Now Reading
«Трэба стварыць унутраны попыт на сартаванне, зрабіць гэта сэксі, трэндавым і яркім, каб хацелася далучыцца». Расказваем пра першы падкаст на беларускай мове на тэму сартавання і перапрацоўкі смецця

«Трэба стварыць унутраны попыт на сартаванне, зрабіць гэта сэксі, трэндавым і яркім, каб хацелася далучыцца». Расказваем пра першы падкаст на беларускай мове на тэму сартавання і перапрацоўкі смецця

падкаст пра экалогію па-беларуску, беларускамоўны падкаст пра экалогію

«Рабіць (не) перарабіць» — незанудны падкаст на «ідэальнай беларуска-ўкраінскай трасянцы», у якім можна паслухаць пра натхняльныя і цікавыя праекты па перапрацоўцы смецця з усяго свету: напрыклад, як зрабіць паперу з апалага лісця ці акуляры з кавы. PALATNO пагутарыла з аўтаркай падкаста Аняй пра складанасці стварэння праекта, незвычайныя факты перапрацоўкі смецця і чаму ў Беларусі гэтая тэма дагэтуль непапулярная.

Экасвядомасць, мэты, натхненне і трасянка

Пра тое, як усё пачалося, аўтарка расказвае так:

— Мой «шлях самурая» да экасвядомасці пачаў нараджацца ў Кіеве, калі я пераехала з «чыстага Мінска». Быў культурны шок, што смецце можа вось проста так валяцца паабапал дарог, плаваць у Дняпры — і нікому няма да гэтага справы. Стала вельмі сумна, і я пачала шукаць адказы на свае пытанні ў інтэрнэце, а праз паўгода ўпершыню трапіла на сартавальную станцыю No Waste Ukraine — і тут здарылася каханне з першага погляду.

Падкаст стаў маім асабістым актам самасвядомасці: як грамадзянскай, так і экалагічнай. А яшчэ мне было важна рабіць штосьці менавіта на роднай мове. Калі стала думаць над тэмай, то адказ прыйшоў вельмі хутка, бо пра смецце ды перапрацоўку я магу гаварыць доўга і з запалам.

Стваральніца падкаста Аня. Фота: архіў гераіні.

Галоўнымі мэтамі стварэння падкаста Аня называе папулярызацыю сартавання і перапрацоўкі смецця, а таксама стварэнне беларускамоўнага кантэнту:

— Я хацела б даць натхненне, каб у смецці бачылі магчымасці, а не бруд. Бо менавіта праз натхненне я спрабую далучыць да перапрацоўкі людзей, якія ніколі дагэтуль не цікавіліся гэтай тэмай, а таксама падбадзёрыць тых, хто ўжо на шляху да zero waste. І хто ведае, можа, той, хто сёння слухае мой падкаст, заўтра створыць свой стартап па перапрацоўцы.

Напачатку планавалася рабіць падкаст выключна на беларускай мове. Але дзяўчына хутка зразумела свае абмежаванні:

— Вельмі часта ў мяне лезлі то рускія словы, то ўкраінскія. І калі з рускімі словамі я гэта заўважаю і магу неяк папрацаваць, то вось ад украінскіх пазбавіцца складаней. Да пачатку вайны я жыла ва Украіне чатыры гады — гэта не магло не паўплываць. Таму падкаст і атрымаўся на беларуска-ўкраінскай трасянцы. Калі я б чакала моманту, калі мая беларуская мова стане «ідэальнай», то не зрабіла б гэты падкаст ніколі. Дысклэймер пра трасянку паказвае слухачам: «Хэй! Я такая ж, як ты, можа, і не ідэальная, але імкнуся да лепшага — давай разам!».

«Пабачыў слановую какаху — вырашыў рабіць з яе паперу». Дзіўныя факты з перапрацоўкі смецця, пошук тэм і цяжкасці ў стварэнні падкаста

 На пытанне, дзе шукае тэмы для выпускаў, Аня адказвае:

— Я даволі шмат чытаю пра кругавую эканоміку, таму ведаю пра цікавыя праекты з усяго свету, якія літаральна змяняюць парадыгму нашай рэальнасці. Гэта праекты, якія ствараюць столькі класнага праз перапрацоўку таго, што ўчора называлі смеццем. За такімі праектамі часцей за ўсё стаяць звычайныя людзі, як мы з вамі, якім аднойчы стала не ўсё роўна і яны абралі дзейнічаць. Вось праз такія гісторыі я і абіраю тэмы для новага эпізоду. Потым раблю аснову са смецця, што літаральна навокал мяне, закручваю «смачны» сторытэл у якасці начынкі, падразаю фактчэкінгам ды прыпраўляю вострай статыстыкай.

