Вы чытаеце:
Дарослыя таксама глядзяць мульцікі: лепшыя і дзёрзкія анімацыйныя шоу

Дарослыя таксама глядзяць мульцікі: лепшыя і дзёрзкія анімацыйныя шоу

серыял арчэр, серыялы для дарослых, мульцікі для дарослых, рык і морці, конь боджэк

Мядзведзі п’юць, коні пакутуюць ад крызісаў сярэдняга ўзросту, а навукоўцы ствараюць хаос у мульцісусвеце… Мульцікі, якія разлічаны на дарослую аўдыторыю, разбураюць усе стэрэатыпы і межы. Гэта гумар для тых, хто гатовы глядзець на жыццё без ружовых акуляраў. 

PALATNO — пра мульцікі, якія вы будзеце глядзець з задавальненнем.

«Рык і Морці» (Rick and Morty)

«Рык і Морці» стварылі Джасцін Ройланд і Дэн Харман. Сюжэт круціцца вакол навуковага генія і алкаголіка Рыка Санчэса і ягонага ўнука Морці. Разам яны падарожнічаюць па розных вымярэннях і планетах, што прыводзіць да небяспечных сітуацый. У серыяле шмат гумару, адсылак на папулярную культуру, пародый на навуковую фантастыку і разважанняў на філасофскія тэмы.

«Конь БоДжэк» (Bojack Horseman)

Серыял быў створаны Рафаэлем Боб-Ваксбергам. У ім расказваецца пра свет, дзе людзі і антрапаморфныя жывёлы жывуць разам. Галоўны герой — БоДжэк — антрапаморфны конь, які калісьці быў зоркай папулярнага сіткому 1990-х. Цяпер ён жыве ў Лос-Анджэлесе і спрабуе справіцца з дэпрэсіяй, залежнасцю і безнадзейнасцю ў кар’еры. Серыял уздымае шэраг псіхалагічных праблем, у ім шмат гумару і глыбокіх сюжэтных ліній.

«Сям’я Мёрфі» (F is for Family)

Гэты серыял стварылі комікі Біл Бёр і Майкл Прайс. Мульфільм расказвае пра сям’ю Мёрфі, якая жыве ў 1970-х у ЗША. Галоўным героем становіцца Фрэнк Мёрфі: ён грубы, але любіць членаў сям’і, змагаецца з асабістымі і прафесійнымі праблемамі. Серыял уздымае тэмы сямейнага жыцця, ладу жыцця ў амерыканскім грамадстве таго часу.

«Саўт парк» (South Park)

«South Park» стварылі Трэй Паркер і Мэт Стоўн, а сам серыял выходзіць з 1997 года. Серыял вядомы адважнай сатырай і крытыкай сучаснага грамадства, культуры, рэлігіі і палітыкі. Галоўныя героі — чацвёра дзяцей (Стэн, Кайл, Картман і Кені). Яны жывуць у маленькім горадзе Саўт Парк у Каларада. Кожны эпізод звычайна высмейвае сучасныя падзеі і сацыяльныя трэнды, прычым часта праз абсурдныя сюжэтныя павароты.

«Арчэр» (Archer)

У «Арчэры» расказваецца пра дзейнасць шпіёнскага агенцтва і яго супрацоўнікаў. Галоўны герой, Стерлінг Арчэр, — эгаістычны, самаўпэўнены, але, зрэшты, таленавіты шпіён. Серыял спалучае элементы шпіёнскага трылера з камедыяй, часта высмейваючы тыповыя жанравыя клішэ. «Арчэр» вядомы сваім хуткім і вострым дыялогам, выкарыстаннем культурных спасылак і складаным развіццём характараў.

«Каханне, смерць і робаты» (Love, Death & Robots)

«Каханне, смерць і робаты» стварылі Цім Мілер і Дэвід Фінчар. Кожны эпізод мае ўнікальны стыль анімацыі і асобную гісторыю. Серыял даследуе тэмы кахання, смерці, тэхналогій і будучыні чалавецтва.

«Вялікі рот» (Big Mouth)

Серыял стварылі Нік Кролаў і Эндру Голдбэрг. Галоўныя героі — падлеткі, якія сутыкаюцца з фізічнымі і псіхалагічнымі зменамі свайго ўзросту. Ім дапамагаюць і перашкаджаюць «гармонныя монстры» — персаніфікаваныя монстры іх палавога і эмацыянальнага паспявання. «Big Mouth» ведаюць за адкрыты і правакацыйны гумар, за абмеркаванне табуіраванных тэм, звязаных з падлеткавым узростам і сексуальнасцю.

Вярнуцца ўгару