Вы чытаеце:
Начніца, Аржавень і Валасень. Падборка беларускіх міфічных істот

Начніца, Аржавень і Валасень. Падборка беларускіх міфічных істот

міфічныя істоты Беларусі, мифические существа Беларуси

Ці ведаеце вы, хто такія Начніцы? А ці чулі пра тое, што ў вобразе маладых дзяўчат яны голымі ладзяць ігрышчы на глухіх лясных азёрах і суправаджаюць іх шалёным піскам і рогатам? Начніцы кормяць дзяцей сваімі грудзьмі, у якіх замест малака — атрута. У выніку дзеці хварэюць, пакутуюць і паміраюць.

PALATNO зрабіла падборку цікавых беларускіх міфічных істот, пра якіх вы маглі не чуць.

Азярніцы

«Пра вёску Азярніца існуе некалькі легендаў. Адна з іх распавядае, што вёска месцілася сярод невялікіх азёр, таму і займела такую назву. Згодна з іншай легендай, Азярніца называецца так, таму што некалі ў гэтым краі ў азёрах было шмат русалак, якіх людзі называлі азярніцамі. Русалкі-азярніцы часта выходзілі на бераг і гайдаліся на галінках бяроз і вербаў. А тых, хто да іх трапляў, яны маглі заказытаць да смерці. Асабліва русалкі любілі лавіць хлопцаў. Але колькі юнакоў заказыталі азярніцы, ніхто не ведае. А яшчэ бытуе легенда, што назва вёскі пайшла ад слова “зярно”. Людзі прыходзілі ў Азярніцу “азярніцца”, па “зярно” — гэта значыць па багацце і натхненне».

Азярніцы — міфічныя насельніцы Чорнага возера, якое знаходзіцца ў лесе, недалёка ад вёскі Брусы Мядзельскага раёна. Гэта маладыя жанчыны з доўгімі зеленаватымі валасамі, цёмнай скурай і плаўнікамі замест ступняў. Яны з’яўляюцца мясцовай мадыфікацыяй русалак. Замест крыві ў іх вада, а скура заўсёды халодная. Азярніцы апранутыя ў сукні, якія сплецены з багавіння. Калі яны выходзяць на бераг, то размаўляюць на незразумелай мове, падобнай да птушынай. На беразе яны прыгожа спяваюць, а глыбока пад вадой гэтыя спевы нагадваюць жабінае крактанне.

Калі чалавек будзе купацца ў возеры і пабачыць Азярніцу, яму трэба пастарацца не выдаць сябе, іначай тая зацягне яго ў багну. Сваіх ахвяр Азярніцы не адпускаюць.

Лесавік

міфічныя істоты Беларусі, мифические существа Беларуси
Ілюстрацыя: PALATNO

Кожны лясны масіў мае свайго гаспадара — Лесавіка (Дабрахожага, Ляснога Дзеда, Лесуна). Гэта дух, які апякуе ўсе расліны, звяроў і птушак. Ён ратуе іх ад пажару і паляўнічых. Уяўляюць яго ў выглядзе магутнага мужчыны ростам з самыя вялікія дрэвы. Лесавік можа быць апрануты ў звярыную шкуру і мець звярыныя атрыбуты — рогі і капыты. Пры патрэбе ён можа павялічвацца альбо змяншацца ў памерах: у лесе станавіцца вышэй за дрэвы, у полі — ніжэй за траву.

Лесавік таксама звязаны з левым бокам, што з’яўляецца прыкметай нячыстай сілы. Напрыклад, левы бок адзення захінуты на правы, левы лапаць на правай назе ці левая пятка наперад і гэтак далей.

Да Лесавіка ставяцца па-рознаму, таму што ён можа як дапамагаць, так і шкодзіць — можа прымусіць чалавека блукаць, напалохаць, пазбавіць паляўнічай здабычы. Кажуць, калі Лесавік сустракаў чалавека, імкнуўся яго ці забіць, ці доўга кружыў па лесе, а потым злосна рагатаў.

Лічылася, што Лесавіка можа падмануць, калі перад тым, як зайсці ў лес, няправільна назваць кірунак свайго шляху ці апрануць навыварат адзенне, абуць левы лапаць на правую нагу, а правы — на левую, павярнуць шапку брылём назад, прачытаць тры разы нядзельную малітву.

