Вы чытаеце:
«Без незалежнай журналістыкі быў бы канец грамадства». Як змяніліся беларускія медыі пасля пратэстаў

«Без незалежнай журналістыкі быў бы канец грамадства». Як змяніліся беларускія медыі пасля пратэстаў

праца журналістаў у беларусі

2020 год назаўсёды змяніў беларускую журналістыку: незалежныя праекты захапілі значную частку медыярынку, але ўжо праз год хваля рэпрэсій знішчыла многія выданні. Як гэта адбывалася і да чаго прывялі рэпрэсіі супраць журналісцкай супольнасці? Пра гэта PALATNO пагутарыла з галоўным рэдактарам «Ганцавіцкага часу» Пятром Гузаеўскім, галоўным рэдактарам «Трыбуны» Алегам Гаруновічам, журналісткай з Бабруйска Ірынай Купцэвіч, былым рэдактарам часопіса «Наша гісторыя» Андрэем Дынько.

Што адбылося з беларускай журналістыкай у 2020 годзе

Падчас летняй выбарчай прэзідэнцкай кампаніі ў 2020 годзе роля недзяржаўных медыя ў грамадстве стала больш заўважнай. Яны асвятлялі ўсе грамадска-палітычныя мерапрыемствы: ад збору подпісаў за прэтэндэнтаў у прэзідэнты да буйных пратэсных акцый і разгону іх сілавікамі.

Ірына Купцэвіч. Ілюстрацыя: Аліна Воцат

У жніўні 2020-га Ірына Купцэвіч працавала журналісткай і рэдактаркай сайта Reform.by. Цяпер жыве ў Польшчы і працягвае займацца журналістыкай у незалежных медыях.

Ірына лічыць, што без незалежных СМІ падзей 2020-га года не адбылося б. Яна падкрэслівае, што медыі змаглі сфарміравацца падчас шматгадовых рэпрэсій і апалітычнасці грамадства.

— Нейкім чынам аж дзесяцігоддзямі медыям удавалася развівацца, па цяперашніх мерках, без значных перашкод. Відаць, варта падзякаваць таму, што ўлада з яе тагачаснай адсталасцю і несучаснасцю не ўспрымала тое, што «пішуць у інтэрнэтах», цалкам сур’ёзна, перашкаджала збольшага толькі газетам.

Уплыў незалежных медый стаў прыкметны падчас пандэміі каронавіруса. Ірына падкрэслівае, што ў той час людзі пабачылі вялікі разрыў паміж праўдай і той рэальнасцю, якую стварае беларуская прапаганда і ў якой хочуць жыць чыноўнікі.

— Людзі пабачылі, што даведацца праўду яны могуць толькі з незалежных СМІ, паказаць праблемы і несправядлівасць — таксама. Такім СМІ, якое максімальна аператыўна і шырока асвятляла падзеі, было і маё выданне. Я памятаю, як тады ўзляцелі прагляды сайта. Гэта ўзляцеў запыт на праўдзівую інфармацыю.

Наступным пунктам стала выбарчая кампанія, чэргі, подпісы, арышты, пасадкі, мітынгі, пратэсты. Па меркаванні журналісткі, у той час запатрабаванасць у інфармацыі стала яшчэ большай: «Людзі ведалі, што яны адкрыюць сайт і даведаюцца там праўду».

***

Пётр Гузаеўскі. Ілюстрацыя: Аліна Воцат

Галоўны рэдактар «Ганцавіцкага часу» і рэдактар сайта «Першы Рэгіён» Пётр Гузаеўскі адзначае, што людзі прыходзілі нярэдка і па дапамогу: журналісты стараліся не толькі асвятляць праблемы, але і дапамагчы знайсці рашэнні.

Цяпер газету не друкуюць, працуе толькі сайт «Ганцавіцкі час». Другі рэгіянальны сайт, «Першы Рэгіён», заблакіравалі. Многіх чытачоў, асабліва людзей сталага ўзросту, пазбавілі магчымасці атрымліваць праўдзівую інфармацыю. Гузаеўскі прыгадвае часы, калі тыраж «Ганцавіцкага часу» перавышаў тыраж раёнкі «Савецкае Палессе», а гэта вельмі не падабалася мясцовым уладам. Прытым што роўных умоў не было ніколі за 20 гадоў, колькі выходзіла газета. Давер людзей і аўтарытэт заслугоўваліся гадамі, таму газета і карысталася попытам.

