Now Reading
Ад першага здымка атама да вуснаў тыраназаўра. Расказваем, што адкрылі навукоўцы ў 2023 годзе

Ад першага здымка атама да вуснаў тыраназаўра. Расказваем, што адкрылі навукоўцы ў 2023 годзе

навуковыя адкрыцці, навукоўцы

2023 год адлічвае свае апошні дні, а значыць, настаў час расказаць пра самыя важныя навуковыя адкрыцці года. Вы ведаеце, што толькі сёлета навукоўцы даведаліся, што ў шымпанзэ бывае менапаўза? На спадарожніку Сатурна можа існаваць жыццё, а ў тыраназаўраў былі вусны… І гэта не ўсё!

PALATNO — пра дзясятку навуковых адкрыццяў 2023 года.

Маленькі крок да пазнання гісторыі нашага Сусвету

Навукоўцы з NANOGrav зафіксавалі нізкачастотныя гравітацыйныя хвалі, якія рухаліся праз галактыку. Іх можна ўявіць як касмічную рабізну, якая, верагодна, з’яўляецца аддаленым рэхам звышмасіўных чорных дзір. Гэтыя чорныя дзіры ўзаемадзейнічалі і зліваліся адна з адной на адлегласці ў мільярды светлавых гадоў ад нас.

Гэта сведчыць, што наш Сусвет колісь меў значна больш чорных дзір-гігантаў, чым меркавалі даследчыкі. Працяг вывучэння новага тыпу гравітацыйных хваль можа дапамагчы даведацца пра дэталі паходжання нашага Сусвету і лепш растлумачыць нябачныя рэчывы і сілы, якія сілкуюць Космас.

Надзея для тых, хто страціў мову

Даследчыкі з Тэхаскага ўніверсітэта ў Осціне паведамілі пра рэвалюцыйную працу з новай сістэмай на аснове штучнага інтэлекту — перавод мазгавой актыўнасці чалавека ў бесперапынны тэкставы паток. Гэты дэкодар не патрабуе імплантацыі — прылада працуе метадам МРТ-сканавання, каб выявіць актыўнасць мозга.

Сістэма дэкадавання дае не літаральную расшыфроўку думак, а стварае слоўнік мадэляў мазгавой актыўнасці на аснове таго, як чалавек рэагуе на пэўныя словы або з’явы. Тэхналогія абапіраецца на алгарытмы генерацыі мовы штучным інтэлектам і знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі.

Нягледзячы на тое, што гэта сістэма ўжо падняла вострыя пытанні пра, так бы мовіць, разумовую прыватнасць і этыку, тым не менш, для сем’яў людзей з моўнымі парушэннямі такая праца дае новую надзею.

Знайшлі самую буйную жывёлу ў гісторыі

Старажытны кіт Perucetus colossus, магчыма, быў самай буйной жывёлай у гісторыі. Новы аналіз костак старажытнага кіта, які плаваў ля ўзбярэжжаў Перу больш за 37 мільёнаў гадоў таму, паказаў, што ён важыў больш за 300 тон і быў памерам каля 18 метраў.

Вы можаце сказаць, што сінія кіты даўжэйшыя: максімум 25 метраў у даўжыню. Але важаць яны «ўсяго толькі» 200 тон.

У тыраназаўра былі вусны

Навукоўцы высветлілі, што тыраназаўры і іншыя драпежныя дыназаўры мелі вусны, якія хавалі іх зубы. Група палеантолагаў прыйшла да такой высновы пасля вывучэння сучасных аналагаў дагістарычных жывёл — птушак і рэптылій.

Вусны тыраназаўраў і іншых драпежных дыназаўраў абаранялі рот і падтрымлівалі зубы ў найлепшым стане для нападу.

Колькасць планет перавысіла 5 500

У жніўні 2023 года, прыкладна праз 30 гадоў пасля таго, як астраномы знайшлі першыя планеты за межамі нашай Сонечнай сістэмы, навукоўцы абвясцілі, што адкрылі шэсць новых экзапланет. Такім чынам, агульная колькасць вядомых нам планет ужо перавысіла 5 500.