Лесавіка таксама называюць «правялікім панам», «справядлівым» і «царом грозным». За паслугу Лесавік можа надаць чалавеку знахарскія здольнасці і спрыяць у лясных промыслах. Дзеля гэтага яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя Лесавіку прыносілі ахвяры, а паляўнічыя і моцныя чараўнікі маліліся ў лесе.

Акрамя таго, Лесавік мае братоў — Хатніка і Палявіка. На дзень святога Юр’я ён таксама выконвае ролю пастуха ваўкоў. Вера ў Лесавіка ўтварала своеасаблівую экалагічную раўнавагу паміж чалавекам і прыродай. Толькі пад уплывам хрысціянства Лесавік набыў рысы злога і шкоднага нячысціка.

Аржавень

міфічныя істоты Беларусі, мифические существа Беларуси
Ілюстрацыя: PALATNO

Нячысцік, які жыве ў аржавеннях — багністых мясцінах, якія нібыта ўсланыя іржою. Аржавень уяўляецца брудна-рудым, пакрытым іржавымі прыліпамі, з надзвычай тоўстым жыватом і тонкімі, як сцябліна хвашчу, нагамі. Ён выклікае агіду і ў жывых істот, і ва ўсіх нячысцікаў.

Аржавень больш спакойны за сваіх братоў — Багніка і Балотніка. Балотнік — страшэнны таўстун, без вачэй, пакрыты тоўстым слоем гразі, да якой прыліп розны бруд, расліны і вадзяныя насякомыя. Багнік па выглядзе падобны да Балотніка, але яшчэ больш брудны.

Гэтыя нячысцікі вельмі небяспечныя для чалавека і свойскай жывёлы. Звычайна яны прывабліваюць сваю ахвяру прыгожымі вобразамі і гукамі, а калі тая завязне ў багне, заблытаецца ў карчах ды лазняку, яны хапаюць яе за ногі і паволі цягнуць да сябе.

Летам нячысцік ляжыць на дне аржавення, абрастае ліпучымі слаямі і падтрымлівае ў іржавенні каламуць.

Пра Аржавеня ёсць верш беларускага паэта Міхася Башлакова:

Што яму сонечны прамень

І гэты свет дзівосны?

Ляжыць у багне Аржавень —

Лянівы, брудны, млосны.

З надзвычай тоўстым жыватом,

Санлівы, як балота.

Ён зрэдку хвошчацца хвашчом,

Калі хвастаць ахвота.

Іржой пакрыты, як луской.

Сумуе ў адзіноце.

Заўжды: і летам, і зімой

Гніе ў сваім балоце.

Хатнік

міфічныя істоты Беларусі, мифические существа Беларуси
Ілюстрацыя: PALATNO

Хатнік (Дамавік, Гаспадар, Падпечнік) — дух хаты. Менавіта яго звязваюць з уяўленнем аб продках і гаспадарчым дабрабыце той ці іншай сям’і.

Па паходжанні ён нячысцік, але ад доўгага жыцця побач з людзьмі страціў свае дрэнныя рысы. Выглядае як старэнькі дзядок з сівой барадой і сівымі кудлатымі валасамі, апрануты ў белую кашулю, без абутку і шапкі. Жыве ў печы ці пад печчу. Лічылася, што Хатнік тварам падобны да гаспадара той хаты, дзе ён жыве.

Устае ён рана і палохае пеўня, штурхае яго. Той з перапуду крычыць і хлопае крыллем, чым будзіць гаспадароў на працу.

Калі гаспадары ставіліся да Хатніка з павагай, ён усяляк спрыяў дабрабыту сям’і: даглядаў і карміў жывёлу, сушыў збожжа, шыў, наводзіў парадак. Пра магчымую небяспеку для сям’і Хатнік заўсёды папярэджваў гаспадара: завываў ці грукаў у сцены хаты.

