У адказ на гвалт рэжыму ў 2020 годзе па ўсёй краіне выйшлі тысячы жанчын у белых сукенках і з кветкамі. Спрэчкі пра тое, ці было для беларускага пратэсту правільным ісці негвалтоўным шляхам, працягваюцца і дагэтуль.
Адной з яскравых дэманстрацый мірнай нязгоды стала акцыя 21 лістапада 2020 года ў Маладзечне, калі шэсць чалавек перакрылі Вялікі Гасцінец з расцяжкай «Калі ў краіне беззаконне, супраціўленне — наш абавязак». Удзельнікаў асудзілі па 342 артыкуле Крымінальнага кодэкса. Двое з іх, Эліна Карыцька і Сяргей Сідаровіч, уцяклі з Беларусі, іх гісторыю чытайце і глядзіце тут.
Эліна падзялілася, ці змянілася яе стаўленне да негвалтоўнага супраціву, за які яе асудзілі і вымусілі пакінуць ранейшае жыццё і дом:
— Я і сёння прытрымліваюся такога спосабу супраціву. Калі б людзі выйшлі са зброяй, было б больш смярцей. Пакуль побач Пуцін, усё складаней. Чамусьці ўсе прыгадваюць кветкі і стужкі, але ж было і іншае — людзі баставалі, партызанілі, усё гэта — вялізная рызыка. У гэтай справе ў мяне няма куміраў. Але добрым рухаючым фактарам была Марыя Калеснікава. Яе характар, эмацыйнасць, мова — ва ўсім было лідарства. Нашым рэсурсам былі нашы людзі і краіны-суседкі, з якімі супрацоўнічалі, але ў кожнага — свае мэты. Напэўна, мы былі недастаткова пераканаўчымі ў 2020 і дваццаць год да гэтага.
Змест
- Раднянкоў: «Грамадства само абрала свой шлях, а палітыкі павінны гэта ўлічваць»
- Калеснікаў: «Гатовы чакаць столькі, колькі трэба, каб адчуваць сябе бацькам, вартым сваіх дзяцей»
- Хоміч: «Тое, што пратэст быў негвалтоўным, дае нам шмат для будучыні»
- Кантэкст: як негвалтоўны супраціў выкарыстоўвалі і ў таталітарных, і ў дэмакратычных грамадствах
Раднянкоў: «Грамадства само абрала свой шлях, а палітыкі павінны гэта ўлічваць»
Разабрацца глыбей у тым, чаму беларусы абралі мірны шлях і да якіх вынікаў ён прывёў, мы папрасілі ўдзельніка каманды Віктара Бабарыкі і сябра Каардынацыйнай рады Антона Раднянкова.
— Ці абмяркоўвалі ідэю негвалтоўнага супраціву ў Каардынацыйнай радзе?
— Калі фарміравалася каманда Віктара Бабарыкі і да яе далучыўся Максім Знак, то дзеянне ў законным полі стала асноўным прынцыпам. Ён выцякаў са складу каманды. Мы ў гэта шчыра верылі і прытрымліваліся. Ад самага пачатку, яшчэ да выбараў, Максім Знак пачаў выходзіць з юрыдычнымі стрымамі, дзе расказваў акалічнасці і асаблівасці беларускага заканадаўства.
Наша каманда цалкам падзяляла мірную ідэю, Марыя Калеснікава ў тым ліку.
Мірныя – гэта не значыць баязлівыя. Дзеянні Марыі паказалі, што ёй хапае смеласці і рашучасці без гвалту.
Цягам летняй кампаніі мы выкарыстоўвалі легальныя спосабы ўцягнуць людзей, каб яны ціснулі на сістэму. Чаму гэта стала настолькі эфектыўна? Таму што гэта адпавядала беларусам, беларускім каштоўнасцям і светапогляду.
Палітычныя кампаніі складаюцца з двух слаёў. Першы слой — гэта камунікацыя: тое, што ты кажаш людзям. Другі слой складаецца з персанальнага досведу. Людзі нешта чуюць, павінны суадносіць пачутае з досведам, які маюць. Выкарыстоўванне ўсіх легальных механізмаў дазваляла мабілізаваць людзей, і яны на ўласным досведзе бачылі, як працуе беларуская сістэма: несумленная, не паважае людзей.
