PALATNO: Дапамагаем беларусам і беларускам успомніць тое, пра што яны забыліся

palatno media, медыя палатно, медиа палатно

Беларуская асацыяцыя журналістаў паразмаўляла з кіраўніцай PALATNO Media Зояй Хруцкай пра нечаканыя старонкі гісторыі, пошук інфармацыі «ў стозе сена», бабуліны слоўцы і кантэнт як спосаб адстройкі ад «рускага міру».

У праекце «Без нас вы б не ведалі…» БАЖ распавядае пра тое, якія факты, падзеі, праблемы ў Беларусі засталіся б небачнымі, калі б не было незалежных медыяў і журналістаў.

Медыя, што вяртае забытае

Першапачаткова праект ствараўся, каб распавядаць гісторыі людзей з рэгіёнаў Беларусі. Але праз неабходнасць захоўваць ананімнасць місія медыя трансфармавалася.

«І цяпер яна такая: дапамагаць беларусам і беларускам успомніць, што яны забыліся або чаго не ведалі, а таксама захаваць у сабе беларускасць», — кажа Зоя Хруцкая.

Ці ведалі вы, напрыклад, што Станіслаў Альбрэхт Радзівіл дапамог Джону Кенэдзі стаць прэзідэнтам? А чулі, што першым прэзідэнтам Гаваяў быў беларус? Журналісты PALATNO ўмеюць знаходзіць цікавыя факты і здзіўляць імі чытача.

Дзеля гэтага даводзіцца шмат працаваць з першакрыніцамі — мемуарамі, архівамі, сайтамі музеяў і бібліятэк. Пошук інфармацыі вымагае часу, адзначае Зоя Хруцкая.

«Здабыць нейкую каштоўную дэталь або цытату — нібы адшукаць іголку ў стозе сена. Вось, напрыклад, з мемуараў апошняга дырэктара Маладзечанскай семінарыі Ярушэвіча: “Набрать порядочных учителей стало трудно, а плохие учителя совершенно не считались ни с начальством, ни с законом. 15 июня 1833 года попечитель округа впервые посетил Молодечненское училище… И два учителя не смогли представиться попечителю, так как накануне они подрались при учениках. Учитель Ц. подбил учителю Р. его единственный глаз”. Ну якая красамоўная цытата! Гэта асабліва каштоўна — знаходзіць дэталі, праз якія свет становіцца больш каляровым і жывым».

«Гісторыя ажывае постацямі, напоўненымі жарсцямі і болем»

Журналісты PALATNO найбольш ганарацца падкастамі на розныя тэмы. Менавіта іх ідэі ўзнікалі з таго, што медыя можа прынесці новага — такога, чаго яшчэ не было або чаго вельмі мала.

Так запусцілі беларускамоўны тру-крайм «Галаваломка». Ён пачаў выходзіць у 2022 годзе. Спярша гэта былі гісторыі пра злачынствы 1990–2000‑х. А цяпер распавядаюць і пра больш даўнія гады.

«Напрыклад, зараз расказваем пра крымінальныя гісторыі 1925 года. Гэта толькі 12 невялікіх сюжэтаў, але праз іх жыццё ў Беларусі сто год таму не застаецца старонкай падручніка, а ажывае постацямі, напоўненымі жарсцямі і болем. Мы бачым скандал з заказам забойства за кашэрнае мяса; даведаемся, за што забівалі селькараў; параўнаем пакаранні за згвалтаванні і шпіянаж».

Падкаст «Гістфак» цалкам прысвечаны гісторыі Беларусі.

«Многія з беларусаў вельмі мала ведаюць пра свае карані. Калі даверыцца той гісторыі, якую нам прэзентуюць у школах, мы ўбачым палатно, з якога выскубана шмат значнага і цікавага. А без гэтых дадатковых фарбаў складана ўбачыць мінулае аб’ёмным і зразумелым».

Яшчэ адзін праект — «Зямля Свабоды». Гэты падкаст распавядае гісторыі людзей, якія імігравалі ў ЗША з тэрыторыі сучаснай Беларусі напрыканцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў.

«Цяперашняя хваля эміграцыі з Беларусі не першая, і гісторыі людзей, якія больш за сто гадоў таму выязджалі з нашых зямель у пошуках лепшага жыцця гучаць асабліва блізка пасля 2020-га. Як яны ехалі? Што бралі з сабой? Як развітваліся і што чакала іх у новай краіне? Ёсць вельмі падрабязныя ўспаміны, якія пакінулі самі гэтыя людзі, а мы іх адшукалі».

«Разблакавалі ўспаміны дзяцінства»

Пра тое, што такі кантэнт цікавы для чытачоў, сведчаць іх водгукі на старонках выдання. Цікава, што самыя яркія рэакцыі звязаныя з лакальнымі рэчамі. Напрыклад, падборка слоў, якія выкарыстоўваюць на Віцебшчыне, правакуе падпісчыкаў каментаваць, ці чулі яны калісьці слова «малец». Нярэдка сустракаюцца цёплыя каментары кшталту «дзякуй, разблакавалі ўспаміны дзяцінства і слоўцы бабулі».

«Бачу, як людзям важна знаходзіць адметнасці, якія ўмацоўваюць нацыянальную ідэнтычнасць. Гэта гучыць пафасна, але ў рэальнасці гэта пра тое, што ў нас больш агульнага з тым, хто разумее, што такое “шуфлядка”», — кажа Зоя Хруцкая.

А самай нечаканай рэакцыяй для медыя сталі заўвагі пра валоданне беларускай мовай. Пад пастамі сустракаюцца каментары: «Перш чым пісаць па-беларуску, вывучыце мову, палову слоў прыдумалі, у мяне ў школе такіх не было». Адметна, што такія водгукі пішуць па-руску.

Але слоў падзякі і падтрымкі значна больш — і менавіта яны сапраўды зараджаюць.

Беларускамоўны кантэнт супраць «рускага міру»

У PALATNO былі цяжкія моманты, калі рэдакцыя мусіла адмовіцца ад некаторых прадуктаў найперш праз змяншэнне фінансавання. Аднак дзякуючы абранаму фармату нішавага мікрамедыя атрымлівалася захоўваць рэгулярнасць нават у самыя складаныя часы.

Тым больш, што кожны ў камандзе мае адказ, для чаго ён у ёй, падкрэслівае Зоя Хруцкая. Любы кантэнт на беларускай мове, а тым больш каштоўнасны — гэта плюсік у захаванне беларускасці і адстройкі ад «рускага міру».

«Я перакананая, што нам трэба яшчэ вельмі шмат самых розных кантэнтных праектаў па-беларуску. Пашырэнне беларускамоўнай прасторы — адзін з ключоў да незалежнасці і самастойнасці Беларусі».

Без нас вы б не ведалі…

Што ў беларускай гісторыі і культуры засталося шмат нераскрытых старонак, якія здзіўляюць, натхняюць і даюць адчуванне сваёй прыналежнасці. Не адчулі б, што жыццё нашых продкаў — не сухая хроніка, а жывыя гісторыі. Не зразумелі б, што «беларускасць» — гэта не толькі пра мову, але і пра памяць, сувязь, удзячнасць і супольнасць.

А яшчэ… што «слоўнік Івана Лепешава — рэальна крутая кніжка! А праца з крыніцамі па беларускай тэме — такое прыгодніцкае захапленне, нібы ты Індзіяна Джонс».

Вярнуцца ўгару