«‎Чалавек — стваральнік Бога». Расказваем гісторыю Казіміра Лышчынскага

казімір лышчынскі, філосаф лышчынскі, хто такі казімір лышчынскі

Больш за трыста гадоў таму ён — Казімір Лышчынскі — напісаў філасофскі тракт пра тое, што Бог з’яўляецца творам чалавека, а не наадварот. Гэта ідэя Лышчынскага не толькі крытыкавалася, але стала небяспечнай для самога аўтара. Яго палічылі атэістам, якога трэба пакараць за такія погляды. Лышчынскі быў пакараны смерцю — яго забілі пасярод Варшавы на галоўнай плошчы.

PALATNO расказвае пра Казіміра Лышчынскага.

Жыццё, вучоба і праца

Казімір Лышчынскі нарадзіўся ў 1634 годзе ў маёнтку Лышчыцы на Брэстчыне. Казімір паходзіў з небагатага, але шляхецкага роду. Атрымаў адукацыю на радзіме, а пасля вучыўся ў Брэсце, Кракаве, Калішы і Львове.

У 1658 годзе Лышчынскі стаў членам ордэна езуітаў. Пасля гэтага пераехаў на працу ў Львоў, а затым вярнуўся на радзіму. У 1665 годзе ён стаў памочнікам рэктара ў Брэсцкім калегіуме.

У 1666 годзе Лышчынскі разарваў адносіны з езуітамі, з’ехаў з Брэста. Ён пасяліўся ў радавым маёнтку Лышчыцы, адчыніў там школу для шляхецкіх і сялянскіх дзяцей. Паступова ён пачаў адыходзіць ад рэлігійнага навучання, таму ж вучыў і сваіх навучэнцаў. Акрамя настаўніцкай працы ён займаўся і дзяржаўнымі справамі. У 1682 годзе яго прызначылі каралеўскім загадам падсудкам у брэсцкім земскім судзе. Лышчынскі неаднаразова быў паслом Брэсцкага ваяводства на сеймах у Варшаве.

Сусед, які не аддаў пазыку, але данёс на Лышчынскага

Гісторыя Лышчынскага магла скончыцца як брэсцкага асветніка і філосафа, але сяброўства і суседства з нейкім Янам Бжоскай змяніла яго лёс. Лышчынскі даў у пазыку грошы Бжоску, але той замест таго, каб вярнуць іх, данёс на яго віленскаму біскупу Канстанціну Бжастоўскаму. Доказам віны стала кніга тэолага Яна Альстэда, у якой Лышчынскі напісаў на палях словы «‎Ergo non est Deus» («‎Таму Бога няма»). У кнізе Альстэд наадварот сцвярджаў, што Бог існуе. Гэты рэчавы доказ стаў прычынай арышту Лышчынскага, яго нават пазбавілі права абараняць сябе перад судом.

У 1687 годзе Лышчынскага судзілі на духоўным судзе, дзе прызналі атэістам. Аднак пазней яго справу перадалі на разгляд сеймавага суда. У 1688 годзе быў скліканы сейм, але яго сарвалі, а паколькі рашэнне па справе Лышчынскага не прынялі, то яго адпусцілі.

Аднак свабодным чалавекам Лышчынскі доўга не прабыў. Ужо напрыканцы 1688 года яго зноў затрымалі на падставе новага доказу — яго рукапіснага трактата «‎Аб неіснаванні Бога». Лышчынскі прызнаў, што гэта яго кніга, але адзначаў, што меў на ўвазе іншыя рэчы і яго словы перакруцілі. На сеймавым судзе, які зноўку сабралі, каб правесці суд, Лышчынскага прызналі вінаватым.

Суд пастанавіў, што Лышчынскага і яго кнігу трэба спаліць, яго маёмасць канфіскаваць (прадугледжвалася, што палову аддадуць Яну Бжоску, які на яго данёс), а радавы маёнтак спаліць. Пазней кароль Ян III Сабескі крыху змякчыў пакаранне, але не змог пазбавіць Лышчынскага ад смерці.

30 сакавіка 1689 года Лышчынскага забілі ў цэнтры Варшавы. Сведчанні аб тым, як гэта адбылося, разыходзіцца. Па агульнапрынятай версіі Лышчынскага вывелі на эшафот, дзе спачатку вырвалі язык і вусны, а потым адсеклі рукі. Нібыта польскі кароль быў абураны такімі катаваннямі і загадаў як мага хутчэй адсекчы Лышчынскаму галаву. Па іншай версіі, Лышчынскаму спачатку адсеклі галаву, а затым ужо спалілі на вогнішчы.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

Белы і чорны буслы: чаму гэтыя птушкі так шмат значылі для беларусаў

Што такое імяніны? Чаму іх святкуюць некалькі разоў на год?

Ажаніцца з сырою зямлёю, пайсці на піва да Абрама. Як беларусы размаўляюць пра смерць


Трактат Лышчынскага сапраўды быў такім абразлівым для царквы?

Трактат Лышчынскага быў філасофскім творам, у якім ён выступіў супраць рэлігійнага светаразумення і хрысціянскай рэлігіі. У ім аўтар адкідаў біблейскую касмагонію. Трактат быў напісаны на латыні прыкладна ў сярэдзіне 1670-х гадоў — за дзесяць гадоў за смерці Лышчынскага:

«‎Чалавек — стваральнік Бога, а Бог — стварэнне і праца чалавека. Значыць, менавіта людзі з’яўляюцца стваральнікамі Бога, а Бог — не рэальная істота, а істота, якая існуе толькі ў нашай свядомасці».

Лышчынскі сцвярджаў, што прырода развіваецца па ўласных законах без умяшання звышнатуральнай істоты, а свет існуе вечна. Лышчынскі лічыў, што ўяўленні людзей пра Бога — вынік іх фантазіі і памылак. Стары і Новы запаветы — выдумка ашуканцаў Майсея і Хрыста. Лышчынскі таксама адмаўляў бессмяротнасць душы, Тройцы, замагільны свет, уваскрэсенне з мёртвых, крытыкаваў царкоўную мараль, лад жыцця каталіцкага духавенства, настойваў на замене царкоўнага шлюбу грамадзянскім.

Лышчынскі марыў аб сацыяльнай роўнасці і свабодзе, жадаў бачыць «‎свет без улады, гарады без начальнікаў, народ без гаспадароў».

Вярнуцца ўгару