Гэта стала бачным на ўсіх узроўнях: калі не рэгістравалі назіральнікаў, калі скаргі не разглядаліся, калі не рэгістравалі кандыдатаў. Кожны раз сістэма паказвала, што ёй усё роўна на скаргі людзей. А ў людзей гэта пачало рэзаніраваць. Было вельмі важна наладзіць не толькі камунікацыю з людзьмі, але і каб за кампанію яны атрымалі нейкі досвед.
У аўтарытарных сістэмах арганізаваць ціск на ўладу можна толькі тады, калі ў цябе ёсць шырокі грамадскі фронт, шырокая грамадская ўцягнутасць.
Калі будуеш кампанію на агрэсіўнай рыторыцы, то будзеш апеляваць толькі да адной часткі насельніцтва. Астатнія, абсалютная большасць, цябе не зразумее.
І тут склалася некалькі фактараў. Летам 2020 года жаночае трыа змагло размаўляць з рознымі катэгорыямі людзей. Аўдыторыя Сяргея Ціханоўскага была ў большасці з рэгіёнаў, людзі з малога бізнесу, нізкімі заробкамі ці якія шукаюць працу. Віктар Бабарыка размаўляў з іншай аўдыторыяй: сярэдні клас, айцішнікі і прадпрымальнікі — людзі, жыццё якіх было добрае, але ім хацелася не толькі ўладкаваць свой бытавы камфорт, але і каб краіна станавілася больш дэмакратычнай. Цапкала добра даходзіць да аўдыторыі дзяржслужачых.
Зрабіць мабілізацыю шырокіх колаў насельніцтва немагчыма без мірных мэсаджаў. На першых этапах ты павінен быць толькі з такім мэсаджам, асабліва ў аўтарытарных сістэмах. З агрэсіўнай рыторыкай было б немагчыма, бо ўлады пачалі адразу садзіць людзей, якія маглі стаць лідарамі больш агрэсіўнай часткі грамадства: Статкевіч, Севярынец. Улады зрабілі гэта, каб не было да каго было далучыцца.
Чаму не з’явіліся лідары восенню 2020 года? Калі адбываецца мабілізацыя шырокіх колаў грамадства, у грамадстве нараджаюцца лідары. Марыя Калеснікава не планавала станавіцца палітыкам, як і Святлана Ціханоўская. У пэўнай сітуацыі яны сталі лідарамі.
Ёсць два пункты, у якіх пратэст мог пайсці больш гвалтоўна ў 2020 годзе. У канцы жніўня, калі было відэа, дзе Лукашэнка ішоў з аўтаматам. Пратэст быў яшчэ вялікі, і ў ім былі прыхільнікі больш агрэсіўных дзеянняў. Другі момант — забойства Рамана Бандарэнкі. Грамадства само абрала свой шлях, а палітыкі павінны гэта ўлічваць, адчуваць і накіроўваць хвалю, але яны не могуць у адзін момант змяніць яе накірунак.
Палітыкі не могуць сказаць: «Учора мы былі мірнымі беларусамі, а сёння станем раз’юшанымі». Беларускае грамадства гвалтоўны выбар не зрабіла.
— Калі кажуць, што трэба быць больш рашучым і ісці на больш агрэсіўныя крокі, што вы адказваеце?
— Наша грамадства сталее, адбываюцца працэсы рэфлексіі. Хто кажа, што трэба ісці гвалтоўным чынам, адчувае расчараванне, што было ўкладзена шмат высілкаў, жыццяў і лёсаў — і гэта не прынесла плёну. Так адчуваецца ў моманце: Лукашэнка ж яшчэ застаецца ва ўладзе.
У грамадстве з’яўляюцца публічныя стэрэатыпы. Яно правярае іх у наступным крызісе. Пасля 2010 года ў апазіцыі з’явіўся такі стэрэатып, што на вуліцы выйшлі толькі 30 тысяч чалавек, а калі б выйшлі 100 тысяч, то рэжым бы ўпаў і мы б жылі ў новай Беларусі. У 2020 годзе мы гэта праверылі. Аднак атрымалася, што гэтага было недастаткова.
Ёсць дзве версіі: не атрымалася, таму што ўсё было мірна ці таму што не было расколу эліт. У наступным палітычным крызісе ўсё можа быць гвалтоўна, але гэта не значыць, што будзе нейкі вынік. Можа паўтарыцца гісторыя 2020 года: людзі правераць свае гіпотэзы, яны не спрацуюць, і будуць прынятыя новыя.