Ад іншых міфічных істот Хатнік адрозніваецца тым, што займае прамежкавую пазіцыю паміж прадстаўнікамі «нячыстай сілы» і людзьмі. Пра яго таксама кажуць: «Дамавік ад чарцей адстаў, а да людзей не прыстаў». Вядома, што Хатнік крыўдзіўся, калі яго называлі «нячыстым» і сам баяўся чорта.

Каб залагодзіць Хатніка і заручыцца ягонай падтрымкай, яму прыносілі ахвяры. На Магілёўшчыне гаспадар адразаў акраец хлеба ад першай булкі, спечанай на поўню, з соллю заносіў яго ў хлеў і казаў: «Дамавік, дамавы! Прымі ад мяне хлеб-соль, любі маіх коней і жалуй! І я буду цябе любіць і жалаваць!». Абавязковым лічылася ўшанаванне Хатніка падчас найбольш значных абрадаў: нараджэння, вяселля і ўсіх памінальных дзён. Менавіта гэта і падкрэслівае ягоную сувязь з продкамі і ўяўленнямі аб сямейнай долі.

Падчас восеньскіх Дзядоў гаспадары запрашалі Хатніка прыняць удзел у супольнай рытуальнай трапезе. Яны высцілалі дарогу ад клеці да стала белым палатном.

Найбольш дапамагаў Хатнік у тых дамах, дзе жыве моцная, трывалая сям’я, дзе гадуюць жывёлу яго ўлюбёнай масці, падтрымліваюць чысціню і парадак і трымаюцца дзедаўскіх звычаяў. Не любіць Хатнік сямейныя сваркі, п’янства, брыдкаслоўе і неахайнасць у вядзенні гаспадаркі. Тады ён б’е посуд ці хавае рэчы. Ноччу можа навальвацца зачыншчыку сямейных нязгод на грудзі і душыць яго.

Лядашцік

міфічныя істоты Беларусі, мифические существа Беларуси
Ілюстрацыя: PALATNO

Лядашцік — злы дух, які псуе людзей («лядашты» — значыць кепскі, сапсаваны). Знешне ён падобны да гіганцкага валасатага чалавекападобнага кажана з адным вокам, уяўляецца пачварнай істотай з крыламі, пакрытай рудымі валасамі.

Лядашцік паталагічна не пераносіць людзей, таму ўсяляк псуе ім жыццё ці нават даводзіць іх да смерці. Можа наслаць псуты ці эпідэмію. А асаблівую злосць адчувае да жанчын, дзякуючы якім працягваецца род. Лядашцікі робяць людзей хворымі, паўвар’ятамі, пазбаўляюць іх свядомасці, ператвараюць у розных жывёл.

Гэтая пачвара жыла ў шматлікіх месцах Беларусі, але не ўсюды пад такім імем: месцамі на Міншчыне і Магілёўшчыне нашы продкі называлі яе Шэўрадзю, Псуценем.

Існуюць і такія прымаўкі: «3 Лядашцікам спазнаўся, з розуму спаўся», «Лядашцікава вока» (кепскае, нядобрае вока), «Лядашцік пераляцеў яму» (прыдуркаваты, вар’ят).

Валасень

Калі ноч паглынае хату (і толькі святло серабрыстага месяца льецца скрозь акно ля печы), са свайго прытулку вылазіць Валасень (Хітрун, Шчакатун, Драпун) — хатні дух, які ўначы трывожыць і пужае людзей у сне. Невялікая істота, парослая цёмнай густой і доўгай поўсцю. У яго па сем пальцаў з доўгімі пазногцямі на руках і нагах.

Мужчынам Валасень казыча насы і драпае капцюрамі твары. Жанчынам і дзяўчатам кудлаціць валасы. Людзі падхопліваюцца, пачухваюцца, моршчацца, зноў засынаюць. Тады Валасень крадзецца да дзяцей, гудзе ім у вушкі, казыча пяткі так, што малыя спалохана прачынаюцца, труць вочкі і матаюць млявай галавой.

Ён падобны як да Хатніка, так і да тых міфічных істот, якія пужаюць людзей у сне (Мара, Начніца).

