Now Reading
Выганялі з гораду, палілі на вогнішчы, садзілі ў турмы. Ці палявалі на вядзьмарак у ВКЛ?

Выганялі з гораду, палілі на вогнішчы, садзілі ў турмы. Ці палявалі на вядзьмарак у ВКЛ?

паляванне на ведзьмаў, ведзьмы ў вкл, ведзьмы ў беларусі

Некалькі стагоддзяў таму адбыўся судовы працэс над салемскімі ведзьмамі — гэта падзея стала адной з самых вядомых паляванняў на ведзьмаў у гісторыі. Хоць прысуд у салемскай справы выносіў свецкі суд, уплыў царквы на паляванне на ведзьмаў па ўсім свеце было адназначным. Шмат гадоў беларусы лічылі, што падобнага не адбывалася на нашых землях. Аднак і ў «талерантным» ВКЛ таксама палявалі на ведзьмаў. Расказваем, што вядома пра гэта.

Што за паляванне на ведзьмаў?

Напрыканцы XV стагоддзя ў Заходняй Еўропе пачынаецца сапраўднае паляванне на ведзьмаў. Лічыцца, што ўсё пачалося ў Францыі. Першапачаткова да ганенняў ставіліся адмоўна. У некаторых рэгіёнах Францыі адмыслова публічна выступалі багасловы, а ў Германіі святары выпускалі пракламацыі пра забарону абвінавачванняў у вядзьмарстве. Аднак працягвалася абарона зусім мала па часе, а ў грамадстве ў розных краінах сталі гучней галасы пра тое, што вядзьмарства існуе.

У тым жа стагоддзі Папа Рымскі Інакенцій VIII выдаў булу «Усімі сіламі душы». Гэта важны дакумент эпохі: менавіта ён афіцыйна засведчыў, што царква прызнавала існаванне ведзьмаў, і давала ўхвалу дзеянням інквізіцыі.

Паляванне на ведзьмаў адкрывала новыя магчымасці не толькі для пераследу, але і для заробку. У некаторых гарадах Германіі плацілі грошы людзям за тое, каб яны ўказалі на ведзьму. А ў Англіі паляўнічыя на ведзьмаў зараблялі буйныя сумы грошаў: ім плацілі не толькі за працу, але забяспечвалі ежай і начлегам.

паляванне на ведзьмаў, ведзьмы ў вкл, ведзьмы ў беларусі
Фота: AnonymousUnknown author, Public domain, via Wikimedia Commons

Ахвярамі інквізіцыі ў асноўным былі сталыя жанчыны. З часам судовымі працэсамі стала займацца не царква, а свецкія суды — і гэта таксама павялічыла колькасць ахвяр, бо мясцовыя ўлады моцна залежалі ад настрою насельніцтва. Ахвярамі за некалькі стагоддзяў палявання на ведзьмаў сталі дзясяткі тысяч чалавек.

Суд над нібыта ведзьмарамі складаўся з двух элементаў: вуснага допыту і цялесных катаванняў. Затым апытвалі сведак, якія маглі ўзгадаць альбо не ўзгадаць нейкія дзеянні абвінавачваемага.

Паступова ў краінах пачалі з’яўляцца законы, якія забаранялі пакаранне за вядзьмарства. Першай стала Вялікабрытанія, а затым — Прусія, Аўстрыя, Германія, Швейцарыя. Вядома, што ў першай палове XIX стагоддзя ў Польшчы загінула жанчына, якую абвінавачвалі ў вядзьмарстве, таму яна праходзіла выпрабаванне вадой — у выніку якога і ўтапілася. Адной з апошніх краін стала Іспанія, у якой каралі вядзьмарак у 1820-я.

Ці пераследавалі вядзьмаў на беларускіх землях?

Гісторыя пра талерантнае Вялікае Княства Літоўскае не зусім праўда. Толькі напрыканцы XVIII стагоддзя на беларускіх землях скасавалі закон, які дазваляў спаліць чалавека на вогнішчы за вядзьмарства. На тэрыторыі ВКЛ зафіксаваны шэраг выпадкаў, калі людзей абвінавачвалі ў вядзьмарстве і каралі за гэта.