Галоўныя цяжкасці ў пісанні падкаста — недахоп часу, невысокія лічбы праслухоўванняў і самацэнзура:

— Поўны цыкл стварэння аднаго эпізоду складае каля 8-10 гадзін. Часцей — больш, бо калі ўлічваць час на прасоўванне праз сацыяльныя сеткі, то здаецца, што толькі гэтым я і займаюся. Пры гэтым некаторыя серыі слухаюць толькі 20 чалавек, і тады пытанне балансу матывацыі ды ўкладзенага часу паўстае даволі крытычна. Нагадваю сабе пра неабходнасць адпачываць, не рабіць ідэальна, а проста рабіць: маленькімі крокамі, але ўпарта прасоўваць экапавестку ў масы. Што датычыцца самацэнзуры, то гэта не толькі і не столькі пра палітычныя пытанні (хаця і гэта таксама), але і мае намаганні рабіць цікава для масавага слухача.

Той самы падарунак ад хоста на Airbnb. Фота: архіў гераіні.

Пра незвычайныя і дзіўныя кейсы аўтарка расказвае:

— Гэта гісторыі герояў майго падкаста, накшталт «пабачыў слановую какаху — вырашыў рабіць з яе паперу», альбо «піў каву, заўважыў масляністую плёнку — вырашыў рабіць кававыя палены». Мая ўласная любімая гісторыя — пра тое, як нечакана я атрымала ў падарунак сметнік для сартавання ды кветкі на мой дзень нараджэння, які я сустрэла ў Турэцкай Антальі, ад хоста на Airbnb. А ўсё таму, што я задавала занадта шмат пытанняў пра сартаванне смецця ў горадзе і магчымасць атрымліваць за гэта грошы.

«Мамкін падкасцер» — пра падтрымку і дапамогу сям’і

— Я «сам сабе рэжысёр», але ў мяне ёсць каманда падтрымкі: мой муж і мой ментар. Муж дапамагае з ідэямі для выпускаў і шліфуе маю трасянку. А з ментарам мне ўвогуле пашанцавала. Я праходзіла праграму курсаў ад Social Camp і падзялілася з выкладчыкамі ідэяй пра стварэнне падкаста. Мяне вельмі падтрымалі і далі ў дапамогу цудоўную ментарку Юлю, дасведчаную падкасцерку. У першыя месяцы яна мне вельмі дапамагала і з выбарам мікрафона, і з разуменнем таго, як працуюць падкаст-пляцоўкі. Зараз мы таксама робім сазвоны. І гэта вельмі класна мець такую падтрымку! — дзеліцца дзяўчына.

Таксама Аня расказвае:

— Быў смешны момант. Я не так даўно завяла YouTube-канал для падкаста, і маці была першай, хто падпісаўся. Я смяюся ды кажу, што я «мамкін падкасцер». Увогуле мая сям’я мяне вельмі падтрымлівае. Многія гісторыі, якія я распавядаю ў падкасце, мае родныя чуюць упершыню, і для іх гэта бывае сюрпрызам.

«Прыедзе адна машына і ўсё змяшае, дык навошта сартаваць?»

Пра пытанне, чаму ў Беларусі тэма сартавання і перапрацоўкі смецця дасюль не папулярная, Аня разважае:

— Бо «можа, так і трэба»? Па маіх назіраннях ёсць тры групы людзей.

Першая: тыя, хто задумваўся аб тым, каб пачаць сартаваць, «але…». І далей доўгі спіс тыповых памылковых перакананняў кшталту «але прыедзе адна машына і ўсё змяшае, дык навошта сартаваць», «але мне няма дзе захоўваць гэта ўсё», «але што, мне больш рабіць няма чаго, чым гэтыя кантэйнеры па ўсім горадзе шукаць?». Абірай, што з гэтага спісу дапаможа табе спаць спакойна, і заплюшчвай вочы далей — праблемы быццам бы і няма.

Другая група: тыя, хто нават і не задумваўся пра сартаванне. Часцей за ўсё гэта людзі, у якіх не закрытыя базавыя патрэбнасці піраміды Маслоў — яны думаюць пра тое, як сям’ю пракарміць, на працы адпрацаваць ды навіны па тэлебачанні паглядзець. У гэтай парадыгме проста няма месца для сартавання.

Але ёсць і тыя, каму не лянота праехаць пару прыпынкаў, каб здаць бляшанкі ў спецыяльны кантэйнер; тыя, хто ў краме лепей не купіць нічога, чым у пластыкавыя пакеты, калі забыўся дома ўласныя, з матэрыі; тыя, каму важна абіраць якасныя рэчы, а не «хуткую моду». Гэтая трэцяя група — мая мой асабісты ўтульны інфармацыйны кокан, людзі, якія сартуюць і робяць гэта часткай лайфстайлу.

