Доўгая дарога да пакаяння. Як Германія пераадольвала нацысцкую спадчыну

«Памяць дае нам сілы, паколькі дапамагае не сысці са шляху»

Раман Херцаг, прэзідэнт Германіі ад 1994 да 1999 году

Другая сусветная вайна стала самым страшэнным канфліктам XX стагоддзя. Праз агрэсію нацысцкай Германіі і яе саюзнікаў загінулі ад 70 да 85 мільёнаў чалавек, з іх мірных жыхароў — да 60 мільёнаў. Аднак пасля разгрому фашыстаў барацьба не скончылася — перад светам і германскім грамадствам стаяла задача: не дапусціць паўтарэння трагедыі 1939-1945 года.

Расказваем пра тое, як праходзіла палітыка дэнацыфікацыі Германіі ў першыя гады пасля капітуляцыі, якімі былі настроі немцаў пасля паражэння, калі з’явіліся першыя неанацысты, што цяпер расказваюць нямецкім школьнікам пра тую вайну, і дзе — ва Усходняй ці Заходняй Германіі — найбольш папулярныя ўльтраправыя.

Апатыя і забыццё

Якімі былі настроі немцаў пасля паражэння

Каля 45 мільёнаў немцаў былі членамі нацысцкіх арганізацый — гэта больш паловы насельніцтва краіны. Восем мільёнаў з іх мелі партыйныя білеты НСДАП, яшчэ 25 мільёнаў былі ў Нямецкім рабочым фронце.

Брытана-амерыканскі гісторык Тоні Джадт прыводзіць вынікі апытанняў, якія амерыканцы рабілі ў сваёй зоне акупацыі. У 1946 годзе больш паловы немцаў лічылі, што нацыянал-сацыялізм – гэта добра ідэалогія, але яе няправільна прымянілі. 37% рэспандэнтаў пагаджаліся, што пераследваць яўрэяў было неабходна для бяспекі немцаў. Прыкладна столькі ж былі ўпэўненыя, што яўрэі не павінны мець роўных правоў з арыйцамі.

У 1952-м чвэрць немцаў усё яшчэ добра ставілася да Гітлера, а траціна лічыла Нюрнбергскі працэс несправядлівым.

Чаму немцы не ўспрынялі дэнацыфікацыю

Практычна адразу пасля падпісання капітуляцыі была прынятая праграма дэнацыфікацыі Германіі — комплекс мер, які не дазволіў бы адрадзіць нацыянал-сацыялізм. У ФРГ яе адмянілі ў 1951-м, а ў СССР, па сутнасці, замянілі камуністычнай ідэалогіяй.

У першыя гады пасля нямецкай капітуляцыі, у амерыканскай, брытанскай, і, у меншай ступені, у французскай акупацыйных зонах дэнацыфікацыю праводзілі з вялікім энтузіязмам. Немцаў вадзілі на экскурсіі ў канцлагеры, паказвалі фільмы аб злачынствах нацызму, любымі спосабамі стараліся паказаць жах гітлераўскага рэжыму.

Таксама акупацыйныя ўлады пад свой кантроль узялі ўсе СМІ, была ўведзеная цэнзура кніг, твораў мастацтва, якія ўзносілі нацызм і мілітарызм — іх канфіскоўвалі і знішчалі. Асабліва моцна гэта было развітае ў амерыканскай зоне.

Аднак у самім германскім грамадстве ўсё гэта ўспрымалася ў штыкі. Немцы былі разгубленыя, раззлаваныя, напалоханыя — яны знаходзіліся ў стане апатыі і дэпрэсіі. Людзі проста спрабавалі адмежавацца ад таго, што было, забыцца.

Адной з мер перавыхавання было прыцягненне немцаў да эксгумацыі трупаў. Фота: de.wikipedia.org

Як дэнацыфікацыя правалілася

Галоўным мерапрыемствам праграмы дэнацыфікацыі стала раздзяленне ўсіх немцаў на пяць катэгорый — ад сур’ёзных злачынцаў да невінаватых. Амерыканцы меркавалі, што кожны чалавек старэйшы за 18 гадоў запоўніць анкету на шэсць старонак з 131 пытаннем (Fragebogen). Брытанцы, а асабліва французы, былі не такія строгія — анкету рабілі для дзяржслужбоўцаў, вайскоўцаў, суддзяў і г.д.

Амерыканцы хутка зразумелі, што апытаць 13 мільёнаў чалавек сваімі сіламі нерэальна. У 1946 годзе яны пачалі працаваць над гэтым разам з немцамі. Была распрацаваная новая анкета, з’явіліся спецыяльныя грамадзянскія трыбуналы, увялі новыя пасады міністраў па дэнацыфікацыі.

Працэс пайшоў, але ён суправаджаўся парушэннямі, карупцыяй, продажам «вызваленняў ад абвінавачванняў», аднавіліся на пасадах звольненыя амерыканцамі чыноўнікі. У брытанскай і французскай зонах акупацыі дэнацыфікацыя таксама ішла так-сяк. У апошняй «сур’ёзнымі злачынцамі» былі прызнаныя толькі 13 былых нацыстаў.