Грамадства само не хацела гвалту, і на гэта немагчыма паўплываць.
Не будзе так, як у «Гары Потэры», дзе сказаў словы — і свет змяніўся. Немагчыма адным відэаролікам у YouTube змяніць грамадства — гэта доўга, складана, павінна быць хваля. Гэтай хвалі ў грамадстве не было, ці яна была недастаткова вялікая. Пасля жніўня самыя актыўныя з’ехалі альбо былі арыштаваныя.
У адзін момант Пуцін заявіў, што сфарміраваны рэзерв, які могуць накіраваць у Беларусь. Каардынацыйная рада напісала ліст, які адправіла паслу Расіі ў Беларусі, каб рэзерв не выкарыстоўваўся. Мы тады разумелі, што калі Лукашэнка звернецца да Пуціна, то гэтых салдатаў дакладна адправяць. І ў нас не было б ніякіх шанцаў. Я ўпэўнены, калі б з-за гвалтоўных дзеянняў былі пагрозы Лукашэнку, то ён дакладна папрасіў бы дапамогі ў Пуціна.
Людзі не выйшлі зімой 2021 года і пасля не таму, што ў краіне былі вялікія рэпрэсіі, а таму, што людзі разумелі: выходзілі паўгода і нічога не змянілася. У нас разумнае грамадства, людзі ў нас разумныя. Пры новым крызісе будуць дзейнічаць іначай. Гвалтоўны спосаб — гэта адна з гіпотэз.
— Чаму ў абодвух пікавых момантах, калі беларусы маглі абраць гвалтоўны шлях, да гэтага не дайшло?
— Не думаю, што на тыя моманты ўплывала войска Пуціна. Гэта хутчэй пра беларусаў. У 2020 годзе ўсе хацелі, каб усе было мірна, каб улада сышла сама. Мы не хацелі здраджваць самі сабе. Тады на Пуціна глядзелі не так шмат, як глядзяць пасля Казахстана і Украіны.
Беларускае грамадства менш гвалтоўнае і больш спакойнае, чым, напрыклад, украінскае. У верасні 2020 года мы апынуліся ў Кіеве, а ўкраінскія журналісты і палітыкі расказвалі, як было б правільна зрабіць, і што мы ўсё рабілі не так.
ГУБАЗіК стаў вядомы падчас пратэстаў, але ён заўсёды выкарыстоўваў свае рэпрэсіўныя метады супраць, напрыклад, футбольных фанатаў і анархістаў. Беларуская рэпрэсіўная сістэма працавала на тое, каб радыкальных груп у Беларусі не з’яўлялася.
— Як дасягнуць эфекту, калі сістэма ў Беларусі выкарыстоўвае гвалт, а супрацьлеглы бок гэтага не робіць, і сілы няроўныя?
— На роўных яно і не можа быць. У людзей няма танкаў і арміі. Армія ёсць у Аляксандра Лукашэнкі, у яго ракеты і бомбы. Калі мы кажам пра супрацьстаянне, то аўтарытарная сістэма будзе мацней па рэсурсах. У нейкі момант сістэма можа стаць слабой, калі ўнутры яе ідуць працэсы, з-за якіх яна не гатовая ціснуць на грамадства. У гэтым выпадку сістэма павінна змяняцца альбо разваліцца.
Лукашэнка даволі хутка прыцягнуў армію, каб быць упэўненым, што калі не будзе хапаць рэсурсаў, то далучацца вайскоўцы.
— Чаго сваім супрацівам дасягнулі беларусы?
— Самая галоўная выснова — грамадства публічна заявіла, што хоча дэмакратычнай Беларусі. Шанцы на дэмакратычную Беларусь застаюцца, калі беларусы гэтага хочуць. Гэта ідэя сфарміравалася ў 2020 годзе.
Салідарнасць — суперважная рэч. Салідарнасць пачала фарміравацца яшчэ падчас з’яўлення кавіду і застаецца актуальнай і ў 2022 годзе, калі шмат беларусаў з’ехалі і шмат беларусаў сядзяць у турмах.
Менавіта цяпер, у цёмныя часы, падтрымліваць адзін аднаго — самае галоўнае для беларусаў.
— Ці справакавалі беларусы рэжым паказаць свой сапраўдны твар, калі дзейнічалі па законе?