Пра ўнёсак у паляпшэнне сітуацыі з перапрацоўкай смецця

Аўтарка дзеліцца думкамі пра тое, што кожны з нас можа зрабіць для папулярызацыі тэмы сартавання і перапрацоўкі смецця:

— Не хачу, каб мой адказ гучаў у стылі «глыбокай занепакоенасці», таму скажу, што самы дзейны спосаб — гэта стварыць унутраны попыт на сартаванне, зрабіць гэта сэксі, зрабіць гэта трэндавым і яркім, каб хацелася далучыцца. Больш практычныя крокі немагчыма ўявіць без палітычнай волі, але пералічу пяць мер, якія, на маю думку, неабходна было ўводзіць «ўжо ўчора»: абавязковыя заняткі па экалагічнай свядомасці ў садочках ды школах з экскурсіямі на заводы па перапрацоўцы, забарона аднаразовага пластыку, забарона штучных кветак на могілках, развіццё сартавальнай інфраструктуры ва ўсіх гарадах ды мястэчках, а не толькі ў сталіцах.

Дзяўчына дадае:

— Паглыбленне ведаў — гэта акно ў дасведчанасць праз узаемасувязі нашых штодзённых выбараў і экалагічных змен у наваколлі. Маючы веды, кожны сам вырашае, што з гэтым скарбам рабіць — гэта ўжо пытанне ўласнай матывацыі і каштоўнасцей.

Аднак Аня не цешыць сябе ілюзіямі, што падкаст зможа змяніць штосьці кардынальна:

— Я веру ў тэорыю маленькіх спраў: умоўна кажучы, сёння я раблю падкаст, заўтра яго слухае пяць чалавек, якія распавядаюць сябрам які-небудзь факт з падкаста падчас суботняй кавы. А далей — хто ведае, да чаго гэта можа прывесці. Можа, хтосьці захоча рабіць уласны падкаст, а хтосьці падумае аб тым, што кававую гушчу было б добра не выкідаць, а штосьці з ёй рабіць. Напрыклад, аправу для акуляраў. І вуаля! Тое, што было ўчора смеццем і крыніцай метану на сметніку, сёння становіцца каштоўным рэсурсам, дапамагае ствараць новыя працоўныя месцы ды прыцягваць увагу да праблемы арганічных адходаў у свеце.

Англамоўны акаўнт, планы на будучыню і мэтавая аўдыторыя

Яшчэ раней, да падкаста, Аня стварыла сайт і канал у Instagram @travel_and_recycle на англійская мове:

— Я планавала зімовы workation (працоўныя канікулы — PALATNO) у Турцыі на пару месяцаў і зразумела, што нічога не ведаю пра сартаванне і перапрацоўку ў гэтай краіне. Стала шукаць інфармацыю — гэта быў той яшчэ квэст, бо большасць спасылак была на турэцкай мове, і агульнае адчуванне было, што сартавання ў гэтай краіне проста няма (спойлер — гэта, канешне ж, не так). Але праз гэтыя думкі ў мяне нарадзілася ідэя стварыць чат-бот, дзе была б сабраная інфармацыя на англійскай мове пра правілы і нюансы сартавання ў розных краінах свету. Пазней чат-бот перарос у сайт, а Instagram-акаўнт — у кам’юніці, якое сабралася вакол гэтага праекта. Там гісторыі пра вандроўкі ды сартаванне — тое што я люблю.

Англамоўны сайт пра перапрацоўку смецця. Фота: архіў гераіні.

— Калі параўноўваць актыўнасць беларуска- і англамоўнай аўдыторыі, то я б адказала фразай «беларус беларусу беларус» — я атрымліваю шмат падтрымкі і цёплых слоў пра падкаст ад незнаёмых людзей. Гэта маё паліва (папрашу заўважыць — экалагічнае) і матывацыя працягваць, — расказвае аўтарка.

Дзяўчына будуе планы па развіцці падкаста:

— Мне вельмі падабаецца рабіць сторытэл, але таксама было б цікава паспрабаваць фармат інтэрв’ю, таму ёсць ідэі пра другі і трэці сезон. Зараз яшчэ я не гатовая распавядаць пра гэтыя планы больш дэталёва.

Пра тое, каму варта слухаць падкаст, Аня гаворыць так:

— Падкаст будзе цікавы ўсім, хто гатовы чуць, тым, хто шукае натхненне і матывацыю, тым, хто верыць у тэорыю маленькіх крокаў і гатовы пашыраць гарызонты сартавальнай магіі на ўласнае жыццё.

Вярнуцца ўгару