Магчыма, вы чулі пра непатызм ці пра nepo-babies. Гэтыя словы можна часта пачуць у дачыненні да дзяцей сусветных знакамітасцяў ці дзяцей заможных бацькоў. А што яно значыць? Ці гэта простае кумаўство?
PALATNO расказвае пра з’яву, якую актыўна абмяркоўваюць апошнія гады.
Змест
Што такое непатызм?
Слова «непатызм» паходзіць з латыні ад слова «nepos», што азначае «пляменнік». Тэрмін адносіцца да практыкі ў Сярэднявеччы даваць царкоўныя пасады сваякам. У непатызма ці кумаўства глыбокія гістарычныя карані, сама практыка ўзнікла значна раней. У Старажытным Егіпце, Кітаі і Месапатаміі кіраўнікі часта перадавалі ўладу членам сям’і, каб ствараць дынастыі. У Рыме сваякоў прасоўвалі на высокія пасады як за лаяльнасць, так і для захавання кантролю і ўлады.
Сярэднявечча сапраўды пашырыла практыку непатызму. У гэтую эпоху папы Рымскія часа прызначалі сваякоў на пасады ў царкве. Такія прызначэнні апраўдваліся як спосаб умацавання ўлады і забеспячэння лаяльнасці. Напрыклад, папа Аляксандр VI прызначыў сына Чэзарэ Борджыя кардыналам, нягледзячы на строгія царкоўныя правілы, якія забаранялі перадачу ў спадчыну пасад у духавенства.
Асабліва распаўсюджаны непатызм быў у Італіі ў эпоху Адраджэння. Магутныя сем’і — Медычы і Борджыя — выкарыстоўвалі ўплыў і ўладу, каб паставіць сваякоў на ключавыя палітычныя і рэлігійныя пасады.
У еўрапейскіх манархіях кумаўство было інстытуцыяналізавана як перадача пасады ў спадчыну. Пазней, ужо ў перыяд прамысловай рэвалюцыі, кумаўство сутыкнулася з крытыкай, бо грамадства пачало цаніць індывідуальныя здольнасці чалавека, а не яго радавод.
Непатызм з’явіўся ад неабходнасці выжывання ў цяжкія часы, калі сямейныя сувязі лічыліся важнымі для стабільнасці. Цяпер жа кумаўство сімвалізуюць няроўнасць і несправядлівасць. Да XX стагоддзя ў многіх краінах распрацавалі законы для барацьбы з кумаўством ва ўрадзе і на працоўных месцах.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Борджыя, Людовік і Генрых. Самыя крывадушныя ўчынкі гістарычных дзеячаў
Выганялі з гораду, палілі на вогнішчы, садзілі ў турмы. Ці палявалі на вядзьмарак у ВКЛ?
Што і як занатоўвала шляхта пра сялян у XVIII-XIX стагоддзі?
Чаму непатызм пачалі актыўна абмяркоўваць апошнія гады?
Непатызм стаў важнай тэмай для абмеркавання ў апошнія гады з-за культурных змяненняў, росту значнасці сацыяльных сетак.
Многія грамадства імкнуцца да больш роўных магчымасцей, дзе будуць цаніцца заслугі, а кумаўство ў гэтай сістэме каардынат становіцца перашкодай. Фаварытызм сярод сваякоў на працоўных месцах часта выклікае абурэнне грамадскасці.
Сацыяльныя сеткі хутка і шырока выкрываюць і распаўсюджваюць выпадкі непатызму. Карыстальнікі крытыкуюць і абмяркоўваюць такія выпадкі, і так дыскусіі наконт кумаўства ўзмацняюцца і гучаць гучней.
Маладыя пакаленні ўсё часцей ставяць пад сумнеў традыцыйныя сістэмы ўлады, а кумаўство становіцца лёгкай мішэнню для крытыкі. Людзі ўсё часцей патрабуюць празрыстасці, падсправаздачнасці і справядлівасці.
Хто такія «непа-дзеткі»?
А ці чулі вы пра nepo babies («непа-дзетак»)? Так звычайна называюць дзяцей знакамітасцяў або ўплывовых людзей, які дабіваюцца поспеху дзякуючы сувязям, а не талентам.
Тэрмін «непа-дзеткі» набыў папулярнасць у сацыяльных сетках. Так карыстальнікі інтэрнэту пачалі называюць людзей, якія атрымалі магчымасці, славу і поспех дзякуючы сваім сямейным сувязям, звычайна ў індустрыі забаў ці палітыцы.
«Непа-дзеткі» з’яўляюцца дзецьмі або блізкімі сваякамі знакамітасцяў ці ўплывовых асоб. Яны часта маюць доступ да магчымасцяў і рэсурсах, недаступных большасці людзей. «Непа-дзеткі» — гэта крытычны тэрмін, а такіх людзей разглядаюць як сімвал несправядлівасці.
Самымі вядомымі «непа-дзеткамі» з’яўляюцца дзеці знакамітых бацькоў: Джэйдан Сміт (сын Уіла Сміта і Джады Пінкет-Сміт), Лілі-Роўз Дэп (дачка Джоні Дэпа і Ванэсы Парадзі), Дакота Джонсан (дачка Дона Джонсана і Мелані Грыфіт), Мая Хоўк (дачка Ітана Хоўка і Умы Турман), Зоі Кравіц (дачка Лені Кравіца і Лізы Бонэт).
Крытыкі «непа-дзетак» сцвярджаюць, што яны забіраюць магчымасці ў больш таленавітых і здольных людзей. Іншыя заўважаюць, што хоць іх сувязі і адчынілі некаторыя дзверы, «непа-дзеткам» усё роўна прыйшлося шмат працаваць, каб даказаць свой талент.