— Рэжым быў такім заўсёды, але нейкі час прыкідваўся больш лагодным. Калі грамадства змяняецца, у яго змяняюцца запыты, а рэжым не можа змяняцца, робіцца яшчэ больш архаічным. Падзеі 2020 года паказалі, наколькі рэжым гатовы слухаць людзей і іх патрэбы.
— Пасля пачатку вайны ва Украіне вы асабіста пераасэнсавалі пасыл негвалтоўнага супраціву?
— Я спрабую пераасэнсоўваць гэты пасыл заўсёды. Вайна ва Украіне — гэта трагічная падзея для ўсяго рэгіёна. Я не думаю, што яна хутка скончыцца. Гэта доўгі канфлікт. Так атрымалася, што галоўны сябар Лукашэнкі з’яўляецца пагрозай для Беларусі. А хто яшчэ сябры Беларусі? Украіне дапамагае ўвесь свет. І цяпер невядома, што будзе з Беларуссю.
Калеснікаў: «Гатовы чакаць столькі, колькі трэба, каб адчуваць сябе бацькам, вартым сваіх дзяцей»
Марыя Калеснікава стала адным з сімвалаў негвалтоўнага супраціву беларусаў. У адным з відэазваротаў яна кажа: «Мы, беларусы, выбралі шлях мірнага, законнага і негвалтоўнага пратэсту. А гэты шлях патрабуе часу. Тое, што насаджвалася 26 гадоў, не можа знікнуць у адзін момант. Нам усім спатрэбіцца час упартай працы і цярпення. Мы павінны працягваць выказваць сваю нязгоду. Пісаць, казаць праўду, выходзіць, стаяць, баставаць, скардзіцца, адмаўляцца ад супрацоўніцтва, байкатаваць і не пагаджацца».
Мы папрасілі тату Калеснікавай, спадара Аляксандра, падзяліцца, чаму для Марыі было важным трымацца такога шляху:
— Мы з Машай абмяркоўвалі падзеі, якія адбываліся, і яна падзялілася меркаваннем: «Тата, тады мы станем такімі, як яны. Мы за аснову бяром, што ўжо ўвесь цывілізаваны свет прайшоў і гэта дало пазітыўны вынік. Калі мы пачнём з крыві, то гэта будзе ўжо не дэмакратыя». Пасля гэтых слоў убачыў у Машы аднадумцу. Як бы цяжка ні было, праз наша цярпенне павінна прыйсці поўнае разуменне дэмакратычных каштоўнасцей. Гэты досвед, які Маша і каманда Віктара Дзмітрыевіча паспрабавала перанесці ў нашу Беларусь, застаецца ў прыярытэце.
Безумоўна, я чакаю, каб як мага хутчэй прыйшлі перамены. Вы, напэўна, разумееце, як я чакаю сваю Машу і Танюшу. Але я гатовы чакаць столькі, колькі трэба, каб адчуваць сябе бацькам, вартым сваіх дзяцей.
— Адкуль у Марыі такія каштоўнасці?
— Маша і Танюша выхоўваліся ў сям’і, дзе былі закладзеныя агульначалавечыя каштоўнасці. Яны раслі ў атмасферы любові — мы з жонкай, якой, на жаль, не стала, былі маладымі, нашы бацькі былі маладымі. Разуменне, павага, імкненне пачуць суразмоўцу — яны бачылі, як важна імкнуцца зразумець адзін аднаго. Калі дзеці спрабавалі па-дзіцячы хітрыць, мы даводзілі, што важна казаць праўду, а для гэтага і мы самі былі шчырымі. Дома заўсёды было шмат кніг і тагачасных часопісаў. І старэйшая, і малодшая перачытвалі іх з ліхтарыкам пад коўдрай. Я быў вельмі рады, што дзець імкнуліся як мага больш ведаць. Тады яшчэ не было камп’ютараў, але яны хацелі ведаць пра тэхніку. Я тады сабраў прымітыўны, але сапраўдны персанальны камп’ютар.
Больш за ўсё на Машу паўплывала музыка. Праз яе яна спрабавала спасцігнуць тое, што звычайныя людзі не бачаць. Калі яна вучылася ў Германіі і запрашала ў госці, то заўсёды расказвала, што ўразіла ў жыцці там. Спрабавала разабрацца, чаму ў яе любімай Беларусі па-іншаму. Напрыклад, у адзін прыезд заўважыў на вуліцы партрэты людзей. Яна расказала, што гэта ідзе выбарная кампанія, і пачала расказваць, як адбываюцца выбары ў Германіі. І яна хацела прынесці еўрапейскія каштоўнасці ў Беларусь — законнасць, выкананне правоў чалавека, павагу да права ад грамадзяніна і чыноўніка.