Трыбунал інквізіцыі пачаў дзейнічаць у ВКЛ у 1436 годзе. Аднак такіх памераў паляванне на ведзьмаў у дзяржаве на развярнулася, як гэта было ў Заходняй Еўропе. У ВКЛ справы ў дачыненні да ведзьмаў разглядалі не царкоўныя органы, а мясцовая ўлада.

У Трэцім Статуце ВКЛ адзначалася, што вядзьмарства каралася смерцю. Трэба адзначыць, што людзі ўсё роўна звярталіся да чараўнікоў і тых, хто займаўся варажбой. Каралі смерцю толькі за чараўніцтва, якое прыносіла шкоду.

Што вядома пра пераслед ведзьмаў у ВКЛ

У 1534 годзе ў Віцебску выкрылі вядзьмарку. Аднак яе не пакаралі нейкімі выпрабаваннямі ці катаваннямі, а проста выгналі з горада.

У 1615 годзе ў Браславе абвінавачвалі чараўніка Тумеля Дарадундэнаса. Мясцовыя жыхары гаварылі, што мужчына паходзіў з вядзьмарскай сям’і, а яго сваякоў палілі на вогнішчы за вядзьмарства. Суду гэтага было дастаткова, каб спаліць і самога Дарадундэнаса.

У 1625 годзе на Піншчыне разглядалі справу жанчыны, якая з дапамогай чараўніцтва, як яна сама лічыла, вырашыла забіць сваю злосніцу. Жанчына выкапала на могілках чалавечыя косткі, выдзерла цвікі і ўзяла крыху пяску — перадала гэта служанцы злосніцы. Служанка павінна была правесці магічны рытуал, каб злосніца загінула — і гэта адбылося. Уся гэта гісторыя выкралася: служанку пыталі – яна паказала на жанчыну, якая яе падбіла на чараўніцтва. Тую жанчыну забілі.

У 1637 годзе ў Магілёве разглядалі справу Арыны Турцовай, якую абвінавачваў у вядзьмарстве хтосьці Харка Кузьміч. Падчас суда высветлілася, што Кузьміч схлусіў наконт гэтай справы, і яго разам з жонкай пакаралі за паклёп.

паляванне на ведзьмаў, ведзьмы ў вкл, ведзьмы ў беларусі
Фота: agaltedrucke.zhbluzern.ch

У 1638 годзе ў вёсцы Балоччычы абвінавачвалі служанку ў вядзьмарстве, але яна адмаўляла сваю віну. Суд таксама хацеў вызваліць яе, але мясцовы пан адправіў дзяўчыну ў турму ў Слуцку. Аднак яе ўсё-такі адтуль вызвалілі без абвінавачванняў.

У 1643 годзе ў Полацку месяц судзілі Васіля Брыкуна, якога абвінавачвалі ў вядзьмарстве. Мужчыну катавалі і ў выніку спалілі на вогнішчы.

Дарэчы, вядома пра суд нейкім Максімам Знакам з-пад Гродна, якога таксама абвінавачвалі ў вядзьмарстве. Нібыта мужчына прымусіў сваіх ахвяр ламаць печы і грызці каменні. Пра гэта сам абвінавачваемы не расказваў, гэта адзначаў сведка.

У 1758 годзе адзін са служачых графа Тышкевіча справаздачыўся, што ўжо спаліў шэсць чараўніц і збіраецца працягваць і далей распраўляцца з ведзьмамі. У тым жа дакуменце ёсць сведчанні яшчэ пра аднаго служачага, які таксама спаліў ведзьмара і вядзьмарку.

Судовыя працэсы наконт абвінавачванняў у вядзьмарстве скончыліся на беларускіх землях напрыканцы XVIII стагоддзя, а дакладней – заканадаўчым актам у 1776 годзе.

Вярнуцца ўгару