Любімую ўсё-ткі аддаюць? Як ў Германіі ў 2021 годзе змянілася ўлада

улада ў Германіі

У 2021 годзе канцлерам Германіі стаў Олаф Шольц — ён адразу стаў сенсацыяй на чале экзатычнага для нямецкай дзяржавы ўраду. Да яго сімвалам нямецкай улады была Ангела Меркель. Як адбываўся пераход улады? Кім была і засталася для Германіі Меркель? Расказваем у матэрыяле PALATNO, як у дэмакратычнай краіне адбываецца транзіт улады, і прапаноўваем параўнаць, як за год да выбараў Шольца ў Беларусі Аляксандр Лукашэнка адмовіўся аддаваць уладу.

Ангела Меркель гісторыя і персона

Ангела Меркель працавала канцлерам Германіі 16 гадоў, сфарміравала чатыры кабінеты міністраў і прайшла праз шэраг крызісаў. За час яе ўлады змяніліся чатыры прэзідэнты ЗША, пяць англійскіх прэм’ераў і чатыры прэзідэнты Францыі.

З чым прыйшла і з чым пакінула Германію Ангела Меркель? Як гэта паўплывала на Еўропу і палітычны расклад сілаў?

Ангела Меркель нарадзілася ў Заходняй Германіі, у Гамбургу, аднак вырасла ва ўсходняй частцы краіны. Палітычная дзейнасць пачалася ў апошнія гады існавання ГДР: яна ўступіла ў групу «Дэмакратычны прарыў». Пасля аб’яднання Германіі Меркель прызначылі федэральным міністрам па справах жанчын і моладзі: гэта азначала, што яна стала першай прадстаўніцай Усходняй Германіі ў нямецкім аб’яднаным урадзе.

Палітычная кар’ера Ангелы развівалася вельмі хутка. Ужо ў снежні 1991 года яна стала намесніцай канцлера Гельмута Коля ў Хрысціянска-дэмакратычным саюзе. Тады яна атрымала мянушку «дзяўчынка Коля».

У 1998 годзе хрысціянскія дэмакраты прайгралі выбары, а Меркель сышла з нямецкага ўраду, але заставалася дэпутатам бундэстага — і стала генеральным сакратаром Хрысціянска-дэмакратычнага саюза.

У 2005 годзе Ангела Меркель разам з Хрысціянска-дэмакратычным саюзам перамагла на выбарах. У выніку той перамогі яна ўзначаліць урад краіны і застанецца канцлерам на наступныя 16 гадоў.

  • Адным з галоўных кірункаў палітыкі Меркель стаў так званы энергетычны паварот (Energiewende). Ён быў накіраваны на паступовую адмову ад небяспечных крыніц энергіі. Яшчэ ў сярэдзіне 1990-х Меркель працавала міністрам аховы навакольнага асяроддзя і была на Чарнобыльскай АЭС: аварыя на ёй вельмі паўплывала на нямецкае грамадства і адносіны краіны да атамнай энергетыкі. Для нямецкага ўрада, які не змог выканаць задачы па інвестыцыях у «зялёную энергетыку», было вельмі важна дабудаваць «Паўночны паток-2» і кампенсаваць страты ад адмовы ад атамнай энергіі і здабычы вугалю.
  • Міграцыйны крызіс у 2015 годзе стаў адным з самых цяжкіх выпрабаванняў у працы Ангелы Меркель. У Германію прыехалі некалькі мільёнаў бежанцаў з Бліжняга Усходу. Яе міграцыйную палітыку крытыкавалі і апаненты, і калегі па партыі.
  • Меркель актыўна ўдзельнічала ва ўрэгуляванні крызісу на ўсходзе Украіны. Менавіта дзякуючы яе высілкам былі падпісаныя Мінскія пагадненні ў 2015 годзе. Уладзімір Пуцін і Уладзімір Зяленскі сустракаліся з Меркель. Зяленскі спрабаваў дабіцца да канцлера Германіі адмовы ад «Паўночнага патоку-2», але ў яго нічога не атрымалася.
  • Каронавірусная пандэмія таксама паўплывала на ўнутраную палітыку Германіі. Меркель падтрымалі немцы ў першыя месяцы ўвядзення жорсткіх абмежаванняў (ужо тады канцлер казала аб намеры сысці ў адстаўку).