У выніку, у 1951-м праграма дэнацыфікацыі была прыпыненая. За два гады да гэтага з заходніх акупацыйных зон была створаная Федэратыўная Рэспубліка Германія (ФРГ).

Немцы запаўняюць дэнацыфікацыйную анкету. Фота: Імперскі вайсковы музей у Лондане

Як немцы спрабавалі перагарнуць старонку

Першы канцлер ФРГ Конрад Адэнаўэр быў праціўнікам дэнацыфікацыі. Пры ім на свабоду вышлі амаль 800 тысяч раней асуджаных немцаў, у тым ліку і тыя, каго абвінавачвалі ў забойствах, а таксама члены СС, СА і НСДАП. Былыя нацысцкія функцыянеры, не замешаныя ў сур’ёзных злачынствах, змаглі зноў займаць высокія пасады.

Адэнаўэр лічыў, што ўсе вінаватыя былі наказаныя на Нюрнбергскім працэсе, таму не трэба вяртацца да гэтага пытання, а сваю віну Германія павінна кампенсаваць з дапамогай рэпарацый пацярпелым ад нацызму краінам.

Практычна ўсе 1950-е нямецкае грамадства старалася замоўчваць сваю нядаўнюю гісторыю. Усе хацелі лічыць, што злачынцы пакараныя, тэма закрытая, старонка перагорнутая. Нямецкі філосаф Карл Ясперс, які прасоўваў сярод студэнтаў ідэю «калектыўнай віны» пісаў:

«Мне складана знаходзіцца за кафедрай, калі я бачу перад сабой варожыя твары. Толькі пасля 1937 года я адчуваў такі настрой у аўдыторыі, як сёння».

1956 год, інспекцыя зноў створанай нямецкай арміі. Конрад Адэнаўэр разам з генералам Гансам Шпайдэлем, які падчас Другой сусветнай быў начальнікам штаба арміі ў Францыі, званне генерала атрымаў на Усходнім фронце. Крыніца: Bundesarchiv

Абуджэнне і ўсведамленне

Што для немцаў стала трыгерам

Ноччу 24 снежня ў 1959 годзе, пад Каляды, у Кёльне невядомыя размалявалі чорнымі свастыкамі сінагогу. Гэта падзея як бы абудзіла нямецкае грамадства. Сталі раздавацца заклікі зачысціць урад ад былых нацыстаў. Адбылося надзвычайнае пасяджэнне парламенту. У 1960-м адстаўку адправілі Тэадора Аберлэндэра — аднаго з міністраў з фашысцкім мінулым.

Пачалася дыскусія ўнутры нацыі. Людзі сталі разумець, што пра нацысцкае мінулае недастаткова проста маўчаць, а наадварот — пра яго трэба гаварыць. Пачынаць вырашылі са школ – ва ўсіх землях увялі прадмет «палітычная адукацыя».

Знакавай падзеяй новых адносінаў да свайго мінулага стаў Франкфуртскі працэс — суд над 22 супрацоўнікамі канцлагеру Аўшвіц. Аднак толькі 43% немцаў лічылі, што падобныя працэсы маюць быць.

1960-я сталі часам навуковых прац пра нацысцкае мінулае і навукова-папулярных кніг пра той час. Тады ж зарадзіўся студэнцкі антыфашысцкі рух. Гэта стала магчыма, дзякуючы, у тым ліку і таму, што вырасла новае пакаленне, якое не жыла пры нацызме.

«Зломлена глухое і доўгае маўчанне… Новае пакаленне можа ставіць пытанні, і не будзе баяцца, што адказы адчувальна закрануць іх саміх», – пісаў тады філосаф Ральф Дарэндорф.

«Яўрэі вон»: сінагога ў Кёльне, якая была размаляваная свастыкамі ў Каляды ў 1959 годзе. Фота: bpb.de

Як серыял стаў урокам гісторыі для ўсёй нацыі

У 1979 годзе па нямецкім тэлебачанні паказалі амерыканскі міні-серыял «Халакост» https://www.imdb.com/title/tt0077025/. Ён зрабіў вялікае ўражанне на жыхароў ФРГ тым, што ў ім на прыкладзе адной яўрэйскай сям’і закраналася тэма паводзінаў звычайных немцаў пры нацысцкім рэжыме. Як яны сваімі дзеяннямі ці бяздзейнасцю спрыялі трагедыі цэлага народа.

Больш 20 мільёнаў чалавек паглядзелі гэты серыял. Яго называлі «урокам гісторыі для ўсіх немцаў». Дзякуючы трансляцыі, жыхары ФРГ пачалі задумвацца пра паўсядзённае жыццё пры нацызме.

Фільм таксама падштурхнуў гістарычная даследавання паводзін людзей ва ўмовах таталітарнай дыктатуры, уплыў прапаганды на чалавека. Гэта тэма прасоўвалася ў школах, на конкурсах гістарычных твораў і г.д.

