Now Reading
«Уратую цябе ў любой сітуацыі, і на амапаўца кінуся». Пагутарылі з самай вядомай пратэснай парай Маладзечна

«Уратую цябе ў любой сітуацыі, і на амапаўца кінуся». Пагутарылі з самай вядомай пратэснай парай Маладзечна

пратэсты ў беларусі, сілавікі беларусі

Сяргей Сідаровіч і Эліна Карыцька ўдзельнічалі ў паслявыбарчых пратэстах у Беларусі. У лістападзе 2020 года Сідаровіч і Карыцька разам з яшчэ двума маладзечанцамі перакрылі рух на цэнтральнай вуліцы Маладзечна менш чым на хвіліну. У сакавіку 2021 года Эліне прысудзілі год «хіміі», Сяргею — паўтара года. У ліпені 2021 года маладзёны экстранна выехалі з тэрыторыі Беларусі.

PALATNO  пагутарыла з Сяргеем і Элінай пра падзеі лета-2020, прысуды па іх крымінальнай справе і вяртанне ў Беларусь.

Сяргей: Мы з Маладзечна родам. Пазнаёміліся болей за два гады таму, калі ўбачыў у Instagram аб’яву нашай агульнай знаёмай. Эля згубіла ката, у мяне быў вольны час — вырашыў пайсці і пашукаць.

Эліна: Ката мы знайшлі, дарэчы. Але пасля гэтага ён губляўся яшчэ разы два. Пасля ўжо разам шукалі. А знаёмства з бацькамі было смешным. Мы з Сяргеем гулялі, збіраліся з бацькамі ехаць кудысьці: да бабулі ці на лецішча. Мы з Сяргеем ужо спазняліся. Ён кажа: «Добра, я цябе давяду і аддам проста ў рукі». Вось так і пазнаёміліся. З мамай Сяргея знаёміцца саромелася, баялася заходзіць, а пасля ўжо неяк і раззнаёміліся, і абдымаліся. У нас вельмі добрыя, цёплыя адносіны.

Чаму сталі цікавіцца палітыкай

Сяргей: Да 2020 года гэтым усім не цікавіўся. З улікам ажыятажу перад выбарамі і падзей, якія ім папярэднічалі, заставацца па-за гэтым інфармацыйным полем не атрымлівалася. Эля вельмі актыўна ўсё мне расказвала. Мне прыйшлося ўспрымаць і вывучаць гэту інфармацыю. І разумець, што ўсё кепска не таму, што ўсё кепска, а бо ў гэтых праблем ёсць адна крыніца. З гэтай крыніцай трэба змагацца, таму што добра проста так жыць не стане.

Эліна: Я ва ўсім гэтым класа з восьмага. Не была ні ў піянерах, ні ў БРСМ, не ўступала ў прафсаюзы. Яшчэ была ў профільным класе па гісторыі.

9 жніўня

Сяргей: Спачатку пайшлі на мой выбарчы ўчастак, які на ЖДК [рэд. Былы Дом культуры чыгуначнікаў, цяпер — Раённы цэнтр культуры]. Прагаласаваў там, пайшлі на ўчастак у школу-інтэрнат. Там галасавала Эля. Чэргаў не было, усё адбывалася хутка. Мы пайшлі далей займацца сваімі справамі: сядзелі ў парку, гулялі ў шахматы шкляныя. Потым пачулі, што на плошчы нейкая мітусня, склалі ўсё і пайшлі туды. Груба кажучы, апынуліся каля ланцуга міліцыянераў.

Эліна: У нас самыя каштоўныя рэчы былі ў заплечніку. У нас камера была, шахматы шкляныя, тэлефоны. Мы ішлі і разумелі, што страшна і за сябе, страшна і за рэчы, бо нешта будзе адбывацца.

