Вы чытаеце:
Ліцэй БДУ цяпер носіць імя Фелікса Дзяржынскага. Гэта ок ці ганьба?

Ліцэй БДУ цяпер носіць імя Фелікса Дзяржынскага. Гэта ок ці ганьба?

ліцэй бду імя фелікса дзяржынскага, дпу, адпу

Ліцэй БДУ афіцыйна стаў насіць імя рэвалюцыянера і чэкіста Фелікса Дзяржынскага. Ці нармальна гэта, даваць беларускім навучальным установам імёны людзей, якія адзначыліся ў беларускай гісторыі і гісторыі агулам не так адназначна? Напрыклад, некалькі гадоў таму ў беларускіх школах прайшоўся трэнд на наданне імёнаў загінулых савецкіх вайскоўцаў. Аднак Ліцэй БДУ — гэта зусім іншае.

PALATNO разбіраецца ў няпростым і супярэчлівым жыцці Фелікса Дзяржынскага.

Ад зацятага католіка і нацыяналіста да палкага рэвалюцыянера

Фелікс Дзяржынскі рос і фарміраваўся як асоба ў час, калі ў Расійскай імперыі актыўна развіваліся розныя палітычныя ідэі, ужо быў забіты Грынявіцкім імператар Аляксандр II, наступіў час кансерватара Аляксандра III. Пакрысе імперыя рухалася да заняпаду, а маладыя і палкія людзі ўдзельнічалі ва ўсялякіх рухах: ад нацыяналістычных да марксісцкіх.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: «Свабода патрабуе чалавечых ахвяр». Ігнат Грынявіцкі — забойца рускага імператара

ДАВЕДКА
Фелікс Дзяржынскі нарадзіўся 11 верасня 1877 года ў Дзяржынаве (цяпер Стаўбцоўскі раён). Шляхецкая сям’я Дзяржынскага была шматдзетнай, у яго было восем братоў і сясцёр. Фелікс стане рэвалюцыянерам, адыграе ключавую ролю ў стварэнні Усерасійскай надзвычайнай камісіі – стане яе кіраўніком і арганізатарам савецкай сістэмы дзяржбяспекі.

Дзяржынскі рос глыбока веруючы ў Бога, быў надта рэлігійны і марыў стаць ксяндзом. Ад гэтай ідэі яго адгаварылі, але працяглы час ён заставаўся зацятым католікам. Аднаму з братоў у маладосці Фелікс расказваў, што застрэліўся, калі б у яго галаве з’явілася ідэя, што Бога не існуе. Да таго ж дадавалася яго паходжанне: ён быў тым яшчэ нацыяналістам. На яго погляды паўплывала маці, якая шмат расказвала пра лёс і сям’і, і народа.

Вось, што ён пісаў, калі яму было прыкладна 15 гадоў: «Я марыў пра шапку-невідзімку і пра знішчэнне ўсіх маскалёў».

Яго погляды і лёс зменіць вучоба ў Вільні. Там ён адмовіцца ад каталіцкай веры і будзе расказваць, што Бога не існуе. Там жа ён будзе «заражацца» рознымі палітычнымі і філасофскімі ідэямі. Ён будзе верыць у рэвалюцыю настолькі моцна, як верыў калісьці ў Бога. Вось так пазней будзе ўспамінаць філосаф Мікалай Бярдзяеў, якога Дзяржынскі дапытваў перад высылкай: «Дзяржынскі зрабіў уражанне чалавека з абсалютна моцнымі перакананнямі і шчырага фанатыка. Было ў ім штосьці незвычайнае: у мінулым ён хацеў стаць каталіцкім манахам і сваю фанатычную веру перанёс на камунізм».

фелікс дзяржынскі ў швейцарыі
Злева направа: Фелікс Дзяржынскі, Юлія Гольдман (адна з жанчын Дзяржынскага, якую ён называй нявестай), адзін з лідараў меншавікоў Міхаіл Гольдман. Фотаздымак зроблены ў Швейцарыі ў 1904 годзе.

Але яшчэ напрыканцы XIX стагоддзя і да прыходу да ўлады бальшавікоў Дзяржынскі прайшоў вялікі шлях. У Вільні ён уліўся ў жыццё марксісцкіх кружкоў, а канчаткова ў рэвалюцыйную дзейнасць сышоў толькі пасля смерці маці. Далейшае жыццё Фелікса Дзяржынскага ператворыцца ў штодзённую барацьбу і непахісную веру ў рэвалюцыйныя ідэалы.