Фота: кадр з серыялу «Халакост»

Што кажуць пра нацызм у нямецкіх школах

Сёння ў свядомасці людзей нацызм і яго злачынствы перастаюць быць такімі яркімі. Ужо практычна не засталося тых, хто жыў пры ўладзе Гітлера. Для маладых немцаў «нацыянал-сацыялізм» – гэта штосьці з вельмі далёкага мінулага.

Разам з тым, Германія з клопатам ставіцца да захавання памяці. У гарадах усталяваныя мемарыялы, памятныя шыльды, помнікі. Гісторыкі працягваюць вывучаць тэму Другой сусветнай і Трэцяга Рэйха. Дзейнічаюць жорсткія законы, якія забараняюць дэманстраваць нацысцкую сімволіку і адмаўляць нацысцкія злачынствы.

У школах старшакласнікі тры месяцы вывучаюць нацыянал-сацыялістычны перыяд у гісторыі сваёй краіны — ад прыходу Гітлера да ўлады і развязвання Другой сусветнай да Халакосту і адносін грамадзян Трэцяга Рэйху да таго, што адбывалася.

Настаўнікі робяць аспект не на даты і імёны, а на абмеркаванні і адказы на пытанні: чаму нацызм стаў магчымым, чаму не ўдалося прадухіліць злачынствы, чаму немцы паддаліся прапагандзе, як не дапусціць паўтарэння гэтай трагедыі?

Тэму фашызму вывучаюць не толькі на ўроках гісторыі. На грамадазнаўстве абмяркоўваюць праблемы неанацызму, а таксама цярпімасці і талерантнасці, на ўроках этыкі асэнсоўваюць паводзіны немцаў падчас Халакосту і іншых злачынстваў нацызму. Таксама ў праграме — наведванне былых канцлагераў, музеяў і мемарыялаў.

Нямецкія школьнікі ідуць па тэрыторыі былога канцлагера Аўшвіц-Біркенаў. Фота: spiegel.de

Адкат і рэакцыя

Калі з’явіўся неанацызм

Працэс усведамлення немцамі свайго мінулага не быў простым і аднародным. На ўсім яго шляху былі адкаты і супраціўленне часткі грамадства — пачынаючы з вяртання былых нацыстаў на дзяржаўныя пасты ў 1950-я.

Падзеі Каляднай ночы 1959 года ў Кёльне паказалі, што замоўчваць сваё мінулае — гэта не выхад. Нягледзячы на перагляд нядаўняга перыяду гісторыі, неанацызм у Германіі ўсё ж з’явіўся.

У 1970-я гады сярод некаторых школьнікаў сталі набіраць папулярнасць ультраправыя ідэі, пакланенне Гітлеру. З іншага боку, у асноўным, гэта было звычайным падлеткавым пратэстам супраць дарослых.

У 1980-х у Германіі пачаўся так званы «спор гісторыкаў». Даследчыкі кансерватыўных поглядаў хацелі перагляду разумення нацысцкага мінулага. Яны лічылі, што нацыянал-сацыялізм стаў адказам на знешнюю пагрозу, а пераслед яўрэяў быў справакаваны яўэрэйскімі міжнароднымі арганізацыямі, якія «аб’явілі вайну» Гітлеру.

Клін клінам не выбівае

Нягледзячы на ўсе складанасці і агаворкі, досвед ФРГ ва ўсведамленні і пераадольванні злачыннага мінулага прызнаны паспяховым. Грамадская дыскусія і дыялог прывялі да таго, што немцы «прапрацавалі» свае гістарычныя траўмы.

Але гэта не ўсё. Усходняя Германія ўвесь гэты час ішла зусім іншым шляхам. Улады ГДР практычна адразу аб’явілі антыфашызм сваёй ідэалогіяй. Наратыў был такім: нямецкі народ — ахвяра нацызму, немцы разам з савецкімі салдатамі вызвалілі сябе ад фашызму.

«Мы вызваленыя, мы перамаглі, і больш тут няма чаго абмяркоўваць», — прыкладна такім быў ідэалагічны пасыл у ГДР.

Усходняя Германія была таталітарнай дзяржавай. Пра нейкую грамадскую дыскусію гаворкі не было. Па той жа прычыне не з’явіліся ў ГДР і неанацысты. Але цяпер ультраправыя найбольш папулярны менавіта на ўсходзе краіны.

Вынікі галасавання за ўльтраправую партыю «Альтэрнатыва для Германіі» на парламенцкіх выбарах 2017 і 2021 года. Фота: de.wikipedia.org

У 2020 годзе па заказе Deutsche Welle было праведзенае апытанне. Згодна з ім, 75% немцаў падтрымліваюць практыку наведвання былых канцлагераў школьнікамі. 60% лічаць, што важна задумвацца пра тое, якую пазіцыю занімала яго сям’я пры нацызме.

 

Аўтар Максім Шульц.

Вярнуцца ўгару