Вы дакладна чулі, што беларускія сілавікі ўвесь час змагаюцца з макам. У гэтай барацьбы доўгая гісторыя, якая цягнецца з уводу савецкіх войскаў у Афганістан і да цяперашняга часу, калі на тэрыторыі Беларусі забароненага маку амаль не засталося.
PALATNO расказвае, чым мак насамрэч страшны, як беларускія сілавікі кляпаюць адміністратыўкі і знішчаюць макавыя палі, і якія ўзаемаадносіны ў іншых краін з гэтай раслінай.
Мак сапраўды такі страшны?
Мак ведаюць ужо тысячы гадоў: яго вырошчвалі ў Месапатаміі, археолагі знаходзілі яго ў егіпецкіх магільнях, а грэчаская міфалогія звязвае расліну з багіняй Дэметрай. Вучоныя налічваюць каля сотні відаў маку, а вось Papaver somniferum, ці снатворны мак, з’яўляецца тым самым «забароненым» у Беларусі. Гэта не адзіны від, які пад забаронай ці частковай забаронай у многіх краінах свету.
Але што страшнага ў маку? У снатворным утрымліваецца моцнадзейны наркотык опій. У медыцыне ён выкарыстоўваўся як вельмі эфектыўны болесуцішальны сродак, але хутка выклікаў залежнасць. Цяпер ужываецца толькі як сыравіна для атрымання медыцынскіх прэпаратаў. Акрамя гэтага, снатворны мак выкарыстоўвалі для сінтэзу гераіну, і лідарам па яго вытворчасці стаў Афганістан.
Калі першая палова XX стагоддзя ў Афганістане прайшла пад знакам экспарту пушніны, то ў наступныя дзесяцігоддзі краіна стала сусветным пастаўшчыком фруктаў і апіятаў. У 1980-я гады, калі савецкія войскі ўварваліся ў Афганістан, фермеры пачынаюць масава вырошчваць мак. Пасля вываду савецкіх войск і захопу ўлады рухам «Талібан» снатворны мак працягваюць вырошчваць, а рух атрымлівае фінансаванне праз продаж апіятаў. Напачатку 2000-х улада «Талібана» скончылася, а спробы данесці да фермераў неабходнасць вырошчваць іншыя сельскагаспадарчыя культуры, якія не з’яўляюцца сыравінай для наркотыкаў, не мелі поспеху. У 2021 годзе талібы зноў сталі кіраваць Афганістанам, а мак заставаўся без забароны, але праз два гады яго вырошчванне ўсё-такі забаранілі.
На тэрыторыю Беларусі насенне маку трапіла разам з насеннем злакаў. У асноўным у Беларусі растуць тры віды макаў, і, хоць у іх утрымліваецца опіум і іншыя алкалоіды, іх вырошчванне не забаронена. Снатворны мак у нас таксама рос і быў распаўсюджаны па ўсёй краіне, але пасля таго, як яго забаранілі ў сярэдзіне 1980-х па ўсім СССР, ён амаль цалкам знік.
Як беларускія сілавікі змагаюцца з макам
Кожны год беларускія сілавікі праводзяць барацьбу з макам. Звычайна гэта аперацыя займае ўсё лета і частку восені, акурат калі мак цвіце і калі з яго можна атрымаць насенне. Знішчэнне макавых палёў, адміністратыўныя пратаколы і нават крымінальныя справы — так выглядаюць міліцэйскія акцыі супраць маку. За вырошчванне і захоўванне снатворнага маку ў Беларусі можа пагражаць адміністратыўная адказнасць (як высветлілася, нават калі гэта зусім не забаронены від) ці крымінальная справа і гады за кратамі па «наркатычным» артыкуле.
У 2020 годзе было вядома пра 11 крымінальных спраў, якія завялі праз вырошчванне снатворнага маку. У 2021 годзе ў адным з гаражоў у мінскім гаражным кааператыве было знойдзена 190 кілаграм маку. Праўда, сілавікі так і не адшукалі гаспадара мяхоў з макам. У 2022 годзе сілавікі знішчылі пад Лідай «інстаграмнае» макавае поле. Высветлілася, што на 106 гектарах вырошчваўся снатворны мак. У выніку ў фермера канфіскавалі зямельны ўчастак.
У 2023 годзе сілавікі паспелі выявіць 40 гектараў дзікага маку ў Іўеўскім раёне — яго скасілі. А на Мядзельшчыне 10 гектараў маку знішчылі спецыяльнай тэхнікай. У 2023 годзе ў жыхаркі Віцебска знайшлі на ўчастку мак. Ён аказаўся алейным, а не тым забароненым снатворным, але на жанчыну ўсё роўна склалі пратакол. У тым жа годзе ў трактарыста з Докшыцкага раёна вынайшлі гектар маку, на мужчыну склалі адміністратыўны пратакол.
За пасеў, вырошчванне, выраб наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў з забароненых да апрацоўкі раслін і грыбоў без мэты збыту можа быць накладзены штраф да 20 базавых велічынь (да 740 рублёў). А такія ж дзеянні з мэтай збыту прыводзяць ужо да крымінальнай адказнасці.
А што ў іншых краінах
У Чэхіі можна вырошчваць мак, але калі памеры палёў дасягаюць больш за 100 м2, то трэба паведамляць пра гэта ў падатковую службу. Здабываць опіум з расліны забаронена заканадаўствам.
У Польшчы снатворны мак таксама пад забаронай: яго дазваляецца вырошчваць толькі ў фармацэўтычных, спажывецкіх мэтах альбо для атрымання насення. У такіх выпадках патрабуецца дазвол адміністрацыі ваяводства.
У Вялікабрытаніі дазвол на вырошчванне маку патрэбна, калі ён вырошчваецца для вытворчасці медыцынскіх прэпаратаў, у якіх утрымліваецца опіум.
У Канадзе забаронены снатворны мак: пад забаронай вырошчванне, захоўванне.
У Аўстраліі сітуацыя цікавая: у адных частках краіны мак цалкам пад забаронай, але пры гэтым Тасманія, якая з’яўляецца аўстралійскім штатам, вырошчвае каля 50% сусветнага запасу снатворнага маку.
У Новай Зеландыі вырошчваць мак можна па законе, але толькі да таго моманту, калі яго не выкарыстоўваюць для вытворчасці наркотыкаў.
У Аб’яднаных Арабскіх Эміратах вырошчванне маку забароненае, як і захоўванне яго насення. Вядома, што швейцарца арыштавалі за тры семені маку на вопратцы — яны там засталіся пасля таго, як ён з’еў булачку ў лонданскім аэрапорце Хітроў.
У Паўднёвай Карэі вырошчваць мак забаронена.