Яна разумела, што менавіта дэмакратычныя каштоўнасці дапамагаюць раскрыцца чалавеку, а ад гэтага выйграе і дзяржава.
Падчас аднаго візіту ў Германію я спытаўся, у чым яна бачыць сваю мэту. Мне так спадабалася, што яна тут жа адказала, нават не задумвалася, бо ўжо знайшла адказ для сябе, — сказала адно слова: «Асвета».
— Ці былі прыклады, калі Марыя дамагалася свайго, трымаючыся прынцыпаў?
— Першыя спробы Машы ўдзельнічаць у грамадскім жыцці былі ў 2006 годзе. Жонка вельмі перажывала, што ўдзел у акцыях можа быць звязаны з гвалтам з боку ўладаў. Маша сутыкнулася з забаронай і ўспрыняла гэта як ціск і пазбаўленне правоў. Тады мы ўпершыню пачулі ад яе яркае і стройнае меркаванне пра свабоду слова, выбару. Гэта зачапіла, і я пераканаў жонку, што дачка мае рацыю, і мы можам толькі параіць, але забаронамі нічога не вырашым. Мы ўбачылі яе характар, і што яна прыводзіць аргументы, з якімі немагчыма спрачацца.
Аднойчы жонка была вельмі супраць, каб Маша ўдзельнічала ў акцыі падчас маўклівых пратэстаў 2011 года. Тады я сказаў, што раз дзеці хочуць, а мы перажываем, то пойдзем усе разам.
— Што вы адчулі, калі чалавека з яскравай негвалтоўнай пазіцыяй назвалі тэрарысткай?
— У чарговы раз адчуў расчараванне ў нашай уладзе. Так, вы ў чарговы раз даказалі, што вам усё можна. Але вынік ад гэтага нават не нулявы, а адмоўны — вы назапашваеце злосць у людзей, пазбаўляеце жадання размаўляць з вамі.
Як толькі пабачыў, што абмяркоўваецца артыкул пра тэрарызм, разумеў, што Машу не абыдзе. Чалавека судзілі па трох артыкулах, далі вялізны тэрмін. А пасля заднім чыслом зразумелі, што яшчэ мала. Дапамагла рэакцыя Марыі, навіну яна даведалася падчас тэлефоннай размовы са мной. Сказала, што для яе гэта знак якасці. Яе стаўленне да кепскіх падзей мяне проста захапляе.
— Што дае Марыі моцы ў самых складаных сітуацыях?
— Любоў да ўсяго, да чаго датычная. Яна ўсё, што робіць, — робіць па любові. Калі чалавек перакананы, што без гэтага не можа абысціся, то цалкам упэўнены, што мае рацыю. Яна пісала мне ў адным з лістоў:
«Шкада тых, хто мусіць прыглядаць і падглядаць за намі, суправаджаць. Бачу, якая барацьба ўнутры іх. Таму адчуваю сябе настолькі свабоднай, што ім гэтага не зразумець. А яны зрабілі выбар не на карысць свабоды, а на карысць падпарадкавання і самі пакутуюць, не разумеючы, што згубілі».
Хоміч: «Тое, што пратэст быў негвалтоўным, дае нам шмат для будучыні»
Сястра Марыі Калеснікавай Таццяна Хоміч таксама падзялілася бачаннем, як у Марыі атрымалася стаць натхняльніцай мірнага супраціву:
— Гэта ідзе з дзяцінства. Для Машы ніколі не быў прымальны гвалт у якім-небудзь выглядзе. Гэта сфарміравалася за доўгія гады: каштоўнасці, якія набылі ў сям’і і яна, і я.
Заўсёды вельмі выразна прасочвалася яе непрыняцце гвалту, а пры спрэчках — неабходнасць весці камунікацыі і размову. Яна лічыць, што канфлікты патрэбна вырашаць мірным спосабам і ў дзяцінстве, і ў дарослым жыцці.
У Машы заўсёды было павышанае пачуццё справядлівасці. Калі бачыла несумленнасць да яе ці паміж людзьмі, гэта ўзрушвала, яна заўсёды гаварыла пра гэта вельмі адкрыта. На такі падыход паўплывала і яе жыццё ў Германіі.