— Мы асвятлілі працэсы, якія адбываліся ў грамадстве, у большай ступені сацыяльна-эканамічныя, але ў часы выбараў — і палітычныя. Не скажу, што ў Ганцавічах было шмат акцый, але людзі выходзілі з кветкамі і на плошчу. Прытым што ў чэрвені 2020 года брутальна затрымалі людзей, якія проста стаялі непадалёк каля плошчы. А міліцыя абвінаваціла ў арганізацыі акцыі журналістаў «Ганцавіцкага часу». Адзін адсядзеў 15 сутак, другога аштрафавалі.

Пазней затрымалі і асудзілі на паўтара года карэспандэнта сайта «Першы Рэгіён» Сяргея Гардзевіча, які зараз у калоніі. І гэта пры тым, што ў рэдакцыі ўсе ведалі і трымаліся прынцыпу, што журналіст — не актывіст, хаця і мае грамадзянскую пазіцыю і меркаванне.  Сам Пётр Гузаеўскі выехаў з Беларусі ва Украіну ў кастрычніку 2021 года.

***

Алег Гаруновіч. Ілюстрацыя: Аліна Воцат

Галоўны рэдактар спартыўнага партала «Трыбуна» Алег Гаруновіч упэўнены, што напярэдадні падзей 2020 года медыя паспрыялі таму, каб беларусы загаварылі.

— Было модным паказваць неардынарных беларусаў. Было модным цікавіцца, што беларусы думаюць на той ці іншы конт (абмеркаванні ў каментарыях кіпелі). У тым ліку з дапамогай медый беларусы глядзелі адзін на аднаго і праз гэта ўсведамлялі, што мы нічога такія рабяты і што нас не так і мала. Таксама медыя дэманстравалі разумовую імпатэнцыю лукашызму — для гэтага было дастаткова ўсяго толькі сумленна распавядаць пра падзеі ў краіне.

Алег Гаруновіч мяркуе, што дзякуючы «Трыбуне» спартсмены змаглі свабодна гаварыць не толькі пра спорт. Партал даваў магчымасць спартсменам любых поглядаў выказваць меркаванне наконт выбараў.

— Мне здаецца, без атмасферы плюралізму, без адчування, што гаварыць проста неабходна ў імя будучыні Беларусі, — без гэтага 2020 год мог скласціся інакш.

***

Андрэй Дынько. Ілюстрацыя: Аліна Воцат

Былы галоўны рэдактар часопіса «Наша гісторыя» Андрэй Дынько лічыць інакш:

— Не праца СМІ адбілася на падзеях, а падзеі адбіліся ў СМІ, таму што СМІ — гэта люстра дзён. Тады ўлады вырашылі гэтае люстэрка разбіць.

***

Рэпрэсіі супраць журналісцкай супольнасці пачаліся адразу ж падчас выбарчай кампаніі. Карэспандэнтаў, якія працавалі «ў полі», маглі затрымаць для «праверкі дакументаў». Восенню 2020 года журналістаў, якія працавалі на пратэсных акцыях, пачалі затрымліваць і судзіць за ўдзел у несанкцыянаваных «уладай» мерапрыемствах.

У лістападзе 2020 года была затрыманая журналістка TUT.by Кацярына Барысевіч. Яна была аўтарам артыкула пра смерць Рамана Бандарэнкі, які супярэчыў афіцыйнай версіі смерці, прадстаўленую «ўладамі» і персанальна Лукашэнкам. Барысевіч асудзілі на паўгода калоніі, яна выйшла на волю ў маі 2021 года.

Тады ж беларускія сілавікі прыйшлі ў TUT.by. Былі затрыманыя журналісты, рэдактары, менеджары і юрысты. У ліпені 2021 года TUT.by прызнаны беларускімі «ўладамі» «экстрэмісцкім фарміраваннем».

Чытайце таксама: «Ягор Марціновіч быў сцяной, за якой мы ўсе хаваліся». Як працаваць, калі твае калегі ў закладніках

 

У ліпені 2021 года да шматлікіх рэгіянальных выданняў прыйшлі сілавікі з ператрусамі, пасля гэтага мноства журналістаў былі вымушаныя пакінуць Беларусь.

У які момант, звязаны з працай, вам было найбольш страшна?

Ірына Купцэвіч у асноўным займалася напаўненнем стужкі навін з дому і не мусіла ісці ў «поле», рызыкаваць сабой.