Сяргей: Стаяла невялікая колькасць міліцыі, стаялі людзі. Прычым стаялі ў прынцыпу спакойна. Толькі вось нехта запаліў дымавую шашку, людзі сталі кашляць з-за дыму. Да яе адразу падбеглі і выкінулі ў сметніцу, каб было спакойней. Калі пачало цямнець, адключылі святло. Перыядычна падыходзіў нейкі чалавек. Меркаваць па ўсім, гэта быў Прыгара [рэд. Вадзім Прыгара — начальнік Маладзечанскага РАУС], як мы цяпер разумеем. Тады яго асабліва ніхто не ведаў. Ён даваў нейкія распараджэнні, прыехаў аўтобус — у яго па чарзе заходзілі супрацоўнікі, а пасля вярталіся назад. Калі людзі вырашылі ісці ў бок парка цэнтралізавана, то прыехаў АМАП. І ўжо міліцыя разам з АМАП пачала гнаць пратэстоўцаў у боку парка. Да гэтага ці ўжо пасля перагарадзілі пешаходны пераход. Было страшна. Мы з астатнімі рабятамі бегалі туды-сюды. Мы спрабавалі выматаць іх, каб у наступны дзень было спакойней.

Я праводзіў Элю дадому. Мы праходзілі каля школы №11, туды прыехаў аўтобус з Прыгарам. Не дадумаліся тады моманты гэты зняць. Правёў Элю і вяртаўся дадому. Тады можна было падысці да абсалютна любога чалавека і спытацца, ці бяспечна ісці ў які-небудзь бок. Кожны раз прыходзілася менавіта так вяртацца дадому: абходнымі шляхамі, сцежкамі, праз двары. Падавалася, у горадзе няма ні аднаго месца, дзе можна адчуваць сябе бяспечна цалкам і спакойна вярнуцца дадому.

Яшчэ мы сустрэлі нашага сябра. У яго быў твар у крыві, парваная майка. Спыталі, як і што, а ён: «Ну вось, спаймалі». Знаёмая дзяўчына, якая была з гэтым хлопцам, пабегла яму дапамагаць — ногі пабілі. Цяпер гэты хлопец жыве ў Польшчы, таму што на яго завялі крымінальную справу.

Эліна: Ён і на рэабілітацыю паехаў.

Сяргей: Там жа ў счэпцы мы пазнаёміліся з нашым цяперашнім сябрам Лешам Крэнцем.

Аляксей Крэнць — стваральнік тэлеграм-канала «Каратели Молодечно». Разам з Сяргеем Сідаровічам Крэнця затрымлівалі за наклейванне ўлётак у жніўні 2020 года. У снежні 2020 года Крэнць пакінуў тэрыторыю Беларусі.

Мы не бачылі выніку ад кожнага дзеяння. Хацелі напорыста ўзяць: кожны дзень і кожны вечар, пакуль збіраюцца людзі. Мы кожны вечар збіраліся, бегалі і ганялі. Усё ў надзеі, што на наступны вечар будзе лягчэй. Але лягчэй не станавілася.

Што адбывалася 10 жніўня

Эліна: 10 жніўня мы з Сяргеем ішлі ад плошчы. Там дастаткова шмат людзей было, плошчу акружылі машыны міліцыі, і не толькі міліцыі, нейкія бусікі класічныя. Мы з Сяргеем ішлі ўжо ў бок парка, да нас пачаў бегчы, мабыць, вайсковец. Я не ведаю, хто гэта быў.

Сяргей: Унутраныя войскі.

Эліна: З сабакам байцоўскім і дубінкай. У яго быў такі разгублены позірк насамрэч. Я дагэтуль памятаю гэты вочы. Разумею, што чалавек супраць сваёй волі ўдарыў Сяргея, але ён гэта зрабіў. Гэта абсалютна нельга апраўдваць, але той позірк ніколі не забуду. Ён быў вельмі напужаны, перад тым як ударыць, некалькі секунд падумаў, пачакаў. Але вось ён проста затрымаўся, паглядзеў і ўдарыў. Па каленях, падаецца.

Сяргей: Пад каленямі.

Эліна: Сяргей упаў, і я ўстала на абарону. Стала крычаць: «Бі мяне».

Сяргей: Там усё было неяк дзіўна. Да нас падбег Прыгара, спыніў гэтага супрацоўніка. Падышоў да нас, сказаў ісці дадому — і сышоў. Нейкі акт дабрыні ці міласэрнасці. Можа, у той дзень ці да таго моманту ён яшчэ канчаткова не згніў дзесьці ўнутры, але, як паказвае досвед, пасля гніль дайшла ўжо да самых мазгоў.

Эліна: Ці пабаяўся, што мяне заб’юць адным ударам. Ну, як бы рэпутацыя!

