З кожным месяцам лічба палітзняволеных у Беларусі павялічваецца. Беларусы паступова губляюць надзею на паляпшэнне сітуацыі і апускаюць рукі. У выніку нярэдка можна пачуць фразу: «А што я магу зрабіць?». Аднак нягледзячы на тое, што зараз паўплываць на сітуацыю сапраўды падаецца вельмі складаным, магчымасць падтрымаць палітзняволеных усё яшчэ існуе, і ёю можна і трэба карыстацца. З дапамогай матэрыялаў ад валанцёрскай ініцыятывы «Майстэрня паштовак» і праваабаронцы Дар’і Рублеўскай мы падрабязна патлумачым, як напісаць ліст палітвязню і навошта гэта рабіць.
З чаго пачаць?
Перш за ўсё трэба вызначыцца, каму вы хочаце напісаць. Магчыма, вы ведаеце кагосьці са зняволеных асабіста, альбо гэта вядомы праваабаронца, якому вы даўно хацелі выказаць словы падзякі. У такім выпадку засталося толькі ўзяць у рукі асадку і набыць канверт! Але нават калі вы разгубіліся і зусім не ведаеце, каму і што пісаць, а жаданне ёсць, — гэта зусім не праблема. Парадай ад нас будзе напісаць лісты тым палітвязням, якім дасылаюць паштоўкі менш за астатніх.
На дадзены момант існуе шэраг арганізацый, якія падтрымліваюць палітвязняў у Беларусі.
- Актуальную інфармацыю пра людзей, прызнаных палітычнымі вязнямі, асвятляе некамерцыйная арганізацыя Dissidentby.
- На сайце праваабарончага цэнтра «Вясна» можна знайсці спіс рэпрэсаваных з датай затрымання і прад’яўленымі абвінавачваннямі, а таксама месцы іх затрымання.
- Знайсці спіс палітвязняў і падрабязную інструкцыю, як напісаць ліст і падтрымаць палітзняволеных, можна таксама на сайце праекта штаба Віктара Бабарыкі politzek.me.
Што варта ведаць пра цэнзуру?
У працэсе напісання лістоў вельмі важна памятаць пра сваю бяспеку і бяспеку палітвязняў. Трэба ўсведамляць, што кожны канверт, адпраўлены ў месца пазбаўлення волі, адкрываецца і прачытваецца цэнзарамі, якія вырашаюць, ці будуць яны перадаваць ліст адрасату. Можа здарыцца так, што цэнзары вырашаць перадаць палітзняволенаму толькі кавалак тэксту, выразаўшы тую частку, якую яны палічаць недапушчальнай. Пры гэтым універсальнага ўзору ліста, які б дакладна дайшоў да адрасата, няма, бо ў розных месцах пазбаўлення волі працуюць розныя цэнзары, вырашэнні якіх часта могуць быць ніяк не абгрунтаваныя.
І ўсё-такі існуюць пэўныя меры засцярогі, якіх неабходна прытрымлівацца, каб адпраўлены ліст з большай верагоднасцю дайшоў да палітвязня і не прычыніў шкоды адрасанту.
- Не варта згадваць у лісце любую інфармацыю пра справу палітвязня, бо вядомыя выпадкі, калі лісты з такімі дадзенымі ўшываліся ў справу зняволенага, што пагаршала яго становішча.
- Не трэба пісаць пра свой асабісты вопыт затрымання ці ўдзелу ў акцыях.
- Гэтак жа небяспечна выкарыстоўваць у сваім лісце палітычныя лозунгі, неадназначныя выразы, абразы і лаянку.
- Ліст з пройдзе цэнзуру з большай верагоднасцю, калі вы пазначыце адваротны адрас (калі маеце такую магчымасць).
Ці магчыма атрымаць адказ ад палітвязня?