Рэвалюцыйная дзейнасць у Расійскай імперыі ў тыя часы спалучалася з арыштамі і ссылкамі. Упершыню яго арыштавалі ў 1897 годзе ў Коўне. Каля года ён адсядзеў у ковенскай турме, а затым яго адправілі ў ссылку ў Вяцкую губерню. Там ён працягнуў займацца агітацыяй, і ў выніку яго ссылаюць яшчэ далей. З ссылкі Дзяржынскі ўцячы ў 1899 годзе, ён дабярэцца да Вільні і пераедзе ў Польшчу. Там жа яго арыштавалі ў другі раз.

У польскай турме Дзяржынскі прасядзіць амаль два гады. У 1902 годзе яго адправяць у ссылку, а падчас этапавання ён стане адным з кіраўнікоў бунту ў перасыльнай турме паблізу Іркуцка. У той ссылцы Дзяржынскі прабудзе нядоўга і ў хуткім часе ўцячэ. Ён пераездзе ў Берлін, дзе пазнаёміцца з нямецкімі і польскімі рэвалюцыянерамі, адтуль паедзе на лячэнне ў Швейцарыю, а потым — у аўстрыйскую частку Польшчы.

Увесь гэты час Фелікс Дзяржынскі не кідае барацьбу. Ён будзе ўдзельнічаць у рэвалюцыі 1905 года: яго зноў будуць арыштоўваць і ссылаць — прычым, неаднаразова. У 1912 годзе Дзяржынскага арыштавалі і ў зняволенні ён прабудзе аж да Лютаўскай рэвалюцыі.

«Мы прадстаўляем сабой арганізаваны тэрор». Як Дзяржынскі стаў галоўным чэкістам

Дзяржынскі, як і многія бальшавікі, не быў задаволены вынікамі Лютаўскай рэвалюцыі. Таму ён актыўна рыхтаваў Кастрычніцкі пераварот, і настолькі актыўна ў ім удзельнічаў. У снежні 1917 года будзе створаная Усерасійская надзвычайная камісія па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам — установа, з якой пачнецца гісторыя чэкістаў і КДБ. Кіраўніком гэтай камісіі стане Фелікс Дзяржынскі. Ён называў чэкістаў «салдатамі рэвалюцыі» і імкнуўся даказаць, што ў чэкістаў павінна быць права расстрэльваць «ворагаў народа».

Вядома, ад пачатку мелася на ўвазе, што надзвычайны камітэт будзе займацца вышукам так званых ворагаў народа і перадаваць іх следству і суду. Аднак вельмі хутка ўсё змянілася.

«Агромісты маўзер, позірк з-пад ілба, падкрэслены недавер да суразмоўніка і неймаверная самаўпэўненасць», — так пра Дзяржынскага ўспамінаў рэвалюцыянер Бонч-Бруевіч напачатку працы Фелікса ў надзвычайнай камісіі.

Спачатку ворагамі чэкісты назвалі супрацоўнікаў былой царскай адміністрацыі. Яны часта адмаўляліся працаваць з новай уладай, таму надзвычайны камітэт часта затрымліваў і арыштоўваў такіх людзей. Затым ворагамі аб’явілі членаў Устаноўчага сходу, у якім бальшавікі не змаглі атрымаць большасці. Пасля вырашэння праблемы з Устаноўчым сходам чэкістам далі права расстрэльваць так званых ворагаў на месцы. «Ворагамі» ўжо былі розныя катэгорыі людзей: ад бандытаў і хуліганаў да шпіёнаў і контррэвалюцыянераў.

чэкіст фелікс дзяржынскі
Фелікс Дзяржынскі.

У той час усё яшчэ працягваецца Першая сусветная вайна, а Фелікс Дзяржынскі змагаецца за ўладу. Ужо летам 1918 года ён піша:

«Грамадства і прэса не разумеюць задачы і характар нашай камісіі. Яны разумеюць барацьбу з контррэвалюцыяй як від нармальнай дзяржаўнай палітыкі, таму крычаць пра гарантыі, суды і следстве. Мы не маем нічога агульнага з ваенна-рэвалюцыйнымі трыбуналамі. Мы прадстаўляем сабой арганізаваны тэрор».