Сяргей: У прынцыпу ў той дзень усё было дзіўна. Месца збору пазначылі ва ўсіх Telegram-каналах загадзя. Людзі яшчэ не паспявалі сабрацца, проста ішлі, а іх хапалі і вялі ў машыны. Ніякай агрэсіі з боку людзей у той дзень не было, як і ў астатнія. Мы проста стаялі перад супрацоўнікамі міліцыі на каленях, скандзіравалі: «Міліцыя з народам!». Перыядычна ззаду падыходзілі нейкія бухія мужыкі. Адзін казаў: «Што вы сталі са сваімі шчытамі? Вось, ідзіце да мяне! Давайце, зрабіце крок, я буду разбірацца». Яму кажуць, маўляў, ты што, дурань? Мы стаім на каленях, а ты стаіш за спінамі іншых і такое крычыш? Гаворым, каб ён сыходзіў, а то горш будзе. Яго ўвялі ў выніку. Мы дастаткова доўга стаялі. Супрацоўнікі проста пачалі наступаць. Пачалі разганяць, біць людзей.

Эліна: Да гэтага хтосьці міма нас праходзіў, сказаў, што нас ужо заўважылі. Не ведаю, хто гэта быў.

Сяргей: Ён сказаў, што мы можам пасля не сыходзіць, таму што на нас ужо завялі справу.

Пра жаночую салідарнасць

Эліна: Чат быў жанчын. Там абмяркоўвалі, якія кветкі будуць, якія сукенкі і стужкі, дзе будуць праходзіць акцыі. Проста неяк знаходзіліся ў адным месцы, і ўсе разам стаялі. Было вельмі і вельмі прыгожа. На той момант было светла, пакуль навіны не прачытаеш.

Сяргей: Калі была адна з першых жаночых акцый ля царквы, то перыядычна на суседніх вуліцах праязджалі аўтазакі. Міліцыя праязджала каля жанчын, але ніхто нікога не затрымліваў. Было адносна спакойна. Мы з рабятамі бегалі па гэтым раёне, каб глядзець, што ўсё добра. Ніхто нікога не затрымліваў. Бадай, тады хапала гонару рабіць так ці не было распараджэння. Ці таму, што не думалі, што вялікі натоўп жанчын можа штосьці зрабіць.

Пра выхад з ізалятара

Сяргей: Мы выходзілі з ІЧУ, дзе сядзелі суткі. Дагэтуль памятаю, як нас сустракалі людзі, было вельмі шмат людзей. Яны чакалі сваіх сваякоў, сваіх дзяцей. Там было шмат сяброў і людзей, якіх я не ведаў. Мы выйшлі разам з хлопцам, які быў моцна пабіты. Нам пачалі хлопаць. Я не ведаю, да чаго трэба давесці краіну, каб людзей, якія выходзяць з ІЧУ, сустракалі як герояў. Гэта вельмі прыемна, забыць немагчыма ніколі.

Калі было страшней за ўсё

Эліна: У ІЧУ.

Сяргей: Так, у ІЧУ.

У снежні 2020 года Эліну Карыцька і Сяргея Сідаровіча затрымалі на трое сутак. Ім прад’явілі абвінавачванні па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак». Іх падазравалі ў перакрыцці Вялікага Гасцінца ў Маладзечне ў лістападзе 2020 года. У лістападзе чацвёра людзей перакрылі рух на палову хвіліны на праспекце з расцяжкай «Пока в стране беззаконие, сопротивление — наш долг».

Эліна: Гэта было ў снежні 2020 года. За мной, такой маленькай, прыходзяць сем чалавек — гэта дзіўна і страшна. Дзесьці ў палову на восьмую ў дзверы адзін званок. Тата рана прачнуўся, ён адчыняў дзверы. У вочка нічога не было бачна. Разумее, што проста шмат людзей стаяць. Рэфлекторна пачаў зачыняць дзверы, але яны паспелі яе схапіць. Тату кідаюць на падлогу — яму ледзь руку не зламалі. А я без акуляраў, у мяне вельмі дрэнны зрок, спрабую ўзяць акуляры. Мяне б’юць па руцэ, думаючы, што я хачу ўзяць тэлефон. Яны пачынаюць крычаць: «Вітаем, мы за вамі!».

