінаваты Джэнк Тосун.

чэмпіянат еўропы па футболе 2024, еўра 2024
Матч Шатландыі і Венгрыі ў групавой стадыі чэмпіянату Еўропы па футболе-2024.

Плэй-оф — 1/8 чэмпіянату Еўропы па футболе

⚽ 29 чэрвеня, 19:00. Швейцарыя 2—0 Італія (ФІНАЛ)

Швейцарцы выбілі італьянцаў з чэмпіянату Еўропы, дзякуючы двум галам. Першы гол швейцарцы забілі на 37-й хвіліне: адзначыўся Рэмо Фройлер. На 46-й хвіліне перавагу Швейцарыі павялічыў Рубэн Варгас. Такім чынам, Швейцарыя ідзе далей — у чвэрцьфінал, дзе будзе гуляць з пераможцам пары Англія-Славакія. Італія, якая на мінулым чэмпіянаце Еўропы ўзяла залатыя медалі, вылятае і больш не працягне ўдзельнічаць у турніры. Дарэчы, італьянцы ўпершыню з 2004 года не дайшлі да чвэрцьфінальнай стадыі Еўра.

⚽ 29 чэрвеня, 22:00. Германія 2—0 Данія (ФІНАЛ)

Матч скончыўся перамогай нямецкай зборнай і іх выхадам у чвэрцьфінал. Матч перарываўся з-за кепскага надвор’я амаль на паўгадзіны. Аднак навальніцы і град не перашкодзілі немцам забіць у сустрэчы два мячы: адзначыліся Кай Хаверц і Джамал Мусіяла. Дзякуючы свайму трэцяму голу на турніры, Джамал Мусіяла цяпер з’яўлецца адным з лідараў гонкі бамбардзіраў. На мінулым чэмпіянаце Еўропы зборная Данія дайшла да паўфіналу, але ў гэтым сутыкнулася з моцнымі немцамі ў 1/8.

⚽ 30 чэрвеня, 19:00. Англія 2—1 Славакія (ФІНАЛ)

Англічане перамаглі славакаў у 1/8 чэмпіянату Еўропы па футболе. Першы гол забілі славакі: Іван Шранц адзначыўся на 25-й хвіліне. У другім тайме на апошніх дададзеных хвілінах лік у матчы зраўняў Джуд Белінгем. У овертайме вырашальны гол забіў капітан англійскай зборнай Гары Кэйн. Англійская зборная пры трэнеры Гарэце Саўтгейце выходзіць у чвэрцьфінал чацвёртага запар буйнага міжнароднага спаборніцтва.

⚽ 30 чэрвеня, 22:00. Іспанія 2—1 Грузія (ФІНАЛ)

Іспанцы ўпэўнена перамаглі грузінскую зборную. На 18-й хвіліне сустрэчы Робэн Ле Норман аформіў аўтагол, так грузіны выйшлі наперад. Аднак яшчэ ў першым тайме іспанцы змаглі забіць гол і зраўняць лік у сутрэчы: гол аформіў Родры. У другім тайме Фабіян Руіс вывеў іспанскую зборную наперад. На 75-й хвіліне Ніка Вільямс забіў трэці гол у матчы. На 83-й хвіліне забіў Дані Ольмо.

⚽ 1 ліпеня, 19:00. Францыя 1—0 Бельгія (ФІНАЛ)

Французы перамаглі бельгійцаў у матчы, дзякуючы аўтаголу бельгійскага футбаліста Яна Вертонгена. Да гэтага турніру бельгійская зборная двойчы даходзіла да чвэрцьфіналаў: шматлікія спартыўныя журналісты кажуць, што залатая эпоха бельгійскай футбольнай зборнай падышла да канца. Дарэчы, у гэтым матчы Кіліян Мбапэ ні аднаго разу не трапіў у створ брамы: пры гэтым, ён нанёс пяць удараў — больш, чым іншыя французскія футбалісты.

⚽ 1 ліпеня, 22:00. Партугалія 0—0 Славенія: у серыі пенальці 2—0 (ФІНАЛ)

Партугальцы перамаглі славенцаў у серыі пенальці. Брамнік партугальскай зборнай Дз’ёгу Кошту змог адбіць усе ўдары славацкіх футбалістаў. Крышціяну Раналду мог выводзіць сваю каманду наперад у овертайме, аднак не змог рэалізаваць пенальці. Ён з’яўляецца адзіным футбалістам у гісторыі Еўра, які не змог забіць пенальці на двух чэмпіянатах Еўропы.