Я — малодшая сястра. Да малодшых ставяцца інакш, чым да старшых. Маўляў, тыя павінны саступаць у нечым малодшым. Маша заўсёды абуралася. Яна не разумела, чаму павінна не ўлічваць свае жаданні на карысць мяне.
Я думаю, што гэта вельмі яскрава яе характарызуе. Разуменне, што ва ўсіх ёсць роўныя правы і што твая свабода заканчваецца там, дзе пачынаецца свабода іншага чалавека.
— Што вы асабіста адчуваецца ад таго, што людзі кажуць, што выходзіць з кветкамі было наіўна?
— Я падтрымліваю негвалтоўныя формы пратэсту. Кожны сам для сябе вырашае, як выказваць свой пратэст. У цэлым я ўпэўненая, што шлях, які абралі беларусы, быў правільным. Наперадзе ў нас яшчэ шмат працы. Тое, што пратэст быў негвалтоўным, дае нам шмат для будучыні, дае нам сілу ўпэўненасці і згуртаванасці.
Беларускае грамадства грунтуецца на каштоўнасцях — мірнае выказванне сваёй пазіцыі. Мы не можам дзейнічаць інакш. Гэта складаны і доўгі шлях, але мы не здраджваем сваёй сумленнасці і прынцыпам.
Марыя ведае, што яе падтрымліваюць ва ўсім свеце. У Машы каля 20 міжнародных прэмій — гэта падтрымка, прызнанне Машы і ўсіх беларусаў. Напамін, што Машу не забываюць, як і беларусаў.
Кантэкст: як негвалтоўны супраціў выкарыстоўвалі і ў таталітарных, і ў дэмакратычных грамадствах
На працягу многіх стагоддзяў людзі абіралі негвалтоўны супраціў, каб адстаяць свае правы. Самым яскравым прыкладам грамадзянскага супраціву былі пратэсты ў Індыі, звязаныя з імем Махатмы Гандзі. Адтуль прыйшоў тэрмін «сацьяграха», асноўным прынцыпам якога стала адмова ад супрацоўніцтва з несправядлівай уладай, парушэннем законаў, што супярэчаць маралі, і гатоўнасць пакутаваць, не адказваючы гвалтам на гвалт.
Гандзі стаў тварам негвалтоўнага супраціўлення ў Індыі, аднак краіна змагла пазбавіцца ад дамінавання Брытанскай імперыі толькі пасля Другой сусветнай вайны. У тым ліку і з-за масавых акцый супраціву.
Пратэсныя рухі былі ў дэмакратычных і таталітарных краінах. ’palatno раскажа на некалькіх прыкладах, як людзі пратэставалі і адстойвалі свае правы ў розныя перыяды гісторыі і ў розных краінах.
Вайна ў В’етнаме стала значнай старонкай у амерыканскай гісторыі. Яна прыйшлася на 1960-я гады, калі ў грамадстве актывізаваўся рух за правы ўразлівых груп насельніцтва. Асаблівы ўплыў на антываенны рух у ЗША аказала барацьба за грамадзянскія правы чарнаскурых. Менавіта адтуль моладзь, якая стала ядром антываеннага руху, брала ідэі і метады негвалтоўнага супраціўлення.
Падчас в’етнамскай вайны адну з першых антываенных арганізацый стварылі жанчыны. Яна называлася Women Strike for Peace. Яе стварылі ў 1961 годзе, а галоўнай ідэяй стала прадухіленне ядзернага канфлікту паміж ЗША і СССР.
У 1964 годзе пачынаецца поўнамаштабнае ўмяшанне амерыканскіх войскаў у канфлікт у В’етнаме. У гэты час шматлікія арганізацыі, якія змагаюцца за грамадзянскія правы, уключаюцца ў антываенны рух. Антываенны рух выкарыстоўваў шырокі спектр метадаў барацьбы: ад негвалтоўнага супраціўлення да радыкальна-гвалтоўных.
У 1960-я была сфарміраваная арганізацыя «Студэнты за дэмакратычнае грамадства». Моладзь удзельнічала ў маршах, дэманстрацыях, пікетах. З часам з’явіліся новыя формы: teach-in (асветніцкія заняткі, на якіх расказвалі пра антываенны рух), антываенная агітацыя, адмова пастаноўкі на вайсковы ўлік. У многіх універсітэтах ЗША адбываліся выступленні і сядзячыя забастоўкі. У 1970 годзе студэнты правялі масавыя акцыі пратэсту пасля расстрэлу нацыянальнымі гвардзейцамі чатырох студэнтаў Кенцкага ўніверсітэту падчас антываеннага мітынгу.