Ангела Меркель правяла на пасадзе кіраўніцы ўраду Германіі 5 860 дзён.

Олаф Шольц — экзатычны кіраўнік экзатычнага ўраду

Для многіх, хто глыбока не пагружаўся ў нямецкую палітыку, Олаф Шольц уяўляецца абсалютна незнаёмай персонай. Аднак для самой Германіі Шольц — не новы чалавек.

Ён нарадзіўся на паўночным Захадзе Германіі ў Оснабруку.

У даволі маладым узросце стаў намеснікам маладзёжнага крыла нямецкіх сацыял-дэмакратаў. Паспеў папрацаваць юрыстам і займаць пасады ў Гамбургу. У 2007 годзе Шольц займае дзяржаўныя пасады. У 2018 годзе ён пераязджае з Гамбургу ў Берлін у якасці міністра фінансаў і віцэ-канцлера ФРГ у складзе ўрада, якім кіравала Ангела Меркель. Ужо ў той час Шольц некалькі гадоў лічыў сябе пераемнікам канцлера Меркель.

Амаль усе палітыкі, журналісты і эксперты параўноўвалі Меркель і Шольца. Некаторыя казалі, што гэта быў разлік Шольца, і ён не будзе працягваць палітыку, што праводзіла Ангела. Нягледзячы на ўсё гэта, Шольцу атрымалася за вельмі маленькі тэрмін — усяго два месяцы – сфарміраваць кааліцыю разам са свабоднымі дэмакратамі і «зялёнымі», што па выніку і дапамагло зарабіць перамогу на выбарах.

Олаф Шольц стаў дзявятым канцлерам у гісторыі Германіі і кіраўніком першага нямецкага ўрада, які складаецца з сацыял-дэмакратаў, лібералаў і «зялёных».

Як праходзіла тое самае пасяджэнне ў бундэстагу

Пасяджэнне па выбарах канцлера прайшло 8 снежня 2021 года ў бундэстагу. У плане працы бундэстага XX склікання было ўсяго некалькі пунктаў: выбары і прысяга канцлера і новых міністраў. Олаф Шольц у якасці канцлера аказаўся сенсацыяй для прэсы, бо гэты быў першы канцлер на чале ўрада з сацыял-дэмакратаў, лібералаў і «зялёных».

На трыбунах для ганаровых гасцей быў былы канцлер Герхард Шродар, Ангела Меркель разам з кіраўніком адміністрацыі Шольца Вольфгангам Шмідтам.

Пасяджэнне пачалося, як гэта і прынята ў немцаў, своечасова. Як адбылося галасаванне? Старшыня бундэстага Барбэль Бас патлумачыла правілы галасавання, а затым яе памочнікі раздалі дэпутатам карткі, у якіх менавіта і галасавалі за будучага канцлера.

Вынікі галасавання абвясціла Бас: 395 галасоў былі за Шольца (яму было дастаткова ўсяго 369). Дарэчы, цікава, што нават не ўсе дэпутаты кіруючых партый прагаласавалі за Шольца: на пасяджэнні адсутнічалі чатыры сацыял-дэмакраты, адзін ліберал і адзін ад партыі «зялёных».

Пасля Олаф Шольц накіраваўся да Федэральнага прэзідэнта, каб атрымаць афіцыйнае прызначэнне на пасаду. Затым вярнуўся ў бундэстаг, дзе зачытаў прысягу, і з’ехаў на новае месца працы — у ведамства федэральнага канцлера. Там ён сустрэўся з Ангелай Меркель.

Вярнуцца ўгару