— Усё адно хадзіла, вядома, але ўжо па ўласнай ініцыятыве, стараючыся па магчымасці здабыць нешта і для рэдакцыі — зрабіць фота, посціць з месца. Але страшна было і дома. Асабліва ў жніўні. Мы працавалі амаль суткамі, сутаргава збіралі паўсюль інфармацыю, абнаўлялі анлайны… Ад усяго, што адбывалася, ад таго, як знішчаюць беларусаў, хацелася выць — ад жаху і злосці, ды і выла. Дагэтуль не ведаю, як мая псіхіка тады вытрымала, і нават без антыдэпрэсантаў.

Мне здаецца, мой дах утрымаўся, з аднаго боку, на злосці і нянавісці да нелюдзяў, якія здольныя на такія злачынствы супраць народа, а з іншага — на захапленні маімі цудоўнымі, смелымі суайчыннікамі і веры ў тое, што дабро рана ці позна пераможа гэтае зло і вяртання назад больш няма.

***

Андрэй Дынько адказаў PALATNO на пытанне пра страх каротка: «Мне ніколі не страшна. І нікому не раю баяцца».

***

Алег Гаруновіч падкрэслівае, што супрацоўнікі рэдакцыі «Трыбуны» не лічылі сябе прыярытэтнай цэллю для сілавікоў. Спартыўныя журналісты не працавалі на вуліцах падчас пратэстаў.

— Калі разграмілі TUT.BY, стала дужа непрыемна. А калі затрымалі стваральніка YouTube-праекта «ЧестнОК» Аляксандра Івуліна — стала непрыемна яшчэ больш. Проста калі раней мысленне вялося ў парадыгме «Ну арыштуюць — і што?», то пасля гэтага думка была іншая: «Арыштуюць, разбураць медыя — і тады што?».

Гаруновіч кажа, што ў медыяў была адказнасць не толькі за сябе, але і за аўдыторыю, якая хоча атрымліваць праўдзівую інфармацыю, або за людзей, што могуць адчуць такую патрэбу. На думку галоўрэда «Трыбуны», гэтая акалічнасць уздымала градус страху і хвалявання.

***

Па словах Пятра Гузаеўскага, цяжка палічыць колькасць выклікаў у міліцыю, пракуратуру, Следчы камітэт. Ператрусаў у рэдакцыі і ў кватэрах супрацоўнікаў было аж 17, забіралі тэхніку, зрывалі працу. І было відавочна, што шукаюць падставы, могуць затрымаць і пасадзіць ні за што.

— Не скажу, што я баяўся гэтых ператрусаў, хоць і было непрыемна. Больш перажываў за супрацоўнікаў.

Назваць гэта страхам… Не, гэта было моцнае перажыванне за людзей. Так адбылося з Сяргеем Гардзіевічам: паляванне і цкаванне, ананімкі з жахлівымі выразамі і карыкатурамі, каб вывесці з раўнавагі.

Чаму важна, каб незалежныя беларускія медыі працягвалі працу?

Алег Гаруновіч падкрэслівае, што існаванне беларускіх недзяржаўных медыя не дазваляе і не дазволіць нікому сказаць, што чалавек не ведаў або не меў магчымасці даведацца. Сілавікам, суддзям, чыноўнікам можна кожны дзень нагадваць, што яны займаюцца беззаконнем, як і тым, хто падтрымлівае рэжым, кажа Алег.

— Недзяржаўныя медыя ў пэўнай меры выконваюць ролю сумлення. Можна на яго забыцца, можна да яго не звяртацца, але, тым не менш, яно існуе. А яшчэ распавядаць пра тое, што хочуць замаўчаць, і тлумачыць тое, што адбываецца, — таксама вельмі важныя задачы для сённяшняй журналістыкі.

Цяпер з доступам да сапраўднай інфармацыі ўсё нашмат горш, чым два гады таму, гаворыць Ірына Купцэвіч. Па меркаванні журналісткі, беларуская прапаганда стала значна больш агрэсіўнай і ў той жа час навучылася працаваць больш сучасна, што дае пэўны эфект.

— Уявім, што незалежных СМІ ў Беларусі (нават тых, што па-за Беларуссю) не засталося. Засталіся толькі БТ, СБ і «Мінская праўда». Што стане з грамадствам? Вельмі хутка наступіць поўная атамізацыя, людзі будуць адчуваць сябе разгубленымі і безабароннымі, згубяць арыенціры і давер, у выніку кожны застанецца сам па сабе. І сам за сябе. І ўсё гэта пад прэсам прапаганды, ідэолагаў на рабоце і ў школах, пад страхам, што за неасцярожнае слова на цябе данясе сусед ці калега. Гэта быў бы канец грамадства, і ўсе мары пра новую Беларусь можна было б пахаваць. Мы ўжо бачылі гэта ў гісторыі: праз усё гэта прайшлі нашы продкі ў Савецкім Саюзе.

