Now Reading
Беларускі краўдфандынг у падполлі: як закрываліся і запускаліся пляцоўкі для збору грошай

Беларускі краўдфандынг у падполлі: як закрываліся і запускаліся пляцоўкі для збору грошай

краўдфандынг у беларусі, як збіраюць грошы на праекты ў беларусі

7 чэрвеня — Сусветны дзень краўдфандынгу. Для беларусаў гісторыя ахвяраванняў, асабліва на фоне пратэстаў у 2020 годзе, — вельмі блізкая. Тысячы еўра былі сабраныя для аплаты штрафаў, для дапамогі палітзняволеным і на рэлакацыю людзей, якія пацярпелі ад дзеянняў рэжыму Лукашэнкі.

Хто і на што збірае грошы для беларусаў

2020 год змяніў краўдфандынгавую карту Беларусі. Некаторыя буйныя ініцыятывы зніклі з-за палітычнага пераследу, а іншыя, наадварот, з’явіліся «дзякуючы» рэпрэсіям рэжыму Лукашэнкі. Большасць фондаў, якія збіраюць грошы, — тыя, хто дапамагае пацярпелым. Расказваем, што гэта за фонды.

Фонд салідарнасці BYSOL

Фонд з’явіўся ў першы тыдзень пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе. Асноўная мэта арганізацыі — збор грошай для пацярпелых ад рэпрэсій, падтрымка палітзняволеных і іх сем’яў, экстраннай эвакуацыі з краіны. Кіраўнік арганізацыі — Андрэй Стрыжак. Беларускія сілавікі прызналі арганізацыю «экстрэмісцкім фарміраваннем».

Вось афіцыйны сайт арганізацыі: https://bysol.org/ru/.

BY_help

Ініцыятыва была запушчаная Аляксеем Лявончыкам сумесна з Андрэем Стрыжаком. Кампанію запусцілі яшчэ ў 2017 годзе, калі праходзілі пратэсты «не дармаедаў». Пасля пачатку пратэстаў 2020-га BY_help займалася дапамогай людзям, якія адбывалі адміністрацыйны арышт, ці тым, каму прызначылі штраф: затрыманым кампенсаваліся грошы.

Фонд медыцынскай салідарнасці

Фонд дапамагае медыкам і дактарам, якія сутыкнуліся з палітычным пераследам. Арганізацыя была заснавана ў 2020 годзе. За гэты час фонд дапамог амаль на 100 тысяч еўра, падтрымаў рэлакацыю больш за 50 медыцынскіх супрацоўнікаў. Фонд збірае грошы праз платформу BYSOL.

Афіцыйны сайт: https://bymedsol.org/.

Беларуская Рада культуры

Рада дапамагае людзям з беларускай культуры рабіць свае праекты. У шэраг падтрыманых уваходзяць «Красная Зелень», «Казкі з Маляванычам», а таксама шматлікія выставы. Беларускай Радзе культуры можна дапамагчы рублём, а можна і папрасіць пра дапамогу аб развіцці свайго праекта.

Афіцыйны сайт: https://byculture.org/.

Фонд спартыўнай салідарнасці

Беларускія спартсмены аб’ядналіся падчас пратэстаў у Беларусі. Спачатку яны абвясцілі збор подпісаў пад лістом свабодных спартсменаў, а пасля эміграцыі Аляксандра Апейкіна і Аляксандры Герасімені быў створаны фонд падтрымкі беларускіх спартсменаў, якія падтрымалі народ падчас пратэстаў. Фонд збірае грошы праз платформу BYSOL.

Афіцыйны канал: https://www.facebook.com/bssfbel/.

Як знішчылі «Улей» і «МолаМола»

У маі 2023 года, пасля трох гадоў утрымання ў следчым ізалятары, пачалі судзіць Эдуарда Бабарыку — сына кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі. Бабарыка-малодшы да выбараў быў сузаснавальнікам краўдфандынгавых пляцовак Ulej.by і MolaMola. Праз іх можна было развіваць грамадзянскія ініцыятывы, адкрываць зборы грошай на разнастайныя праекты.

Напрыклад, каб пачаць збор сродкаў праз «МолаМола», трэба было проста апісаць сваю ініцыятыву і прывязаць картку. Грошы пералічваліся як дарунак, а калі за год іх было больш за 6 569 рублёў, то ўжо трэба было плаціць падаткі.

Цяпер сайты пляцовак недаступныя. Апошнія допісы ў сацыяльных сетках датуюцца выбарчым 2020-м годам. Атака на прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду скончылася закрыццём (ці прыпыненнем?) гэтых амбіцыйных праектаў. Па інфармацыі праваабаронцаў, Эдуарда Бабарыку судзяць у тым ліку і за дзейнасць пляцовак: яго абвінавачваюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў.

«Улей» і «МолаМола» дапамаглі шматлікім ініцыятывам і бізнесам, але пасля 2020-га зніклі праз палітычны пераслед аднаго з заснавальнікаў. Гэтыя праекты былі ўнікальнымі для беларускай прасторы, і іх пакуль нішто не змагло замяніць.

Краўдсорсінгавая платформа «Талака» пасля налёту на «Улей» і «МолаМола» таксама «заціхарылася». Сайт і сацыяльныя сеткі ініцыятывы маўчаць. У свой час «Талака» падтрымлівала беларускія ініцыятывы: пераклады фільмаў і серыялаў на беларускую, падтрымку беларускамоўных медыяпраектаў і іншае.

У Беларусі яшчэ працягваюць працаваць ініцыятывы, якія збіраюць грошы на дапамогу хворым дзецям, бадзяжным жывёлам. Большасць з іх робіць гэта не асабліва гучна, каб беларускія «ўлады» не звярнулі лішняй увагі на актыўнасць.

Дык ці жывы краўдфандынг у Беларусі? Так, але ён вельмі глыбока ў падполлі.

Пераход у Patreon

У апошнія два гады большасць беларускіх актывістаў і медыя пераходзяць на пляцоўку Patreon, дзе кожны месяц фіксаванай сумай можна падтрымаць ініцыятывы. Беларускія медыя, якія былі вымушаныя пакінуць краіну пасля пачатку пераследу, карыстаюцца Patreon.

Patreon працуе і для беларускіх ініцыятыў пра палітзняволеных жанчын ці, да прыкладу, цікавостак пра Глыбокага і беларускую літаратуру. Вось толькі некалькі прыкладаў: Палітвязынка, Кастусь пра Глыбокае, Белліт. А вось колькі старонак на Patreon беларускіх медыя: EuroradioMOST, Зеркало.

Дарэчы, PALATNO таксама можна падтрымаць праз Patreon: https://www.patreon.com/palatno.

Вярнуцца ўгару