У Валасеня асабліва верылі на Вілейшчыне. Ён не занадта страшны — хутчэй бясшкодны і нават у пэўным сэнсе карысны, таму што дазваляе знізіць узровень страхаў або сублімаваць іх. Яго існаваннем тлумачылі з’явы, якія сельскім жыхарам у ранейшыя часы цяжка было зразумець: напрыклад, выпадкі, калі жанчын ахопліваў сэксуальны запал. Адказваў за гэта менавіта Валасень: ён нібыта навальваўся на жанчын у сне сваім калматым каржакаватым целам або хапаў іх за грудзі доўгімі пальцамі. Такая вось архаічная сэксалогія на беларускі лад.

Ёўнік

міфічныя істоты Беларусі, мифические существа Беларуси
Ілюстрацыя: PALATNO

Сядзібны дух які жыве ў асеці (еўні), у печы ці на печы. Блізкі сваяк Лазніка, з якім яднаецца вогненным паходжаннем, і Хатніка, ад якога адрозніваецца толькі тым, што з’яўляецца не ў белай вопратцы, а ўвесь чорны ад дыму, з палаючымі, нібы вуголлі, вачыма. Часцей Ёўніка нельга заўважыць, але калі ён робіцца бачным для людзей, то ўяўляе сабою чалавекападобную масу. Але праз сажу, пыльнае павуцінне і наліплую мякіну нельга разгледзець яго асабістую форму.

Ёўнік клапоціцца, каб правільна палілася сушыльная печ і сушыліся снапы і зерне, пасылае патрэбны для веяння скразняк. Калі ў сушні апрацоўваюць лён, ён дапамагае.

Любіць Ёўнік, калі сушня замяняе лазню і можна змыць з сябе сажу і пыл. Ён рэдка пакідае печ ці сушыльную жордку і робіць гэта толькі тады, калі трэба агледзець склады снапоў, паназіраць за малацьбою і работнікамі альбо калі неабходна выкашляць пыл і сажу.

Калі непатрэбныя асобы наведваюць асеці, Ёўнік палохае іх, а ненавісніка можа задушыць ці спаліць разам з дабром. Ён не баіцца звычайнага агню і можа спакойна назіраць збоку за пажарам, каб потым вярнуцца на сваю печ ці на абгарэлае бервяно і жыць там да адбудавання новай асеці. Аднак сам Ёўнік таксама можа загінуць пры пажары ад маланак: мякінны пыл імгненна ўспыхвае, і істота згарае, не пакідаючы пасля сябе ні пылінкі.

Каб залагодзіць Ёўніка, яму прыносяць ахвяру: пры наладжванні ёўні адзін сноп кідаюць у агонь. Калі ж Ёўніка раззлаваць, ён сам пачынае паліць снапы і ёўню.

Начніца

Начніцамі пасля смерці станавіліся жанчыны, якія ніколі не мелі сваіх дзяцей праз шальмоўства альбо праклёны людзей.

Начніца залазіць пад калыску ці ў калыску да дзіця, не дае яму спаць, казыча яго, дакучае, з-за чаго дзіця плача ўсю ноч. Начніца корміць дзіця сваімі грудзьмі, у якіх замест малака — атрута. У выніку дзіця хварэе, пакутуе і памірае.

У якасці абярэга ад Начніцы рабілі лялькі з ануч, расстаўлялі іх ля кожнага акна і казалі: «Глядзіце, лялечкі, каб мой маленькі спаў!». Ад гэтага Начніцы павінны мінуцца. На Лоеўшчыне лічылі, што, каб засцерагчы дзіця ад Начніцы, трэба абавязкова спяваць. І расказвалі, што Начніца, як настане ноч, залазіць у птушыныя гнёзды, выпівае яйкі і есць птушанятак. На Случчыне верылі, што час найбольшага разгулу Начніц — гэта лета, момант максімальнага росквіту ўсёй расліннасці. Гэта сведчыць пра іх пэўную сувязь з вегетатыўнымі сіламі і родніць з русалкамі.

Начніцы могуць з’яўляцца ў любы час ад заходу сонца і да світанку. У вобразе маладых дзяўчат яны голымі ладзяць ігрышчы на глухіх лясных азёрах і суправаджаюць іх шалёным піскам і рогатам. Пры гэтым над возерам сцелецца густы туман. З надыходам дня яны хаваюцца ў вадзе.

Вярнуцца ўгару