Ірына Купцэвіч мяркуе, што нас адрознівае сёння наяўнасць моцных незалежных СМІ, якія не можа знішчыць беларуская «ўлада».

— Людзі прагнуць праўды і знаходзяць яе. Няхай адбылася пэўная дэпалітызацыя, аднак незалежныя медыі ўсё яшчэ маюць вялізную аўдыторыю ўнутры краіны, і людзі даведваюцца праўдзівыя навіны, перадаюць іх адно аднаму.  Людзі працягваюць дасылаць інфу ў рэдакцыі, дапамагаць журналістам, якія вымушана за мяжой і не бачаць Беларусі на свае вочы.

***

Пётр Гузаеўскі лічыць, што аб’ектыўная журналістыка патрэбная людзям і ўладзе. Праблемныя і вострыя моманты, якія неабходна вырашаць і трымаць на кантролі кіраўнікам мясцовай улады, падсвецяць толькі незалежныя журналісты. Гузаеўскі адзначае, што медыі дапамагаюць выяўляць факты злоўжывання на розных узроўнях, а без гэтага ўсё прыйдзе да дэградацыі і крыміналізацыі грамадства.

— На што разлічвае ўлада? Каб журналісты баяліся і жылі ў страху. Цяпер, пэўна, нават на кухні людзі ўжо баяцца гаварыць свабодна. Што павінна быць, каб такога не здарылася? Кожны павінен навучыцца адстойваць свае правы ў першую чаргу, сваёй сям’і. Калі можа — дапамагаць іншым і трымацца разам. І велізарную ролю тут мае сапраўдная журналістыка, якая дае публічнасць і асвятляе ўсё аб’ектыўна. Свабодныя журналістыка — гэта галоўны вораг для тых, хто творыць беззаконне, бо разбівае сістэму ілжывай прапаганды.

***

Андрэй Дынько заўважае, што без аб’ектыўнай інфармацыі і яе аналізу немагчымае здаровае развіццё эканомікі і грамадства.

Якой вы бачыце сваю працу ў бліжэйшыя гады?

Па словах Пятра Гузаеўскага, ён не здрадзіў прынцыпам працы і сапраўднай журналістыкі нават пасля шматлікіх ператрусаў, затрыманняў і судоў над работнікамі «Ганцавіцкага часу» і штрафаў рэдакцыі.

— Імкнуцца быць аб’ектыўнымі, даць выказацца двум бакам. Трэба трымацца гэтага, нягледзячы на прававы дэфолт. Напэўна, я безнайдзейны аптыміст, але хочацца, каб у Беларусі жылі вольныя людзі.

***

Алег Гаруновіч не будуе вялікіх планаў і не загадвае далёка наперад.

— Столькі ўсяго адбываецца, што цяжка рабіць нейкія глабальныя разлікі. Але! Проста зараз наша каманда працуе над тым, каб пашырыць на «Трыбуне» выкарыстанне беларускай мовы.

***

Такой ж думкі пра будаванне планаў на будучыню прытрымліваецца Андрэй Дынько. Ён кажа, што зарана рабіць доўгатэрміновыя прагнозы, бо цяпер жыццё вельмі дынамічнае.

***

Ірына Купцэвіч бачыць у будучыні яшчэ больш складаныя часы, калі беларускія «ўлады» будуць спрабаваць адрэзаць медыя ад аўдыторыі: цяжка знаходзіць герояў, цяжэй даведвацца пра падзеі ў Беларусі.

— Вядома, у нашай сферы ёсць моцнае выгаранне ад цяжкай працы на эмацыйнай мяжы. Але рукі не апускаюцца, бо ёсць разуменне, дзеля чаго мы працуем. Дзеля вызвалення тых, хто нам дарагі, дзеля вяртання дадому, дзеля новай Беларусі. Я не хачу быць журналістам да старасці, мае настаць час і для нечага больш спакойнага.

Але сёння Беларусі патрэбны кожны журналіст — ад простых навіншчыкаў да крутых рэпартажнікаў, патрэбны кожны здольны рэдактар. І я спадзяюся працягваць працу ў журналістыцы, пакуль Беларусь мае ў гэтым патрэбу.

Вярнуцца ўгару