Згодна са статыстыкай валанцёрскай ініцыятывы «Майстэрня паштовак салідарнасці», з ліпеня да канца снежня 2022 года ў анлайн-форму было даслана 1674 ліста з розных краін свету. І гэта, вядома, не мяжа, бо напісанне лістоў можа натхняць не толькі саміх палітвязняў, але і адрасантаў. Асабліва тады, калі ёсць зваротная сувязь. А ў некаторых выпадках з палітзняволенымі нават атрымліваецца падтрымліваць перапіску. Але ці варта разлічваць на тое, што вы атрымаеце адваротны ліст ад палітвязня, і ці трэба хвалявацца, калі адказу няма?
Каб павялічыць шанец адказу ад палітвязняў, можна зрабіць наступнае:
- Укладайце ў свой канверт яшчэ адзін чысты канверт ці паштоўку. Часам палітзняволеныя проста не маюць сродкаў для напісання лістоў. Адпаведна, і адказ да вас можа прыйсці значна пазней ці не дайсці ўвогуле.
- Калі вы сумняваецеся ў тым, што ліст дайшоў, можаце даслаць вязню дадатковую паштоўку з паведамленнем пра тое, што вы дасылалі ліст раней. Такім чынам, палітзняволены зможа паведаміць вам пра атрыманне ці не атрыманне ліста.
- Можа быць і так, што палітвязень проста не мае маральных рэсурсаў вам адказаць. Гэта нармальна. Вы можаце паспрабаваць напісаць яму яшчэ раз праз нейкі час.
Тым не менш, адказы перыядычна даходзяць да тых, хто дасылаў паштоўкі, і па гэтых адказах мы можам меркаваць, што лісты на самой справе патрэбныя і маюць вялікае значэнне для людзей, якія на працягу дзён, месяцаў ці гадоў не выходзяць з-за кратаў.
Так, напрыклад, 25-гадовы Арцём Забелянкоў, асуджаны на 2 гады калоніі, выказаў словы падзякі ў сваім адказным лісце:
«В преддверии Нового года я получил письмо от незнакомого мне человека. Это очень сильно меня удивило и одновременно придало сил и радости — в этих серых однообразных днях, которые я провожу здесь.
Хочу ещё раз поблагодарить за такой жест добра. Это очень сильно поднимает моральный дух».
Крыніца: Тэлеграм-канал «Вясна: Палітвязні Беларусі»
Сваім вопытам перапіскі з палітвязнямі падзялілася з намі Аляксандра Сілянкова. Саша пачала пісаць лісты яшчэ ў чэрвені 2020-га года, калі ў месцах пазбаўлення волі налічвалася толькі 20 палітвязняў.
— Я не чакала адказаў ад палітзняволеных, нават не задумвалася пра нейкую перапіску. Тады мы са знаёмымі збіраліся ў Парку Дружбы народаў і проста падпісвалі паштоўкі. Першыя адказы мне прыйшлі ад Сяргея Ціханоўскага і Ігара Лосіка. Гэта былі вельмі невялічкія, але пазітыўныя адказы, і я вельмі радавалася, калі іх атрымала. Я і дагэтуль важу іх з сабой у эміграцыі, — расказвае Аляксандра.
Самая вялікая перапіска ў Сашы атрымалася з ейным сябрам Алесем Мінавым, які на гэты момант ужо выйшаў з СІЗА і працуе журналістам.
Як напісаць ліст з-за мяжы?
Калі вы знаходзіцеся не ў Беларусі і ў вас няма магчымасці даслаць паштоўку праз знаёмых ці ўласнаручна (звычайна лісты па міжнароднай пошце даходзяць даволі дрэнна), можна скарыстацца наступнымі інтэрнэт-рэсурсамі:
- Майстэрня паштовак салідарнасці. Вы запаўняеце гугл-форму, дзе пазначаеце імя вязня, якому хочаце даслаць паштоўку, і перадаяце свае пажаданні, а валанцёры перапісваюць вестачкі ад рукі. Акрамя таго, у сацыяльных сетках арганізацыі можна знайсці шмат інфармацыі пра напісанне лістоў палітвязням.
- Письмо.бел. Адрасант піша ліст альбо абірае паштоўку з калекцыі сэрвісу, пазначае адрас, атрымальніка і аплачвае пасылку. Пасля гэтага ліст будзе сфарміраваны і адпраўлены палітвязню.