Прад’явілі паперку, што я з’яўляюся падазраванай па крымінальнай справе. Было страшна, калі везлі. Думала пра Сяргея, таму што ведала, што ён будзе недзе побач. У ІЧУ мяне прывезлі першай, я сядзела ў так званым «стакане». Праз акенца ўбачыла Сяргея. Гляджу ў гэта акенца, спрабую зрабіць так, каб ён адчуў неяк, пабачыў мяне. Пабачыў, мы перакінуліся позіркамі на долі секунды, а яго пасадзілі ў суседні «стакан». І мы потым перастукваліся.

Пасля ўжо ў ІЧУ мы сядзелі трое сутак. У першай камеры не працаваў зліў, таму проста вада разлівалася, кран дрэнна працаваў у ракавіне. Я неяк спрабавала адрамантаваць усё, але ў мяне не атрымалася. Спрабавала яшчэ раз і зрабіла кран. Я вельмі моцна тарабаніла ў дзверы, каб мне ўсё зрабілі. У выніку, мабыць, усіх там задраконіла. Мяне праз час перавялі ў суседнюю камеру, там ужо ўсё было ў парадку. Мне далі бялізну, было нешта накшталт матрацу. Метр на метр камера — нічога асаблівага.

Адзін з іх спрабаваў заляцацца да мяне. Да, і такое было. Увогуле, адносіны да мяне былі адэкватнымі. Нават калі пальцы адкатвалі, мужчына вельмі прыемны сурвэтку прапанаваў.

Вельмі начальніку ІЧУ рэкамендавала прачытаць Гандзі пра негвалтоўнае супраціўленне. Абяцаў, што прачытае. (Рэд. глядзіць у камеру:) Спадзяюся, вы прачыталі.

Сяргей: Умовы былі адносна спрыяльнымі, дзякуючы майму суседу. Быў вельмі класны мужычок, яму за 50. Ён нешта дзесьці скраў, пасядзеў у Жодзіне, яго накіравалі на дадатковае расследаванне да нас. Пакуль у мяне не было ні ежы, ні цыгарэт, дык ён мяне пастаянна частаваў. Карміў ледзь не сілай, казаў, што мне патрэбны сілы. Ён расказваў гісторыі заўсёды. Я мог у любы момант прачнуцца, сесці — ён пачынаў расказваць. Мне не было сумна.

Супрацоўнікі былі вельмі дзіўныя. Я бы сказаў, дурныя. Яны пастаянна адчынялі «кармушку», глядзелі на мяне, пачыналі ржаць, зачынялі «кармушку». Пасля прыходзілі зноў: адчынялі «кармушку», ржалі. Натуральна, былі дурныя жарты ў стылі: «Моргенштэрн, Моргенштэрн». Мне прынеслі ў перадачцы цяльняшку, у якой дома працую. Яна ляжалі сярод маіх рэчаў, калі нас вывелі з камеры. Яны казалі мне, што я марак. Карацей кажучы, я не ведаю, што яны думаюць.

Эліна: На той момант у цябе яшчэ чырвоныя валасы былі.

Сяргей: Начальнік ІЧУ паводзіў сябе адэкватна. Ён вельмі злаваўся, што іх называюць карнікамі. Яго персанальна вельмі пакрыўдзіла. Але нічога кепскага ён не рабіў.

Эліна: Але мы не ведаем, што ён рабіў, а што не рабіў.

Сяргей: Мне асабіста ён нічога кепскага не зрабіў. Хлопец, які збіраў адбіткі, быў вельмі прыемным. Усё хутка зрабіў. Я кажу, што ён крыва зрабіў. А ён адказаў, што яму ўсё роўна і гэта не яго праца. Крыху пакрыўдзіўся на маю татуіроўку (рэд. на руцэ Сяргея татуіроўка «F*ck you»).

Самы страшны быў не момант, а перыяд, калі нас адпусцілі. Да суда. Ты чакаеш у гэтай нявызначанасці. Ты не ведаеш, што будзе. А пасля суда, напэўна, самы жахлівы момант. Кідаешся ад кожнага груку ў дзверы, кідаешся ад кожнага званка з незнаёмага нумара. Прыходзіць ліст — страшна, што ўжо трэба будзе ехаць на «хімію».

