Now Reading
«Моладзевы слэнг ёсць, рэальна ёсць, і ён смачны». З’явіўся анлайн-слоўнік сучаснай беларускай мовы «Нішо»

«Моладзевы слэнг ёсць, рэальна ёсць, і ён смачны». З’явіўся анлайн-слоўнік сучаснай беларускай мовы «Нішо»

слоўнік беларускай мовы, беларускі слэнг

У чэрвені запрацаваў сайт «Нішо» — анлайн-слоўнік сучаснага беларускага слэнгу. Дадаваць словы можа кожны, дастаткова зарэгістравацца і кіравацца простымі правіламі.

PALATNO пагаварыла з аўтарам праекта і ідэйным натхняльнікам Міхаілам Волчакам — пра будучыню мовы, абразлівыя словы, трасянку, і даведалася, ці сапраўды існуе беларускі моладзевы слэнг.

«Асноўная мэта — разбурэнне моўнага сораму»

Праект «Нішо» — адкрыты анлайн-слоўнік жывой беларускай гаворкі і слэнгу: прафесійнага, рэгіянальнага, гарадскога, вясковага, моладзевага. Стваральнікі праекта хочуць сабраць у адным месцы ўсё, што датычыцца таго, як звычайныя людзі карыстаюцца мовай у паўсядзённым жыцці.

— Анлайн-слоўнік зробіць усе гэтыя словы агульнадаступнымі, пакажа, як людзі практычна рэалізуюць мову, без вось гэтага, ведаеце, моўнага сораму, які сумежны з рознымі фобіямі і нават перфекцыянізмам. Асноўная мэта гэтага просценькага слоўнічка — менавіта разбурэнне моўнага сораму і папулярызацыя выкарыстання розных слоў: добрых і нядобрых. Бо гэта частка нашага жыцця, — кажа Міхаіл Волчак.

Аўтар праекта не з’яўляецца лінгвістам, але трохі пагрузіўся ў гэтую тэму, каб мець магчымасць прасоўваць больш свабодныя дыскурсы, у тым ліку пункт гледжання сацыялагічнага падыходу. Што датычыцца рэакцый ад прафесіяналаў — ці ад тых, хто сябе імі лічыць, — то яны ўжо ёсць.

— Ёсць рэакцыі ад так званых пурыстаў, якія проста стопяцца са сваімі класіфікацыямі ў галаве. Ёсць тыя, хто лічыць, што гэта ўсё непрафесійна, недасканала і наогул не вартае таго, каб паказваць. Бо сучасная гаворка, назавём так, міжнацыянальная. Яна запазычвае з тых моў, якія з’яўляюцца больш паспяховымі. Таму ёсць шмат англіцызмаў, бо лічбавыя тэхналогіі хутка ахінаюць грамадства, і пурысты тут нічога не зробяць, і гэта так проста не выцесніш. Пакуль яны выціскаюць, людзі вельмі хутка адаптуюць запазычаныя словы, іх фанетыку, структуру. Магчыма, кагосьці гэта раздражняе, але ёсць шмат прафесійных лінгвістаў, якія працуюць на сумежжы з антрапалогіяй, сацыяльнымі дысцыплінамі, якія гэта падтрымліваюць.

«Мы хочам, каб гэтая смаката стала даступнай усім»

Зараз у анлайн-слоўнік словы дадаюць карыстальнікі. Але першыя 40 накідалі ўдзельнікі каманды. Потым, пасля размеркавання абавязкаў, задачу фармавання «ядра» даручылі Міхаілу.

— Я прысвяціў некалькі вечароў, каб успомніць цікавыя словы, якія ведаю. Таксама я стаў больш уважлівым пры размовах з людзьмі, і калі заўважаў не класічнае слова, а нешта больш дынамічнае, то проста запісваў яго, а потым пытаў у людзей, што гэта значыць. Такім чынам склаўся «засевачны слоўнік» — каля 100 слоў. І зараз карыстальнікі дадалі яшчэ больш за сотню. Гэтая хваля цікавасці пакуль ідзе, таму думаю, што яшчэ пару сотняў дададуць.

Словы розныя. Міхаіл адзначае, што пакуль няма нейкай класіфікацыі, але бачна, што шмат чаго прапаноўваюць людзі з філалагічным ухілам, можа, нават нешта са сваіх даследаванняў.

— Але шмат і такіх кароткіх структур, накшталт: «мо», «шо», «ё». Яны мне вельмі падабаюцца. Ёсць словы і выразы, якія ў упершыню бачу: «галавой аб ганак», «бамбіць лядоўню».

Міхаіл кажа, што ў сеціве існуюць розныя беларускія анлайн-слоўнікі. Але яны грунтуюцца на класічных кансерватыўных працах, выдадзеных у 1930-я, 1970-я. Яны дазваляюць бачыць гістарычную пераемнасць, але чагосьці свежанькага там не знойдзеш.

