Ці можа чалавечы мозг перабудаваць сябе

мозг чалавека, ці можа мозг перабудавацца

Наш мозг не здольны перабудаваць сябе, нягледзячы на тое, што многія навукоўцы з гэтым не пагаджаюцца. Замест гэтага чалавечы мозг трэніруецца і выкарыстоўвае ўжо існуючыя функцыі. Пра гэта гаворыцца ў даследаванні прафесараў Кембрыджскага ўніверсітэта і Універсітэта Джона Хопкінса.

PALATNO расказвае пра мозг і яго выдатныя, але ўсё-такі абмежаваныя здольнасці.

Прывабныя ідэі, якія не знайшлі пацвярджэння

Прафесары Кембрыджскага ўніверсітэта і Універсітэта Джона Хопкінса Тамар Макін і Джон Кракауэр правялі даследаванне, каб высветліць, ці сапраўды чалавечы мозг здольны перабудавацца, каб, да прыкладу, кампенсаваць страту зроку, ампутацыю канечнасці або адаптавацца пасля інсульту. Навукоўцы сцвярджаюць, што ўяўленне пра тое, што мозг у адказ на пашкоджанне або дэфіцыт можа рэарганізаваць сябе і перапрафіляваць пэўныя вобласці для новых функцый, памылковае. Замест гэтага, падкрэсліваюць даследчыкі, мозг выкарыстоўвае ўжо існуючыя ўменні.

Адзін з найбольш распаўсюджаных прыкладаў — калі чалавек губляе зрок ці нараджаецца сляпым. У гэтым выпадку кара галаўнога мозга перабудоўваецца для апрацоўкі гукаў. Гэта нібыта дапамагае чалавеку выкарыстоўваць рэхалакацыю для навігацыі. Яшчэ адзін з прыкладаў — калі чалавек пасля інсульту не можа рухаць канечнасцямі. Тады ён нібыта перапрафілюе іншыя вобласці мозга, каб аднавіць кантроль.

— Ідэя пра тое, што наш мозг валодае неверагоднай здольнасцю перабудоўвацца, вельмі прывабная і дае нам надзею. Гэта ідэя выходзіць за рамкі простай адаптацыі. Яна азначае поўнае перапрафіляванне абласцей мозга. Але, хоць гэтыя гісторыі могуць быць цалкам праўдзівымі, тлумачэнне самога працэсу было памылковым, — лічыць Макін.

«Навукоўцы не вераць у магію»

Даследчыкі выявілі, што мозг не стварае новыя функцыі, а выкарыстоўвае ўжо існуючыя здольнасці, якія мае з нараджэння. Макін і Кракауэр вывучылі дзясяткі даследаванняў, якія нібыта пацвярджаюць перафарматаванне мозга. У адным з іх, зробленым у 1980 годзе, прафесар Майкл Мерцэніх даследаваў, што адбываецца з чалавечым мозгам, калі рука губляе палец. Рука мае асаблівае прадстаўленне ў мозгу: кожны палец адлюстроўваецца на пэўнай яго вобласці. Мерцэніх сцвярджаў, што, калі чалавек губляе адзін з пальцаў, вобласць мозга, прызначаная для гэтага пальца, пераразмяркоўваецца для апрацоўкі сігналаў ад суседніх пальцаў.

Тамар Макін вырашыла праверыць даследаванне Мерцэніха. Яна выкарыстала нервовы блакатар, каб часова імітаваць эфект ампутацыі пальца ў сваіх падыспытных. Даследчыца высветліла, што яшчэ да ампутацыі сігналы ад суседніх пальцаў бачны ў зоне будучага ампутаванага.

— Здольнасць мозга прыстасоўвацца да пашкоджанняў — гэта не выкарыстанне новых абласцей. Гэтыя вобласці не пачынаюць апрацоўваць зусім новыя для іх віды інфармацыі. Напрыклад, тая вобласць мозга, якая адказвала за ампутаваны палец, мела доступ да інфармацыі пра іншыя пальцы. Мы бачылі там сігналы, проста раней на іх не звярталі ўвагі, і яны былі значна слабейшымі за тыя, што сыходзілі ад яшчэ не ампутаванага пальца.

Яшчэ адным з доказаў, мяркуюць даследчыкі, з’яўляецца даследаванне глухіх ад нараджэння катоў. Можа падацца, што іх слыхавая кара (вобласць мозга, якая апрацоўвае гук) перапрафілявалася для апрацоўкі зроку. Аднак калі катам усталяваць кахлеарны імплантат, то гэтая вобласць мозга адразу ж пачне апрацоўваць гук, што сведчыць пра тое, што мозг не перабудаваўся.

Макін і Кракауэр не аспрэчваюць гісторыі сляпых людзей, здольных арыентавацца толькі на слых, альбо людзей, якія перанеслі інсульт і аднавілі функцыі руху. Але навукоўцы сцвярджаюць, што мозг толькі ўдасканальвае або мадыфікуе сваю раней існуючую архітэктуру — і робіць гэта шляхам паўтарэння і навучання.

— Працэс навучання сведчыць пра выдатную, але абмежаваную здольнасць чалавечага мозга да пластычнасці. Здольнасць мозга перабудавацца столькі разоў апісвалася як «цуд», але мы, навукоўцы, не верым у магію. Гэтыя дзіўныя паводзіны, якія мы бачым, караняцца ў цяжкай працы: у паўтарэнні і трэніроўках, а не ў магічным пераразмеркаванні рэсурсаў мозга.

Вярнуцца ўгару