Пошук экзапланет працягвае выяўляць дзіўную разнастайнасць новых светаў па ўсёй галактыцы.

У шымпанзэ таксама ёсць менапаўза

Раней было вядома, што толькі касаткі, кароткаплаўніковыя грынды, нарвалы, бялухі і людзі перажываюць менапаўзу. Па адной з тэорый, яна дапамагае паменшыць канкурэнцыю за размнажэнне. Цяпер даследчыкі пацвердзілі, што менапаўза ёсць і ў шымпанзэ.

Навукоўцы даследавалі мачу асобін жаночага полу ва ўзросце ад 14 да 67 гадоў і выявілі, што менапаўза ў шымпанзэ наступае ў сярэднім у 50-гадовым узросце.

навуковыя адкрыцці, навукоўцы

Першае «бязгрэшнае» з’яўленне на свет кракадзілаў

Адзінокая самка амерыканскага кракадзіла ў парку ў Коста-Рыцы стварыла сваіх нашчадкаў без самца. Феномен, які звычайна назіраецца, калі жывёлы сутыкаюцца з надзвычайным папуляцыйным ціскам, раней быў зарэгістраваны ў іншых жывёл: каліфарнійскіх кондараў, камодскіх варанаў, некалькіх відаў акул і некаторых змей. Аднак ён ніколі не назіраўся ні ў адным з відаў кракадзілаў.

Маці-кракадзіл не кантактавала з іншымі жывёламі свайго роду каля 16 гадоў. Генетычны аналіз пацвердзіў, што яе нашчадкі ў некаторым сэнсе з’яўляюцца частковымі клонамі сваёй маці.

Жыццё за межамі Зямлі магчымае?

Новыя даныя сведчаць, што спадарожнік Сатурна можа падтрымліваць жыццё. У 2023 годзе навукоўцы абвясцілі, што знайшлі фосфар у акіяне на шостым па велічыні спадарожніку Сатурна — Энцэладзе. Разам з вугляродам, вадародам, азотам, кіслародам і серай гэты элемент неабходны для падтрымання жыцця. Астраномы ўжо выявілі на Энцэладзе прыкметы прысутнасці іншых пяці элементаў.

Таму фосфар робіць ледзяны камень ля Сатурна перспектыўным кандыдатам на пазаземнае жыццё.

Старая сперма — новыя мутацыі

Па меры старэння мужчынская рэпрадуктыўная сістэма становіцца ўсё больш успрымальнай да мутацый. Каманда даследчыкаў вывучыла гэты феномен у пладовых мушак і выявіла, што мутацыі часта сустракаюцца ў насенніках і маладых, і старых мух, але механізмы, што выдаляюць гэтыя мутацыі і падтрымліваюць геномную цэласнасць, становяцца менш эфектыўнымі ў старых мух.

Гэтае адкрыццё зможа дапамагчы даследчыкам зразумець, як пажылыя бацькі ўплываюць на генетычнае здароўе сваіх нашчадкаў.

Першы рэнтгенаўскі здымак асобнага атама

Даследчыкі з Аргонскай нацыянальнай лабараторыі ў ЗША змаглі зрабіць першы рэнтгенаўскі здымак асобнага атама. Раней гэта было немагчыма, бо звычайныя дэтэктары недастаткова адчувальныя для таго, каб зафіксаваць сігнал аднаго атама — ён надзвычай слабы. Да нядаўняга часу ўдавалася толькі зрабіць здымак, які ўтрымліваў 10 тысяч атамаў.

Сёлета навукоўцы нарэшце «спаймалі» асобны атам і пратэставалі новы метад сканавання, які ў далейшым можа дапамагчы больш эфектыўна даследаваць навакольнае асяроддзе.

Вярнуцца ўгару