«Нішо» ж дазваляе пазнаёміцца з беларускім слэнгам, які сапраўды існуе. Прычым жыве ён не толькі ў эмігранцкіх асяродках, але і ў самой Беларусі.

— Моладзевы слэнг ёсць, рэальна ёсць, і ён смачны. І мы хочам, каб гэтая смаката стала даступнай усім. Я літаральна нядаўна гутарыў са студэнтам з Беларусі і дадаў тры словы. Канешне, у гэтым слэнгу вельмі шмат англіцызмаў ці адаптацый з рускай мовы. Напрыклад: «выпіліцца», «крындж» ці «крынжа».

«Маладыя трасяняць жэстачайшэ»

Беларускі слэнг, як і моладзевыя гаворкі ў іншых краінах, шмат запазычваюць з розных моў. Асабліва з англійскай, але не толькі — суседзі таксама робяць унёсак. Міхаіл кажа, што калі пагартаць «Нішо», то гэта можна лёгка заўважыць.

— Ёсць словы, падобныя да польскіх — гэта людзі, якія там жывуць, бяруць з польскай мовы нешта, што ім падабаецца, і беларусіфікуюць. Ёсць нейкія балцкія флюіды, запазычанні з Украіны.

Таму Міхаіл не бачыць нічога дрэннага і ў трасянцы. Калі нехта прапануе дадаць у анлайн-слоўнік нешта смачнае трасяністае, то чаму б і не? Ён падкрэслівае, што розныя камбінацыі беларускай мовы з іншымі на базе фанетыкі ці злучэнні структур — гэта ўсё будучая мова. Таму да гэтага трэба ставіцца нармальна.

У прыклад мужчына прыводзіць польскае слова spędzić (праводзіць час), якое ужываецца нават у СМІ. А паходзіць яно ад англійскага spend. І палякі адносяцца да гэтага спакойна, ніхто не кажа, што слова ненатуральнае, што ўжываецца не спакон вякоў. Ды і сама англійская — гэта сумесь лацінскай і некаторых іншых моў.

— Дарэчы, маладыя людзі, якія абіраюць беларускую мову, абсалютна не маюць негатыву да трасянкі. У адрозненне ад больш старэйшых перфекцыяністаў ці грамар-нацы, як іх называюць. У маладых такога пытання не паўстае, яны трасянаць жэстачайшэ, — дадае Міхаіл.

«Наша мэта ж — папулярызацыя мовы, а не кагосьці абражаць»

У анлайн-слоўніку ўжо шмат цікавых слоў і выразаў. Міхаіл адзначае некаторыя з іх, напрыклад, «сілоўня» ў значэнні «спартзал», ці «абурайка» — процілегласць падабайкі.

— З цікавага, што дадалі, — ёсць класная абрэвіятура, проста агонь, КМПДУ — «калі мы прыйдзем да ўлады». Можна адзначыць таксама словы «ліваць», ліўнуць» («сысці з непрыемнага месца ці падзеі») — ад англійскага leave. Яшчэ ёсць выраз «Або, што там» у значэнні «нічога дзіўнага». Прыклад ужывання: «Або, што там, калі ён чарку і выпіў».

Дадаюць і словы, да якіх узнікаюць пытанні. У тым ліку — «змагар», «нігер» і «хахол». Міхаіл адзначае, што на гэты конт у камандзе адбылася размова. Нават правяралі, ці ёсць слова nigger у буйным анлайн-слоўніку англамоўнага слэнгу Urban Dictionary. Так, ёсць.

— Я лічу, што трэба адносіцца да гэтага як да даследчыцкага рэсурсу, як да таго, што адлюстроўвае розныя бакі грамадства. Вядома, калі нешта будзе такое, што пераходзіць на вербальныя атакі, то будзем прымаць меры. Наша мэта ж — папулярызацыя мовы, а не кагосьці абражаць.

Планы і як дапамагчы праекту

Карыстальнікі «Нішо» ўжо пакідаюць заўвагі па функцыяналу сайта, і па кантэнту. Ёсць прапановы па класіфікацыі слоў, па магчымасці рэдагавання.

— Магчыма, у будучым мы будзем ладзіць нейкія праекты з іншымі культурнымі праектамі і блогерамі, каб паглядзець, наколькі словы з нашага слоўніка выкарыстоўваюцца ў розных супольнасцях. Гэта такі даследчыцкі рэверс.

Міхаіл дадае, што да каманды праекта можна далучыцца. Напрыклад, каб весці сацсеткі, сачыць за словамі, якія прапаноўваюць людзі, ці рабіць яшчэ штосьці карыснае. Для гэтага трэба запоўніць невялікую анкету. Таксама камандзе можна дапамагчы грашыма.

Вярнуцца ўгару