Да 1968 года антываенны рух у ЗША дасягае значнай папулярнасці. У ім удзельнічае не толькі моладзь, але і ветэраны в’етнамскай вайны. Самым буйным выступленнем стаў «Паход на Пентагон», у якім удзельнічалі каля 100 тысяч чалавек. Ён скончыўся разгонам і затрыманнямі. Сілавыя разгоны дэманстрацый і прымяненне гвалту з абодвух бакоў з цягам часу стала звычайнай справай.
Напрыканцы 1960-х антываенны рух прыходзіць у заняпад. Амерыканскія вайскоўцы працягвалі ваяваць у В’етнаме, новы кандыдат у прэзідэнты Рычард Ніксан абяцаў скончыць вайну, а антываенны рух не змог салідарызавацца з рухам за грамадзянскія правы чарнаскурага насельніцтва.
Нягледзячы на тое, што неадкладных перамен не адбылося і вайна ў В’етнаме скончылася толькі ў сярэдзіне 1970-х гадоў, у амерыканскай гісторыі антываенны рух 1960-х гадоў значна паўплываў на далейшае асэнсаванне грамадствам удзелу вайскоўцаў у сусветных канфліктах.
У 1968 годзе саюзныя войскі Арганізацыі Варшаўскага дагавору ўварваліся ў Чэхаславакію. СССР не падабаліся дэмакратычныя змены ў Чэхаславакіі, таму Масква вырашыла змяніць уладу і пасадзіць у Празе больш лаяльны ўрад. Увод войск не прайшоў непрыкметна ў Савецкім Саюзе. Шмат людзей прайшлі праз рэпрэсіі за выказванні і выступленні супраць агрэсіі савецкіх войск у Чэхаславакіі.
«Дэманстрацыя семярых» стала самай знакамітай акцыяй савецкіх дысідэнтаў супраць уварвання войск у Чэхаславакію. Апоўдні 25 жніўня 1968 года на Краснай плошчы ў Маскве восем чалавек разгарнулі банеры на рускай і чэшскай мовах: «За нашу и вашу свободу!», «Руки прочь от ЧССР!», «At’ žije svobodné a nezávislé Československo!» («Да здравствует свободная и независимая Чехословакия!»). Праз некалькі хвілін дэманстрантаў збілі і затрымалі супрацоўнікі міліцыі і КГБ.
У дакладной запісцы КГБ людзей, што выйшлі з акцыяй на Чырвоную плошчу, назвалі «антиобщественными элементами», а саму дэманстрацыю — «враждебной деятельностью», «провокационной вылазкой», «антисоветским проявлением».
Удзельнікаў акцыі судзілі — ад 10 месяцаў да двух гадоў зняволення, частку накіравалі на псіхіятрычнае абследаванне і паклалі ў бальніцы.
Канстанціна Бабіцкага асудзілі да двух гадоў зняволення, адбываў пакаранне ў Комі. Таццяна Баева знаходзілася на плошчы падчас акцыі, але ўдзельнікі настойвалі, каб яе адпусцілі з пастарунку. Пазней дзяўчыну адлічылі з інстытуту і яна эмігравала. Ларысу Багараз асудзілі і саслалі ў Іркуцк. Наталлі Гарбанеўскай паставілі дыягназ «вялацякучая шызафрэнія». Вадзіма Дэлоне асудзілі на адзін год умоўна. Уладзімір Драмлюга быў асуджаны і накіраваны ў ссылку ў Якуцк да 1974 года. Паўла Літвінава саслалі ў Чыцінскую вобласць да 1972 года. Віктара Файнберга накіравалі на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычную бальніцу.
Першы прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Гавел назваў дзеянні дэманстрантаў «сумленнем Савецкага Саюза».
На тым жа месцы на Краснай плошчы праз сорак гадоў, у 2008 годзе, правялі акцыю з транспарантам «За нашу и вашу свободу». У 2013, 2016 і 2018 гадах былі праведзеныя аналагічныя акцыі: усяго расійскія паліцэйскія затрымалі 19 чалавек.