⚽ 2 ліпеня, 19:00. Румынія 0—3 Нідэрланды (ФІНАЛ)

Нідэрланды без асаблівых праблем праходзяць праз румынскую зборную ў чвэрцьфінал чэмпіянату Еўропы. Галы забівалі: на 20-й хвіліне — Кодзі Гакпо, на 83-й і 90+3-й хвілінах адзначыўся Доніэл Мален

⚽ 2 ліпеня, 22:00. Аўстрыя 1—2 Турцыя (ФІНАЛ)

Туркі перамаглі апанентаў у 1/8: аўстрыйцы едуць дадому. Мэрых Дэмірал забіў ужо на першай хвіліне, і гэта, дарэчы, з’яўляецца рэкордам у плэй-оф Еўра: гэта самы рані гол у гісторыі накаўт-раўндаў. У другім тайме аўстрыец Міхаэль Грэгорыч зраўняў лік. У дададзены час той жа Дэмірал вывеў туркаў наперад у гульні. Цікава, што ўсе галы, якія былі забітыя ў матчы, забіваліся з падачы вуглавых удараў. Турцыя выйшла ў чвэрцьфінал чэмпіянату Еўропы ўпершыню ад 2008 года. 

дз'ёгу кошту, зборная партугаліі па футболе, крышціяну раналду
Дз’ёгу Кошту адбіў усе ўдары славенскіх футбалістаў у серыі пенальці.

Плэй-оф — чвэрцьфінал чэмпіянату Еўропы па футболе-2024

⚽ 5 ліпеня, 19:00. Германія 1—2 Іспанія (ФІНАЛ)

Гаспадары гэтага чэмпіянату Еўропы прайгралі ў чвэрцьфінальным матчы іспанскай зборнай. Калі першы тайм прайшоў без забітых галоў, то ўжо ў пачатку другой паловы сустрэчы адзначыўся іспанец Даніэль Ольма. Напрыканцы сустрэчы лік змог зраўняць Фларыян Вірц. У дадзены час пераможны гол аформіў Мікель Мерына.

⚽ 5 ліпеня 22:00. Францыя 0—0 Партугалія: у серыі пенальці 4—3 (ФІНАЛ)

Каманды згулялі ўнічыю ў асноўны і дададзены час. У серыі пенальці мацнейшымі сталі французскія футбалісты. 

⚽ 6 ліпеня, 19:00. Англія 1—1 Швейцарыя: у серыі пенальці 5—3 (ФІНАЛ)

Мячоў у першым тайме не было, а вось напрыканцы другога спачатку забіў швейцарэц Брыл Эмбала, а потым і англічанін Букаё Сака. У экстра-таймах каманды таксама не змаглі забіць, таму вынік матчу вырашаўся ў серыі пенальці. Дзякуючы таму, што англійскі брамнік Джордан Пікфард адбіў першае пенальці ад Мануэля Акаджы, Англія вайшла ў паўфінал.

⚽ 6 ліпеня, 22:00. Нідэрланды 2—1 Турцыя (ФІНАЛ)

Турцыя пачынала гульню без галоўнага героя мінулага матча Дэмірала: яго адхілілі ад двух гульняў ад жэсту, які ён паказаў, калі адзначаў гол. Аднак і без яго першымі ў сустрэчы з Нідэрландамі забілі туркі: адзначыўся Самет Акайдзін. У другім тайме за шэсць хвілін нідэрландцы зраўнялі лік і забілі пераможны гол: спярша Стэфан дэ Врэй, потым — аўтагол ад турка Мерта Мюльдзюра.

Паўфіналы Еўра-2024

⚽ 9 ліпеня, 22:00. Іспанія 2—1 Францыя (ФІНАЛ)

Іспанцы перамаглі французаў у паўфінальным супрацьстаянні. На 8-й хвіліне гульні забіў француз Рандаль Кола-Муані. На 21-й хвіліне лік у гульні зраўняў самы малады гулец еўрачэмпіянату, іспанец Ламін Ямаль. Яшчэ праз некалькі хвілін іспанская зборная павялічыла лік у матчы: у чарговы раз адзначыўся Даніэль Ольма.

⚽ 10 ліпеня, 22:00. Англія 2—1 Нідэрланды (ФІНАЛ)

Англічане вырвалі перамогу ў нідэрландцаў у паўфінальным матчу. Спярша адзначыліся прадстаўнікі нідэрландскай зборнай: ужо на 7-й хвіліне сустрэчы гол забіў Хаві Сіманс. У першай палове Гары Кейн забіў пенальці пасля таго, як у штрафной зоне пры ўдары на ім сфаліў Дэнзэл Дзюфрыс. У другой палове ў дададзены час гол забіў англічанін Олі Уоткінс, які вайшаў на замену.

Фінал Еўра-2024

14 ліпеня, 22:00. Іспанія — Англія

Вярнуцца ўгару