У сакавіку 2021 Эліну Карыцька і Сяргея Сідаровіча прызналі вінаватымі па артыкуле аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак. Эліне прызначылі пакаранне ў выглядзе аднаго года «хіміі», Сяргею — паўтара года «хіміі». Разам з імі асудзілі яшчэ чатырох чалавек — Дзмітрыя Карабейніка (1 год і 6 месяцаў «хіміі»), Рыгора Саладоўнікава (1 год і 6 месяцаў «хіміі»), Ганну Задорскую (штраф 5 655 рублёў) і бацьку Сяргея Ігара Сідаровіча (штраф 4 060 рублёў).

Цяжка знаходзіцца дома ў прынцыпе. Дома стала неяк няўтульна пасля ператрусу. У нас іх было два. Яны ў мяне ў пакоі абадралі аблямоўку ад дзвярэй. Абадралі адвёрткай цалкам, таму што ім здалося, што там можа быць схованка. Усё шманалі, усё вывальвалі. Пасля ператрусу было вельмі цяжка. Там усё разламана, дзверы вырваныя з кавалкамі бетону, усё бруднае. Дома знаходзіцца не хацелася абсалютна.

Машына нейкая паркуецца далей, чым ты ідзеш, — страшна. Думаеш, цяпер буду тут праходзіць і мяне зацягнуць. Навошта ты прыпаркаваўся там, дзе няма прыпынку? Заходзіш дамоў — глядзіш на машыны. Заходзіш у пад’езд — глядзіш у цемру, каб ніхто не выбег. Кожны званок у дзверы ці дамафон — паніка. Хаця, як паказвае практыка, мянты не ўмеюць званіць у дамафон. З гэтым прыходзіцца жыць, пакуль не апынешся на волі ці пакуль гэта ўсё не скончыцца.

Эліна: Па-першае, мы нікому не збіраліся нашкодзіць. Гэта быў такі маўклівы крык, маўклівы пратэст. Мы нічога не казалі, але гэта фраза «Пока в стране беззаконие, сопротивление — наш долг», на мой погляд, вельмі правільная. Проста так атрымалася. Выпадковасць.

Ці шкадуюць пра ўдзел у акцыі

Сяргей: Было б дзіўна шкадаваць. Шкадуюць звычайна, калі атрымліваецца нейкі неабдуманы ўчынак з кепскім вынікам. Шкадаваць цяпер няма сэнсу, таму што ў нас бацькі там. Нам цяпер трэба рабіць як мага больш, каб яны былі ў бяспецы. Каб гэты рэжым сышоў, а мы змаглі вярнуцца дадому. Чым больш мы рабілі тады, робім цяпер, тым бліжэй дарога дадому.

Чаго чакалі ад суда

На працягу судовага разбіральніцтва пацярпелыя адмовіліся ад якіх-небудзь прэтэнзій да падсудных. Дзяржаўны абвінаваўца Валеры Пяркоўскі запрасіў для абвінавачваных пакаранне ў выглядзе дамашняй «хіміі». Суддзя Маладзечанскага раённага суда Вікторыя Паляшчук вырашыла пакараць чатырох маладзечанцаў «хіміяй» (накіраванне ў папраўчую калонію), а двум даць вялізарныя штрафы.

Эліна: Думаю, усе спадзяваліся на лепшае, акрамя Сяргея. Толькі Сяргей казаў, што не можа быць усё так добра.

Сяргей: Я не зусім так казаў. Казаў, што лепш не спадзявацца на добрае, каб пасля не расстройвацца з дрэннага. Лепш думаць пра дрэннае, каб радавацца з добрага. Я вельмі моцна раз’юшваўся, калі Эля спрабавала мяне супакоіць.

У мяне была футболка. Суд ужо прызначыў нам пакаранне. Там цытата аднаго выканаўцы, якога я вельмі люблю і шмат слухаю: «Батл куплен – судьи п******сы». Гэта адзіная думка, якая ёсць.

Пра таблеткі падчас абвяшчэння прысуду

Сяргей: Гэта таксама метад пратэсту. Я загадзя вырашыў, што калі яны будуць рабіць так, як ім загадалі, а не так, як трэба і як па законе, увогуле па сумленні і чалавечых прынцыпах, то трэба паказаць, што гэта няправільна. Я тады піў таблеткі, каб не нервавацца. Узяў на суд маленькі блістар, выпіў таблеткі падчас прысуду.