У ліпені 1918 года адбыўся мяцеж левых эсэраў. Ён пачаўся з забойства двума чэкістамі і левымі эсэрамі па сумяшчальніцтву нямецкага пасла Вільгельма фон Мірбаха. У той жа час левыя эсэры нібыта выступаюць супраць бальшавікоў, а самога Дзяржынскага бяруць у палон. Левых эсэраў затрымалі і расстралялі, а Дзяржынскі часова сыходзіць у адстаўку, але хутка вяртаецца на месца галоўнага чэкіста.

Чырвоны тэрор закрануў амаль усе слаі насельніцтва: арыштоўвалі і забівалі па ўсёй тэрыторыі, дзе маглі дзейнічаць чэкісты — ад Крыма да Эстоніі. Забівалі міністраў, сенатараў, адміралаў, навукоўцаў, дзеячаў культуры і святароў, нават імператарскую сям’ю. Пацярпелі дзясяткі тысяч чалавек. Пазней Дзяржынскаму будуць прыпісваць фразу: «Чэкістам можа быць толькі чалавек з халоднай галавой, гарачым сэрцам і чыстымі рукамі». Як зразумела, чыстымі рукі ў Фелікса Дзяржынскага дакладна не былі.

Грамадзянская вайна скончылася і заканчваецца гісторыя Усерасійскай надзвычайнай камісіі. Пасля яе ўтворыцца Дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне — ім таксама будзе кіраваць Дзяржынскі. ДПУ будзе займацца тым жа, чым займалася камісія раней. Новай задачай для чэкістаў стане складанне спісаў людзей на высылку з СССР — да «філасофскіх» параходаў яны будуць мець прамое дачыненне. У хуткім часе ДПУ трансфармуецца ў АДПУ, якім да смерці будзе кіраваць таксама Дзяржынскі.

Шмат спраў у чэкіста: беспрытульнікі, міжпланетныя падарожжы і чыгунка з эканомікай

Акрамя падаўлення іншадумства, паўсюднага тэрору і двух войнаў (Грамадзянскай і савецка-польскай) Дзяржынскі знаходзіць час на іншыя справы. Напрыклад, ён з’яўляўся членам прэзідыума аб’яднання па вывучэнню праблем міжпланетных падарожжаў (так, такое было!). У 1921 годзе ён узначаліў камісію па паляпшэнню быту дзяцей. Так Дзяржынскі стаў займацца беспрытульнымі дзецьмі. Паралельна з гэтым ён быў камісарам шляхоў зносін: ён усё тымі ж чэкісцкімі метадамі прыводзіць да ладу стан чыгункі. У 1924 годзе ён стаў кіраваць эканомікай СССР — чалавек без адукацыі, які кінуў гімназію, каб займацца рэвалюцыйнай барацьбой — усё правільна, палічылі бальшавікі.

Пасля смерці Уладзіміра Леніна Дзяржынскі ўважліва глядзіць за тым, што адбываецца ва ўнутраным жыцці краіны. Калі раней ён быў блізкі з Львом Троцкім, з якім ён пазнаёміўся падчас адной з ссылак, то ён пачынае збліжацца з Іосіфам Сталіным.

Фелікс Дзяржынскі памёр 20 ліпеня 1926 года пасля выступу на пленуме ЦК.

Пахаванне Фелікса Дзяржынскага
Пахаванне Фелікса Дзяржынскага.

* * *

Дзяржынскага дагэтуль усхваляюць супрацоўнікі КДБ Беларусі і ФСБ Расіі. Для супрацоўнікаў гэтых органаў Фелікс Дзяржынскі з’яўляецца бацькам-заснавальнікам, Чырвоны тэрор — неабходнасцю, забойствы дзясяткаў тысяч чалавек — ліквідацыяй ворагаў. Тая філасофія, якую падарыў савецкай спецслужбе Дзяржынскі, застаецца ў галовах і цяперашніх спецслужбоўцаў.

Фелікс Дзяржынскі не атрымаў адукацыю, але ўзначальваў маштабныя структуры ў пабудаванай на крыві дзяржаве. Ён замяніў веру ў Бога на веру ў камунізм: усё што было супраць — трэба было знішчаць. І цяпер імя чалавека, які быў адным з тых, хто вінаваты ў смерці дзясяткаў тысяч чалавек і паламаных лёсах яшчэ большай колькасці людзей, стала насіць адна з важнейшых навучальных устаноў Беларусі.

Жыццё Фелікса Дзяржынскага паказвае, што самым страшным можа быць не тое, што ён рабіў, а тое, што яго метады і ідэі будуць жыць праз дзясяткі гадоў пасля смерці.

Вярнуцца ўгару