Музыка 80-90-х гадоў дагэтуль з’яўляецца папулярнай па шэрагу розных прычын. Гэта і настальгія, і асаблівасці самой музыкі, яе ўплыў на культуру і развіццё музыкі.
PALATNO расказвае, чаму музыка таго часу дагэтуль застаецца папулярнай.
Змест
Настальгія — моцная сувязь з мінулым
Якія ў вас эмоцыі, калі вы чуеце знаёмую з дзяцінства музыку? Большасць людзей адчувае моцныя эмоцыі да музыкі, якую яны слухалі ў маладосці. А ў падлеткавым узросце фарміруецца музычны густ, і музыка з гэтага перыяду жыцця застаецца асабліва важнай.
Тыя, хто быў маладым у 1980-1990-я гады, цяпер ужо ў дарослым узросце працягваюць слухаць музыку сваёй маладосці. Моладзь працягвае захапляцца гэтай музыкай праз бацькоў, любімыя фільмы і тэлевізійныя шоу.
І, вядома, музыка таго часу звязаная з успамінамі пра «простыя часы» без сучасных стрэсаў і праблем.
Музыка 80-90-х — асаблівая
Ці асаблівая музыка таго часу? Вядома, так! Для яе характэрныя моцныя мелодыі, якія лёгка запамінаюцца, і простыя, але эфектыўнымі музычнымі структуры.
Той час быў часам бурнага развіцця тэхналогій і інавацый у гуказапісу. Сінтэзатары сталі сімвалам музыкі 1980-х гадоў і выкарыстоўваліся для стварэння ўнікальных гукаў, якія раней музыканты не маглі атрымаць. Разам з гэтым з’явіліся драм-машыны — аўтаматычныя прылады для генерацыі рытмаў, якія дазволілі музыкантам ствараць рытм без патрэбы ў жывых барабаншчыках.
У той час адбыўся пераход да лічбавых тэхналогій: яны забяспечылі больш дакладнае і стабільнае захаванне гуку. У 1983 годзе прадставілі стандарт MIDI (Musical Instrumental Digital Interface), які зрабіў магчымым падключэнне інструментаў да камп’ютараў. MIDI дазволіў сінхранізаваць інструменты, праграміраваць музыку і кантраляваць яе з адной прылады.
У 1982 годзе ў продажы з’яўляюцца CD-дыскі з лепшай якасцю гуку і большай даўгавечнасцю ў параўнанні з вінілам і касетамі. У 1990-х гадах папулярнасць дыскаў узрасла, яны сталі асноўным носьбітам гуку. Аднак яшчэ ў першай палове 1980-х касеты заставаліся папулярнымі, а дзякуючы знакамітаму Sony Walkman музыка стала даступнай у навушніках.
У пачатку 1980-х гадоў у эфір выйшаў музычны тэлеканал MTV, які паказваў розныя музычныя гурты і розную музыку.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Пяць вялікіх нямецкіх кампазітараў
Чаму Берлін асацыіруюцца з тэхна-музыкай і рэйвамі?
Чаму «Танец рыцараў» Пракоф’ева стаў шэдэўрам
Гэта быў час разнастайнасці жанраў
Музыка перажыла рэвалюцыю жанраў і стыляў. У той час пачалі развівацца абсалютныя новыя напрамкі ў музыцы, дзякуючы тэхналагічным змяненням і з’яўленню новых субкультур.
У 1980-я гады поп-музыка дасягнула новага ўзроўню глабальнай папулярнасці. Самымі знакавымі прадстаўнікамі сталі Майкл Джэксан, якога называлі «Каралём поп-музыкі», а яго альбом Thriller стаў самым прадаваным у гісторыі. Мадонна стала сімвалам поп-культуры і эксперыментаў з жанрамі і стылямі. Прынс камбінаваў поп, фанк і рок, і так ствараў унікальны гук.
У гэтыя гады актыўна развіваўся рок і яго паджанры. Гурты 1970-х (Led Zeppelin, Rolling Stones) працягвалі ўстанаўліваць стандарты, але ўжо ў 1980-я класічны рок пачаў пераходзіць у новыя формы. Гранж-сцэна Сіэтла з гуртамі Nirvana, Pearl Jam і Soundgarden прынесла больш шчыры гук і супрацьпаставіла сябе глэм-року з яркімі касцюмамі і вялізнымі сцэнічнымі шоу ад Bon Jovi, Guns N’ Roses.
У тыя ж гады пачаўся росквіт хіп-хопа і рэпа. Рэп ператварыўся з культурнай плыні ў глабальны жанр. А ўжо ў 1990-я нарадзіўся гангста-рэп: Tupac, The Notorious B.I.G., Dr. Dre паказвалі жыццё чарнаскурых людзей у бедных амерыканскіх раёнах.
1980-я гады сталі часам сінтыпопу, нью-вэйва, тэхна і трып-хопа. Электронная музыка таго часу стала асновай для сучаснай электроннай музыкі.
Музыка таго часу працягвае ўплываць на сучаснасць
Многія сучасныя артысты адкрыта выкарыстоўваюць музычныя элементы 1980-1990-х гадоў. Актуальнасць музыкі таго часу захоўваецца і дзякуючы сэмпліраванню сучаснымі выканаўцамі, і вялікай колькасці рэміксаў на даўнія музыкальныя кампазіцыі.
Саўндтрэкі да папулярных фільмаў і серыялаў 1980-1990-х (напрыклад, «Назад у будучыню», «Матрыца») сталі неад’емнай часткай масавай культуры. А сучасныя серыялы (да прыкладу, «Дзіўныя справы») актыўна выкарыстоўваюць музыку «васьмідзесятых», і так адкрываюць яе для новых пакаленняў.
Многія песні застаюцца важнымі дагэтуль дзякуючы тэкстам. Тэксты песень 1990-х гадоў закраналі сацыяльныя і глыбока асабістыя тэмы, якія ўсё яшчэ адгукаюцца для многіх людзей — пра любоў, свабоду і рэвалюцыю. Напрыклад, гранж і альтэрнатыўны рок у тыя часы сталі голасам моладзі, якая адчувала незадавальненне сучасным грамадствам.