Now Reading
Як словы «сіні» і «зялёны» з’явіліся ў мове, у якой іх ніколі не было

Як словы «сіні» і «зялёны» з’явіліся ў мове, у якой іх ніколі не было

білінгвы плюсы, вывучэнне другой мовы, навошта вучыць мовы

Чалавечае вока мае здольнасць успрымаць каля мільёна колераў, але ў мовах значна менш слоў для апісання гэтых колераў. Напрыклад, у англійскай мове існуюць дзясяткі слоў для апісання розных адценняў, а ў мовах плямёнаў Паўднёвай Амерыкі такіх слоў значна меней. Высветлілася, што на тое, як мова падзяляе каляровую прастору, можа ўплываць кантакт з іншымі мовамі.

PALATNO расказвае падрабязнасці.

Зразумець паняцці, якіх няма ў роднай мове

Даследчыкі працавалі з племенем цымані — яго прадстаўнікі жывуць у аддаленай частцы балівійскіх трапічных лясоў Амазонкі. Частка людзей з гэтага племені вучылі іспанскую мову як другую. Высветлілася, што яны пачалі ўлічваць розныя адценні, класіфікаваць колеры большай колькасцю слоў, якія звычайна не выкарыстоўваюць іх аднамоўныя супляменнікі.

Самым цікавым і дзіўным адкрыццём даследчыкаў стала тое, што двухмоўныя цымані сталі выкарыстоўваць два розныя словы для апісання сіняга і зялёнага колераў (гэтага не робяць аднамоўныя цымані). Але замест таго, каб пазычыць іспанскія словы для абазначэння сіняга і зялёнага, двухмоўныя цымані выкарыстоўваюць словы са сваёй роднай мовы.

білінгвы плюсы, вывучэнне другой мовы, навошта вучыць мовы
Племя цымані. Фота: Erland Nordenskiöld, Public domain, via Wikimedia Commons

— Вывучэнне другой мовы дазваляе зразумець паняцці, якіх не было ў вашай роднай мове. Таксама цікава, што людзі з племені пачалі выкарыстоўваць свае ўласныя тэрміны з роднай мовы, каб пачаць падзяляць каляровую прастору, — расказаў часопісу Psychological Science прафесар Масачусецкага тэхналагічнага інстытута Эдвард Гібсан.

Даследчыкі адзначылі, што двухмоўныя цымані сталі больш дакладнымі ў апісанні жоўтага і чырвонага колераў, у адрозненне ад іх аднамоўных супляменнікаў. На думку вучоных, вывучэнне другой мовы можа адкрыць іншы светапогляд, які можна перанесці і на сваю родную мову.

Падзел каляровай прасторы на цёплую і халодную

У англійскай і многіх іншых мовах развітых краін існуюць асноўныя словы для абазначэння колераў. Звычайна яны адпавядаюць чорнаму, беламу, чырвонаму, аранжаваму, жоўтаму, зялёнаму, сіняму, фіялетаваму, карычневаму, ружоваму і шэраму.

Члены племені цымані паслядоўна выкарыстоўваюць толькі тры колеравыя словы, якія адпавядаюць чорнаму, беламу і чырвонаму. Ёсць таксама некалькі слоў, якія ахопліваюць адценні жоўтага або карычневага, а таксама два словы, якія адначасова выкарыстоўваюцца для абазначэння зялёнага або сіняга. Аднак гэтыя словы выкарыстоўваюцца далёка не ўсімі прадстаўнікамі цымані.

Вучоныя пад кіраўніцтвам Эдварда Гібсана даследавалі больш за сто моў: носьбіты, як правіла, дзеляць «цёплую» частку каляровага спектра на большую колькасць слоў, чым «халодную», дзе ёсць сіні і зялёны колеры. Тыя ж цымані выкарыстоўваюць словы shandyes і yushñus адначасова для абазначэння і сіняга, і зялёнага колераў.

білінгвы плюсы, вывучэнне другой мовы, навошта вучыць мовы
Прадстаўнікі племені цымані. Фота: NBS

Аднамоўным і двухмоўным прадстаўнікам племені цымані прапаноўвалі 84 фішкі розных колераў і цікавіліся, якое слова яны выкарыстоўваюць для апісання колеру. Затым падыспытных прасілі згрупаваць фішкі па словах. Двухмоўныя цымані рабілі заданні двойчы — на роднай і іспанскай мовах.

Даследчыкі выявілі, што двухмоўныя цымані класіфікавалі колеры па традыцыйных словах з іспанскай мовы. А калі двухмоўныя цымані выконвалі гэтае заданне на роднай мове, то былі значна больш дакладныя ў назвах колераў.

— Білінгвы сапраўды дзеляць каляровую прастору больш, чым тыя, хто размаўляе на адной мове, — падкрэслівае прафесар Гібсан.

Двухмоўныя цымані цяпер выкарыстоўваюць словы з роднай мовы для таго, каб адрозніваць сіні і зялёны колеры, хаця іх мова першапачаткова не прапаноўвала гэтага. Для іх yushñus — гэта сіні колер, shandyes — зялёны.

Як розныя мовы дапамагаюць зразумець аднаму чалавеку свет

Даследчыкі зрабілі выснову, што кантакт паміж мовамі можа ўплываць на тое, як людзі думаюць пра зусім простыя паняцці — напрыклад, пра колер.

— Можа падавацца, што цымані запазычылі паняцці для сіняга і зялёнага з іспанскай мовы. Але цымані, якія размаўляць на роднай і іспанскай мовах, адстойваюць іншы спосаб падзелу каляровай прасторы.

Адрозненне паміж сінім і зялёным з’явілася ў роднай мове тых цымані, якія вучылі іспанскую мову, але даследчыкі лічаць, што такое ўжыванне можа распаўсюдзіцца сярод аднамоўнага насельніцтва таксама. Небяспекай можа быць тое, што ўсе прадстаўнікі племені могуць спаць іспанамоўнымі, бо ім трэба працаваць і зарабляць грошы для забеспячэння сваіх сямей.

Вярнуцца ўгару