Мяне вельмі здзівіла, што ў нас у Маладзечне суддзя нават не перастала чытаць прысуд, а міліцыянеры не скаланулася. Ім усё роўна. Чалавечыя жыцці для іх увогуле нічога не значаць. Думаю, яны маглі падысці да мяне і дакалоць. Дарэчы, калі мяне ў ІЧУ забралі і правяралі мае рэчы, заставілі дастаць гумку з зімовай курткі. Супрацоўнік сказаў, каб я вырваў, бо, па яго словах, мяне лягчэй дабіць, чым лячыць. Гэта іх дэвіз.

Эліна: Калі гэта ўсё здарылася, то нас вывелі з залы, а дзверы закрылі разам з суддзёй. Вельмі перажывалі за суддзю. «Хуткую» выклікалі людзі, якія прыйшлі нас падтрымаць. Я ведала, што ён так зробіць. Не думала, што ў рэальнасці буду такая спужаная. У мяне такога страху не было ніколі.

Сяргей: Там у прынцыпе ўсё пайшло не па плане, таму што я папярэдзіў бацьку, які пасля не даў мне іх даесці, і ўсіх астатніх. Усё гуд, усё нармальна!

Эліна: Такі перформанс, які не атрымаўся.

Пра тое, як з’язджалі

Сяргей і Эля з’ехалі ў Беларусі ў ліпені 2021 года.

Сяргей: Было цяжка і вельмі страшна. Па сутнасці, нам прыходзілася з’язджаць без інфармацыі. Сваякам не раскажаш, бо яны бы пастараліся нам дапамагчы. А гэта ў любым выпадку — крымінальная справа.

Эліна: Гэта небяспека для іх. Пасля таго, як мы выехалі, я напісала ім у Viber, каб яны прабачылі нас і тое, як усё здарылася. Мы вырашылі, што не хочам год, і Сяргей — яшчэ больш, на калгасных палях збіраць бульбу, каб гэтыя грошы ішлі рэжыму. Яны ўсё зразумелі, сказалі, як любім адзін аднаго.

Сяргей: Мы шмат разоў начавалі адзін у аднаго, таму яны не адразу зразумелі, што мы з’ехалі. Мы бадзяліся і не так доўга.

Мы глядзелі ўсе магчымыя спосабы. Ехалі праз Расію. Былі маршруткі, праз якія яшчэ можна было з’ехаць. З Расіі было цяжка выбрацца, бо мы ўжо невыязныя былі ў Беларусі і Расіі.

Некаторы час вывучалі карту ля мяжы паміж Расіяй і Украінай. Знайшлі месца, дзе не вельмі густы лес, звычайнае поле. Але атрымалася, што прыгожае поле на Google-картах — гэта трава памерам з чалавека. Маленькія кусты — вялізныя кусты, а зялёны масіў — вялікія дрэвы з галінамі да самай зямлі, а кусты — плот, праз які прарываешся наўздагад. Ішлі са спампаванымі картамі і ліхтарыкам. Было вельмі страшна. Гэта быў момант на поспех: альбо пашанцуе, альбо нас схопяць. Там быў плот з калючым дротам, Эля падрапала нагу, парвалі адзенне.

Ёсць гульня «Слендармэн», калі па лесе з ліхтарыкам ходзіш. Гэта тое ж самае, але толькі ў рэальным жыцці. Калі б я быў вымушаны ісці адзін, то не пайшоў. З Эляй не так страшна.

Эліна: Калі што, я уратую цябе ў любой сітуацыі. Не перажывай! І на амапаўца кінуся. Самае смешнае, што мы ішлі ў мой дзень нараджэння.

Калі вернецеся ў Беларусь

Сяргей: Вернемся, канешне.

Эліна: Як мінімум, да сваякоў. Не ведаю, калі мы вернемся, праз колькі год гэта адбудзецца. Спадзяюся, што бліжэйшым часам зможам пабачыць родных.

Сяргей: Як я казаў, чым больш мы зробім зараз за мяжой, дзе ў нас ёсць голас, тым хутчэй гэта адбудзецца.

Вярнуцца ўгару